Вы тут

Настаўніца замежнай мовы — пра кайф на ўроку, імправізацыю і матывацыю да навучання


У сям’і Наталлі КАТЧАНКІ Дзень настаўніка — адно свята на траіх. Сама Наталля выкладае ў Нясвіжскай гімназіі англійскую мову. Яе муж Уладзімір працуе ў той жа навучальнай установе, але яго спецыялізацыя — нямецкая мова. Маці Наталлі — Ванда Уладзіміраўна Талай — выкладала французскую мову ў вясковай школе 32 гады, з іх пяць — ужо знаходзячыся на пенсіі.


Наталля Катчанка: «З пяціклашкамі і цікава, і складана адначасова. Для мяне гэта сапраўдны выклік. Іх трыццаць чалавек, яны гарэзнікі, вельмі жвавыя...»

Здзівіць англічаніна…

— Сама я з Нясвіжскага раёна, з вёскі Высокая Ліпа. Мая матуля была і маёй школьнай настаўніцай, таму, шчыра кажучы, я з дзяцінства ведала, што пайду па яе слядах. Яшчэ вучаніцай дапамагала ёй правяраць сшыткі, а французская мова была маім любімым прадметам. У сваім выбары ніколькі не сумнявалася — хачу вучыцца ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў — там, дзе вучылася і мая маці. Паступіла, скончыла і вось ужо 24 гады працую ў адной установе — Нясвіжскай гімназіі, — расказвае Наталля Катчанка. — Мая маці была не проста маім настаўнікам, але і прыкладам, як трэба сябе паводзіць на ўроку, як ставіцца да вучняў. Мяне заўсёды захаплялі яе энтузіязм і энергічнасць. Яна ўсе заняткі вяла стоячы, і я таксама не ўяўляю, як можна сядзець на ўроку за настаўніцкім сталом. Я ўвесь час у руху, затое бачу ўсіх дзяцей.

— Наталля Уладзіміраўна, многім выпускнікам савецкай школы замежная мова так і не скарылася. Ці можна навучыць ёй кожнага альбо для гэтага павінны быць пэўныя здольнасці?

— Вельмі шмат залежыць ад матывацыі і ўнутранай патрэбы. А дзеці гэтай патрэбы яшчэ не адчуваюць, таму неабходна прыкласці пэўныя намаганні, каб улюбіць у свой прадмет і натхніць. Здольнасці могуць паскорыць працэс вывучэння, але галоўны каталізатар — усё ж такі матывацыя. Так, у савецкія часы школьнікі вучыліся пераважна чытаць і перакладаць, а не размаўляць, сучасных методык яшчэ не было. І ўвогуле, было незразумела, навошта нам замежная мова і дзе яна можа спатрэбіцца. А сёння ўрокі замежнай мовы маюць практычную камунікатыўную арыентаванасць. Я, напрыклад, у сваёй педагагічнай практыцы прымяняю прынцыпы актыўнай ацэнкі. Мы разам з вучнямі ставім на пачатку ўрока мэту, якой хочам дасягнуць. Гэта прынцыпова важны момант. Мэта павінна быць зразумелай, яшчэ лепш — каб яна была сфармуляваная на мове вучняў.

Камунікатыўную накіраванасць маюць і сучасныя падручнікі. Да таго ж сёння ёсць шмат дадатковых магчымасцяў для авалодання замежнымі мовамі: можна глядзець відэаролікі, кінастужкі без перакладу, слухаць замежных выканаўцаў, чытаць замежную літаратуру на мове арыгінала.

Можа, гэта прагучыць не вельмі сціпла, але калі вучні нашай гімназіі трапляюць у іншыя ўстановы адукацыі (у Мінскі абласны ліцэй, Ліцэй БДУ), мы чуем пра іх толькі станоўчыя водгукі. Нясвіжская гімназія — гэта як знак якасці. Нашы дзеці свабодна размаўляюць на замежнай мове, не баяцца гэта рабіць. Некалькі гадоў таму ў гімназію прыязджаў вядомы брытанскі педагог Рос Морысан Макгіл, пісьменнік, блогер і стваральнік сайта tеасhеrtооlkіt.со.uk (інструменты для настаўніка), у якога цяпер больш за 10 мільёнаў чытачоў. Рос нават намінаваўся газетай The Sunday Tіmes у лік 500 самых уплывовых людзей у Вялікабрытаніі. Дык вось, нашым гімназістам удалося яго здзівіць (усміхаецца). Рос сказаў, што быў у многіх краінах, але беларускія дзеці скарылі яго сваёй шчырасцю і адкрытасцю, адзначыў, што яны першыя робяць крок насустрач незнаёмаму чалавеку з чужой краіны.

