Вы тут

Урач сельскай амбулаторыі наведвае пацыентаў па месцы жыхарства


Пенсіянерка Надзея Балабушка нядаўна прайшла курс лячэння ў дзённым стацыянары сельскай амбулаторыі і стала пачуваць сябе значна лепей. За гэта яна вельмі ўдзячная сваім медыкам. А рашэнне аб прызначэнні лячэння прымала ўрач агульнай практыкі загадчыца Тэвельскай бальніцы сястрынскага догляду Юлія ШЧАЦІНЕЦ падчас наведвання пацыенткі дома.

Медустановай у Тэўлях называецца бальніца, там знаходзіцца на пастаяннай аснове 25 чалавек у палатах сястрынскага догляду. У склад бальніцы ўваходзіць і амбулаторыя, дзе Юлія Віктараўна штодня вядзе прыёмы. Зараз у зону абслугоўвання амбулаторыі ўваходзяць 22 вёскі з трыма ФАПамі і насельніцтвам 1971 чалавек.

Звычайна сельскі доктар зранку да абеду вядзе прыём пацыентаў на месцы, пасля абеду яна ўжо часцей працуе на выездзе. Раз на тыдзень выязджаюць з медсястрой у Стрыгава і Глінянку на ФАПы. У Казішчы зараз няма фельчара, туды выязджаць даводзіцца і часцей, у асноўным па выкліках.

— Асаблівая ўвага ўдзяляецца пажылым людзям, якія стаяць на дыспансерным уліку, — гаворыць Юлія Шчацінец. — У іх, як правіла, маецца шэраг хранічных захворванняў, многія не могуць самастойна дабрацца на прафілактычны агляд, асабліва калі яны жывуць у адной з аддаленых вёсак. Тады агляд мы праводзім па месцы жыхарства пацыентаў. Выбіраем нейкі дзень для наведвання, напярэдадні тэлефануем, папярэджваем, каб не снедалі, бо будзем браць кроў на аналіз, і накіроўваемся ў вёску. Выязджаем з медсястрой, робім забор крыві, на месцы праводзім кардыяграму. Па выніках агляду робім карэкціроўку схемы лячэння, бывае, запрашаем прайсці курс кропельніц альбо ўколаў ва ўмовах дзённага стацыянара. Ёсць такая магчымасць, і многія вясковыя жыхары яе выкарыстоўваюць.

Падчас выезду па выкліку, асабліва ў аддаленую вёску, стараемся ахапіць большую колькасць пацыентаў, — працягвае доктар. — Найперш у зоне ФАПа Казішча. Там вельмі многа пажылых людзей. Бывае, прыедзеш да адной бабулькі па выкліку, а яна кажа, што і суседка прасіла зайсці паглядзець. Ну і, вядома, заходзім. Відавочна, што сталым людзям, бывае, дапамагаюць не столькі лекі, колькі ўвага і добрае слова.

Урач адзначае, што вельмі прыемна працаваць з тымі пацыентамі, якія дэманструюць свядомасць і паслухмянасць. Ёсць у яе такія, хто па рэкамендацыі доктара вядзе дзённік ціску: запісвае, які ціск быў у 9 гадзін раніцы, у 12 дня, вечарам. З такім дзённікам лягчэй адсачыць, ці эфектыўная схема лячэння была падабраная, ці варта нешта ў ёй мяняць. Бывае, трэба наведаць пенсіянера, каб упэўніцца, што ён прымае прызначаныя лекі, і прытым правільна. Так што дома ў сваіх пацыентаў сельскі доктар — госць не рэдкі.

У распараджэнні медыка ёсць машына. Праўда, два разы на тыдзень машына ідзе ў райцэнтр па прадукты, адвозіць аналізы ў лабараторыю. Калі транспарту пад рукой няма, а паступае тэрміновы выклік, Юлія Віктараўна сядае за руль свайго аўто і едзе. Так было і ў дзень наведвання карэспандэнта. Пенсіянерка званіла і прасіла прыбыць тэрмінова.

Юлія Шчацінец працуе ў Тэўлях пяты год пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта і інтэрнатуры. Сама родам з Кобрына. Кожны дзень ездзіць на работу з горада за 20 кіламетраў. Спачатку была тэрапеўтам, у 2019 годзе прайшла перападрыхтоўку і стала ўрачом агульнай практыкі. «Прывыкла тут, людзей ведаю, людзі — мяне. Працаваць даводзіцца цэлы дзень, спачатку было цяжка. Цяпер усё ўвайшло ў каляіну. Праўда, занятая да васьмі вечара кожны дзень. Апошнім часам яшчэ выязджаем і робім прышчэпкі ў вёсках», — кажа доктар.

Галоўны ўрач Кобрынскай ЦРБ Мікалай БРАШКО ў размове з карэспандэнтам газеты адзначыў:

— Зараз у амбулаторыях, участковых бальніцах раёна паспяхова працуюць маладыя ўрачы, якія не так даўно прыйшлі па размеркаванні і паспелі зарэкамендаваць сябе добрымі спецыялістамі. Гэта і Юлія Шчацінец, і яе калегі, напрыклад Аксана Ячнік у Імянінах, Вольга Богнат у Дзівіне. А ўсяго дапамогу сельскаму насельніцтву раёна аказваюць 110 амбулаторый, тры ўчастковыя бальніцы, адна бальніца сястрынскага догляду, 35 ФАПаў. Актыўна вядзецца вакцынацыя насельніцтва дома. У гэтым кірунку плённа супрацоўнічаем з сельгаспрадпрыемствамі і мясцовай уладай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: І лекамі, і словам увагі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.