Вы тут

Лёгкія грошы? Як падлеткі трапляюць на кручок рэкламы


Нядаўна суд Мазырскага раёна вынес прысуд непаўналетняму гараджаніну па справе аб незаконным абароце асабліва небяспечных псіхатропаў. На лаве падсудных апынуўся падлетак 2004 года нараджэння. Яму было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Жадаючы падзарабіць, той уступіў у арганізаваную групу. У інтэрнэт-краме асабліва небяспечных псіхатропаў малады чалавек быў рознічным кур'ерам і размяшчаў скруткі з псіхатропамі ў схованках. Хлопца затрымалі праваахоўнікі, калі той перавозіў на таксі з Гомеля ў вёску Каменка Мазырскага раёна буйную партыю мефедрону. Падлетак быў прызнаны вінаватым у незаконных набыцці, захоўванні, перавозцы і збыце асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры арганізаванай групай. Пакаранне — 10 гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.


Фота:pixabay.com

— Аператыўная абстаноўка ў бягучым годзе характарызуецца далейшым зніжэннем колькасці злачынстваў, здзейсненых няпоўнагадовымі, але, нягледзячы на агульнае зніжэнне, па асобных відах злачынстваў адзначаецца рост, — кажа начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі МУС Сяргей ЯНКОЎСКІ. — Так, напрыклад, махлярства, ахвярамі якога становяцца як аднагодкі злачынцаў, так і дарослыя. Пераважна гэта гандаль на розных інтэрнэт-пляцоўках, псеўдапродаж кніг, прыставак, тэлефонаў. Узрасла і колькасць рабаванняў — як правіла, непаўналетнія адзін у аднаго крадуць электронныя цыгарэты.

Павялічылася і колькасць здзейсненых падлеткамі злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных рэчываў. Асноўным рэсурсам для іх распаўсюджвання застаецца інтэрнэт.

— Наркабізнес жорсткі і бязлітасны. Адзіная мэта тых, хто знаходзіцца па іншы бок экрана, — узбагачэнне за кошт жыцця і здароўя іншых, у тым ліку маладых, людзей, — падкрэслівае Сяргей Янкоўскі.

Як працуе сістэма? Інфармацыя аб лёгкім, хуткім і, галоўнае, вялікім заробку — вельмі агрэсіўная, у ход ідуць прынцыпы сеткавага маркетынгу. Тыя, хто вярбуюць, абяцаюць работу без прывязкі да канкрэтнага месца і часу, так бы мовіць, свабодны графік. Непаўналетніх угаворваюць, і гэта можа доўжыцца даволі доўга. І ў нейкі момант у падлетка ўзнікае патрэба пайсці, напрыклад, на дзень нараджэння да сябра. Для гэтага трэба набыць падарунак, а грошай няма. Або ён хоча выдзеліцца сярод сваіх равеснікаў, прадэманстраваць ім свой статус у выглядзе фінансавай незалежнасці ад бацькоў, і тут якраз паступае прапанова ад інтэрнэт-крамы. Падлетак разважае прыкладна так: «Ну, зраблю я адну-дзве закладкі, крыху падзараблю, можа, і не траплю ў поле зроку праваахоўнікаў».

Аднак, як высвятляецца, грошы адразу не аддаюць, прапануюць узяць таварам або налічваюць нейкую суму, якая замарожваецца, і падлетак, для таго, каб яе забраць, павінен выканаць шэраг заданняў, якія, як правіла, звязаны з распаўсюджваннем наркатычных рэчываў. Непаўналетнія вельмі хутка трапляюцца, іх «кар'ера» доўжыцца не больш за тыдзень. Некаторыя трапляюцца ўжо з першага разу. А пакаранне за гэты від злачынства вельмі жорсткае... Ад пяці да васьмі гадоў са штрафам або без яго караюцца правапарушэнні, звязаныя са збытам. Ад васьмі да пятнаццаці гадоў пагражае за парушэнне закона ў гэтай сферы, здзейсненае групай асоб або ў буйным памеры, а таксама ў дачыненні да найбольш небяспечных наркотыкаў.

Таксама вырасла ў краіне і колькасць крадзяжоў непаўналетнімі транспартных сродкаў. Дзеці пераважна карыстаюцца бяспечнасцю дарослых, калі тыя пакідаюць дзверы ў сваіх аўто незачыненымі, забываюць ключы.

Крадзяжы па-ранейшаму застаюцца самым распаўсюджаным злачынствам, што здзяйсняецца непаўналетнімі. Іх доля складае 42 працэнты ў агульнай колькасці . Па-ранейшаму асноўная частка злачынстваў здзяйсняецца непаўналетнімі ў начны час. А часцей за ўсё злачынствы прыпадаюць на нядзелю.

Па словах Сяргея Янкоўскага, вялікая ўвага ўдзяляецца праваахоўнікамі пытанням прафілактыкі. Так, стартаваў сумесны з Белтэлерадыёкампаніяй праект «Стоп наркабізнес» — серыя відэаролікаў, невялікіх гісторый, якія павінны прымусіць падлеткаў задумацца аб правільнасці іх учынкаў. Ён упэўнены, што да гэтай работы павінны больш актыўна падключацца і бацькі, навучаючы дзяцей элементарным правілам паводзін у побыце, на вуліцы, у пад'ездзе. «Хацелася б звярнуць увагу, што Міністэрства ўнутраных спраў у цяперашні час ініцыіруе ўнясенне змяненняў у Закон «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці непаўналетніх». Мы спадзяёмся, што нас падтрымаюць, і мы паспрабуем выкласці яго ў новай рэдакцыі, прадугледзеўшы новыя падыходы і метады ў дадзенай дзейнасці», — праінфармаваў Сяргей Янкоўскі.

«У навучальных установах прававая асвета навучэнцаў праводзіцца на сістэмнай аснове», — сцвярджае кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Наталля ЧААБ. — Ва ўстановах адукацыі шырока выкарыстоўваюцца рэсурсы Дзіцячага прававога сайта і сайта «Помогут.by». Вялікая работа праводзіцца непасрэдна з бацькоўскай грамадскасцю. У цяперашні час у краіне рэалізоўваецца праект «Бацькоўскі ўніверсітэт», у рамках якога на бацькоўскія сходы запрашаюцца ўсе зацікаўленыя суб'екты прафілактыкі, каб праводзіць так званы прававы лікбез для бацькоў школьнікаў, якія часта не заўсёды могуць правільна ацаніць сітуацыю, у якую трапіла іх дзіця, і правільна прыняць рашэнне, як жа паступаць і што рабіць далей.

З мэтай прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ў навучэнцаў навыкаў бяспечных і адказных паводзін у інтэрнэт-прасторы, этычных норм сеткавых зносін.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.

Спорт

Аляксей Хатылёў: Ад Пекіна не варта чакаць хуткіх секунд

Аляксей Хатылёў: Ад Пекіна не варта чакаць хуткіх секунд

Неўзабаве ў Пекіне запаліцца агонь XXІV зімовых Алімпійскіх гульняў.

Культура

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно.