Вы тут

Гісторыя Беларуса Віктара Лутава, які пакарыў Эверэст


Альпінізм — адзін з самых складаных, небяспечных і ў той жа час захапляльных відаў трэкінгу. Горы заўсёды вабілі чалавека магчымасцю выпрабаваць сябе, адчуць незабыўныя ўражанні. Заняткі альпінізмам патрабуюць высокага ўзроўню як псіхалагічнай і фізічнай, так і тэхнічнай падрыхтоўкі. Заваяваннем горных вяршынь займаюцца ва ўсіх краінах, у першую чаргу там, дзе такія вяршыні ёсць.


Распаўсюджаны гэты рух і ў нашай краіне. У 2006 годзе Віктар Лутаў стаў адным з нямногіх беларусаў, за плячыма якіх — заваяванне дзвюх гор вышынёй больш за восем тысяч метраў: Эверэст (8848) і Чо-Ойю (8201) у Гімалаях. Таксама ён удзельнічаў у экспедыцыях на Нанга-Парбат (8126) і Броўд-пік (8051) плюс узяў мноства гор ніжэйшых, хоць і не менш складаных. Цяпер Віктар знаходзіцца ў Беларусі, а пасля таго як вырашыцца сітуацыя з каранавірусам, плануе адправіцца ў Кіргізію, каб дасягнуць чарговай вяршыні. Мы пагаварылі з альпіністам пра ўздым на Эверэст, каласальныя нагрузкі на арганізм, пра неверагодную прыгажосць і яшчэ шмат пра што іншае.

— Віктар, вы ўсё жыццё ў спорце. З чаго пачалося?

— Даволі звычайна. Я вучыўся ў школе ў Капылі ў спартыўным класе. Класны кіраўнік Валянціна Сямёнаўна Саўчанка з пачатковых класаў прывучала нас да паходаў. Потым паступіў у радыётэхнічны інстытут (цяпер БДУІР). Таксама спрабаваў займацца паходамі, але часу было мала. Калі ўжо скончыў інстытут, трапіў на «Інтэграл». Акрамя работы, з'явіліся грошы, пачаліся розныя паходы. Там, на «Інтэграле», была секцыя альпінізму і добрая спартыўная база, вельмі моцныя хлопцы, з якімі і пачаліся першыя падарожжы, што спачатку праходзілі ў асноўным на Каўказе, потым ужо Цянь-Шань.

Тады ў Савецкім Саюзе актыўна дзейнічалі альплагеры, альпбазы і вельмі хутка ішоў прагрэс альпіністаў. За чатыры гады навучання мы маглі самастойна рабіць узыходжанні. Вось з гэтага ўсё і пачалося.

— Якую вяршыню вы пакарылі ўпершыню?

— Самая першая была вяршыня Ак-Тур, альпійская база Узункол, Заходні Каўказ. 1986 год. Мне было 23 гады.

— Калі і як вы пакарылі Эверэст?

— Да Эверэста рыхтаваліся даволі доўга. Гэта была праграма, над якой мы працавалі з 1998 года, — восем гадоў мы вялі падрыхтоўку. Так склалася, што каманда ў нас заўсёды была вельмі згуртаваная. Амаль усе вядучыя спартсмены ў краіне на той час мелі званне «Снежны барс» — заваёўнік усіх сямітысячнікаў. Але ў нас, у нашай групе, гэта не атрымлівалася па розных прычынах. Была перабудова, затым цяжкія 90-я і было няпроста ва ўсіх адносінах: у арганізацыі, грошай было мала. І толькі ў 2004-м, дзякуючы спонсарам, у нас з'явілася магчымасць сабрацца, і мы трапілі на вяршыню Чо-Ойю, Тыбет, 8200 метраў.

Пасля гэтага ўзнікла ідэя здзейсніць больш сур'ёзнае ўзыходжанне. У 2006 годзе сфарміравалася каманда з чатырох чалавек, і мы паспрабавалі падняцца на Эверэст. Усё атрымалася.

— Якія пачуцці адчувалі, падняўшыся на вяршыню свету?

— Стан эйфарыі. Тое неапісальнае пачуццё, калі ты вышэй за ўсё, вышэй аблокаў на некалькі кіламетраў. Ты на вышэйшай кропцы свету, і гэта вельмі крута!

— Колькі прыблізна каштуе ўзыходжанне на Эверэст?

— Пятнаццаць гадоў таму гэта каштавала прыблізна дзевяць тысяч долараў з чалавека. Гэта дазвол, забеспячэнне базавага лагера, трансфер Мінск — Масква — Катманду — Кітай, пераезд унутры Тыбета, а яшчэ — візы, пропускі, страхоўкі.

Цяпер усё значна даражэй. У лепшым выпадку аддасце 25 тысяч долараў, а рэальная лічба — каля 70 тысяч — камерцыйны прайс.

— Якія вяршыні вы пакарылі акрамя Эверэста?

— Наша каманда працавала з 1986 года, гэта больш за 35 гадоў у альпінізме. Таварышаў шмат, якія былі са мной тады. Цяпер іх стала менш. Акрамя Эверэста, ужо потым, у 2007 годзе, рабілі ўзыходжанне на Нанга-Парбат — дзявяты па вышыні васьмітысячнік свету, на паўночным захадзе Гімалаяў. Пасля, у 2008-м, было ўзыходжанне на Броўд-пік, гэта горная вяршыня ў Каракаруме.

— Ці было вам страшна? Бо вядома шмат выпадкаў, калі людзі гінулі.

— Было. Але задача альпініста заключаецца ў тым, каб свой страх схаваць унутры, паспрабаваць накіраваць яго ў пазітыўнае рэчышча. Перавесці гэты страх, каб ён цябе не паралізаваў, а прымусіў рухацца, выконваць сваю задачу, нягледзячы на тое, што на шляху могуць сустракацца небяспечныя рэчы. Гэтаму ўвогуле і вучаць альпіністаў без канца. Адна з асноўных задач альпініста — зрабіць так, каб чалавек не баяўся і са страху кудысьці лез, а каб ён прывык, што гэта ў прынцыпе ёсць небяспека аб'ектыўная, але трэба ўсё роўна рухацца, нягледзячы ні на што.

— Якая падрыхтоўка неабходная для ўзняцця ў горы?

— Крос хоць бы павінен прабегчы як мінімум 10—20 кіламетраў за паўтары гадзіны (смяецца). Трэба быць фізічна падрыхтаваным, таму што там — стыхія, усё абсалютна адрозніваецца ад таго, да чаго мы прывыклі, жывучы ў горадзе: на транспарце ездзім, тэлевізар глядзім, на канапе ляжым. Гарадскія жыхары прыкаваныя да нейкага маршруту: школа, універсітэт, работа, а фізічнай падрыхтоўкі мала. А там — кардынальна іншае жыццё. І прайсці трэба велізарную дыстанцыю і па гарызанталі, і па вертыкалі.

Неабходна быць фізічна развітым, тады спартыўная падрыхтоўка дае магчымасць сябе адчуваць камфортна і бяспечна ў цяжкіх умовах, атрымліваць задавальненне. Калі падрыхтоўка ў вас слабая, тады рэсурс будзе малы. Вы не можаце доўга ісці, лезці або начаваць у халодных умовах, калі кіслароду няма. Любы спорт дае вам адчуванне гіпаксіі. Кожны чалавек, які бяжыць крос, знаёмы з гэтым. Тое ж самае ў гарах: узнікае гіпаксія з-за таго, што ты падымаешся высока над зямлёй. Таму спорт тут абавязковы, без яго вы проста слабая фігура ў гарах.

Цыкл узыходжання сам па сабе няпросты. Падняліся на пяць кіламетраў — адседзеліся. Падняліся на шэсць — зноў адседзеліся. Забраліся на сем — і... спусціліся ўніз. Потым падняліся на 7,5 тысячы метраў — і зноў уніз да пяці тысяч. Гэта значыць, спачатку арганізм нагружаем, і ён пачынае выдыхацца, паміраць. Таму трэба спусціцца ніжэй, насыціцца кіслародам. Адпачылі, арганізм ажыў, набраўся сіл — зноў можна падымацца вышэй. У канцы дабіраецеся да васьмі тысяч метраў. Калі адчуваеце сябе добра — калі ласка, яшчэ менш як 848 метраў — і вы на вяршыні Эверэста.

— Ці магчыма пакарыць Эверэст у адзіночку?

— Такія спробы былі. Адзін брытанец, здаецца, у 1925 годзе прыляцеў туды на самалёце. Ён быў фанатычны аматар гор. Як ні дзіўна, падняўся на даволі вялікую вышыню і... загінуў там. Так што аднаго фанатызму мала. Але вось Райнхальд Меснер, італьянскі альпініст, першым заваяваў усе 14 «васьмітысячнікаў» свету, некаторыя з іх у адзіночку, так што гэта ўсё ж магчыма. Праўда, трэба мець выключныя фізічныя якасці, велізарны рэсурс, быць неверагодна моцна падрыхтаваным. Сёння я нават не магу ўявіць, як гэта зрабіць.

— А што са здарэннямі? Мы з вамі гутарым праз некалькі дзён пасля таго, як у час узыходжання на Эльбрус загінулі адразу пяць расійскіх турыстаў...

— На жаль, выпадкі нярэдкія. Для ратавання альпіністаў у гарах траціцца велізарны людскі рэсурс. Вось уявіце сабе чалавека, які зламаў нагу на вертыкальнай сцяне, тады зразумееце, што зняць яго вельмі складана. Калі паказваюць у фільмах, як прылятаюць нейкія верталёты і ратуюць чалавека...
Я такога ні разу ў жыцці не бачыў. Гэта толькі ў кіно такія выратаванні. Магчыма, у добрае надвор'е і знойдзецца ў Альпах які ратавальны атрад, але здарэнне, як правіла, адбываецца ў дрэннае надвор'е.

Звычайна падымаецца група з некалькіх дзясяткаў чалавек, яны правешваюць вяроўкі ўверх і ўніз. Выратаванне можа адбывацца на працягу і некалькіх сутак. Пашанцуе, калі чалавек пры гэтым выжыве.

Тут трэба зразумець адно: вы трапляеце ў зусім новы для сябе навакольны свет, які адрозніваецца ад таго, дзе вам проста і звыкла. Вы можаце не бачыць небяспекі, якая існуе, альбо, наадварот, баяцца таго, чаго не трэба баяцца. У лагерах вас навучаць таму, што рабіць трэба, а чаго — не, што можна, а чаго — не, а калі ўсё ж рабіць, то рабіць вось так, а не інакш.

— Ці плануеце заваяваць якую-небудзь вяршыню ў найбліжэйшай будучыні?

— Узыходжанні заўсёды трэба рабіць у кампаніі добрых сяброў. На сёння мы, вядома, вядзём падрыхтоўчую работу. У нас у Беларусі вельмі моцная каманда альпіністаў. Гэта маладыя хлопцы ва ўзросце 30 гадоў і нават маладзейшыя. Яны здольныя рабіць самыя складаныя ўзыходжанні, якія існуюць у свеце. Але вельмі многае тут звязана з фінансамі: удасца знайсці спонсараў — значыць пра нас пачуюць, не — тады пачакаем.

— Якія цікавыя, а галоўнае, рэалістычныя фільмы пра ўзыходжанні вы можаце параіць нашаму чытачу?

— Добры англійскі фільм, які варта паглядзець усім, называецца «Дакранаючыся да пустэчы». Досыць рэалістычна зняты. Таксама абавязкова трэба паглядзець савецкі фільм Гаварухіна «Вертыкаль» з Высоцкім.

Для тых, хто марыць калі-небудзь узабрацца на горную вяршыню, хачу сказаць, што для кагосьці альпінізм — гэта спорт, для кагосьці — чыстая рамантыка, для некага — праца. Тут кожны вырашае для сябе сам. Агульнае адно: альпінізм небяспечны з самага пачатку.

Заваяваць вяршыню нялёгка, але гэта варта патрачаных намаганняў. Бо што можа быць больш велічным і яскравым, чым стаяць на горным піку і глядзець вакол з вышыні, дзе ляцяць хіба што самалёты?

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Загаловак у газеце: Тры кіламетры над узроўнем неба

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.