Вы тут

Водны камбайн для СВК. Як збіраюцца чысціць рэкі і ахоўваць падземныя воды на Віцебшчыне


Бадай, самай цікавай навіной у пытанні аховы прыроды Падзвінскага краю можна назваць рашэнне аб набыцці ўжо налета «амфібіі», якая будзе чысціць і паглыбляць рэчышча Віцьбы. З часам у вобласці іх стане некалькі. Пра гэта нядаўна паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас пасяджэння.


Ён таксама параіў кіраўнікам мясцовай улады набыць аналагічныя гідратэхнічныя машыны — адну на два-тры раёны. Гэта дазволіць палепшыць экалагічны стан вадаёмаў, зрабіць іх прыгажэйшымі, мясціны вакол — больш утульнымі і прывабнымі для адпачынку.

Віцьбе неабходны «механічны доктар» яшчэ і таму, што пасля дажджоў у яе сцякае вада з вуліц горада, што негатыўна ўплывае на стан ракі. У выніку плынь вады слабая, падчас спякоты ўзровень падае, берагі агаляюцца і зарастаюць.

Нюансы агучыў старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў. Ён адзначыў і, мякка кажучы, адсутнасць энтузіязму ў такім важным пытанні, як тампанаж артэзіянскіх свідравін. Гэта абавязкова трэба рабіць з свідравінамі, якія ў працэсе эксплуатацыі прыйшлі ў непрыдатнасць, а рамонт іх немагчымы або нерэнтабельны з тэхнічных, санітарных, эканамічных ці іншых прычын. Цана пытання для адной — да 10 тысяч рублёў. Па тэмпах раёны адстаюць значна. У прыватнасці, толькі сёлета запланавана выканаць тампанаж сарака свідравін, а зроблена пакуль у чатыры разы менш. Для параўнання, па прадухіленні забруджвання падземных водаў ў 2020 годзе выкананы ліквідацыйны тампанаж 97 водазаборных свідравін. Усяго ў вобласці падлягаюць тампанажу 718.

Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта даручыў пачаць актыўна займацца гэтай важнай справай, тым больш што яна ў рамках выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

Паўночная вобласць Беларусі вядомая як водны край. Яна найбольш забяспечаная воднымі рэсурсамі, якіх дастаткова для задавальнення сучасных і перспектыўных патрэб.

На тэрыторыі рэгіёна працякаюць тры вялікія ракі (Заходняя Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна), дзве сярэднія (Вілія, Друць) і 616 малых вадацёкаў.

Каля пятай часткі тэрыторыі на паўднёвым усходзе належыць басейну Дняпра і 80 % адносіцца да басейна Заходняй Дзвіны, адной з галоўных рэк Беларусі. Нязначная тэрыторыя знаходзіцца ў басейне ракі Нёман.

Вылучае вобласць і наяўнасць вялікай колькасці азёраў — 1360, агульная плошча люстра якіх складае каля тысячы квадратных кіламетраў.

Самымі буйнымі азёрамі вобласці з'яўляюцца Асвейскае — плошчай 52,6 квадратных кіламетра (другое ў краіне пасля Нарачы), Лукомскае — 37,7 квадратных кіламетра, Дрывяты — 36,1.

На Віцебшчыне разведана 56 радовішчаў прэсных падземных водаў і 29 радовішчаў мінеральных падземных водаў.

У рамках супрацоўніцтва з Расіяй у галіне аховы і рацыянальнага выкарыстання трансгранічных водных аб'ектаў праводзяцца работы па ацэнцы якасці паверхневых водаў трансгранічных вадацёкаў басейна ракі Заходняя Дзвіна, якія паступаюць з тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

На працягу шэрага гадоў якасць паверхневых водаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці, трансгранічных участках рэк на мяжы з Расійскай Федэрацыяй і з Латвіяй не змяняецца і па гідрахімічным статусе характарызуецца, як «добрая».

Станоўчая навіна і наконт таго, што ў бягучай пяцігодцы на Віцебшчыне запланавалі пабудаваць або капітальна рэканструяваць больш за дзесяць камунальных ачышчальных збудаванняў: у абласным цэнтры і Оршы, Віцебскім, Мёрскім, Полацкім, Глыбоцкім, Браслаўскім раёнах. Гэта будзе зроблена ў рамках рэалізацыі праграмы «Чыстая вада» на 2021—2025 гады.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.