Вы тут

Будзем з дранікамі


Яшчэ здалёк было чуваць, як у скверы 40 гадоў Перамогі ў Магілёве гучыць музыка і артысты нешта спяваюць пра бульбу і дранікі. Арганізатары прымеркавалі да чарговага кірмашу свята ў народных традыцыях «Багач». Пад спевы калектываў мастацкай самадзейнасці ішоў бадзёры гандаль сёлетнім ураджаем.


Сельскагаспадарчыя кірмашы працуюць у Магілёве з верасня і кожныя выхадныя мяняюць сваё месца дыслакацыі, каб быць бліжэй да спальных раёнаў. Жыхарам так лягчэй данесці дадому тавар. Гэтым разам гандаль разгарнуўся, лічы, у цэнтры горада, і народ ішоў сюды болей адпачыць, чым атаварыцца. У продажы было ўсё: пачынаючы ад шашлыкоў, заканчваючы садавіной-гароднінай. І ніхто без кліентаў не сумаваў.

На свята прыехалі аб'яднаныя праектам сыравары са Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Краснапольскага раёнаў, прапаноўвалі «Фермерскі сыр для ўсёй сям'і». У асартыменце — 17 найменняў, і гэта толькі траціна ад таго, на што здольныя сыравары. Людміла Ерафеева са Слаўгарадскага раёна — сыравар са стажам, аўтарытэтна заяўляе, што з малаком праблем няма, а значыць, увесь год будзем са смачнымі самаробнымі сырамі. У суразмоўніцы, напрыклад, тры каровы і тры казы. Смяецца, што, калі попыт на малако павялічыцца, фермеры дапамогуць. Кожны дзень сыравары робяць па 10 кілаграмаў сыру, і ўсё разыходзіцца. У Людмілы нават аграсядзіба ў Гіжэнцы называецца «Сырная». Турысты там вельмі любяць адпачываць.

Іду да палаткі, дзе ўтварылася вялікая чарга. Высвятляецца, што бульба тут каштуе на 20 капеек танней, чым у астатніх, — усяго
рубель.

— Бульбу і іншую гародніну бяром у фермераў, — падзялілася прадавачка. — Танней ужо не будзе, бульба, наадварот, даражэе. І не толькі бульба — морква, сталовыя буракі, капуста. Фермеры дыктуюць сваю цану.

Прадаўцы з Дашкаўкі прапаноўвалі вырашчаную на сваіх палетках бульбу — жоўценькую, апетытную. Гэта папулярныя ў Беларусі познія сарты «Брыз» і «Гала». Народ між тым не спяшаўся купляць, бо цана — рубель дваццаць за кіло. Але шмат хто браў тэлефончык «на ўсялякі выпадак». Калі трэба, бульбу даставяць проста дадому. Цікаўлюся, чаму цана «кусаецца». У адказ хлопцы скардзяцца, што сёлетні ўраджай меншы чым леташні ў два разы. «Рубель дваццаць — адэкватная цана, — лічаць яны. — Гэта ж нядорага ў параўнанні з тым, колькі ў бульбу ўкладзена сіл».

А вось з рыбай сёлета ўраджай, смяецца хлопец, які гандлюе амурам і таўсталобікам. Ён прадстаўляе саўгас «Пална» з Быхаўскага раёна.

— Усе нашы прадпрыемствы прымаюць актыўны ўдзел у сельскагаспадарчых кірмашах у Мінску, Магілёве, Бабруйску і райцэнтрах, — падзялілася начальнік упраўлення гандлю аблспажыўтаварыства Нэлі БЯКАСАВА. — Мы прапаноўваем плодаагароднінную прадукцыю, дзікарослую ягаду, у тым ліку журавіны, а таксама мясныя вырабы. У мінулыя выхадныя ў скверы 40 гадоў Перамогі гандлявалі пяць нашых прадпрыемстваў. У Бабруйскім раёне мы ўдзельнічалі адразу ў трох кірмашах, непасрэдна ў горадзе — па вуліцы Максіма Горкага і на Бабруйскім рынку. А таксама выязджалі на свята «Глушанскі хутарок». Наогул, у Магілёве і Бабруйску на цэнтральных рынках мы ўсе дні акрамя панядзелка (выхадны дзень на рынках) прапаноўваем і мясную, і плодаагароднінную прадукцыю. На раёнах сельскагаспадарчую прадукцыю ў поўным асартыменце прапануюць крамы 15 райспажыўтаварыстваў.

Што датычыцца непасрэдна Магілёва, то тут графік па кірмашах распісаны да 7 лістапада. Напрыклад, у найбліжэйшыя выхадныя — 9 і 10 кастрычніка — яны разгорнуцца ў мікрараёнах Казіміраўка і Саломенка, а таксама ў раёне школы № 41 па вуліцы Фаціна.

— Ураджай сёлетні горшы па прычыне засушлівага лета, — паведаміў начальнік аддзела камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ілья Мальчэўскі. — На 4 кастрычніка было прыбрана 60 % бульбы. Ураджайнасць 277 цэнтнераў з гектара супраць 352 леташніх. Горш урадзіла морква, капуста і сталовыя буракі. Але таго, што мы сабралі і яшчэ збяром, дакладна хопіць да будучага ўраджаю.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.