Вы тут

«Грамы нада мною, віры пада мною»


У Сенненскім раёне, на Віцебшчыне, ёсць вёска Лугінова. Іншая назва — Лугіновічы. Некалі адносілася да аднайменнага павета Магілёўскай губерні. Гэта радзіма паэта, перакладчыка Тадэвуша Лады-Заблоцкага. Ён нарадзіўся 27 жніўня 1811 года. Калі яму споўнілася сем гадоў, бацька сам узяўся вучыць яго. Найперш мовам. Спачатку Тадзік авалодаў польскай, на якой у той час размаўлялі многія, хто хацеў сябе вылучыць з мужыкоў. Хутка вывучыў і латынь. Былі і ўрокі, якія можна назваць урокамі жыцця, паводзін.


Выхоўваў у яго высокія маральныя якасці. Вучыў дабру, справядлівасці. Паважліваму стаўленню да Бога. Неаднойчы казаў: «Сын мой! Больш за ўсё любі Тварца свайго, на кожным кроку ў жыцці тваім лічыся са святою воляю Яго і самай галоўнай, адзінай мэтаю рабі набыццё боскай ласкі, якая ёсць крыніца ўсіх даброт. Набыўшы яе, ты ўжо будзеш валодаць неацэнным багаццем».

Словы гэтыя гучалі як запавет. Яны глыбока запалі Тадзіку ў душу. Згадаў іх  у «Кароткай біяграфіі майго жыцця». Рана задумваўся над ісцінамі, да якіх некаторыя прыходзяць толькі ў сталыя гады. Асабліва засяроджваўся, застаўшыся сам-насам на прыродзе. Падабалася блукаць па лесе. Любіў спыняцца на беразе возера, узіраючыся і ўслыхоўваючыся ў ціхі плёскат хваль. Нярэдка затрымліваўся да позняга вечара. Спахапіўшыся, што сына доўга няма, да яго спяшаліся бацька ці маці. Часам і абое. Не сумняваліся: ізноў сядзіць на беразе і марыць. У думках — далёка ад роднага дома...

Упершыню развітаўся з ім у дзесяцігадовым узросце. Бацька завёз Тадзіка ў Віцебск, у базыльянскую гімназію. Ён ужо захапляўся паэзіяй. Не толькі чытаў любімых аўтараў — спрабаваў пісаць сам. У гімназіі гэта былі эпіграмы на таварышаў. Далейшаму развіццю таленту паспрыяў прэфект гімназіі ксёндз Каксевіч, які, паводле аўтабіяграфіі паэта, «з нястомнай дзейнасцю спрыяў развіццю маіх многіх здольнасцяў».

Праз некалькі месяцаў бацька прыехаў пацікавіцца, як вучыцца сын. Калі развітваліся, як звычайна, быў вясёлы. Пажадаў далейшых поспехаў. Параіў не маркоціцца. Стараўся не падаваць выгляду, як не хочацца ад’язджаць. Не ведалі абодва, што развітваюцца назаўсёды.

Дамоў вяртаўся знаёмай дарогай. У адным месцы яна пралягала праз возера.  Быў пачатак красавіка, але вясна затрымлівалася. Пасля суровай зімы лёдавы панцыр быў яшчэ моцны. У гэтым упэўніўся, едучы ў Віцебск. Аднак гэтым разам не пашанцавала. Коні праваліліся пад лёд. Апынуўся ледзь не па шыю ў вадзе. На бераг усё ж выбраўся, але  «купанне» не прайшло бясследна — прастудзіўся і цяжка захварэў.

Сям’я і так жыла бедна, а пасля смерці бацькі ледзь выжывала. Маці настойвала, каб Тадэвуш кідаў вучобу.

