Вы тут

Услаўленне маці і гісторыі пра сяброўства


Беларускія паэты стварылі мноства цудоўных вершаў пра мацярок.


Пакланюся матулі роднай. Мінск, Мастацкая літаратура, 2019.

У кнізе сабраныя 100 вершаў беларускіх паэтаў, прысвечаныя маці. Знаёмае многім апісанне матчыных рук Максіма Танка застаецца адным з найбольш яскравых у беларускай паэзіі: “іх цалавала зямля / Сваімі пясчанымі вуснамі / І каласамі; / Неба спякотай, вятрамі, дажджамі / Іх цалавала…” На руках маці – глыбокія шрамы і зморшчыны, але як толькі яна пакладзе іх на стол, “быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце”. А вось старая маці вышывае кашулю для сына-партызана, уплятаючы ў палатно закляцце ад варожай кулі (“Маці”). Ці пляце, задумаўшыся, у хаце “вянкі цыбулі залатой” (“Асенні вечар гасне ў хаце”).

Сяргей Грахоўскі ў вершы “Мама” расказвае пра сталенне юнака і цяжкую долю маці, яе несупынную працу і бязмежную любоў да сына, шкадуе, што “слова “мама” цяпер сказаць ужо няма каму”. Пімен Панчанка нібыта пункцірам малюе вобразы жанчын: “Якою прысніцца маці, / Такою і песня будзе” (“Якую прысніў ты маці…”) Вечны клопат маці пра сваіх дзяцей узгадвае Аляксей Пысін і задаецца пытаннем: “Дзе ты брала, намывала залацінкі дабраты?” Верш Еўдакіі Лось “Маці” чытаецца як услаўленне мацярынскага подзвігу любові і самаахвярнасці. У вершы “Ты не сніся мне, мама…” лірычны герой Уладзіміра Караткевіча просіць матулю пачакаць, не завабліваць яго ў краіну, дзе “ружы сінія”, бо ў яго ёсць яшчэ абавязак перад сваім народам.

А Рыгор Барадулін стварае незвычайны вобраз маці-“вогнепаклонніцы” – яна паўстае велічнай, як старажытныя багіні, раздзьмухвае на далоні іскрынкі полымя і запрашае на куццю самога Перуна, і зоры над ёю – не проста зоры, а ніва, на якой матулі “вязалі долі нашае снапы” (“Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль…”). Герой верша Уладзіміра Карызны “Маміна вішня” шторазу, прыязджаючы на малую радзіму, узгадвае маці, гледзячы на вішню, якая ўсміхаецца квеценню, частуе пладамі, плача жоўтым лісцем. “Калыханка маме” Ніны Мацяш – пра тое, як дачка спявае маме калыханку, каб тая магла сустрэцца ў сне са сваёю маладосцю і адпачыць ад турбот. Лірычная гераіня верша Раісы Баравіковай “Як ціха яблыні шумяць…” расказвае матулі пра свой жаночы лёс, наталяючыся яе спагадай і ласкай. Яўгенія Янішчыц у вершы “Для сваёй адзінае дачушкі…” стварае вобраз дачкі, для якой мама вышыла падушкі, “лёгкія, як дым”, але маладая жанчына не ўмее так, як мама, мякка слаць каханаму... І косы гарадскія дзяўчаты ўжо не носяць, а ў матулі яны – прыгожыя, хоць ёй стала цяжка іх насіць, бо пылам, горам накрылі іх “скруха, вайна і крыжы” (“Мама падрэзала косы”)...

Кожны знойдзе сярод цудоўных узораў беларускай лірыкі, што ўвайшлі ў кнігу, вершы найбольш блізкія, якія захочацца перачытаць і падумаць пра сваю маці, пра яе лёс… 

Ягор Конеў. Прыгоды дамавічкоў. Мінск, Выдавецкі дом “Звязда”, 2021

Выдатны падарунак дзецям – чатыры гісторыі пра забаўных і дасціпных істот: дамавічкоў. У нашых продкаў лічылася, што дамавік жыве ў кожнай беларускай хаце і ахоўвае яе ад розных напасцяў. Звычайна ён хаваецца ад людскіх вачэй, але калі надараецца небяспека, абавязкова з’явіцца і абароніць гаспадароў. У вёсцы Зарэчча ў дамку на ўскраіне жывуць аж двое дамавічкоў – Шушык і Жуля. Кожная з істот мае свой асаблівы характар: працалюбівы Шушык сочыць за парадкам, змятае пыл, прыбірае раскіданыя дзецьмі цацкі, а гультаяватая Жуля вечна шукае прыгод на сваю галаву. Жуля не толькі прыроджаная авантурыстка і фантазёрка, але і натура творчая: пляце файныя цацкі з саломы. Яе здольнасці не раз выратуюць дамавічкоў у крытычных сітуацыях, калі трэба праявіць кемлівасць. А Шушык не толькі абачлівы і разважлівы гаспадар, але і з захапленнем вывучае іншыя мовы: гусіную, каціную, сабачую, “бо калі ты разумееш іншых, а яны – цябе, то свет становіцца не страшным месцам, а ўтульным”. З кнігі можна даведацца, хто такі Хлеўнік і каго ён баіцца, якім чынам Лесавік зносіць у сваё лясное царства дзяцей. І, канешне, гэтая кніга пра сяброўства, давер, смеласць і ўменне прымаць іншых такімі, якімі яны ёсць. Шкада, што гісторый усяго чатыры: думаецца, аўтару, якому ўдалося стварыць па-сапраўднаму цікавыя і запамінальныя вобразы-характары беларускіх дамавічкоў, варта працягнуць расповед пра прыгоды сваіх незвычайных героеў.

Алена Брава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».