Вы тут

Канцлер да Каляд. Што чакае Германію?


У Германіі пачаліся перагаворы аб фарміраванні новага ўрада. На думку назіральнікаў, прапановы аб стварэнні кіруючай кааліцыі будуць непазбежна паступаць «зялёным» і лібералам (Свабоднай дэмакратычнай партыі). Між тым лідары дзвюх палітычных сіл ужо правялі папярэднія перагаворы, пасля чаго паведамілі, што шукаюць агульныя падыходы, знаходзяць іх і маюць намер сустрэцца зноў, паведаміў Euronews. Як вядома, у мінулыя выхадныя ў Германіі адбылася гістарычная падзея, наступствы якой пакуль яшчэ цяжка спрагназаваць, але ўжо можна адчуць. Упершыню за многія гады ў краіне абраны парламент без Ангелы Меркель на чале. Хрысціянска-дэмакратычны і Хрысціянска-сацыяльны саюзы (ХДС/ХСС), якія жалезная фрау прадстаўляла 16 гадоў запар, не здолеелі перабіць напор асмялелых канкурэнтаў з ліку палітычных пачаткоўцаў і, страціўшы выбаршчыкаў, саступілі першынства даўнім канкурэнтам з Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Што ж чакае Германію?


Гістарычнае паражэнне

Вынікі выбараў у нямецкі бундэстаг для палітычных аналітыкаў асаблівым сюрпрызам не сталі. Галасаванне толькі пацвердзіла прагнозы сацыёлагаў аб катастрафічным падзенні рэйтынгу кіруючай ХДС. У параўнанні з папярэднім выбарным цыклам 2017-га хрысціянскія дэмакраты аселі на 9 працэнтаў, набраўшы крыху больш за 24 % галасоў выбаршчыкаў. У колькасным вылічэнні страты склалі больш за пяць мільёнаў галасоў, якія адышлі да СДПГ, «зялёных» і лібералаў.

Пры гэтым ХДС прымудрыўся нават у Баварыі, ключавым «хатнім» рэгіёне, дзе кіруе саюзны ХСС, паказаць найгоршы вынік за 70 гадоў. Невыпадкова ўплывовы штотыднёвік Spіegel назваў іх паражэнне гістарычным, бо ніколі раней за ХДС і ХСС не галасавала менш чым 30 працэнтаў электарату.

А вось сацыял-дэмакраты на чале з Олафам Шольцам пасля правалу на мінулых выбарах аднавілі свае пазіцыі (25,7 працэнта супраць 20,5) і цяпер заслужана святкуюць перамогу. Аднак у гэтай перамозе ёсць і важкая лыжка дзёгцю. Насуперак надзеям і чаканням сапраўднага трыумфу сацыял-дэмакратаў на гэтых выбарах не здарылася. Пасля закрыцця ўчасткаў, калі ў штабы пачалі паступаць экзітполы, абедзве партыі ішлі фактычна ўпоравень, што прымусіла ладна панервавацца функцыянераў і тэхнолагаў «чырвоных» (па сімволіцы СДПГ). У выніку галасы пратэснага электарату аказаліся размазанымі па малых партыях. Фактычна СДПГ не ўдалося да канца выканаць галоўную задачу — сабраць пад сваё крыло ўсіх перабежчыкаў і расчараваных у ХДС.

Колькасна дэпутацкія мандаты сямі партый, якія прайшлі ў бундэстаг, будуць прадстаўлены наступным чынам. Найбольшую колькасць месцаў атрымаюць сацыял-дэмакраты — 206 (на 53 больш, чым у 2017-м). На другім месцы апынуўся блок ХДС/ХСС з вынікам 196 месцаў (на 50 менш). «Зялёныя» зоймуць 118 месцаў (на 51 больш), Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) — 92 месцы (на 12 больш), «Альтэрнатыва для Германіі» (АДГ) — 83 месцы (на 11 менш), «Левыя» — 39 месцаў (на 30 менш). Адно дэпутацкае крэсла дастанецца прадстаўніку дацкай нацыянальнай меншасці з зямлі Шлезвіг-Гальштэйн.