У роспачы ён заявіў, што гатовы харчавацца адным хлебам. З хлебам ды вадой і дайшоў да апошняга курса. Каб скончыць гімназію, звярнуўся па дапамогу да свайго дзядзькі Яфіма Мацвеевіча. Той прапанаваў яму стаць ваенным. Аднак звязваць свой лёс з арміяй Тадэвуш не захацеў. Развітаўся з гімназіяй і заняўся настаўніцтвам, каб, зарабіўшы грошай, прадоўжыць вучобу.

Вучыў дзяцей памешчыка Сенненскага павета Каржанеўскага. Потым перабраўся да Антона Дышлеўскага, уладальніка маёнтка Вышадкі ў Суражскім павеце. Па некаторых звестках, яго жонка мела аўтограф паэмы «Энеіда навыварат». Знаёмства з ім падштурхнула пісаць вершы далей.

Паваротным у жыцці Тадэвуша Лады-Заблоцкага стаў 1830 год. Праводзячы сваю першую інспекцыю школ, з ім пазнаёміўся куратар Беларускай навучальнай акругі Р. Карташэўскі. Уражаны добрай падрыхтоўкай і здольнасцямі юнака, а да ўсяго тым, што «піша вершы як на польскай, так і на рускай мовах», узяўся дапамагчы. Па просьбе Р. Карташэўскага міністр народнай асветы залічыў яго ў Маскоўскі ўніверсітэт з правам вучыцца за сродкі Беларускай навучальнай акругі.

26 кастрычніка 1831 года Тадэвуш Лада-Заблоцкі стаў студэнтам славеснага аддзялення — з агаворкай, што пасля атрымання адукацыі адпрацуе на Беларусі настаўнікам не менш як шэсць гадоў. Для казённакоштных студэнтаў быў адведзены асобны інтэрнат. У пакоі пад нумарам 11 жыў будучы рускі крытык Вісарыён Бялінскі. Рэвалюцыйна настроены, ён разам са сваім сябрам Міхайлам Чысцяковым арганізаваў прагрэсіўны студэнцкі гурток «Літаратурнае таварыства 11 нумера». Да іх далучыўся і Тадэвуш.

Калі ў Маскву ехаў, па яго прызнанні, «з пачуццём прыхільнасці да ўрада», то за кароткі час свае погляды змяніў. Прыхільнікамі звяржэння самадзяржаўя былі і некаторыя яго землякі, з якімі таксама хутка пасябраваў. Сярод іх вылучаўся нядаўні вучань Полацкай уніяцкай семінарыі Ян Савініч. Актыўным «нумерам» быў і колішні старшыня Таварыства філаматаў у Вільні, прафесар універсітэта Юзаф Южоўскі. Лада-Заблоцкі стварыў і ўласнае таварыства. Яно ставіла сваёй мэтай пашырэнне сярод моладзі, найперш студэнтаў, патрыятычных ідэй. Ідэі гэтыя выказваліся не толькі ў пракламацыях. Прынамсі, пісаў па-польску рэвалюцыйныя вершы. Адзін з іх заканчваўся радкамі, што ў падрадкоўным перакладзе гучаць так:

 

Пеклам для нас з’яўляецца царскі пасад,

На ім сёння сядзіць чорт,

Ён варты шыбеніцы,

Помста, браты, альбо смерць!

 

Верш трапіў на Беларусь, ім зачытвалася рэвалюцыйна настроеная моладзь. Аб «песні», якая ўяўляе сабой «самую абуральную адозву палякаў супраць гасудара-імператара ў Расіі», даведаўся шэф жандараў і адначасова Галоўны начальнік ІІІ аддзялення Аляксандр Бенкендорф. Ладу-Заблоцкага арыштавалі.

Суд адбыўся 6 чэрвеня 1834 года. Але ў няпэўнасці Тадэвуш знаходзіўся яшчэ два гады, пакуль з матэрыяламі знаёміўся Дзяржаўны савет. Ён пастанавіў: «Дваран Тадэуша Заблоцкага (24 г.), Зянона Міхайлоўскага (26 г.) і Ягора Смоліча, выкрытых у знявазе Яго Імператарскай Вялікасці дзёрзкімі выразамі ва ўласных пісьмах і ў захоўванні ў сябе абуральных вершаў, пазбавіўшы ўсіх правоў, саслаць на катаргу». Апошняе слова заставалася за імператарам Мікалаем І, які ўнёс у прысуд удакладненні: «Трох першых аддаць у радавыя ў Каўказскі корпус у розныя батальёны […]».