 

Нашы гімназісты свабодна размаўлялі з ім на розныя тэмы. Калі мы абедалі ў сталовай, заўважылі, што дзвюм дзяўчынкам ну проста вельмі хочацца пагутарыць з госцем. Паклікалі іх за свой стол. Яны пыталіся ў Роса пра ўсё: ці падабаецца яму ў нашай гімназіі, ці смачны суп, якім яго частуюць... Рос прысутнічаў і на маіх уроках, дзе абсалютна арганічна ўпісаўся ў вучэбны працэс. Тэма адных заняткаў была прысвечана адукацыі, а другіх — сяброўству. Ён сам задаваў дзецям некаторыя пытанні, спрабаваў уключыцца ў групавую работу на ўроку. І вучні не збянтэжыліся, што мне, як іх настаўніцы, шчыра прызнаюся, было вельмі радасна назіраць.

Шчырасць вітаецца…

— А вы ліберальны ці патрабавальны настаўнік? Чаго ніколі не дапусціце на сваім уроку ці па-за ўрокамі ў стасунках з вучнямі?

— Не дапушчу хлусні. Адносіны з дзецьмі павінны будавацца на даверы. Калі, напрыклад, вучань не падрыхтаваўся да ўрока, я заўсёды пытаюся, у чым прычына. І дзеці ведаюць, што мне лепш сказаць праўду. Разумею, што вучні — вельмі загружаныя па вучобе, ёсць яшчэ шматлікія пазакласныя і пазашкольныя мерапрыемствы, і ў іх часам проста не хапае сіл на выкананне дамашняга задання. Яны падаюць на ложак і засынаюць. Я цаню адкрытасць і не зацікаўлена ў дрэнных адзнаках, бо гэта самы горшы матыватар для вучобы. У сваю чаргу, сама імкнуся быць заўсёды шчырай з вучнямі. Калі не ведаю адказу на іх пытанне, прызнаю гэта і абяцаю абавязкова знайсці яго да наступнага ўрока.

Майстар-клас па медыяадукацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

— Ці падзяляеце вы думку, што без канкурэнцыі немагчыма рушыць наперад? Урокі могуць быць без адзнак у балах?

— Мая мара — перайсці на безадзнакавую сістэму, бо адзнакі, на маю думку, перашкаджаюць вучням быць на ўроку свабоднымі. У малодшых класах дзеці на іх асабліва моцна зацыкліваюцца, баяцца, што атрымаюць не тую адзнаку, якую «заказалі» бацькі. У малых спрацоўвае ўнутраны тормаз, які не дае магчымасці на ўроку раскрыцца. Вучні думаюць толькі аб тым, каб не зрабіць памылку і не знізіць свой бал. Увогуле, у адукацыі павінна быць не спаборніцкае асяроддзе, а прастора для сумеснай творчасці, сумеснай калектыўнай дзейнасці. Навык каманднай працы архіважны для ХХІ стагоддзя. Менавіта таму я і не люблю розныя конкурсы.

— А якім павінен быць урок, каб ён прынёс задавальненне і настаўніку, і вучню?

— Калі вучні чуюць званок на перапынак і пытаюцца: «А што, 45 хвілін ужо прайшло?», для мяне гэта найлепшы паказчык, што ўрок атрымаўся, працэс ідзе, і дзеці працуюць ад пачатку ўрока і да канца. Гэта проста настаўніцкі кайф, якім хочацца падзяліцца з калегамі. Але ніводны ўрок нельга спрагназаваць да канца. Непасрэдна на ўроку можа адбыцца азарэнне, ён пойдзе зусім па іншым кірунку і атрымаецца нават лепшы, чым планавалася. Імправізацыя дадае іскрынку любому ўроку.

Медыйная адукаванасць

— Ведаю, што вы працуеце і над дапаможнікамі для настаўнікаў. Гэта ж велізарная праца. Што натхніла ўзяцца за яе? Ніхто не пытаўся, навошта гэта вам?

