Вы тут

Жанчыны саюзаў Беларусі і Расіі абмеркавалі, як захаваць Саюзную дзяржаву


Удзел жанчын у прыняцці найважнейшых рашэнняў у лёсе краіны заўжды робіць іх больш гарманічнымі для любой дзяржавы. З мудрасцю і мужнасцю, з аднаго боку, і пяшчотай ды клопатам — з другога, жанчыны дзейнічаюць праз стратэгію гэткай мягкай сілы, дзякуючы якой захоўваюцца галоўныя чалавечыя каштоўнасці. Так лічаць удзельніцы круглага стала «Жанчыны ЗА Саюзную дзяржаву. Гістарычная і культурная агульнасці», які прайшоў у Мірскім замку.


Будучыня — гэта канкрэтныя справы, а не лозунгі

Настолькі прадстаўнічы склад сябровак з Саюза жанчын Расіі (СЖР) Беларускі саюз жанчын (БСЖ) прымаў упершыню. Кіраўніцы прадпрыемстваў і навучальных устаноў, прадпрымальніцы, дэпутаты Дзярждумы Расіі і іншыя паспяховыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва разам са сваімі беларускімі каляжанкамі пагаварылі пра ролю жанчыны ў сучасным свеце і пастараліся знайсці агульныя падыходы да вырашэння глабальных задач, якія паўстаюць перад дзвюма дзяржавамі.

БСЖ і РСЖ — адзін з найбольш значных інстытутаў грамадзянскай супольнасці нашых краін. Яны займаюцца пытаннямі дэмаграфічнай бяспекі, аховы мацярынства і дзяцінства, традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Рэалізуюць праекты, скіраваныя на павышэнне грамадскага статусу, прафесійнай і сацыяльнай актыўнасці жанчын і іх ролі ў палітчыным, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці нашых краін. Такую ўпэўненасць у прывітальным лісце ўдзельніцам сустрэчы выказаў Дзмітрый МЕЗЕНЦАЎ, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы і паспадзяваўся, што падчас сумеснай работы жанчыны выпрацуюць новыя цікавыя ідэі і прапановы, якія ўзбагацяць расійска-беларускія інтэграцыйныя сувязі і пасадзейнічаюць умацаванню сяброўства паміж народамі Расіі і Беларусі. 

Прынамсі, расіянкі ўжо прывезлі з сабою на сустрэчу праект «Жанчыны Расіі і Беларусі. Місія стварэнне», які яны плануюць прадставіць на атрыманне гранта прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У нашых суседзяў існуе такая сістэма падтрымкі цікавых праектаў, скіраваных на развіццё грамадзянскай суполкі.

— У нас агульная гісторыя і, упэўнена, агульная будучыня, таму нам неабходна абмеркаваць законы, якія дзейнічаюць у нашых краінах і скіраваны на абарону мацярынства, дзяцінства, сям’і; на права працаваць, атрымліваць медыцынскую дапамогу, — лічыць Алена КАЛІНІНА, старшыня Санкт-Пецярбургскага рэгіянальнага аддзялення Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі «Саюз жанчын Расіі» — «Жаночы альянс». — Аднак будучыня — гэта не толькі лозунгі і заклікі, а канкрэтныя справы. Гэта стварэнне бізнес-кантрактаў, сумесных праектаў і праграм. Можна бясконца працаваць на ўзроўні ўласнага энтузіязму, аднак трэба ладзіць сустрэчы і выставы. Увогуле, задача кожнай дзяржавы: вучыць, лячыць, абараняць і ствараць умовы для развіцця. І мы хочам звярнуць увагу нашай дзяржавы, каб былі створаны ўмовы ў Саюзнай дзяржаве для працягу супрацоўніцтва жанчын Расіі і Беларусі.

Мэта — чалавек

Гаворачы пра Саюзную дзяржаву, трэба ўяўляць, што гэта за структура і чым яна займаецца, заўважыла Мар’яна ШЧОТКІНА, саветнік старшыні БСЖ па міжнародным супрацоўніцтве, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску і абазначыла асноўныя сумесныя праекты, якія рэалізуюць члены саюзаў жанчын Беларусі і Расіі.

— Пачынаючы з 1996 года мы дасягнулі шмат чаго ў розных напрамках, і найперш у тых, што датычацца людзей. Вырашаны задачы ў такіх важных галінах, як роўныя правы грамадзян, працаўладкаванне, сацыяльныя правы ў розных напрамках дзейнасці. Мэты Саюзнай дзяржавы (СД) таксама звязаны з чалавекам. Таму для нас важна, каб захоўваўся мір, каб была ўзгодненая палітыка, фарміраванне адзінай эканамічнай прасторы і сацыяльная палітыка па забеспячэнні роўных правоў грамадзян.

На пасяджэнні Савета Міністраў, якое адбылося ў верасні, адобрылі асноўныя накірункі ў рэалізацыі палажэнняў аб стварэнні Саюзнай дзяржавы да 2023 года. Гэтыя ўзгодненыя мерапрыемствы закладваюць аснову для правядзення адзінай макра-эканамічнай, аграрнай і прамысловай палітыкі, фарміравання адзінага транспартнага рынку, адзіных правіл канкурэнцыі і забеспячэння роўных правоў спажыўцоў, удакладніла яна.

Сярод вынікаў, якія ўжо дасягнуты ў межах СД, узаемнае прызнанне дакументаў аб адукацыі і дакументаў аб працаўладкаванні, роўныя ўмовы прыёму на работу, назначэнне выплат пенсій і сацыяльных дапамог.

— Важнае значэнне мае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, якое вельмі развіта. Паміж Беларуссю і Расіяй больш як 400 розных пагадненняў. Цяпер работа ў межах СД скіравана найперш на развіццё навукаёмістых і высокатэхналагічных галін, якія звязаны з космасам і новымі матэрыяламі, падкрэсліла Мар’яна Шчоткіна. — Сёлета з бюджэту СД (4,7 млрд расійскіх рублёў), 2,6 млрд з якіх накіравана на рэалізацыю дзевяці праграм Саюзнай дзяржавы, якія скіраваны на ўдасканаленне пагранічнай бяспекі, новыя тэхналогіі, стварэнне новых матэрыялаў. А 14 з 26 мерапрымстваў, на якія прадугледжана 1,3 млрд саюзнага бюджэту маюць сацыяльны характар. Дзевяць скіраваны на работу з моладдзю. Відавочна, што роля жанчын у выхаванні падрастаючага пакалення вельмі важная.

Важна, каб у працэсе гарманізацыі заканадаўства была створана адзіная агульнаадукацыйная і інфармацыйна-культурная прастора. Адзін з сумесных праектаў у гэтым напрамку — Беларуска-расійскі ўніверсітэт у Магілёве, выпускнікі якога атрымліваюць унікальныя спецыяльнасці і дыпломы ўзораў абедзвюх краін, падкрэсліла дзяржаўны дзеяч.

Пры рабоце з моладдзю здзяйсняецца шмат праектаў, у межах якіх сумесна сябруюць, адпачываюць і ствараюць падлеткі з абедзвюх краін. Яны ўдзельнічаюць у ваенна-патрыятычных, спартыўных, аздараўленчых, экалагічных, навукова-адукацыйных мерапрыемствах.

— Дагавор паміж нашымі жаночымі саюзамі існуе даўно, і мы маем шчыльныя стасункі. Мы лічым вашых жанчын нашымі сёстрамі, і мы ніколі не падзяляліся на расіянак ці беларусак. Галоўнае для нас заўжды гэта мір, павышэнне ўзроўню жыцця, дзеці. Нас цікавяць усе жаночыя пытанні, якія, уласна кажучы, і ёсць жыццё. І ўсе праблемы ў Беларусі і ў Расіі ў нас аднолькавыя, — пагадзілася Галіна РАКЕЦКАЯ, саветнік старшыні Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі «Саюз жанчын Расіі».

Перад пачаткам мерапрыемства дырэктар замкавага комплексу «Мір» Аляксандр ЛОЙКА запрасіў удзельніц круглага стала ў падарожжа на пяць стагоддзяў таму. Згодна з законамі ветлівасці таго часу жанчын сустрэлі залпамі гармат, пасля чаго яны трапілі на сярэднявечны баль, здзіўляліся залам замка і сустрэчы з яго гістарычнымі ўладарамі. А вось пасля мерапрыемства, калі было абмеркавана шмат сумесных праектаў і акрэслены мэты на будучыню, прыйшла чарга здзіўляцца гаспадару комплексу:

— Я ўражаны тым, наколькі вы мудрыя, якія магутныя тэмы вы ўздымаеце і якія пытанні вырашаеце. Нам мужчынам не робіць гонару, што на ўсе амбразуры мы высоўваем менавіта вас, а, часам, вы самі выхопліваеце ў нас сцяг і вядзеце на перадавую. Я не чакаў, колькі ў вас веры, любові і надзеі, якіх, пэўна, хопіць не на адно пакаленне.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».