Вы тут

Валанцёрскі рух ГДМУ набірае абароты


На мінулым тыдні ў адным з вучэбных карпусоў ВНУ аднавіў работу студэнцкі кол-цэнтр: працуюць з кантактамі першага ўзроўню для ранняга выяўлення пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Плануецца, што студэнцкі кол-цэнтр будзе аказваць дапамогу ўсім паліклінікам Гомеля.


Падчас медыцынскага агляду перад вакцынацыяй.

Прынамсі, больш за два дзясяткі студэнтаў розных курсаў Гомельскага дзяржмедуніверсітэта выказалі добраахвотнае жаданне дапамагаць пры эпідэміялагічных расследаваннях у Гомельскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Плануюць гомельскія студэнты-медыкі таксама дапамагаць выяўляць ачагі заражэння каранавіруснай інфекцыяй.

— На базе вучэбнага модуля «Чырвоная зона» ў лабараторыі практычнага навучання валанцёры-навабранцы прайшлі навучанне, дзе ў бяспечных умовах адпрацоўвалі навыкі працы ў ковідных аддзяленнях, — распавяла прэс-сакратар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена Смірнова.

Плануецца, што ўжо на бягучым тыдні валанцёры пойдуць у стацыянары, каб дапамагаць рэабілітацыі хворых.

— Трэба адзначыць, што па-ранейшаму нагрузка на сістэму аховы здароўя рэгіёна значная, а таму добраахвотная дапамога студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў агульную справу дакладна лішняй не будзе, — упэўненая прэс-сакратар.

Між тым гомельскія студэнты-медыкі падаюць прыклад актыўным уключэннем у прышчэпачную кампанію супраць каранавіруснай інфекцыі, якая працягвае набіраць абароты ў рэгіёне. Будучыя медыкі перакананы: вакцынацыя дазволіць абараніць ад захворвання іх саміх, а таксама засцеражэ іх родных.

З канца верасня ў Гомельскім медуніверсітэце пачаўся чарговы этап вакцынацыі студэнтаў. У пункце аховы здароўя навучальнай установы ўсе ахвотныя маюць магчымасць прышчапіцца вакцынай «Спадарожнік Лайт», прызначанай у тым ліку для вакцынацыі маладых людзей. Дарэчы, Гомельскі дзяржмедуніверсітэт атрымаў вакцыну «Спадарожнік Лайт» першым сярод ВНУ Гомельшчыны. Дэканаты факультэтаў склалі спісы ахвотных прайсці вакцынацыю, а прафсаюзны камітэт студэнтаў кожнаму, хто прышчапіўся, перадае памятны падарунак. Адна з такіх студэнтаў, пяцікурсніца Анастасія Зяленская, запісалася на прышчэпку ў ліку першых. Яна падзялілася сваім поглядам наконт вакцынацыі:

— Вакцына супраць каранавіруса бяспечная для здароўя — не ўтрымлівае ўласна віруса, а значыць, захварэць ім у выніку прышчэпкі ці заразіць іншых немагчыма. Арганізм рэагуе на прышчэпку сапраўды гэтак жа, як і на іншыя прышчэпкі. Імунітэт выпрацоўваецца праз тыдзень і дасягне максімуму праз чатыры тыдні. Дзейнічаць вакцына будзе каля паўгода. Нават калі прышчэплены чалавек захварэе, верагоднасць развіцця ўскладненняў і цяжкага развіцця захворвання будзе значна ніжэйшай, чым у непрышчэпленых.

Будучы медык дадае: у яе акружэнні досыць актыўна вакцынуюцца. Напрыклад, у яе групе каля 90 % студэнтаў зрабілі прышчэпку.

— Я назіраю, што большасць моладзі робіць прышчэпкі і хоча, каб іх бацькі рабілі прышчэпкі. Маладыя людзі перажываюць за тое, што адбываецца, — падзялілася пасля вакцынацыі студэнтка Ганна Кузьміных. Дзяўчына чакала пачатку вакцынацыі «Спадарожнікам Лайт» і без ваганняў прыйшла на прышчэпку.

Між іншым, вакцынацыя студэнтаў у Гомельскім дзяржмедуніверсітэце пачалася яшчэ ўвесну. За гэты перыяд ад каранавіруснай інфекцыі было прышчэплена больш за палову студэнтаў старэйшых курсаў.

Цяпер жа толькі ў апошнія дні прышчапіліся 50 студэнтаў медыка-дыягнастычнага факультэта.

