Вы тут

Уролаг пра мужчынскія (і жаночыя) праблемы


Як на мужчынскае здароўе ўплывае ковід? З якімі сімптомамі не варта марудзіць, а трэба неадкладна звяртацца да ўролага? У якім узросце неабходна пачынаць правярацца на рак прастаты і якія аналізы здаваць? Да чаго прыводзіць сядзячы лад жыцця? З якімі хваробамі да ўролага звяртаюцца жанчыны? Чым небяспечныя частыя цыстыты? Пра гэта і іншае «Звяздзе» расказаў урач уролаг-анколаг вышэйшай катэгорыі Святаслаў ПАПОЎ.


Здаваць аналіз на ПСА ў 25 не мае сэнсу

— Святаслаў Васілавіч, ці ёсць сезоннасць у мужчынскіх захворванняў? Ці павялічваецца з надыходам халадоў колькасць пацыентаў ва ўролага?

— Дакладней было б сказаць, што ёсць сезоннасць абвастрэння хранічных захворванняў. З надыходам халадоў, восенню і зімой, абвастраюцца ўсе запаленчыя працэсы, у прыватнасці ў прастаце (так званы хранічны прастатыт), а таксама ў яечках і іх прыдатках, мочаспускальным канале.

Ёсць пэўная сезоннасць па мочакаменнай хваробе. Апошнія гады мы ўсё часцей адзначаем павышэнне тэмператур летам, на гэтым фоне яшчэ больш парушаецца метабалізм, а мочакаменная хвароба — гэта якраз яго вынік. Пагаршаецца пітны рэжым, нягледзячы на тое, што мы п'ём як звычайна, але мацней пацеем, больш вадкасці выдзяляецца з дыханнем, такім чынам, больш інтэнсіўна адбываецца асяданне соляў у нырках і павелічэнне камянёў. Плюс да ўсяго фрукты і гародніна (а для беларусаў характэрныя аксалатныя камяні) таксама робяць свой «унёсак» па мочакаменнай хваробе. Таму летам і восенню здараюцца абвастрэнні мочакаменнай хваробы.

— Якія сімптомы павінны насцярожыць мужчыну? З чым нельга зацягваць і трэба адразу звяртацца да ўролага?

— Самая галоўная ахоўная рэакцыя арганізма — праяўленне болю. Таму пры любых болевых адчуваннях у зоне мочапалавых органаў, варта задумацца, ад чаго гэта адбываецца. Яшчэ адна важная праява — любое парушэнне мочаспускання: ускладненне, пачашчэнне, дыскамфорт падчас ці пасля. І, натуральна, нехарактэрныя выдзяленні з мочапалавых шляхоў, у прыватнасці прымесь крыві да мачы. Вось гэта павінна прымусіць мужчыну ў найбліжэйшы час звярнуцца да ўрача, бо кроў у мачы часта з'яўляецца самым першым сімптомам уралагічнай анкапаталогіі.

— Калі ўжо мы закранулі гэту тэму, то рак прастаты ў мужчын — на адным з першых месцаў у структуры анкалагічных хвароб. У якім узросце варта правярацца і якія аналізы здаваць?

— Так, рак прастаты займае адно з лідзіруючых месцаў не толькі ў нас, але і па ўсім свеце. У нашай краіне працуе праграма скрынінгу раку прастаты, якая ўключае тры пункты. Пачынаем з аналізу крыві на ПСА (прастатаспецыфічны антыген), далей пальцавае рэктальнае даследаванне і ўльтрагукавое (УГД). Дарэчы, да пальцавага рэктальнага даследавання ў многіх спецыялістаў цяпер крыху скептычнае стаўленне, ды і пацыенты не заўсёды яго ўспрымаюць станоўча. Сёння маецца сучаснае абсталяванне — рэктальныя датчыкі з магчымасцю выканання эластаграфіі (спецыяльная праграма ў сучасных ультрагукавых апаратах, якая дазваляе ацаніць шчыльнасць тканкі). Пры выкананні кваліфікаваным спецыялістам гэта больш інфарматыўна. Ёсць МРТ — выдатнае абсталяванне і праграмы, якія дазваляюць убачыць усё. Тым не менш гэты этап скрынінгу ніхто не адмяняў.

Падчас дыягностыкі пацыенты дагэтуль робяць шмат памылак. У прыватнасці, вызначаны строгія крытэрыі: па праграме скрынінгу раку прастаты праходзяць усе мужчыны з 45 гадоў пры адсутнасці анкаўралагічнага анамнезу (калі ў бацькі, дзеда, роднага брата не было раку прастаты). Калі анамнез абцяжараны, то крыху раней. На практыцы даводзіцца сутыкацца з выпадкамі, калі малады мужчына ў 25 гадоў здае аналіз ПСА — вырашыў цалкам праверыцца і прызначыў сабе аналізы. Натуральна, што аналіз выконвае аўтамат, які працуе па праграме для мужчын ад 40—45 гадоў, ён не настроены на паказчыкі 25-гадовага чалавека. У выніку пацыент бачыць, што ў яго не норма, бо лабараторны бланк выдзелены асобнай пазнакай, і са страхам бяжыць да ўрача. Даводзіцца тлумачыць, што ў такім узросце здаваць гэты аналіз немэтазгодна.

Акрамя таго, ёсць дакладныя крытэрыі падрыхтоўкі да здачы аналізу крыві на ПСА. Мінімум пяць дзён не мець сексуальных адносін, не ўжываць моцнага алкаголю, утрымлівацца ад язды на веласіпедзе і заняткаў на велатрэнажоры, перад здачай на ПСА не праходзіць ва ўрача пальцавае рэктальнае даследаванне — каб не было механічнага ўздзеяння на зону прастаты. У адваротным выпадку таксама можна атрымаць шакавальныя паказчыкі гэтага аналізу.

Яшчэ адна важная акалічнасць — пацыент павінен здаваць гэты аналіз на фоне адноснага здароўя і стабільнага стану. Зразумела, што ў 60 гадоў ёсць хранічныя хваробы, але яны павінны быць не ў абвостраным стане. З вострым захворваннем — кашлем, ковіднай пнеўманіяй, тэмпературай ні ў якім разе нельга здаваць гэты аналіз. Нават калі ўрач парэкамендаваў вам яго зрабіць, дачакайцеся выздараўлення. Такім чынам, вы адсякаеце шэраг памылак, непатрэбных візітаў да доктара і зберажаце свае час і нервы.

Сядзячая праца — вораг мужчынскага здароўя

— Якія мужчынскія захворванні самыя распаўсюджаныя? З чым найчасцей звяртаюцца да ўролага?

— У амбулаторнай практыцы гэта, канешне, захворванні, звязаныя з запаленчымі працэсамі. Але дакладна заўважная тэндэнцыя да росту праблем прастаты, яны маладзеюць. Таксама актуальныя праблемы эрэктыльнай дысфункцыі і мужчынскага бясплоддзя. Аналізуючы навуковыя артыкулы, прыходзіш да высновы, што гэта даніна ўрбанізацыі і сучаснаму жыццю. З аўтамабіля — у офіс, з офіса — у аўтамабіль, з аўтамабіля — на канапу. Пры пастаянным сядзенні па восем гадзін за камп'ютарам можна хоць кожны дзень хадзіць на бегавую дарожку, але ад застою крыві ў тазавых органах гэта не пазбавіць. Пагаршаюцца працэсы абмену рэчываў, у тым ліку і ў мочапалавой сістэме.

Сёння ўвогуле бактэрыяльныя прастатыты сыходзяць на другі план, больш стала тых, што звязаны з застойнымі з'явамі. У іх класічныя клінічныя праявы, на УГД ускосныя прыкметы застою ў прастаце, а аналізы добрыя: няма ні бактэрый, ні вірусаў, ні іншых мікробных агентаў. Такое, на жаль, часта сустракаецца, у тым ліку ў моладзі.

