Вы тут

Вышук вядуць... дзяўчаты. Чаму губляюцца дзеці і ці лёгка знайсці чалавека, які ўхіляецца ад адказнасці?


У крымінальным вышуку заўжды працавалі найбольш вопытныя і адказныя супрацоўнікі міліцыі. І калі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму жанчынам-афіцэрам, за рэдкім выключэннем, аператыўныя справы не давяралі, то цяпер усё змянілася. Нароўні са сваімі калегамі-мужчынамі прадстаўніцы прыгожага полу паспяхова ўстанаўліваюць злачынцаў, знаходзяць тых, хто наўмысна ўхіляецца ад адказнасці, а таксама арганізоўваюць пошукі людзей, якіх з пэўнай прычыны не дачакаліся дома.


Ма­ёр мі­лі­цыі Воль­га ДУ­НЕЦ і ка­пі­тан мі­лі­цыі Юлія ДЗЕ­НІ­СЕ­НЯ.

Тонкасцямі нялёгкай, але надзвычай важнай прафесійнай дзейнасці, з нагоды Дня ўтварэння крымінальнага вышуку, з карэспандэнтамі «Звязды» падзяліліся маёр міліцыі Вольга Дунец і капітан міліцыі Юлія Дзенісеня, якія служаць у Салігорскім РАУС.

Шлях да мары

Калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, Вольга Дунец вырашыла паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. «Я заўжды марыла звязаць сваё жыццё з юрыспрудэнцыяй, таму падала дакументы ў галоўную міліцэйскую ВНУ краіны», — успамінае той перыяд маёр міліцыі.

Паступіць у той час у Акадэмію МУС было надзвычай цяжка — высокі конкурс. Многія «завальвалі» іспыт па фізкультуры. Дзяўчатам увогуле надзець курсанцкія пагоны шанцавала нячаста. Вольга зрабіла ўсё дзеля таго, каб стаць адной з гэтых шчаслівак. Тады яна яшчэ не ведала, што атрымае прафесію, якая будзе ёй вельмі блізкая па духу. Пасля выпуску вярнулася на малую радзіму — у Салігорскім РАУС яна з першага дня пачала займацца вышуковай работай. У аддзеле крымінальнага вышуку маёр міліцыі служыць ужо дванаццаты год.

У яе калегі, Юліі Дзенісені, прафесійны вопыт не меншы. Хоць паступала яна ў Акадэмію МУС, як той казаў, за кампанію: стаць міліцыянерам хацела сяброўка дзяўчыны. Як аказалася ў выніку, гэта была адна мара на дваіх. Нягледзячы на тое, што прахадныя балы для дзяўчат былі вышэйшыя, чым для хлопцаў, іспыты яны паспяхова здалі — і Юлія, хоць пакуль і ў тэорыі, пачала асвойваць прафесію. Практыка пачалася з першых дзён, калі афіцэр прыйшла ў Салігорскі РАУС па размеркаванні. Тут маладога спецыяліста сустрэў не толькі добразычлівы калектыў, з якім было камфортна працаваць з першых дзён службы. У Салігорскім РАУС Юлія пазнаёмілася і са сваім будучым мужам, з якім цяпер разам не толькі ў прафесіі, а і па жыцці.

— Грамадзянскі чалавек не заўсёды можа зразумець спецыфіку нашай работы, — перакананая Юлія Дзенісеня. — Майму мужу не трэба тлумачыць, што такое сутачныя дзяжурствы, а таксама аператыўныя мерапрыемствы, якія часта адбываюцца і ў нерабочы час. У кожнага з нас — розныя задачы, аднак калі ўзнікае неабходнасць звярнуцца адно да аднаго па параду, мы карыстаемся гэтым.

