Вы тут

Як працаваць традыцыйным СМІ са сваімі інтэрнэт-рэсурсамі, як зарабляць на іх грошы?


У малой Канцэртнай зале «Мінск», дзе праходзіў рэспубліканскі семінар для дзяржаўных СМІ «Маркетынг і новыя медыя», гаварылі пра тонкасці такіх працэсаў, пра вялізны рынак рэкламы ў беларускім сегменце інтэрнэта — і што шлях да грошай тых анікому не закрыты.


Іван Ждановіч з дыпломам і граматай, якія ўручыў яму і газеце «Голас Радзімы» Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.

Мы даўно ведаем, што час — гэта грошы. А ў эпоху лічбавых тэхналогій, здаецца, з абстракцыі, з метафары выслоўе становіцца залатым ключыкам да поспеху. Каментуючы грунтоўныя выступленні дасведчаных экспертаў, прадстаўнікоў медыясупольнасці, якія ўжо збіраюць на інтэрнэт-полі неблагія ўраджаі, увагу Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў акцэнтаваў на пяці секундах. Прыкладна столькі часу звычайна ў фокусе ўвагі карыстальніка сайт, партал, рэсурс, які ён спрабуе загрузіць з ліку тых, што прапаноўвае пошукавік. Пяць секунд — вось і ўвесь шанец! Хто не паспеў загрузіцца — той спазніўся. І застаецца па-за ўвагай, рэйтынгамі, па-за канкурэнцыяй больш аператыўных калег.

Уладзімір Барысавіч прагучаў на семінары, і быў яго ініцыятарам. Сам узброены багатым досведам працы на тэлебачанні, з інтэрнэт-кантэнтам, таму ўпэўнены: на новыя тэхналогіі, новыя ўмовы працы масмедыя журналістам не варта наракаць — іх законы варта спасцігаць, тэндэнцыі — адсочваць і аналізаваць, новыя метады працы — асвойваць. І грошы ў інтэрнэце вучыцца зарабляць. Як адзначаў Міністр у часе размовы з калегамі-тэлевізійшчыкамі, «трэба праз смартфоны, ноўтбукі ды іншыя камфортныя для карыстальнікаў сродкі камунікацыі даносіць да іх нашу праўдзівую інфармацыю».

А гэта ж якраз мы з вамі, інтэрнэт-карыстальнікі — найважныя фігуры ў стратэгіях «цяжкавагавікоў», што задаюць правілы гульні на рынку інтэрнэт-паслуг. Ад нас, карыстальнікаў (якіх, праўда, часам у справаздачах айцішнікі называюць трафікам...), ад колькасці наведнікаў (цяпер усюды лічыльнікі, лайкі, нават колькасць каментараў падлічваюць) таго ці іншага рэсурсу залежаць ягоныя прыбыткі. Таму, дарэчы, тыя, хто ў закуліссі адладжвае законы інтэрнэт-прасторы, сацсетак, іх карпаратыўную этыку, імкнуцца ўлічваць псіхалогію спажыўцоў інтэрнэт-прадуктаў. І ёсць нават у іх лічбавых цянётах такая фішка, як «метрыка шчасця карыстальніка»! Ну хто б сумняваўся, што ўсё для нашага шчасця-радасці робіцца! Вось моладзь там і завісае гадзінамі, днямі. Кажуць нават: у мазгу маладых і нейроны сігналы неяк па-іншаму праводзяць. Дык вось, журналістам трэба вучыцца і з такой аўдыторыяй працаваць. Вучыцца плаваць у сучасных інтэрнэт-плынях. Ці — вучыцца лётаць у бязмежнай інтэрнэт-прасторы: была ж і такая (прыгожая!) метафара ў аднаго са спікераў. Іншы слушна параіў: «І не бойцеся рызыкаваць, эксперыментаваць! Як не паспрабуеш, то анічога і не атрымаеш». Ну, лятаць дык лятаць!

Напрыканцы цікавай, карыснай размовы з удзелам экспертаў у сферы камунікацый Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак уручылі ганаровыя граматы, дыпломы пераможцам і лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і СМІ — на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных дачыненняў, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацу з суайчынікамі за мяжой. Найболей удзельнікаў конкурсу, а таксама і ўзнагарод, як адзначыў Аляксандр Аляксеевіч — з Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Упаўнаважаны звярнуўся да ўсіх журналістаў: «Сфера міжнацыянальных і міжканфесійных дачыненняў — надзвычай тонкая. Таму прашу вас: пішыце, калі ласка, пра яе акуратна, з душой і з любоўю да людзей — каб, як кажуць ва ўрачоў, не нашкодзіць». Адзначым, што ў ліку пераможцаў конкурсу ў «асабістым» заліку — галоўны рэдактар газеты «Голас Радзімы» Іван Ждановіч і рэдактар аддзела гэтага ж выдання Ганна Лагун. Абодва яны атрымалі дыпломы ад Упаўнаважанага. Да таго ж газета «Голас Радзімы», якая з 2018-га ўваходзіць у склад Выдавецкага дома «Звязда», адзначана пахвальнай граматай Упаўнаважанага. Віншуем, калегі!

Рыгор ГАРЭШКА

Фота: Алена БЯЗРУЧКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».