Вы тут

На «Беларусь 1» — прэм'ера новага дакументальнага праекта «Партызанскі рубеж»


У верасні на тэлеканале «Беларусь 1» адбылася прэм'ера дакументальнага праекта «Партызанскі рубеж». Цыкл гэтых фільмаў — экскурс у гісторыю БССР, які распавядае гледачам аб дзейнасці народных мсціўцаў. Праект насамрэч можна назваць глабальным: толькі ў гістарычных рэканструкцыях узяло ўдзел больш за 100 чалавек. Акрамя таго, сам сцэнарый 12-серыйнага фільма пабудаваны на архіўных дакументах, шэраг якіх рассакрэчаны зусім нядаўна. А гісторыю распавядае беларускі акцёр Уладзімір Мішчанчук. Чым яшчэ здзівіць «Партызанскі рубеж», нашай газеце распавяла сцэнарыст праекта Наталля Голубева.


Гістарычная праўда

— Гэта маштабны праект «Белтэлерадыёкампаніі» па ўзнаўленні гістарычнай праўды. Ён складаецца з некалькіх цыклаў. Першы ўжо скончыўся і называўся «Крылы Перамогі». «Партызанскі рубеж» — гэта другі цыкл. Пры стварэнні фільма нашай асноўнай мэтай было дапоўніць уяўленні і веды грамадства па гісторыі краіны. Здаецца, што аб партызанскім руху мы ведаем шмат. Тут нават паспелі скласціся пэўныя стэрэатыпы: 22-га ліпеня пачалася вайна, і ў той жа час стаў арганізоўвацца партызанскі рух. Але дакументы сведчаць аб іншым. Гэта не раптоўная актыўнасць. Перш чым узнік арганізаваны партызанскі рух, была праведзена сур'ёзная работа ў перадваенны перыяд. Яшчэ ў сярэдзіне 1930-х стваралася магутная сетка, праводзілася арганізацыйная работа па фарміраванні партызанскіх атрадаў і зон, у спецыяльных школах рыхтавалі кадры. Аб гэтым мы ўжо распавялі ў першых серыях праекта. Расказалі і аб драме, якую давялося перажыць тым самым партызанскім кадрам — легендарнаму Васілю Каржу, выдатнаму дыверсанту-разведчыку Спрогісу, кіраўніку разведпадрыхтоўкі Густаву Баару і шмат каму з іншых падрыхтаваных камандзіраў, якія падвергліся рэпрэсіям у той ці іншай ступені.

«Падтрымліваць стан трывогі»

— У першых серыях цыклаў мы распавядалі пра драматычныя вынікі рэпрэсійнай дзейнасці, страчаныя магчымасці і кіраўніцкія памылкі. Той жа ўказ № 1 з подпісам Сталіна аб тым, што катастрофа можа адбыцца ў хуткім часе, трапіў у Заходнюю ваенную акругу фактычна тады, калі вайна ўжо пачалася. І распавялі мы аб гэтым зусім не дзеля таго, каб прынізіць ролю кіраўніцтва краіны, Чырвонай Арміі. Усё было вельмі неадназначна, але і маленькая перамога мела вялікае значэнне для агульнай справы. Мы хацелі паказаць, наколькі вялікі быў подзвіг людзей. Цікава і тое, што мы паглядзелі на партызанскі рух праз прызму нямецкіх дакументаў. Напрыклад, адзін з першых загадаў Гітлера аб правядзенні баявой дзейнасці супраць партызанаў з'явіўся, уявіце сабе, ужо 19 ліпеня 1941 года. Ім прадпісвалася бесперапынна «падтрымліваць у нямецкіх часцях стан трывогі, заўсёды трымаць зброю напагатове для адкрыцця агню», забаранялася перамяшчэнне адзіночных салдат. Неспакойна было немцам з-за дзеянняў партызанаў практычна з самага пачатку ўварвання на нашу тэрыторыю. Будуць і іншыя спасылкі на дакументы, не ў шкоду, вядома, відовішчнасці, гэта ўсё ж такі кіно.