— Што можна параіць тым мужчынам, у каго сядзячая праца?

— Некаторыя мае калегі рэкамендуюць кожную гадзіну па 10 прысяданняў. Аднак не кожнаму гэта падыдзе, асабліва калі мужчына не прывык фізічна напружвацца. У любым выпадку гэта мусіць быць рух. Вельмі карысны басейн. Таксама я рэкамендую перыядычныя курсы венатонікаў, якія паляпшаюць вянозны адток, і комплексныя раслінныя прэпараты, што паскараюць абмен рэчываў у прастаце, палавых органах.

Праблемы кагнестыўных (застойных) прастатытаў, эрэктыльнай дысфункцыі і мужчынскага бясплоддзя, дарэчы, узаемазвязаны. Калі дрэнны кровазварот, пакутуе работа прастаты і мужчынскіх палавых органаў, натуральна, гэта будзе ўплываць і на эрэктыльную дысфункцыю, і на спермаграму. Дарэчы, ковід абвастрае многія захворванні ў арганізме, у тым ліку ўплывае на спермаграму. Апошнім часам даводзіцца гэта назіраць у пацыентаў.

— Якія новыя тэхналогіі сёння дазваляюць эфектыўна лячыць мужчынскія захворванні?

— Выдатны метад — лакальная ўдарна-хвалевая тэрапія. Першапачаткова яна пазіцыянавалася для дыстанцыйнага драблення камянёў. Цяпер створана абсталяванне, якое дазваляе праводзіць кропкавую ўдарна-хвалевую тэрапію на вобласці пахвіны і прамежнасці. Гэта эфектыўна дапамагае і пры прастатытах, і пры хваробе Пейроні, калі ў абалонках кавернозных целаў палавога члена без усялякай прычыны ці пасля траўм утвараюцца бляшкі, якія прыводзяць да парушэння эрэкцыі і болевага сіндрому. Метад дазваляе пазбавіцца ад непрыемных адчуванняў, боляў, сіндрому хранічнага тазавага болю, садзейнічае ангіягенезу — прарастанню новых сасудаў. Зараз ва ўралогію прыйшла высокаінтэнсіўная лазерная тэрапія — HІLT. Яна таксама дае добры эфект і для абязбольвання, і для паляпшэнні кровазвароту і прарастання новых сасудаў.

— Ці можна такім чынам палепшыць патэнцыю?

— Калі з гарманальным статусам мужчыны і агульным станам здароўя ўсё добра, гэтыя методыкі вельмі эфектыўныя.

Частыя цыстыты вядуць да прадраку

— Ці звяртаюцца да ўролага жанчыны?

— Жанчыны, хоць і менш за мужчын, але таксама хварэюць на мочакаменную хваробу. А праблемай жаночых цыстытаў і лейкаплакіі мачавога пузыра я займаюся больш за 20 гадоў.

— Раскажыце, што гэта за захворванне — лейкаплакія мачавога пузыра?

— Раней яно дакладна градзіравалася як факультатыўны прадрак. Ёсць аблігатны прадрак, на фоне якога рана ці позна абавязкова разаўецца рак, а з факультатыўнага можа і не развіцца, але верагоднасць большая, чым пры нязмененай слізістай.

Лейкаплакія мачавога пузыра — гэта хранічнае захворванне слізістай мачавога пузыра, пры якім адбываецца замяшчэнне ўчасткаў эпітэлію агрубелымі лускавінкамі. Значна часцей яно дыягнастуецца ў жанчын, чым у мужчын. Выяўляюць яго прыкладна ў 60 % жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту і ў 90 % — пры хранічных рэцыдыўных цыстытах. Прычым спачатку хранічны цыстыт правакуе ўзнікненне лейкаплакіі, а затым ужо яна сама падтрымлівае хранічнае запаленне ў мачавым пузыры. Развіваецца так званае замкнёнае кола, разарваць якое толькі прыёмам антыбіётыкаў, на жаль, не атрымліваецца.

