Вы тут

«Мір 24»: новы «гулец» у нашай тэлепрасторы


Вядома, што кожны з нас у выбары інфармацыі аддае перавагу той крыніцы, якой давярае. Але не менш важным з'яўляецца і той момант, што нам там прапануюць. Прыгожай карцінкай і гучнымі загалоўкамі ў наш час здзіўляць ужо даволі складана, а вось уменне даць аўдыторыі якасны і актуальны кантэнт можа стаць перавагай. Як і тое, калі гледачу даюць свабоду самому рабіць высновы з пачутага і ўбачанага.

Зусім нядаўна ў агульнадаступных пакетах беларускіх кабельных аператараў адбылося «папаўненне»: сярод бясплатных тэлеканалаў з'явіўся «Мір 24». Ён з'яўляецца часткай Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір», заснаванай яшчэ ў кастрычніку 1992 года ў выніку дагавора краін — удзельніц СНД. Пра тое, чым жыве тэлеканал, на якія тэндэнцыі арыентуецца і чаго ад яго варта чакаць масаваму гледачу, мы пагаварылі з галоўным рэдактарам студыі тэлебачання Прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Андрэем Аляксеенкам і намеснікам галоўнага рэдактара канала Аленай Будрыцовай.


«Зроблена ў Еўразіі». Альшаны.

«Мір 24» пачаў сваю работу з 2013 года і сёння пазіцыянуецца як «першы еўразійскі інфармацыйны тэлеканал, які фарміруе новыя еўразійскія эліты». Тут аўдыторыі прапаноўваюць у прамым эфіры выпускі навін з краін СНД (штодня кожную гадзіну). Плюс кругласутачна — інфармацыйныя стужкі бягучым радком з «гарачымі» навінамі і тэмамі дня. Акрамя гэтага, у тэлеканала шырокі асартымент праграм і праектаў уласнай вытворчасці, зробленых, у прыватнасці, беларускім прадстаўніцтвам, сярод якіх сёння «Еўразія даслоўна», «Культ асобы», «Нашы іншаземцы», «Пяць прычын застацца дома» і іншыя. Іх аўтары ведаюць дакладна, як нараджаецца беларускі крышталь і дзе ў нас здабываюць соль, не горшую за марскую... А ў лінейцы «Еўразія рэгіёны» можна ладзіць завочныя вандроўкі, дзе гледачоў не раз падкуплялі каларыт і культурныя, гістарычныя палітры нашых рэгіёнаў. Аднак усё ж застаецца актуальным простае пытанне...

— Ці варта ўвогуле сёння сучаснаму чалавеку глядзець тэлевізар, калі ёсць шмат крыніц інфармацыі і настолькі распаўсюджаны інтэрнэт?

Андрэй Аляксеенка: — Так, але проста кожны сам вырашае, дзе шукаць тое, што хочацца паглядзець. Нават тэлебачанне сышло ў YouTube, і наш «Мір 24» сёння можна паглядзець там. Як у прамой трансляцыі, так і пасля выхаду той ці іншай праграмы ў эфіры. Глядач адкрывае сайт тэлеканала і трапляе адразу на платформу, дзе можа знайсці цікавую і актуальную інфармацыю пра Беларусь, Казахстан, Расію, Азербайджан, Арменію і г. д. Глядзім «Культ асобы» і дазнаёмся, чым жывуць вядомыя і знакамітыя. Заходзім на «Зроблена ў Еўразіі», і нам прапануюць цікавыя рэпартажы, напрыклад, з беларускага завода ў Віцебску, дзе за дзесяць хвілін ткуць дыван. А як уключаеш «Пяць прычын застацца дома», то можна перанесціся на курорт, скажам, Грузіі. Тэлебачанне ў рэжыме рэальнага часу і на інтэрнэт-пляцоўцы — сёння ўжо непадзельныя рэчы...

Алена Будрыцова: — Адзінае, тэлевізар вызваляе нам рукі. Уключыў любімы канал і можаш займацца сваімі справамі. Варта згадаць і пра вельмі пераканаўчы плюс тэлеканала «Мір 24». Ён заключаецца ў тым, што тут інфармацыя трансліруецца блокамі. Калі, напрыклад, раніцай вы не паспелі альбо праслухалі выпуск цікавай праграмы, то на працягу дня можна вярнуцца да яе перагляду.

А паглядзець, паверце, кожны знойдзе што. І, галоўнае, цяпер любы ахвотны зможа зрабіць гэта, таму што з нядаўняга часу «Мір 24» уваходзіць у бясплатныя пакеты кабельных аператараў. Лічыце, тэлеканал цяпер можа смела стаць госцем у доме кожнага беларуса. Праўда, пакуль нашым тэлегледачам яшчэ трэба пазнаёміцца з ім, прыгледзецца да прапаноў і вырашыць, ці варты такі госць душэўнага прыёму.

А. А.: — «Мір 24» інфармацыйна насычаны тэлеканал, які дае магчымасць сваёй аўдыторыі за лічаныя хвіліны перамяшчацца з краіны ў краіну і дазнавацца пра апошнія падзеі з тых рэгіёнаў, якія раней былі ў складзе адзінага Савецкага Саюза. Існуюць жа розныя аб'яднанні накшталт СНД, ЕАЭС, часткай якіх з'яўляецца Беларусь, але часта мы нічога не ведаем пра тыя працэсы, якія там адбываюцца. А наш канал якраз і распавядае пра гэта.

— То-бок, вы прапаноўваеце аўдыторыі пэўны зрэз падзей і іх аналітыку?

А. А.: — Мы паказваем і расказваем, што адбываецца і дзе мы жывём, якія ў нас эканамічныя, палітычныя ўзаемасувязі з іншымі краінамі. Можна сказаць, тут прысутнічае яшчэ і асветніцкі фармат, якога не хапала. Ёсць падзеі і эксперты, якія могуць патлумачыць сутнасць, а сам журналіст павінен быць нейтральным... Напрыклад, зусім нядаўна мы расказвалі, што ў Беларусі з'явілася сядзіба, дзе можна вырошчваць арганічныя прадукты з адпаведным знакам якасці. І мы ведаем, што ў ЕАЭС такі ж працэс запускаецца, таму даём магчымасць гледачам убачыць, як кожная з краін саюза працуе ў дадзеным кірунку і як пакупніку разумець, што яму прапаноўваюць у краме. Так і па іншых напрамках тлумачым сутнасць і нюансы... Але ж людзям не будзеш навязваць нейкі пункт гледжання — яны проста пасля азнаямлення з інфармацыяй самі пачынаюць разумець, што да чаго.

А. Б.: — Думаю, тое, што мы робім, дадае больш яснасці адносна тых працэсаў, якія стаяць за вышэйзгаданымі абрэвіятурамі. Цяпер людзі змогуць наглядна бачыць і разумець, што канкрэтна для нашай краіны дае тое ці іншае аб'яднанне.

— Значыць пазіцыянаванне «Мір 24» як тэлеканала, які «фарміруе еўразійскія эліты», і мае на ўвазе той самы асветніцкі акцэнт?

А. А.: — Мы мала ведаем, што ўяўляе сабой палітычная, эканамічная ці бізнес-мадэль у краін былога Савецкага Саюза. Мы ўсе адносна маладыя, цікава, у якім напрамку кожная з дзяржаў развіваецца. І «Мір 24» расказвае якраз пра тое, чым жыве, скажам, Таджыкістан. Альбо хто яны, заможныя людзі Казахстана. У той жа Арменіі зараз вельмі добра развіваецца ІТ-індустрыя. І мы, калі знаёмім аўдыторыю з прадстаўнікамі гэтых эліт, прапаноўваем ацаніць, як і ў чым развіваецца кожная з краін.

Хоць тэлеканал і арыентуецца пераважна на аўдыторыю 35+, але вялікі і разнастайны асартымент праграм дазваляе быць цікавым для самых розных гледачоў. І таму любы эфірны прадукт, незалежна ад таго, ці гэта сюжэт з навіной, ці дакументальны фільм, аўтары робяць якасна і з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, бо ўлічваюць, што цяпер людзі актыўныя і трэба адпавядаць іх запытам, быць дынамічнымі. Мінулы год і пандэмія ўнеслі пэўныя карэкціроўкі ў работу і ацэнку зробленага. Калі гледачы апынуліся дома і пачалі больш глядзець тэлевізар, то стала ясна, у якіх напрамках адносна кантэнту нам варта працягваць, а ад чаго можна адмовіцца. І цяпер у эфіры засталіся толькі самыя моцныя.

«Попел Хатыні». Следчы.

Своеасаблівымі візітоўкамі тэлеканала, мяркую, па праве можна лічыць і дакументальныя фільмы. Паспяховымі сталі «Попел Хатыні. Боль без тэрміну даўніны», «ЧАЭС 35. Горыч Палыну», «Беларусь. Незалежнасць. Місія выканальная». Зусім нядаўна прайшоў у тэлеэфіры дакументальны фільм «Фабзайцы» (сумесны праект Беларускага і Санкт-Пецярбургскага філіялаў, прысвечаны 80-годдзю блакады Ленінграда), што распавядае пра беларускіх падлеткаў, якіх час і лёс выпрабавалі на трываласць у няпростых умовах.

А. Б.: — Было няпроста ў працэсе падрыхтоўкі фільма, бо не змаглі ўжо знайсці нікога з дзяцей, хто вярнуўся адтуль. Вялі напружаную працу ў архівах Пецярбурга. Потым думалі, як паказаць лёсы і гісторыі гэтых дзяцей. І ў выніку атрымалася вельмі кранальная гісторыя. Тэма цікавая і мала каму вядомая. Уявіце маштабы трагедыі: з 24 тысяч дзяцей вярнуліся пасля толькі 12 тысяч. І такія старонкі гісторыі заўсёды цікава адкрываць. Няхай яны і з сумным зместам, але іх трэба ведаць і не забываць. Будзем спадзявацца, што і ў наступным годзе аўдыторыя «Мір 24» убачыць не менш цікавыя дакументальныя праекты, напрыклад на ваенную тэматыку...

— Поспех прадстаўленых на YouTube-канале праграм вы ацэньваеце па цікавасці да іх гледача ў першыя гадзіны, дні ці ў доўгатэрміновай перспектыве?

А. Б.: — Як правіла, асноўную масу праглядаў праграма набірае адразу пасля выхаду. Потым можа яшчэ нешта дабраць, але гэта ўжо невялікі працэнт. Напрыклад, калі выйшаў выпуск «Зроблена ў Еўразіі» пра фермераў з Альшан, то ўжо літаральна ў першыя дні было 40 тысяч праглядаў. Так заўсёды: альбо выстрэльвае, альбо не... Хоць важна яшчэ ўлічваць і тое, што сваю ролю адыгрываюць розныя нюансы, якія датычацца менавіта аптымізацыі відэа на YouTube. І таму бывае, што матэрыял цудоўны, але ён застаецца недаацэненым на гэтай пляцоўцы.

Чалавечы фактар, відаць, спрацоўвае ўсюды. Аднак у тым, дзе яго можна адсачыць і скіраваць на добры вынік, кіраўніцтва тэлеканала «Мір 24» трымае руку на пульсе. Тут заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва, але перавагу аддаюць прафесіяналам мэтанакіраваным і з жаданнем працаваць. А значыць, і гледачам гарантаваны якасны кантэнт.

Алена ДРАПКО

Фота дадзена тэлеканалам «Мір 24»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».