Вы тут

У Кітаі заявілі аб магчымым з'яўленні «віруса X»


Аб яго небяспецы папярэдзіў кіраўнік кітайскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў Гаа Фу.


Фота: pixabay.com

Свет абавязкова сутыкнецца з новым вірусам у будучыні, заявіў кіраўнік кітайскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў (CDC) Гаа Фу на міжнародным форуме навукі і тэхналогій у грамадстве. Пра гэта паведаміла РІА «Навіны».

Штогадовы форум, у якім традыцыйна бяруць удзел прадстаўнікі ўрадаў, кіраўнікі кампаній і навуковых цэнтраў з розных краін, праводзіўся ў анлайн-фармаце ў мэтах прадухілення распаўсюджвання каранавіруса. Да пандэміі ён штогод праходзіў у японскім горадзе Кіёта. Асаблівую ўвагу выклікала выступленне Гаа Фу. Паводле яго слоў, на сённяшні дзень свет сутыкнуўся не толькі з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі, але і з «інфадэміяй, калі актуальная інфармацыя і дэзынфармацыя пераплятаюцца». Вучоны адзначыў, што «вірус Х» сёння нікому не вядомы. Ён можа паўстаць у любым месцы і ў любы час.

Гаа Фу прапанаваў прынцып узаемадзеяння ў мэтах падрыхтоўкі мер па супрацьдзеянні новаму вірусу. «Для будучыні чалавецтва неабходна працаваць над вырашэннем праблемы разам, — заўважыў эксперт. — У сувязі з чым я прапаную «прынцып чатырох C»: супрацоўніцтва (cooperatіon), суперніцтва (competіtіon), зносіны, або абмен інфармацыяй (communіcatіon), і, нарэшце, каардынацыя, часам і з трэцім бокам (coordіnatіon)». З вышэйзгаданых прынцыпаў спецыяліст асабліва адзначыў абмен інфармацыяй. Паводле яго слоў, менавіта адкрыты абмен інфармацыяй з боку Кітая дазволіў навукоўцам па ўсім свеце прыступіць да распрацоўкі вакцын ад каранавіруснай інфекцыі ў сціслыя тэрміны.

Раней кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Тэдрас Аданам Гебрэесус прадказаў з'яўленне новага смяротнага віруса. Эксперт адзначыў, што чалавецтва не ў апошні раз сутыкнулася з глабальнай эпідэміяй. «Згодна з эвалюцыйнымі ацэнкамі, з'явіцца новы вірус, які патэнцыяльна будзе яшчэ больш заразны і больш смяротны, чым цяперашні вірус», — адзначыў кіраўнік СААЗ. Ён нагадаў, што галоўны рухавік пандэмій — гэта адсутнасць міжнароднай салідарнасці і жадання краін дзяліцца рэсурсамі і тэхналогіямі. Паводле яго слоў, «калі ісці па старой дарозе, то прыйдзеш да таго ж выніку — да свету, які негатовы, небяспечны і не з'яўляецца справядлівым».

Як вядома, у сакавіку гэтага года кіраўнікі больш як 20 дзяржаў, урадаў і міжнародных арганізацый выступілі за распрацоўку міжнароднага дагавора для барацьбы з пандэміяй. «Мы перакананыя, што дзяржавы павінны сумесна працаваць над стварэннем новага міжнароднага дагавора аб папярэдняй падрыхтоўцы да пандэмій і барацьбе з імі. Такое новае калектыўнае абавязацельства стане важнай вяхой на шляху процідзеяння пандэміі на самым высокім палітычным узроўні», — адзначалася ў сумеснай заяве. Праўда, такі намер так і застаўся на дэкларатыўным узроўні.

Міжнародная група навукоўцаў паведаміла, што эксплуатацыя дзікіх жывёлін уплывае на з'яўленне пандэмій. Яны звязалі знішчэнне дзікай прыроды чалавекам са з'яўленнем і распаўсюджваннем новых інфекцыйных захворванняў. У ходзе даследавання высветлілася, што ў першую чаргу вірусы атакуюць жывёлін, але часта могуць муціраваць і прыстасоўвацца да жыцця ў арганізме чалавека. Узнікненне новых смяротных вірусаў адбываецца з прычыны вымушанага перамяшчэння папуляцый жывёлін, якое выклікана паляваннем, дэградацыяй асяроддзя пражывання і ўрбанізацыяй. «Нам трэба знайсці спосабы бяспечнага суіснавання з дзікімі жывёламі, паколькі ад іх зыходзіць пагроза заражэння», — пакрэсліла эпідэміёлаг Крысціна Джонсан. Нягледзячы на тое, што ўрбанізацыя і дзейнасць чалавека зменшылі разнастайнасць жывёл на планеце, некаторыя віды з іх сталі надзвычай шматлікімі. Па словах экспертаў, да іх адносяцца і тыя ж кажаны, якія добра адаптаваліся да паводзін чалавека.

Раней галоўны інфекцыяніст ЗША Энтані Фаўчы казаў, што навукоўцам неабходна прыняць шэраг мер, якія дазволяць падрыхтавацца да наступнай пандэміі. Сярод іх — паляпшэнне метадаў стварэння вакцын і паляпшэнне кампанентаў прэпаратаў, «якія раней ужываліся супраць узбуджальнікаў», і што больш важна — распрацоўка «новых малекул, што дазваляюць уздзейнічаць на ўразлівыя часткі вірусаў». Таксама неабходна выкарыстоўваць інфармацыю, атрыманую падчас даследаванняў вірусаў, якія адносяцца да таго ж сямейства, што і SARS-CoV-2, заключыў Фаўчы.

Другой пандэміі, падобнай да пандэміі каранавіруса, чалавецтва можа не вытрымаць, папярэджваў дырэктар расійскага Нацыянальнага даследчага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Цэнтра імя Мікалая Гамалеі Аляксандр Гінцбург. Паводле яго слоў, трэба мець дакладны план дзеянняў на выпадак чарговай пандэміі — аналагічны плану дзеянняў пры нападзе на дзяржаву.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.