— Нашы студэнты навучаюцца на клінічных базах, яны бачаць, як працуюць калегі-ўрачы, не па чутках ведаюць, што са з'яўленнем дэльта-штама эпідэміялагічная сітуацыя ў рэгіёне пагоршылася, — падкрэслівае дэкан медыка-дыягнастычнага факультэта ГДМУ Ірына Назаранка ўсвядомленае стаўленне сваіх студэнтаў да вакцынацыі.

Урачы дыягнастычнага і прафілактычнага профіляў вельмі запатрабаваны ў пандэмію COVІD-19. Студэнты бяруць з іх прыклад і максімальна хочуць засцерагчы ўласнае жыццё, а таксама родных і блізкіх.

У ВНУ прышчэплена ад каранавіруснай інфекцыі больш за 200 студэнтаў на лячэбным факультэце.

— Не менш чым паўгода нашы студэнты будуць абароненыя, а мы спадзяёмся, што і больш, — адзначыла дэкан лячэбнага факультэта ГДМУ Наталля Грамыка. — Вакцынацыя дапамагае. Вакцынаваныя хворыя не ляжаць у рэанімацыі. Калі і хварэюць, то ў лёгкай форме. Таму ад усіх студэнтаў і супрацоўнікаў лячэбнага факультэта і ўніверсітэта мне хацелася б звярнуцца да грамадства: вакцынуйцеся, вакцынуйце сваякоў! Калі ў нас ёсць хоць невялікі шанц дапамагчы насельніцтву, трэба зрабіць вакцынацыю.

Прынамсі, атрымаць вакцыну «Спадарожнік Лайт» цяпер маюць магчымасць студэнты ГДУ імя Ф. Скарыны. У ВНУ таксама прыступілі да вакцынацыі. Апытанне і папярэдні медыцынскі агляд перад прышчэпкай праводзіць загадчык філіяла № 6 Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі. Магчымасць прышчапіцца гэтым тыпам вакцыны ёсць і ў студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, і ў навучэнцаў каледжаў і ліцэяў. Па інфармацыі Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, аднакампанентнай вакцынай «Спадарожнік Лайт», прызначанай у першую чаргу для вакцынацыі студэнцкай моладзі, у вобласці ўжо прышчапілася больш за 1400 студэнтаў.


Меркаванне эксперта

Ігар СТОМА, рэктар Гомельскага дзяржмедуніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, урач-інфекцыяніст, эксперт-спікер серыі відэаролікаў Міністэрства аховы здароўя «COVІD-19 у пытаннях і адказах»:

— У свеце маецца шэраг платформ вытворчасці вакцыны супраць COVІD-19, якія паказалі сваю эфектыўнасць. І, дарэчы, у шэрагу найбольш паспяховых па клінічнай эфектыўнасці і па бяспецы прызнана вектарная платформа — тая, на якой створана вакцына «Спадарожнік». Гэтая вакцына ў тым ліку вырабляецца на тэрыторыі Беларусі. На той жа платформе (трохі зменены вектар) вырабляецца вакцына кампаніі AstraZeneca. Платформы вакцын Pfіzer-BіoNTech, Moderna, якія таксама паказалі сваю эфектыўнасць, некалькі іншыя. Зрабіце прышчэпку тымі ліцэнзаванымі, дазволенымі і праверанымі вакцынамі, якія маюцца ў наяўнасці. Усе вакцыны, што дапушчаныя да выкарыстання ў нашай краіне, прайшлі належныя праверкі клінічнай эфектыўнасці і бяспекі.


У тэму

Згодна з апошнімі данымі Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, першым кампанентам вакцыны ад COVІD-19 у рэгіёне прышчэплена 28 % дарослага насельніцтва. Сярод буйных адміністрацыйных тэрыторый вобласці лідары па вакцынацыі першым кампанентам — Гомель (34 %), Гомельскі раён (32 %), Мазыр (27 %). Сярод рэгіёнаў з меншай колькасцю насельніцтва перасягнулі адзнаку ў 30 % Брагінскі, Добрушскі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Чачэрскі раёны.

Поўны курс вакцынацыі прайшлі 20 % насельніцтва вобласці. Высокая ўдзельная вага грамадзян, якія прайшлі поўны курс вакцынацыі (больш за 20 %), у Чачэрскім, Лоеўскім, Ельскім раёнах і Гомелі. Брагінскі раён — лідар па ўдзельнай вазе вакцынаваных: тут не адзначаецца ўздыму захворвання.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Прыклад будучых медыкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».