Вы тут

Лукашэнка: Маё пастаяннае патрабаванне да вашай працы — жорсткія дысцыпліна і парадак


Пытанні кадравай, ідэалагічнай і заканатворчай работы — у фокусе ўвагі на нарадзе Прэзідэнта Беларусі з кіраўніцтвам яго Адміністрацыі. Пачалася яна з хвіліны маўчання па загінулым байцу КДБ, пахаванне якога адбываецца гэтым часам.


Прэзідэнт, мяркуе, што такія размовы палітычнага і ідэалагічнага кшталту стануць традыцыяй.

«З часу апошняй такой сустрэчы абнавіўся і кадравы склад Адміністрацыі, змянілася кіраўніцтва. Ёсць змены ў структуры. Маё пастаяннае патрабаванне да вашай працы, кантролю выканання даручэнняў Прэзідэнта вы ведаеце. Гэта вельмі жорсткія дысцыпліна і парадак, — кажа Прэзідэнт. — Ва ўмовах зацяжной пандэміі і беспрэцэдэнтных выклікаў нашай дзяржаўнасці найважнейшымі фактарамі ў арганізацыі дзейнасці Адміністрацыі таксама становяцца стратэгічнае планаванне і хуткасць рэагавання на змяненне сітуацыі ў краіне і свеце».

На думку кіраўніка краіны, сёння як ніколі, важна апярэджваць час і нельга адстаць. Гэта датычыцца ўсяго: кадравай палітыкі, графіка працы Прэзідэнта, ідэалогіі, падрыхтоўкі прыняцця палітычных рашэнняў.

«Мае падыходы вядомыя. Нарады праводзяцца, вобразна кажучы, не для „прыгожай карцінкі“, а для вырашэння самых надзённых задач. Не прымяншаючы пазітыўных вынікаў і тых высілкаў, якія прыкладзеныя, асабліва ў вострыя перыяды, гаварыць будзем аб праблемах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кадры

У кадравую работу, заўважае Прэзідэнт, уключана ўсё кіраўніцтва краіны, і на чале падыходаў да яе — чысціня кадраў. «Не будзе чысціні, парадку ў галовах наверсе, не трэба ад грамадства патрабаваць гэтага парадаку. У дзяржаўных структурах павінны працаваць прафесіяналы з цвёрдай дзяржаўнай пазіцыяй, патрыёты. Таму ваша задача, калі такія ў гэтых структурах засталіся, да новага году зачысціць. Хай іх, калі вы сумняваецеся, не будзе, чым будуць тыя, што з’едуць за мяжу і будуць расказваць, якія ў нас італьянскія забастоўкі ў дзяржструктурах», — сцвярджае Прэзідэнт.

Ён заяўляе, што часам не хапае глыбіні вывучэння кандыдатаў — на выхадзе іх мяняюць, недазваляльна доўга адкрыты вакансіі.

«Хацелася б ведаць, як вядзецца праца з рэзервам кадраў? Нагадваю. У нас ёсць шэраг талковых, выдатных, высокапрафесійных хлопцаў — палкоўнікаў і нават генералаў, што ў 50-55 гадоў сыходзяць на пенсію. Гэта недазваляльна, іх неабходна выкарастоўваць. Яны з задавальненнем гатовы працаваць у грамадзянскіх структурах. Гэта выдатныя арганізатары, патрыёты, адданыя, дысцыплінаваныя людзі», — мяркуе кіраўнік краіны.

Браць надзейныя кадры, паводле Прэзідэнта, неабходна з рэгіёнаў, бо менавіта там фарміруецца кіраўнік, які прайшоў усе прыступкі прафесійнага росту, ведае, чым жывуць людзі.

«Менавіта там, размаўляючы з насельніцтвам, вы бачыце настроі ў грамадстве, як на іх уплывае праца кіраўнікоў на месцах. А гэта ў тым ліку адзін з элементаў фарміравання кадравага рэзерву. Але ў першую чаргу — гэта праца з людзьмі. Рашэнне праблем, з якімі яны да нас ідуць, павінна быць на асаблівым кантролі, як і выкананне даручэнняў Прэзідэнта», — канстатуе Аляксандр Лукашэнка.

У бліжэйшы час, ён дадаў, альтэрнатыўна падключыць кадры і праверыць выкананне даручэнняў ва ўрадзе, Адміністрацыі, КДК. «Навучыцеся патрабаваць ад сваіх падначаленых, каб і яны выконвалі вашы даручэнні», — акцэнтуе Прэзідэнт.

Ёсць, падкрэслівае ён, рэсурс у забеспячэнні гэтага кантролю — памочнікі Прэзідэнта, пашыраны паўнамоцтвы гэтых службовых асобаў. Яны могуць сур’ёзна ўплываць на ўсе ўнутраныя пытанні кіравання і нацыянальнай бяспекі.

Ідэалогія

«Ідэолагі — штучны тавар. Бываюць добрыя юрысты, эканамісты, але ідэолагамі яны ўсе не будуць. Гэта рэдкасць. І іх трэба бачыць. Дзякуй Богу, пасля мінулых падзей, мы іх заўважылі. Галоўнае, іх зараз задзейнічаць. Чакаю ў гэтым плане якасных зменаў», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, ідэалагічныя прабелы вядомыя — праваленая работа з грамадскімі арганізацыямі, як БРСМ, «Белая Русь». Прэзідэнт адзначыў, што настаў час заканадаўча прапісаць, што такое грамадзянская супольнасць.