Лясныя пошукі

У кампетэнцыі супрацоўніц аддзела крымінальнага вышуку Салігорскага РАУС — пошук злачынцаў, зніклых без вестак, а таксама неплацельшчыкаў даўгоў, у тым ліку тых, хто ўхіляецца ад выплаты аліментаў. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, а таксама ўзаемадзеянню з іншымі сілавымі структурамі, знайсці такіх грамадзян нескладана. З прыходам восені работы ў афіцэраў міліцыі дабаўляецца — даводзіцца яшчэ шукаць і тых, хто пайшоў у лес у грыбы ці ягады ды заблукаў.

— Як правіла, гэта людзі сталага ўзросту, якія ідуць у лес без сродкаў сувязі, — заўважае Юлія Дзенісеня. — З году ў год мы апавяшчаем насельніцтва, як падрыхтавацца да «ціхага палявання». На жаль, грэбуюць элементарнымі правіламі, у выніку здараюцца трагедыі. Калі вы сабраліся ў лес, неабходна ўзяць з сабой мабільны тэлефон (абавязкова падзараджаны!) і ваду. Апранацца трэба ярка, каб пры неабходнасці чалавека лёгка было заўважыць. Пажылым людзям, асабліва калі ў іх ёсць праблемы са здароўем, лепш у лес не хадзіць.

Да пошукавых мерапрыемстваў часта прыцягваюцца супрацоўнікі МНС, пошукавага атрада «Анёл», прадстаўнікі вайсковых часцей. Нядаўна на Салігоршчыне былі арганізаваны масавыя пошукі мужчыны. Перанёсшы каранавірусную інфекцыю, ён пайшоў у лес, адчуў недамаганне і заблукаў. На другі дзень, калі ён так і не вярнуўся дамоў, у міліцыю звярнуліся сваякі. Дзякуючы зладжанай рабоце вялікай колькасці людзей аматара «ціхага палявання» знайшлі. На шчасце, яго жыццю нічога не пагражала.

Калі губляюцца дзеці

Не аднойчы старшаму оперупаўнаважанаму і оперупаўнаважанаму аддзялення вышуковай работы даводзілася шукаць дзяцей. Юлія Дзенісеня памятае, як аднойчы ў міліцыю звярнулася жанчына і паведаміла, што яе муж звёз малалетнюю дачку. Дзякуючы комплекснай рабоце праваахоўнікаў дзяўчынку знайшлі ажно ў Грузіі.

— Часта ў вышук трапляюць падлеткі, — расказвае Вольга Дунец. — Найчасцей уцёкі здараюцца ў няпоўных сем'ях, а таксама ў сем'ях, якія стаяць на прафілактычным уліку ў міліцыі. Неаднойчы мы знаходзілі непаўналетніх і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Нядаўна шукалі 12-гадовага хлопца, які сышоў з хаты і на ровары з Салігорска паехаў да бабулі ў Бабруйск. У большасці выпадкаў дзеці сыходзілі з дому ў пошуку экстрыму.

Дарэчы, калі ў міліцыю звяртаецца грамадзянін і скардзіцца на адсутнасць блізкага чалавека дома, пры гэтым мяркуючы, што з ім адбылася непрыемнасць, ніхто не будзе чакаць трое сутак, каб пачаць пошукі. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку рэагуюць на паведамленне аб знікненні чалавека ў той жа дзень, калі яно паступіла.

— Людзі разумеюць, што ў некаторых выпадках, каб дапамагчы ім, патрэбен не адзін дзень, — удакладняе маёр міліцыі Вольга Дунец. — Але яны застаюцца задаволеныя нават тым, што з імі пагутарылі, іх выслухалі. Прыемна, калі людзі сыходзяць ад нас са словамі падзякі.

Аднак, як прызнаюцца дзяўчаты, не гэта галоўнае. Асаблівае задавальненне ад сваёй работы яны атрымліваюць тады, калі знаходзяць чалавека. Апошняе сведчыць аб тым, што яны робяць сваю справу якасна, сумленна служаць прафесіі, якую калісьці абралі.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.