Агульная колькасць дэпутатаў бундэстага ўзрасце, але не так моцна, як асцерагаліся эксперты перад выбарамі. Калі ў бягучым скліканні парламент налічвае 709 абраннікаў, то ў новы бундэстаг іх збярэцца 735. Аналітыкі прадказвалі рост гэтай колькасці да 900 за кошт малых партый, якія маглі атрымаць дадатковыя мандаты ў акругах.

Выбарчы хаос

Што да арганізацыі выбарчага працэсу на гэтых выбарах, то ён быў далёкі ад ідэальнага, заўважыла lenta.ru. Шмат парушэнняў зафіксавана ў Берліне. Назіральнікі назвалі тое, што адбывалася, «выбарчым хаосам». На некаторых участках не хапала бюлетэняў, з-за чаго выбаршчыкаў адпраўлялі дадому. Дзесьці бюлетэні ўтрымлівалі памылкі, у выніку людзі стаялі па некалькі гадзін у чэргах і галасавалі ўжо пасля запланаванага закрыцця ўчасткаў і абвяшчэння вынікаў экзітполаў.

Як водзіцца, у дзень галасавання актывізаваліся і леварадыкальныя «партызаны», настроеныя на барацьбу з правакансерватыўным АДГ. Падобна на тое, менавіта дзякуючы ім ва ўніверсітэцкім Гётынгене (Ніжняя Саксонія) у дзень выбараў у бланках для падліку галасоў выбаршчыкаў у спісе партый не аказалася «Альтэрнатывы для Германіі» і іх давялося тэрмінова перарабляць. Наўрад ці гэтыя дробязі будуць вартыя ўвагі Канстытуцыйнага суда Германіі, тым не менш асадак застанецца.

Насуперак усім «падкопам» малыя партыі паказалі на гэтых выбарах сваю сілу, сукупна «адхапіўшы» ў ХДС і СДПГ важкі пакет галасоў выбаршчыкаў. «Зялёныя» на чале з Аналенай Бербок паказалі найлепшы вынік у сваёй гісторыі, палепшыўшы паказчык 2017-га больш чым удвая. Галасы 14,8 працэнта выбаршчыкаў, якія прагаласавалі, далі ім трэцяе месца ў рэйтынгу пасля ХДС.

Праўда, разлічвалі «зялёныя» на значна лепшы вынік, бо сусветны кліматычны парадак дня, прыродныя катастрофы, уключаючы паводку ў Рэйнскім рэгіёне, — усё гэта спрыяла іх рэйтынгам. Але калі першую палову кампаніі апытанні адпавядалі гэтым чаканням, то бліжэй да фіналу чарада PR-правалаў у кіраўніцтве «зялёных» прывяла да карэкцыі выніку.

Ліберальныя дэмакраты (СвДП) пад кіраўніцтвам Крысціяна Лінднера правялі даволі бледную кампанію і толькі нязначна пераўзышлі свой вынік на мінулых выбарах, атрымаўшы 11,5 працэнта супраць 10,7 у 2017-м. Аднак гэтага ім хапіла, каб абысці правапатрыятычную «Альтэрнатыву для Германіі» (АДГ) і стаць героямі дня, выпхнуўшы «страшных правых» на пятае месца ў агульным заліку.

АДГ хоць і страціла адносна няшмат, атрымаўшы 10,3 працэнта галасоў выбаршчыкаў, але пры гэтым скацілася з пазіцыі трэцяй па колькасці фракцыі ў нямецкім парламенце на пятае месца. Зрэшты, падсаладзіць пілюлю «альтэрнатыўшчыкам» могуць вынікі ў Саксоніі і Цюрынгіі, дзе засяроджаны іх найбольш адданы электарат. Па колькасці галасоў выбаршчыкаў у гэтых дзвюх усходніх землях АДГ абышла нават ХДС. Там партыя адабрала ў апанентаў шэраг важных аднамандатных акруг і стала самай папулярнай палітычнай сілай.

