Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў правёў асабісты прыём грамадзян.
Прыём наведвальнікаў пачаўся з грунтоўнай размовы з групай жанчын, якія сёння прыйшлі з пэўнымі прапановамі па ўдасканаленні работы судовай сістэмы і праваахоўных органаў, павышэнні эфектыўнасці барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў, асабліва ўзмацненні намаганняў гандлем наркотыкаў праз інтэрнэт, пашырэнні прафілактычнай работы ў маладзёжным асяроддзі. На погляд жанчын, з цягам часу наркаманія, на вялікі жаль, істотна памаладзела. Таму яны таксама ўзнялі пытанне і аб паляпшэнні практыкі сацыяльнай рэабілітацыі тых хлопцаў і дзяўчат, якія выйшлі на свабоду пасля турмы. Ім трэба дапамагчы хутчэй ўладкавацца ў жыцці, знайсці работу, зрабіць многае іншае, каб яны зноў не вярнуліся да наркотыкаў.
У ходзе размовы Сяргей Рачкоў выказаў падтрымку жанчынам за тое, што яны не абыякавыя, не супакойваюцца, а знаходзяць мужнасць разам з іншымі аднадумцамі супрацьстаяць страшнай навале, вялікай бядзе, шукаць шляхі выкаранення гэтай хваробы грамадства. І такі пастаянны дыялог вельмі важны, падкрэсліў старшыня профільнай камісіі.
Частка іншых зваротаў таксама датычыліся пэўных складаных жыццёвых сітуацый, у якія нярэдка трапляюць людзі з-за сваёй празмернай даверлівасці да іншых, неасцярожнасці, неабачлівасці да не зусім нармальных і часам агрэсіўных паводзінаў тых, з кім жанчыны вырашаюць звязаць свой лёс. У такой складанай сітуацыі апынулася прадпрымальнік Ларыса Анатольеўна, якая сёння моцна пакутуе ад былога, скажам так, сябра сэрца, а цяпер яе галоўнага ворага. Ён, дарэчы, грамадзян адной з краін СНД, член крымінальнай этнічнай групоўкі, апошнім часам жыццё Ларысы Анатольеўны ператварыў у суцэльны ад: не толькі пастаянна запалохвае на словах, але падпаліў яе чатырохпакаёвую кватэру, спаліў адзін з яе дамоў, нішчыць аўтамабілі, іншую маёмасць, пагражае смерцю ёй і яе дзецям, імкнецца прыхапіць яе бізнес і г. д.
Відаць па ўсім, Сяргею Рачкову цяжка было слухаць споведзь жанчыны, якая за дапамогай вырашыла звярнуцца ў Савет Рэспублікі. Зразумела, яе зварот быў зафіксаваны і ўзяты на кантроль. Бо, сапраўды, крыўдзіцель жанчыны, між іншым, знаходзіцца ў вышуку і супраць яго ўзбуджана крымінальная справа. Аднак сенатар параіў Ларысе Анатольеўне ўсё ж дакладна выкласці сутнасць пытання ў праваахоўных органах.
Потым у размове з журналістамі Сяргей Рачкоў адзначыў, што кожны наведвальнік прыйшоў са сваімі пытаннямі, якія нярэдка ўзнікаюць у ходзе вырашэння злабадзённых і часам заблытаных для людзей жыццёвых праблем. Па меры магчымасці, у Савеце Рэспублікі імкнуцца дапамагчы людзям, зразумела, у межах дзеючага заканадаўства.
Радуе і тое, кажа суразмоўнік, што ўсё часцей людзі звяртаюцца да сенатараў з канкрэтнымі слушнымі прапановамі, цікавымі ідэямі. Напрыклад, сёння адзін з наведвальнікаў выказваў вартыя ўвагі думкі па ўдасканаленні работы з беларускай дыяспарай за мяжой на карысць нашай краіны.
Леанід ТУГАРЫН
Сам будынак уражвае архітэктурай.
«Вышывала, калі за лямпы былі толькі керасінкі».