Вы тут

Наталля Качанава: У Полацку — наша дзяржаўнасць, вытокі, духоўнасць і карані


У Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры прайшло першае пасяджэнне ўсіх зацікаўленых бакоў па тэме падрыхтоўкі да святкавання 900-годдзя манастыра, якое пройдзе ў 2025 годзе. 


На нарадзе, у якой прыняла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, вызначылі пералік мерапрыемстваў і работ, што неабходна правесці ў якасці падрыхтоўкі да свята. 

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што 900-годдзе манастыра — важная дата для беларусаў:

— У Полацку — наша дзяржаўнасць, вытокі, духоўнасць і карані, — акцэнтавала яна ўвагу. — Па просьбе Беларускай праваслаўнай царквы дзяржава перадала манастыру ва ўласнасць шэраг будынкаў. Плануецца, што тут будзе гасцініца для паломнікаў, бо сюды прыязджае вялікая колькасць людзей з розных краін. 

Наталля Качанава падкрэсліла: існуючыя ўмовы не дазваляюць у поўнай меры забяспечыць камфортнае знаходжанне турыстаў і паломнікаў, таму трэба вызначыць найбольш важныя аб’екты, якія неабходна рамантаваць і будаваць у першую чаргу.

У сваю чаргу старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў паведаміў, што сярод першых аб’ектаў (акрамя гасцініцы) будзе пабудавана новая трапезная. У бліжэйшы час распачнецца выраб праектна-каштарыснай дакументацыі, а самі работы распачнуцца вясной 2022-га. 

— Пакуль асноўная задача — гэта два абекты: гасцініца і трапезная, — удакладніў старшыня абласнога Савета дэпутатаў. — Таксама на базе перададзенага пяціпавярховага корпусу, які адыдзе ад Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, плануецца стварыць вялікую бібліятэку і музей. Гэта будзе не проста комплекс для сясцёр, але і гісторыка-культурны цэнтр.

Фінансаванне работ плануюць з мясцовага, абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, таксама разлічваюць і на дапамогу мецэнатаў. Ужо налета на рэстаўрацыйныя работы ў Спаса-Праабражэнскай царкве (першы храм Еўфрасіннеўскага манастыра) вылучаць мільён рублёў. Аб гэтым заявіў міністр культуры Анатоль Маркевіч. Ён адзначыў, што сёлета на рэканструкцыю ўжо было выдзелена 915 тысяч рублёў.

— Сумы вялікія, але гэта таго варта, бо гэта жамчужына нашай краіны, — перакананы міністр культуры. — Царква ўнікальная па сваёй гістарычнай значнасці і тых работах, якія трэба правесці. 

Паводле словаў міністра, завяршыць рэканструкцыю Спаса-Праабражэнскага храма плануецца ў 2024 годзе. 

— Аднак спяшацца тут нельга, паколькі мы не маем права зрабіць нешта не так на святым аб’екце, — перакананы Анатоль Маркевіч. — Кожны крок вывяраецца, ідзе сурёзнае навуковае суправаджэнне. Прамашкі тут недаравальныя. Дзяржава ўкладвае немалыя грошы ў рэстаўрацыю храма. Цяпер раскрыта менш за 50 працэнтаў фасада, рамантуецца дах. Наперадзе — яшчэ шмат працы.


Наша даведка

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр быў заснаваны каля 1125 года прападобнай Еўфрасінняй Полацкай, яе мошчы знаходзяцца тут. 

Да 1161 года на месцы драўлянай была пабудавана каменная Спаса-Праабражэнская царква. У ёй захаваліся ўнікальныя фрэскі XII стагоддзя. Зараз ідзе рэстаўрацыя храма. 

У 1882 годзе над уваходам у манастыр ўзвялі званіцу, у канцы XIX стагоддзя тут пабудавалі яшчэ і Крыжаўзвіжанскі сабор. 

Архітэктурны ансамбль манастыра ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Фота: ТГ-канала Савета Рэспублікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Журналіст ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі.