Вы тут

Эксперты выказаліся пра інтэрв'ю Прэзідэнта Беларусі тэлеканалу CNN


Інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі CNN стала моцным паліттэхналагічным ходам з мэтай абразуміць гарачыя галовы калектыўнага Захаду і ўціхамірыць яго ваяўнічы запал. Такім меркаваннем з БелТА падзяліўся загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін.


«Наперакор разнастайным інсінуацыям Прэзідэнт стрымаў сваё слова і даў інтэрв'ю CNN. Будзем шчырымі: ужо сам факт таго, што CNN афіцыйна ўзяла інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі, з'яўляецца безумоўным прызнаннем калектыўным Захадам яго легітымнасці як законна выбранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Лічу, што цяпер усе спекуляцыі па пытанні выбараў беспадстаўныя і па меншай меры неразумныя, — упэўнены аналітык. — Міжнародны аглядальнік тэлеканала CNN Мэцью Чанс стаў своеасаблівым народным парламенцёрам ад грамадзянскай супольнасці Захаду. Мяркуючы па эфіры, шчырасць, адкрытасць і прамалінейнасць кіраўніка дзяржавы вымусілі журналіста сур'ёзна пахвалявацца, паколькі ўсе заходнія медыя прывыклі да загадзя падрыхтаваных пытанняў і палітычнага цэнзуравання сваіх эфіраў».

Мікалай Шчокін лічыць, што Прэзідэнт выступіў у якасці сапраўднага нацыянальнага лідара, які ўмее трымаць удар. «Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка задаў нямала пытанняў палітычным элітам Польшчы, Літвы і ў цэлым Захаду, які вядзе двайную гульню. Аргументавана Прэзідэнт Беларусі практычна маральна прыкаваў усю дзейнасць заходніх краін, раскрыўшы іх ілжывасць і безадказнасць. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы прадэманстраваў усяму свету нацэленасць на канструктыўны дыялог і абарону суверэнітэту краіны. Палітычная формула, якая цэментуе ўсю жыццядзейнасць беларускага народа і агучана Прэзідэнтам, простая — суверэнная і незалежная дзяржава ў саюзе з Расіяй (братэрскім народам) і развіццё на аснове адзінства беларускай нацыі», — сказаў эксперт.

Паводле яго слоў, у гэтым кантэксце цалкам лагічнай выглядае рэакцыя шэрагу замежных СМІ і так званай апазіцыі і здраднікаў. «Яна цалкам была прадказальнай — цяпер ворагам нумар два стаў Мэцью Чанс. Усе агучаныя тэмы — міграцыйная праблематыка, збеглыя «рэвалюцыянеры», правакацыя з самалётам Ryanaіr, падыходы краіны ў барацьбе з COVІD-19, беларуска-расійскія адносіны — сталі халодным душам для некаторых еўрапейскіх палітыкаў. Ёсць слабая надзея, што CNN выканае сваё абяцанне і ў інтэрнэце размесціць інтэрв'ю без выключэнняў. Нарэшце, у свеце ўжо мала хто давярае палітычнай эліце калектыўнага Захаду, паколькі хлусня і комплекс непаўнацэннасці, падтасоўка фактаў і няўменне чуць і слухаць апанентаў і партнёраў, ганарлівасць і адсутнасць нацэленасці на дыялог сталі брэндам заходнееўрапейскага свету, — падкрэсліў Мікалай Шчокін. — Развязаная спецслужбамі Захаду падрыўная вайна і яе ідэалогія, якая трансліруецца збеглымі, супраць Беларусі, з'ядналі беларускі народ і вымусілі ўсвядоміць усе выгады «дэмакратычных свабод», якія нам былі падрыхтаваны».

Мікалай Шчокін прызнае, што Беларусь праходзіць няпросты этап свайго развіцця: наша краіна шмат у чым дзякуючы палітычнай волі Прэзідэнта выстаяла і змагла абараніць сваё непарушнае права жыць свабодна. «Правальная санкцыйная палітыка Захаду і няўрымслівае жаданне яго эліт ператварыць нашу краіну ў калонію, тэрыторыю адчужэння ператварылі сам калектыўны Захад у палітычнага ізгоя і эканамічную «кульгавую качку». Апошнія падзеі, звязаныя з забойствам афіцэра КДБ, сталі доказам, што беларускі народ вядзе вайну на выжыванне з нягоднікамі і палітычнымі злачынцамі, якія ўзначальваюць Польшчу, Літву і шэраг іншых краін. Таму інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі CNN стала моцным паліттэхналагічным ходам з мэтай абразуміць гарачыя галовы калектыўнага Захаду і ўціхамірыць яго ваяўнічы запал», — рэзюмаваў Мікалай Шчокін.

Прэзідэнт дакладна прадставіў сваю пазіцыю, яго аргументы зразумелыя. Такое меркаванне ў эфіры «Альфа Радыё» выказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. Эксперт адзначыў эмацыянальны стан журналіста пасля інтэрв'ю. Ён лічыць, што пастаўленыя кіраўніцтвам тэлеканала мэты дасягнуты не былі. «У прынцыпе, пытанні Аляксандру Рыгоравічу ён задаваў тыповыя, падобныя на тыя, што былі падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам». Але ўсе мы бачылі, да чаго падводзілі супрацоўнікі CNN. Назіралася спроба перавярнуць рэальнасць і выказаць, што менавіта Беларусь вінаватая ў тых ці іншых праблемах, якія зараз ёсць у тым жа Еўрасаюзе. Але кіраўнік дзяржавы выразна прадстаўляў сваю пазіцыю, яго аргументы былі зразумелыя», — лічыць Аляксей Аўдонін.

Як паведамлялася, Прэзідэнт пагадзіўся на дадзенае інтэрв'ю толькі пры ўмове, што яго пакажуць цалкам, нічога не хаваючы. «Паглядзім, ці выканаюць яны сваё абяцанне. Але ўжо цяпер у амерыканскай прэсе з'явіліся абвінавачванні журналіста CNN у тым, што ён не меў права называць кіраўніка дзяржавы Прэзідэнтам — маўляў, гэта нелегітымна. Мы бачым, што ў лагеры калектыўнага Захаду ёсць разлад, ёсць элементы непаразумення. Зараз унутры краін Захаду, Еўропы, англасаксонскага аб'яднання ёсць сілы, якія ў рэальнасці зацікаўлены ў тым, каб слухаць і чуць, а ёсць настроеныя на вайну», — адзначыў аналітык.

Ён падкрэсліў, што цяпер такія СМІ, як CNN, BBC, Sky News, фарміруюць грамадскую думку. Сваёй падачай яны здольныя змяняць грамадскае ўспрыманне той ці іншай сітуацыі. «Калі цяпер CNN выканае сваё абяцанне і ў поўным аб'ёме прадставіць інтэрв'ю, то мадэль свету, якая назіралася апошні год, будзе зменена. Магчымыя і спробы ціску на кіраўніцтва і журналістаў CNN, каб не дапусціць распаўсюджвання інтэрв'ю. Але мы будзем папулярызаваць матэрыял, забяспечым і замежнае суправаджэнне, каб англамоўная аўдыторыя таксама змагла ўбачыць адказы», — падкрэсліў Аляксей Аўдонін.

Прэв’ю: pixabay.com 

Загаловак у газеце: Моцны ход і халодны душ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.