Пэўнае ўяўленне аб тым, што было ў Тадэвуша на душы, дае безыменны верш, напісаны тады, калі ў 1838 годзе трапіў на Каўказ:

 

Дубровы густыя, гаі і даліны!

Вякоў курганы пад шнурком жураўліным!

Прыміце ж апошні уздых пілігрыма,

Што арфу настройваў на гукі радзімы.

Шчаслівы, хто дзесь у канцы падарожжа

Заплакаць, Дзвіна, ля вады тваёй можа…

 

О, людзі! Хто брата свайго з вас аплача,

Таго, што заручаны з доляй бядачай?..

Ды ўсё ўжо! Расстання пара наступае —

Унь бура мой ветразь ужо напінае.

І ў змрок гоніць лодку, бы пёрка малое —

Грамы нада мною, віры пада мною.

Слязіна астатняя ўпала з павекі…

Бывай жа, мой Віцебск, край родны, навекі.

 

(Тут і далей, дзе не агаворана, пераклад К. Гадыцкага.)

Яго новымі сябрамі сталі паэты — грузінскі Ніколаз Бараташвілі і рускі Якаў Палонскі, вядомы азербайджанскі вучоны, паэт, асветнік Абас-Кулі-ага Бакіханаў. Ёсць меркаванні, што Тадэвуш наведваўся ў Тыфліс да Аляксандра Чаўчавадзе. На карысць гэтага сведчыць тое, што на кнігу Лады-Заблоцкага «Паэзія» падпісаліся дочкі Чаўчавадзе — Ніна Грыбаедава і Кацярына Дадзіяні.

Аднак спачатку Тадэвуш зблізіўся з грузінскім паэтам-рамантыкам Міхаілам Туманішвілі, з якім быў асабліва шчыры. У лісце з крэпасці Куба, адпраўленым 29 ліпеня 1839 года, прызнаваўся: «Не чакайце ж, князь, ад мяне тапаграфіі Каўказа ў адносінах геаграфічных і паэтычных. Што да першага, то тут яшчэ ў тым-сім магу вас задаволіць, але ў апошнім… Ці можа што-небудзь ажывіць астылую душу? Наўючаны ранцам і сухарамі, са стрэльбай у руцэ, караскаючыся па высях і абрывах, я не раз праклінаў каўказскія горы, не заўважаючы іх прыгажосці, і яны болей давілі мяне, чым абуджалі вытанчанае пачуццё эстэтычнай красы. Вы яшчэ малады і глядзіце на свет праз шкло чараў фантазіі… Але мая душа нямая — і калі з яе глыбіні вырвецца які-небудзь стогн, то ён болей падобен на крыж Праметэя, што прыкаваны да аграмадзін Каўказа і нутро яго раздзіраюць нябесныя арлы».

Розніца ва ўзросце была невялікая — Туманішвілі нарадзіўся ў 1818 годзе. Але Лада-Заблоцкі невыпадкова называе яго маладым. Для самога гады  следства сталі вялікім выпрабаваннем: адзін перажыты год раўняўся некалькім.

Зблізіўся і з Аляксандрам Адоеўскім, вось толькі разам яны былі нядоўга: у 1839 годзе Адоеўскі захварэў на ліхаманку і памёр. Яго нечаканая смерць вылілася ў «Санет»:

 

Залётны ветрык адхінуў на міг крыло

Палаткі, і нібы нябёсаў падарунак,

Нібы ўсяго жыцця астатні пацалунак,

Праменьчык сонца лёг паэту на чало.