Сярод тых, хто прайграў на гэтых выбарах, — «левыя», якія набіраюць усяго толькі 4,9 працэнта галасоў. За чатыры гады яны страцілі амаль палову свайго электарату і цяпер балансуюць на мяжы праходжання ў парламент. Зрэшты, па выбарчым заканадаўстве Германіі, партыя пераадольвае пяціпрацэнтны бар'ер, калі атрымлівае яшчэ тры аднамандатныя акругі. А яны ў «левых» якраз ёсць: два ў Берліне і адзін у Лейпцыгу. Таму, нягледзячы на правал, партыя ўсё роўна сфарміруе ўласную фракцыю ў бундэстагу.

Фронтмен асцярожных перамен

Вырваўшы перамогу па выніках федэральнага галасавання з мінімальнай перавагай, СДПГ не здолела забяспечыць выгадную платформу ў перагаворах з партнёрамі па фарміраванні кіруючай кааліцыі. І зараз гэты вынік падвешвае шанцы кандыдата ў канцлеры ад СДПГ Олафа Шольца, нават нягледзячы на тое, што яго персанальны рэйтынг вышэйшы, чым у Арміна Лашэта з ХДС.

Пасля падліку галасоў Шольц выдаў журналістам хатнюю нарыхтоўку, агучыўшы прапанову лібералам і «зялёным». Выбаршчыкі вельмі выразна сказалі, хто павінен сфарміраваць наступны кабінет. СДПГ, СвДП і «зялёныя» дамагліся значнага росту, адпаведна, гэтыя тры партыі і павінны ўзначаліць урад. ХДС і ХСС атрымалі сігнал ад грамадзян, што ім больш не трэба быць ва ўладзе.

Калі не здарыцца нейкіх нечаканых паваротаў, то менавіта 63-гадовы Олаф Шольц сфарміруе новы кааліцыйны ўрад і стане новым канцлерам Германіі. Разбіраючыся ў прычынах яго поспеху, нямецкія каментатары вылучаюць некалькі фактараў. Першапачаткова Шольцу, хутчэй за ўсё, нямала дапамагла тая акалічнасць, што ў гэтым кааліцыйным урадзе Меркель ён займае пасаду міністра фінансаў і падчас пандэміі кіраваў раздачай мільярдаў еўра надзвычайнай дапамогі. Пэўную ролю адыгралі перадвыбарчыя тэзісы сацыялістаў і ў прыватнасці абяцанне Шольца павысіць мінімальную пагадзінную аплату працы да 12 еўра ў гадзіну з цяперашніх 9 еўра 60 цэнтаў.

Шольц злёгку памяняў імідж: палітык, якога калісьці за сухасць і безэмацыянальнасць за вочы называлі «Шальцаматам», у гэтай перадвыбарчай кампаніі пастараўся выглядаць больш жывым, усмешлівым і эмацыянальным. Але галоўнае, пра што кажуць аналітыкі, менавіта ў Шольцы, а не ў яго галоўных канкурэнтах, частка выбаршчыкаў убачыла прымальную замену «вечнай» Ангеле Меркель.

«Шольц шмат у чым адпавядае партрэту «ідэальнага канцлера» ва ўяўленні значнай колькасці нямецкіх выбаршчыкаў, у якіх ёсць запыт на перамены, але вельмі асцярожныя, з захаваннем палітычных традыцый. Сам Шольц не называе сябе наўпрост «спадчыннікам Меркель», але і не адмаўляе спадчыны «самай левацэнтрысцкай» з кансерватыўных канцлераў ФРГ. Адным словам, Шольц — гэта фронтмен асцярожных перамен на спакойнай, «бюракратычнай» аснове», — патлумачыў «Бі-бі-сі» нямецкі палітолаг Дзмітрый Страціеўскі.

Шанц на «ямайку»

Але і кандыдат у канцлеры ад ХДС Лашэт здавацца не збіраецца, бо ў яго ёсць пакуль прывідны, але тэарэтычна рэальны шанц на «ямайку» — так па колерах партый называюць магчымую кааліцыю паміж ХДС, СвДП і «зялёнымі». Ужо зразумела, што ідэалагічным забеспячэннем такога праекта стане «левая пагроза». Адразу пасля выбараў Лашэт заявіў: «Галасаванне за ХДС — гэта галасаванне супраць левага федэральнага ўрада. Вось чаму мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб сфарміраваць федэральны ўрад пад кіраўніцтвам Саюза».