«Наша грамадзянская супольнасць — гэта не НУА, НКА і іншыя. У нас ёсць грамадскія арганізацыі, прафсаюзы, БРСМ, ветэранскія, жаночыя арганізацыя. Яны паказалі сябе як грамадзянская супольнасць, яны масавыя і з’яўляюцца апорамі нашага грамадства», — пералічыў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт акцэнтуе неабходнасць дапамагчы з кірункамі дзейнасці арганізацыі новаму кіраўніку БРСМ.

«З ім неабходна працаваць, як працаваў Цэнтральны камітэт партыі з намі. Я быў у структуры кіруючых кадраў камсамола. Кожны дзень яны хадзілі і іх арыентавалі на гэта, — расказаў Прэзідэнт. — Рухацца неабходна. Трэба вызначыць кірункі іх работы, каб гэта моладзь разумела кірункі, па якіх неабходна працаваць. Некаторыя ўжо вымаляваліся».

Кіраўнік краіны ў тэму заўважыў, што напярэдадні сустрэчы атрымаў даклад аб сітуацыі ў студэнцкай супольнасці. Па яго словах, справы ідуць добра, але ёсць некаторыя ачагі.

«Трэба з імі размаўляць. Мы ж маем вопыт дыялогавых пляцовак тэрытарыяльных. Чаму б не пайсці да студэнтаў і не арганізаваць гэтыя дыялогавыя пляцоўкі? Кожны студэнт бурліць, кіпіць, часам не ў радок, але гэта іх меркаванне. Мы павінны знайсці 50 працэнтаў карыснага для краіны і вычленіць гэта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў неабходнасць прааналізаваць канцэпцыю гістарычнага развіцця Беларусі: ад школьных падручнікаў, да арганізацыі тэматычных праектаў і масавых мерапрыемстваў.

Пытанні заканатворчасці

«Самыя важныя палітычныя рашэнні прынятыя на Усебеларускім народным сходзе. Цяпер іх трэба рэалізоўваць. Гэта размеркаванне паўнамоцтваў Прэзідэнта, рэферэндум па Канстытуцыі. Калі б мы сваечасова ўзяліся за пераразмеркаванне паўнамоцтваў органаў улады, магчыма, не было б і размоваў па Канстытуцыі», — кажа кіраўнік краіны.

Нагадвае ён пра неабходнасць здымаць з Прэзідэнта неўласцівыя яму нагрузкі.

«Адміністрацыя павінна ўбіць у галовы людзей: эканоміка — гэта, перадусім, урад. Калі прыняты нейкія непапулярныя, папулярныя законы — гэта Андрэйчанка і Качанава (спікеры палат парламента. — „Зв.“). За гэта трэба несці адказнасць.

Калі казаць пра кадры, ідэалогію, палітыку — гэта кіраўнік Адміністрацыі Сергеенка і яго намеснікі, — сцвярджае Аляксандр Лукашэнка. — А так усё і добрае, і дрэннае звалілі на Прэзідэнта. Былі перыяды, калі гэта ўсё неабходна было канцэнтраваць. Сёння мы павінны дэцэнтралізаваць, расканцэнтраваць гэта ўсё па зонах адказнасці». Па словах Прэзідэнта, новая Канстытуцыя павінна паставіць кропку ў гэтых пытаннях.

Нагадаў ён, што праца па нарматыўных прававых актах не павінна праводзіцца месяцамі. Калі рашэнне прынята, нарматыўны акт, дадае Аляксандр Лукашэнка, павінен быць на працягу тыдня ў яго на стале ці ва ўрадзе.

«Валакіта нас загубіць. Як па гэтых іпэшніках. Прынята рашэнне ўпарадкаваць, не выразаць — пачалася валакіта. Пайшлі меркаванні: хочуць грошы адабраць, у бюджэце грошай няма і нас выразаць хочуць як клас. І паехала... Гэта не так. А чаму адбылося такім чынам? Сваечасова не рэалізавалі даручэннні Прэзідэнта», — абураецца кіраўнік краіны.

Але тым не менш, дадае ён, дакументы, якія кладуцца на стол Прэзідэнта, павінны быць старанна прапрацаваны з улікам вывучэння альтэрнатыўных меркаванняў. Гэта датычыцца і вузка юрыдычных напрамкаў, і эканамічных пытанняў.

«Усе рашэнні па эканоміцы выпрацоўваюцца ў Савеце Міністраў. Яны павінны адпавядаць палітычнаму курсу краіны, мэтам развіцця дзяржавы, спрадвечным традыцыям і нашым нацыянальным інтарэсам. Павінны выконвацца прынцыпы справядлівага стаўлення да людзей, роўных правоў і роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, — заяўляе кіраўнік краіны.

— Вы — апошняя інстанцыя перад Прэзідэнтам. На паваду ні ў каго непавінны ісці».

Пазначаныя задачы, кажа Аляксандр Лукашэнка, неабходна ўлічваць у працэсе падрыхтоўкі і асвятлення мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта.

Кіраўнік краіны паўтарыў сваю думку: ініцыятыва павінна зыходзіць ад Адміністрацыі, а не ад Прэзідэнта. Ён рэзюмаваў: улады прайшлі праз выпрабаванні, якія сталі каштоўным вопытам, яны паказалі праблемы, грамадства і з гэтага неабходна рабіць вынікі, дзейнічаць.

«Хто скапыціца і бегчы не будзе, сыходзьце самі. Беларусь больш не вытрымае такіх патрасенняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».