Вы тут

Стымул за вакцынацыю: ад грошай да дадатковых выхадных


Здаецца, апекавацца аб уласным здароўі і сваіх блізкіх трэба самастойна без дадатковых стымулаў, але, як паказвае практыка, такі крок з боку наймальнікаў таксама апраўданы: лепш заахвоціць работнікаў зараз, чым потым калектыў цалкам «зляжа» на бальнічны. Такую ініцыятыву прапанавалі ў ФПБ, і многія прадпрыемствы на яе адгукнуліся. 


— Яшчэ ў жніўні Федэрацыя прафсаюзаў пачала кампанію па правядзенні ў арганізацыях і на прадпрыемствах дадатковых мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне работнікаў да праходжання вакцынацыі і ў цэлым на прафілактыку захворвання, — адзначылі ў прэс-службе нацыянальнага прафцэнтра. — І на сёння на многіх прадпрыемствах прынятыя канкрэтныя рашэнні для таго, каб матываваць людзей клапаціцца пра сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Дзесьці такія рашэнні зафіксаваныя ў калектыўнай дамове, дзесьці рэалізуюцца шляхам выдання загаду кіраўніка. Прычым такія прыклады ёсць практычна ва ўсіх галінах, у тым ліку і бюджэтных.

Так, у многіх выпадках у калектыўныя дагаворы ўнесены нормы аб выплаце матэрыяльнай дапамогі работнікам, якія прайшлі поўны курс вакцынацыі. Сумы выплат залежаць ад магчымасцяў арганізацый і могуць складаць як адну базавую (29 рублёў), так і звыш 300 рублёў. Напрыклад, у калектыўныя дагаворы КУП «Мінсккамунцепласетка», ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» унесена норма аб выплаце работнікам з гэтай нагоды 200 рублёў. У ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» — больш за 300 рублёў. Адкуль грошы? Гэтыя выдаткі бяруць на сябе наймальнік і прафсаюз.

Таксама шмат выпадкаў замацавання такога стымулу, як прадстаўленне дадатковых выхадных дзён пасля вакцынацыі. Напрыклад, у ААТ «БМЗ» работнікам для вакцынацыі прапануюць да двух выходных дзён з захаваннем сярэдняга заробку. 

Не выключана і комплексная падтрымка, калі работніку адначасова даецца матэрыяльная дапамога і дадатковыя выхадныя. Такія падыходы прыняты ў Смаргонскім доследным лясгасе, ВКУП «Зелянбуд» раёнаў Мінска і іншых арганізацыях. А вось у ААТ «ААБ Беларусбанк» аб’яўлены розыгрыш прызоў сярод вакцынаваных, арганізатарам якога выступіла прафсаюзная арганізацыя.

Як падкрэслілі ў ФПБ, прафсаюзы на месцах будуць дамагацца пашырэння такой практыкі, каб такіх прыкладаў было як мага больш. 

Акрамя таго, на месцах працягваецца работа па арганізацыі аздараўлення работнікаў, у тым ліку тых, хто перахварэў на каранавірус. Прафкамы сумесна з наймальнікамі прымаюць рашэнні аб аплаце часткі кошту пуцёўкі ў санаторыі. І пры гэтым яшчэ і санаторыі Федэрацыі прафсаюзаў даюць усім членам арганізацыі і іх непаўналетнім дзецям 25-працэнтную зніжку.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».