Вы тут

На выхадных у дзённым эфіры пабачым камедыі «Паласаты рэйс» і «12 крэслаў»


Адразу два фільмы, якія даўно ўжо сталі класікай савецкага кінематографа, пакажуць у суботу на «Беларусь 3». У дзённым эфіры пабачым камедыі «Паласаты рэйс» і «12 крэслаў».


Першая кінастужка, рэжысёрам якой стаў Уладзімір Фецін, убачыла свет у 1961 годзе. І адразу стала абсалютным лідарам пракату. Аднак ніхто, мабыць, і не здагадваўся, што адбылося гэта дзякуючы шэрагу выпадковасцяў — месцамі смешных, а часам трагічных. Дарэчы, перад паказам фільма на сацыякультурным канале ўвазе гледачоў прадставяць выпуск праграмы «Вялікае кіно», дзе зможам даведацца шмат цікавых падрабязнасцяў пра вядомы кінатвор. Нам распавядуць, чаму акцёры ўцякалі са здымачнай пляцоўкі, якія піруэты вялікай палітыкі паставілі кропку ў лёсе карціны, а таксама чаго каштавала работа ў ёй пастаноўшчыку трукаў з драпежнікамі Канстанціну Канстанціноўскаму...

Калі згадаем сюжэт, то гэты фільм — гісторыя пра тое, як на цеплаходзе вязуць незвычайны, але каштоўны груз — тыграў і львоў, а яшчэ ў падарунак пакупніку — малпачку. А суправаджае жывёл саманазваны дрэсіроўшчык Шулейкін (ён працуе кухарам на гандлёвым прадпрыемстве). Аднак усе прыгоды пачынаюцца ў адкрытым моры, калі малпачка выпускае драпежнікаў на волю...

Што да другога фільма, якому сёлета спаўняецца паўстагоддзя, то яго знялі па аднайменным рамане Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова «12 крэслаў». Рэжысёрам карціны стаў Леанід Гайдай. Тады яе прызналі найлепшай работай творцы разам з «Быльянтавай рукой», «Аперацыяй «Ы».

Варта адзначыць, што на ролю Астапа Бэндэра пробаваліся больш за 20 кандыдатаў, але ў выніку зацвердзілі Арчыла Гаміяшвілі. Неяк акцёр нават распавядаў: «Амаль трыццаць гадоў — цэлае жыццё, і я яго пражыў Астапам і разам з ім. Дзякуючы гэтай ролі я стаў знакамітым чалавекам... Я знаходжу паміж намі шмат агульнага. Я артыст, і мне патрэбен глядач. Астап таксама артыст, і яму таксама патрэбна аўдыторыя. Няма аўдыторыі — і мяне нічога не цікавіць: ні крэслы, ні грошы». З ліку акцёраў у фільме яшчэ задзейнічаны Сяргей Філіпаў, Наталля Крачкоўская, Юрый Нікулін і іншыя. Сюжэт кінастужкі, думаю, вядомы калі не ўсім, то многім... Падчас рэвалюцыі і кароткага перыяду ваеннага камунізму многія хавалі свае каштоўнасці. І вось Іпаліт Мацвеевіч Вараб'янінаў, былы свецкі леў, а цяпер сціплы справавытворца ЗАГСа, даведваецца ад цешчы, што некалі яна схавала сваё шматлікае багацце ў адным з дванаццаці крэслаў гасціннага гарнітура вядомага майстра Гамбса. Таму, кінуўшы ўсё, герой накіроўваецца на пошук тых самых крэслаў. А вось дапамагчы яму падраджаецца (вядома, не за проста так) малады авантурыст, «вялікі камбінатар» Астап Бэндэр... І ўсё, можа, было б і па-іншаму, калі б пра таямніцу жанчына перад смерцю не паведаміла яшчэ і бацюшку Фёдару, які ўсё жыццё марыць пра ўласны свячны заводзік у Самары... Каб паназіраць за прыгодамі ўсіх герояў карціны, варта ўсяго толькі запланаваць сабе кінасеанс на выхадныя і ўключыць тэлеканал «Беларусь 3».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Вясёлыя прыгоды для восені

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.