Вы тут

Што засталося з рэчаў Багдановічаў?


У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адкрылася выстаўка, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння паэта.


Дамінантай экспазіцыі з'яўляюцца ўнікальныя артэфакты — асабістыя рэчы Багдановічаў: нож Максіма Багдановіча для разразання паперы, а таксама куфэрак Марыі Мякоты, маці паэта. Раней куфэрак захоўваўся ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, але спецыяльна для экспанавання быў прывезены ў Мінск.

Куратар выстаўкі Ірына Мацяс паведаміла, што экспазіцыя «Пад знакам Страціма» падзяляецца на тры часткі. Першая — інтэр'ерны куток, які распавядае аб жыцці сям'і Багдановічаў у Гародні. Там, напрыклад, можна ўбачыць самавар бацькі паэта і кафейнік маці. Другая частка прысвечана вяртанню Максіма Багдановіча ў Мінск у 1916 годзе. Супрацоўнікі размясцілі выявы старога Мінска і газету «Вольная Беларусь» з вершамі паэта. Трэцяя частка найбольш мастацкая. Яе галоўная мэта — адлюстраванне гісторыі твора «Страцім-лебедзь». Папяровы лебедзь, які нібы лунае над падлогай, упрыгожылі вершамі паэта. Афармленнем выстаўкі займаўся вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Генадзь Чысты.

— Калі я толькі прыйшоў працаваць у музей і пачаў знаёміцца з гісторыяй сям'і Багдановічаў, мяне вельмі ўразіў той факт, што іх дом згарэў у 1918 годзе, — распавёў загадчык музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі. — Рэчаў амаль не збераглося. У пэўным сэнсе гэта задало мэту на будучыню: мабыць, можна нешта яшчэ знайсці, не ўсё так трагічна? Работа над стварэннем гэтай выстаўкі паказала, што рэчаў насамрэч шмат. На дадзены момант, не ўлічваючы наш музей і музей у Яраслаўі, маецца 159 адзінак асабістых рэчаў сям'і Багдановічаў. Гэта розныя прадметы, і зразумела, што не ўсе яны датычацца Максіма Адамавіча, але належаць яго сям'і. Таму я мяркую, што з цягам часу мы паступова будзем прадстаўляць у нашым музеі новыя рэчы.

Ірына Мацяс адзначыла, што стварэнне гэтай выстаўкі не засталося без фінансавай падтрымкі. Праект «Пад знакам Страціма» атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта дазволіла супрацоўнікам музея здзейсніць камандзіроўкі ў іншыя гарады, каб сабраць экспазіцыю. Таксама дапамогу ў выдачы прадметаў аказалі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Быў зроблены і электронны каталог выстаўкі — наведвальнікі змогуць самастойна даведацца аб цікавых экспанатах, якія ёсць у Беларусі.

Выстаўка адкрылася 1 кастрычніка і будзе працаваць паўгода. Для дарослых наведвальнікаў пройдуць куратарскія экскурсіі, а маленькія гледачы змогуць паўдзельнічаць у інтэрактыўных акцыях, якія бліжэй пазнаёмяць з жыццём паэта.

Арына КАРПОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.