Спрэчныя моманты

— Таксама хацелася зрабіць акцэнт на некаторых момантах, якія і да сённяшняга часу выклікаюць спрэчкі ў грамадстве. Напрыклад, тое, што партызаны былі бандытамі. Таму ў фільме гаворка пойдзе аб ілжэпартызанскіх атрадах, створаных па ўказе Гітлера. Яны павінны былі дыскрэдытаваць рэальны партызанскі рух: прыязджалі ў вёскі, наносілі шкоду жыхарам, забівалі іх. Распавядзём і аб сакрэтных школах — спецыяльных дыверсійных атрадах. Закранём тэму перавярбоўкі.

Сцэнарый фільма пабудаваны на архіўных дакументах — у першую чаргу, расійскіх. Яны дапаўняюць тыя, якія ёсць у нашай краіне. Вядома, гэта вельмі складаны, адказны матэрыял. У тым ліку і ў эмацыянальным плане. Чытаць зводкі допытаў не толькі ваеннапалонных, але і так званых заступнікаў за нацыянальную ідэю, якія ўдзельнічалі ў знішчэнні ўласнага народа, данясенні нямецкаму кіраўніцтву аб праведзеных карных аперацыях супраць мірнага насельніцтва, цяжка. Адназначна, не ўсім усё спадабаецца. І да сёння ідуць спрэчкі аб ролі Сталіна і вышэйшага кіраўніцтва ў драме пачатку вайны. Хтосьці кажа, што рэпрэсіі былі абгрунтаваныя, хтосьці кажа, што партызанскі рух узнік стыхійна. Але факты сведчаць пра тое, што згаданы гістарычны перыяд нагадвае шматслойны пірог.

Многія дакументы рассакрэчаныя, але іх аналіз яшчэ патрабуе карпатлівай работы дзеля таго, каб у комплексе паказаць, якой была народная вайна. А ў цэлым гэта фільм пра тое, якую ролю адыграў партызанскі рубеж Беларусі ў кантэксце агульнай перамогі. Прывяду толькі адзін прыклад: 40 % нямецкіх саставаў з тэхнікай, жывой сілай не даходзіла да месцаў правядзення ключавых баёў, такіх як бітвы пад Масквой, Сталінградам, Арлоўска-Курская аперацыя.

Матэрыял і аграньванне

— Па-першае, над праектам працавала выдатная каманда прафесіяналаў Белтэлерадыёкампаніі. Сцэнарый — гэта матэрыял, які набывае грані дзякуючы зладжанай рабоце: таленту рэжысёра, у нашым праекце гэта Вольга Шычко, аператараў, мастакоў, выдатнага кіраўніка рэканструкцый Вячаслава Каптура. Дзякуючы нашаму прадзюсару Вікторыі Станілевіч і самалёт У-2 тых часоў у нас лётаў, і адзін з герояў капітуляваў у рарытэтным аўтамабілі, і здымкі адбываліся не ў павільёне, а ў даваенных інтэр'ерах. Упрыгажэннем праекта, яго голасам і вядучым стаў выдатны акцёр Уладзімір Мішчанчук. Дарэчы, тая студыя, дзе здымаецца Уладзімір, таксама адпавядае духу эпохі. Нават рэквізіт з тых часоў, пачынаючы з чайніка і завяршаючы возам.

І аб моладзі. Праект паказаў, наколькі маладых людзей турбуе і тэма вайны, і гісторыя краіны. Ніхто не даваў ніякіх аб'яў, але дзякуючы сарафаннаму радыё на здымкі прыйшло шмат маладых, у тым ліку выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ. Агонь у вачах і непадробны інтарэс — усё гэта дае надзею, што ў краіны ёсць будучае.

Наступныя праекты

— Я не магу раскрываць усе сакрэты. Але скажу так: гледачоў чакаюць цікавыя, яскравыя праекты. Спадзяюся, што тыя, якія сёння прапанаваны, дазволяць яшчэ раз пераасэнсаваць многія працэсы, у тым ліку і сучасныя. Бо нездарма існуе выраз: «Каб імкнуцца ў будучыню, трэба добра разабрацца ў мінулым».

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.