 

Канаў паэт, і перад ім усё плыло,

Ланцуг Каўказскіх гор за далеч браў кірунак,

Ракой малочнай бег у светлых промнях-струнах,

І неба перад ім клубкі аблок віло.

 

Стаяла ціша. Пустка дзікая, глухая.

«Чаму ж не дух я гэтых грозных гор нямых? —

Паэт так думаў. — Ажывіў бы ўмомант іх

Я звонам пчол — хай ён у кветках не змаўкае —

Ды песняй салаўя ў лістоце дрэў густых:

Той спеў — прыроды-мацеры душа жывая».

 

У ссылцы Ладу-Заблоцкаму пісалася не асабліва плённа, аднак з пяром не развітваўся. Не пакідаў і спадзявання друкавацца. Яно спраўдзілася толькі ў 1844 годзе. Па падтрымку звярнуўся да Юзафа Крашэўскага. Той паспрыяў з’яўленню яго першай нізкі ў сваім віленскім часопісе «Атэнэум».

Падтрымаў Тадэвуша і Рамуальд Падбярэзскі. Праз год у Пецярбургу выдаў на польскай мове яго дэбютную кнігу «Паэзія»: творы гадоў студэнцтва, вершы 1834—1836 гадоў, напісанае ў каўказскі перыяд. Былі змешчаны і польскамоўныя пераклады з англійскай, грузінскай, лацінскай, румынскай моў. Па-французску загучалі асобныя ўкраінскія народныя песні. «Гісторыя Азербайджана» Бакіханава — па-руску.

Дзякуючы творчай працы, на нейкі момант знікалі трывожныя, нярадасныя думкі. Хоць  праз некаторы час настрой мяняўся. У радках чуўся крык збалелай душы:

 

Ах пусціце мяне, пусціце! мне тут так душна,

Ах пусціце, напрамілы Бог на волю;

Не бураю, лепш — хмаркаю, громам цяжарнаю,

Праляцець па прасторы нябёсаў.

 

……………………………………………….

 

І залатою аблачынкаю, абмытаю у промнях,

На небе родным заблішчаць;

Адбіцца ў Дзвіне — у яе паплавоў зеляніне,

Над галавою каханай павіснуць,

Акінуць вачыма краіну так мілую

І ў срэбнай расе растаць…

 

(Падрадкоўны пераклад М. Міхноўскага.)

У 1846 годзе спадзяванняў вяртання на радзіму пабольшала. Вызвалілі ад салдацкай службы. Прапанавалі стаць упраўляючым Кульпінскімі салянымі капальнямі ў Грузіі. Спадзяваўся «прынесці незлічоную карысць тутэйшаму краю». Хутчэй за ўсё, і прынёс бы. Працаваць умеў і любіў. Ды крыж на ўсім у 1847-м паставіла эпідэмія халеры. У жніўні гэтага года Тадэвуша Лады-Заблоцкага не стала.

Яго смерць аплаквалі толькі самыя блізкія сябры, ды ў газеце «Кавказ» з’явілася невялікая нататка. Сцвярджалася, што ён валодаў «найцудоўнейшым паэтычным талентам». Сваю хуткую смерць быццам прадчуваў. Развітваўся з роднымі мясцінамі, з каханай дзяўчынай. Але быў упэўнены: дзе б гэта ні адбылося, душа абавязкова вернецца ў Беларусь:

 

Бывай жа, Наталля, бывай, дарагая!

Навекі цябе я цяпер пакідаю.

Пад сонцам чужым, ад злой кулі чужое

Я, пэўна, ўпаду дзесь пад дзікай скалою…

І толькі прыблудны алень бесклапотны

Прыпыніцца мо ля магілы самотнай.

Схіліўшы чало прамяністае долу,

Кусты пагрызе, што паўсходзяць наўкола.

А ўсё-такі дух мой паклічуць нябёсы —

Ён вернецца ізноўку на бераг Лучосы.

 

Глеб СЛАБОДЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».