—Такія пытанні гучаць пастаянна (усміхаецца), «Планы-канспекты для падручніка 10 класа па англійскай мове». Гэта сумесная праца з маёй калегай з Мазыра Веранікай Арловай. Вялікая ўдача — сустрэць аднадумца. Мы абедзве — настаўнікі-метадысты. Нас аб’яднала актыўная ацэнка і медыяадукацыя. Мы шмат выступаем перад настаўнікамі на розных семінарах і курсах, у нас ёсць шмат напрацовак. І мы вырашылі, што трэба падзяліцца гэтым з усімі. Як пажартаваў Рос Макгіл, «для настаўнікаў, якія не дзеляцца з калегамі сваімі ведамі, у пекле будзе адмысловае месца» (смяецца). Галоўная ідэя планаў — рэалізацыя прынцыпаў стратэгіі Актыўнай ацэнкі праз медыяадукацыйны патэнцыял. Дзякуючы разнастайным практыкаванням і рабоце з дыяграмамі, схемамі, анімацыяй, малюнкамі і фота вучні вучацца аналізаваць і крытычна ацэньваць прапанаваны медыякантэнт, а таксама ствараць уласны прадукт. Для кожнага ўрока мэта сфармулявана як прагназаваны вынік, і вучні разумеюць, што канкрэтна яны вывучаць у межах урока. Да кожнага урока, а таксама да некаторых заданняў (у тым ліку і дамашніх) прапісаны крытэрыі ацэньвання. Гэта дапамагае зрабіць сітуацыю выстаўлення адзнак максімальна празрыстай. Таксама амаль да кожнага ўрока сфармулявана ключавое пытанне, якое, безумоўна, выкліча зацікаўленасць у вучняў і павысіць матывацыю да вывучэння новай тэмы. Зараз мы ўжо працуем над дапаможнікам з планамі-канспектамі ўрокаў для 11-х класаў.

— Вы згадалі медыяадукацыю. А як медыяадукацыйны рэсурс можна задзейнічаць на ўроках замежнай мовы?

— У параўнанні з іншымі прадметнікамі, у настаўнікаў замежнай мовы больш магчымасцяў для медыяадукацыйнай дзейнасці на ўроку. Напрыклад, для ўвядзення вучняў у іншамоўную камунікатыўную сітуацыю, адпрацоўкі актыўнай лексікі, развіцця навыкаў вуснай мовы можна выкарыстоўваць любы фрагмент тэлеперадачы, ролік з інтэрнэту, вытрымку з артыкула, цэлы артыкул або цытату вядомага чалавека. Можна дыскутаваць, абменьвацца думкамі па розных праблемах у класе, у сацыяльных сетках або пісаць на электронную скрыню. У кожным класе, нават пачынаючы з трэцяга і чацвёртага і заканчваючы адзінаццатым, можна з поспехам выкарыстоўваць формы навучання, якія будуць накіраваны на павышэнне медыйнай адукаванасці вучняў, жаданне чытаць, даведвацца новае, крытычна ставіцца да інфармацыі, быць аўтарамі медыяпаведамленняў.

У сярэднім школьным узросце вельмі важна развіваць такія медыйныя ўменні, як асэнсаваны пошук інфармацыйнай крыніцы з улікам запытаў, разуменне наступстваў ад карыстання неправеранай інфармацыяй, уменне ажыццяўляць пошук у традыцыйных і электронных крыніцах, такіх як вэб-сайты, блогі, парталы і друкаваныя матэрыялы, уменне дакладна фармуляваць запыт. Любую атрыманую інфармацыю трэба крытычна ацэньваць. І настаўнік павінен гэтаму навучыць.
Адпачыць... у гульні

— А як доўга можна працаваць у рэжыме шматзадачнасці? Як вам удаецца абараніцца ад прафесійнага самавыгарання? Тым больш што ў сям’і — двое педагогаў і двое дзяцей-школьнікаў? Ці ёсць у вас нейкія сямейныя рэцэпты? Як вы аднаўляецеся? Што можа вас натхніць?

— У нас трое дзяцей. Старэйшы сын Паша ужо скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і працуе ў нашай раённай бальніцы хірургам. І так сталася, што ва ўсіх трох я ў розных класах выкладала англійскую мову. Вядома, калі твае бацька і маці працуюць у гімназіі, дзе ты вучышся, — гэта няпроста, бо накладвае дадатковую адказнасць. Ну як можна прыйсці ў школу непадрыхтаваным? Мой сярэдні сын Ваня аднойчы сказаў: «Лепш бы я вучыўся ў іншай школе». Ён, дарэчы, любіць праверыць мяне, ці ведаю я нейкія сучасныя выразы. Асабліва я падверглася «выпрабаванням» з яго боку пасля англійскага летніка, дзе ён удзельнічаў. Мая малодшая дачка, дзесяцігадовая Маша, якая вельмі любіць маляваць, кажа: «Матуля, не крыўдуй, але маляванне я люблю больш, чым англійскую мову». А я не крыўдую, бо бачу, што ў дачкі ёсць талент, хоць наша педагагічная дынастыя можа і не атрымаць працяг. Лічу, што кожны павінен знайсці сабе занятак па душы, бацькі ні ў якім разе не павінны ціснуць. І дзіцяці ні ў якім разе нельга казаць, што яго мэта — няправільная…