Аглядальнікі прадказваюць як мінімум пяць магчымых фарматаў будучай кааліцыі. Вырашальным фактарам у яе фарміраванні стане пазіцыя «зялёных» і СвДП, менавіта з іх лідарамі будуць весці цяжкі і доўгі гандаль і Шольц, і Лашэт. Што менавіта прапануюць ім палітычныя цяжкавагавікі — пакуль незразумела. Будучыня туманная, а на сёння дакладна вядома адно — краіну чакае жорсткая барацьба за месца канцлера, што можа працягнуцца некалькі месяцаў. Для дасягнення кампрамісу Ангела Меркель фармальна будзе захоўваць сваё месца. Яна застанецца часовым канцлерам Германіі і, як чакаецца, не зможа адправіцца на пенсію як мінімум да Каляд, калі не даўжэй. У нямецкім грамадстве, без сумневу, будуць сачыць за гэтай барацьбой з не меншым азартам, чым за матчамі Бундэслігі.

За апошнія 20 гадоў палітычны цэнтр у Германіі адчувальна зрушыўся налева. А тое, што раней было рэспектабельна-цэнтрысцкім, цяпер сышло далёка направа. Пазіцыя ХДС 1980-х гадоў сёння адлюстравана ў праграме АДГ і наадварот: тое, што раней можна было чуць з вуснаў леварадыкалаў, усё часцей прамаўляюць палітыкі-цэнтрысты. Усеагульнае «палявенне» глыбока змяніла свядомасць палітычнага класа Германіі, зразумела, што гэты трэнд з непазбежнасцю прарастае ў рэальнасці. Поспех «зялёных» з радыкальнай экагендарнай праграмай, за якую галасуе малады (да 35 гадоў) і адукаваны выбаршчык, паказвае, хто будзе прэтэндаваць на палітычнае лідарства ў найбліжэйшай будучыні.

Выбары не выявілі відавочных лідараў — ні сярод партый, ні на ўзроўні асобных палітыкаў. Гэта шмат у чым лагічны вынік доўгага кіравання Ангелы Меркель, лічыць эксперт Інстытута міжнародных даследаванняў МДІМА Аляксандр Давыдаў. У 2017 годзе, напярэдадні апошніх выбараў у бундэстаг з яе удзелам, апаненты назвалі такі падыход «палітыкай снатворнага». Канцлера абвінавацілі ў тым, што сваім доўгім праўленнем яна выклікала эрозію палітычнай дыскусіі і стварыла вакуум улады. Адмова Меркель ад пятага тэрміну ва ўладзе — шанц адвыкнуць ад «таблетак», якія яна, на думку праціўнікаў, прапісвала краіне з 2005 года. Тым не менш «снатворнае» працягвае дзейнічаць. Прынамсі пакуль.

Пры гэтым важна дакладна разумець, што пры ўсіх палітычных «рэбрэндынгах» Германія застаецца палітычна залежнай ад ЗША, паколькі спецыяльна для гэтага па выніках Другой сусветнай вайны сфарміравалася цэлая міжнародная канструкцыя. Так апісаў сітуацыю lenta.ru палітолаг і старшыня Таварыства Бісмарка ў Маскве Міхаіл Галаванаў. Эксперт лічыць, што суверэнітэт нямецкай сістэмы адносна ЗША палітычна абмежаваны: у сістэму ўбудаваныя «засцерагальнікі», якія не дазваляюць нямецкім элітам весці цалкам незалежную палітыку. «Аб гэтым не кажуць уголас, але ўсё гэта разумеюць», — адзначыў ён. Галаванаў нагадаў, што ў ФРГ і іншых еўрапейскіх краінах дагэтуль знаходзяцца амерыканскія войскі. На яго думку, да з'яўлення адзінай еўрапейскай арміі Берлін так і будзе «ісці ў фарватары Вашынгтона».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.