У нашай сям’і ёсць агульнае для ўсіх захапленне — інтэлектуальныя гульні. Муж з’яўляецца кіраўніком інтэлектуальных каманд у нашай гімназіі. І дзеці, і педагогі пад яго кіраўніцтвам дабіваліся вельмі добрых вынікаў на самых розных узроўнях. Каманда «Да сустрэчы на Марсе» — двойчы чэмпіёны Беларусі па каманднай «Сваёй гульні» ў 2019 і 2020 гадах, а «Рачкі» — віцэ-чэмпіены краіны па «Брэйн-рынгу» ў 2019 годзе.

Інтэлектуальныя гульні — гэта аддушына для ўсіх, перазагрузка. Каманда гімназіі, у складзе якой выступалі педагогі і вучань.

Інтэлектуальныя гульні — гэта аддушына. Нават пасля цяжкага дня дзеці з задавальненнем ходзяць на трэніроўкі, гуляюць, камунікуюць паміж сабой. Такія гульні развіваюць ва ўсіх нестандартны падыход да рашэння розных задач і сітуацый, у тым ліку вучэбных. І мы, педагогі гімназіі, удзельнічаем у гульнях як дарослая каманда. Для нас гэта перазагрузка і спосаб абстрагавацца ад працы.

Зараз наш сын Ваня вучыцца ў Ліцэі БДУ і працягвае ўдзельнічаць у інтэлектуальным руху ліцэя. Ён нават згуляў у камандзе Белдзяржуніверсітэта, прысвечанай яго стагоддзю, якую пакажуць у серыі асенніх гульняў на АНТ. У каманду ўвайшлі выкладчыкі, некалькі студэнтаў і наш сын. Для нас, бацькоў, гэта падстава для гонару. І Маша наша таксама з задавальненнем ходзіць на інтэлектуальныя трэніроўкі. Дома мы любім разам з дзецьмі гуляць у настольныя гульні. А яшчэ любім прагулкі па нашаму Нясвіжскаму парку.

— У школе вучацца два пакаленні: пакаленне Z і пакаленне Alfa (дзеці, якія нарадзіліся пасля 2010 года). Ці адчулі вы ўжо розніцу? Чым вас здзіўляюць сучасныя дзеці?

— У мяне вучні, так бы мовіць, на самы розны густ: пасля ўроку ў трэцім класе я іду да адзінаццацікласнікаў. А яшчэ ў мяне ёсць пяцікласнікі і дзевяцікласнікі. І мне трэба прадумаць заняткі так, каб зацікавіць дзяцей з улікам іх узросту, а гэта зусім розныя ўрокі. Як у класнага кіраўніка ў мяне было ўжо тры выпускі. Апошні — гэтым летам, а з верасня мне даручылі пяцікласнікаў. Я, напэўна, пажыццёвы класны кіраўнік (смяецца). Так, дзеці змяніліся, але мне цікава і з малымі, і з дзецьмі сярэдняга ўзросту, і са старшакласнікамі. Я ўвогуле люблю, калі вучні мяне здзіўляюць. З пяціклашкамі і цікава, і складана адначасова. Для мяне гэта сапраўдны выклік. Іх трыццаць чалавек, яны гарэзнікі, вельмі жвавыя. У пачатковай школе ім не пашанцавала — змянілася пяць настаўнікаў, таму зараз працую над тым, каб сфарміраваць з іх калектыў. Спадзяюся, атрымаецца. Мае вучні вельмі розныя, але тым цікавей. Заўважыла, што дзеці тонка адчуваюць мой настрой, асабліва старэйшыя. Калі навальваюцца нейкія праблемы, яны пытаюцца, што здарылася, прапануюць дапамагчы, спачуваюць, імкнуцца мяне не засмучаць, і гэта вельмі кранае.

— І ўсё ж якія выпускнікі павінны выходзіць са школы?

— Людзі, якія крытычна ацэньваюць усё, што адбываецца навокал, не баяцца выказаць сваю думку і паважаюць меркаванне іншага, могуць прыняць чужую пазіцыю, нават калі з ёй не згодныя, могуць аргументаваць свой пункт гледжання і даказаць, чаму яны думаюць менавіта так ці інакш. Я гатова пералічваць і іншыя важныя soft skіlls (мяккія навыкі), але крытычнае мысленне павінна стаяць на першым месцы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: «45 хвілін ужо прайшло»?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».