Апошнім часам вельмі дакладна прасочваецца заканамернасць спадарожніцтва эрозіі шыйкі маткі і лейкаплакіі мачавога пузыра. Эрозію або дысплазію шыйкі маткі выклікае вірус папіломы чалавека. Дастаткова распаўсюджанае захворванне, і з часам яго колькасць павялічваецца. Растлумачыць гэта можна зніжэннем агульнага імунітэту папуляцыі.

Я разумею, як няпроста даводзіцца жанчынам з хранічным цыстытам, а прыходзяць пацыенткі, у якіх у анамнезе такая праблема восем — дзесяць гадоў. Калі абвастрэнне цыстыту здараецца тры разы за год і болей, гэта паказанне да цыстаскапіі (абследавання мачавога пузыра з дапамогай эндаскопа, што дазваляе паглядзець яго стан знутры), бо слізістая перастала выконваць сваю бар'ерную функцыю і стала слабым звяном арганізма.

— Акрамя частых цыстытаў, ці ёсць яшчэ якія-небудзь праявы гэтай хваробы?

— Толькі ўскосныя. Дыскамфорт у канцы і пасля мочаспускання, які кожны вызначае па-рознаму: казытанне, боль, рэзі, паколванне. Нават падчас рэмісіі цыстыту пацыенткі скардзяцца на дыскамфорт пасля мочаспускання. Але дакладна наяўнасць хваробы вызначыць можа цыстаскапія. На жаль, пры ўсіх сучасных тэхналогіях, 3D-апаратах, КТ і МРТ, тонкія змяненні слізістай мачавога пузыра выяўляюцца толькі пры цыстаскапіі. Прычым мэтазгодна яе праводзіць з відэафіксацыяй, бо гэта дае магчымасць пацыентцы пачуць меркаванне іншага доктара, параўнаць «да» і «пасля» аперацыі, мінімізаваць чалавечы фактар.

— Лейкаплакія — незваротны стан? Змененая слізістая не можа вярнуцца да нормы?

— Калі развіліся сур'ёзныя змяненні слізістай, такія як лейкаплакія, на жаль, ніякімі ўколамі ці таблеткамі працэс адматаць назад нельга. Адзіны спосаб радыкальнага лячэння — аперацыя. Яе сутнасць адна, які б метад ні выкарыстоўваўся, — выдаліць змененую слізістую, на месцы якой вырасце новая і будзе выконваць сваю бар'ерную функцыю.

Выдаленне або каагуляцыя выконваецца пад агульным наркозам двума спосабамі — электракаагуляцыя і лазерная каагуляцыя. У лазернай недахопаў няшмат: кошт, абмежаваная колькасць клінік, дзе ёсць такое абсталяванне і, адпаведна, спецыялістаў, якія ўмеюць на ім працаваць. Усё астатняе — толькі перавагі. Шырыня пятлі пры электракаагуляцыі — 6-7 мм, адпаведна, інструмент, які праводзіць яе праз урэтру і мочаспускальны канал, павінен быць яшчэ большы. Таўшчыня лазернага святлавода — шарык шарыкавай ручкі. Дакладнасць апрацоўкі 6-7 міліметровай пятлёй адпаведна меншая, чым больш тонкім інструментам. Пасля лазернай каагуляцыі, у адрозненне ад электракаагуляцыі, у слізістай прарастаюць новыя сасуды, а гэта жыўленне тканак. Калі слізістая добра сілкуецца, яна лепш выконвае сваю бар'ерную функцыю. Да таго ж пры лазернай каагуляцыі хутчэй і лягчэй адбываюцца працэсы зажыўлення — ужо на наступны дзень нармалізуецца мочаспусканне і знікаюць непрыемныя праявы хваробы.

— Вы згадвалі, што гэта захворванне жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту...

— Сярод пацыентак ёсць дзяўчаты, якія не жывуць палавым жыццём, і ёсць жанчыны ў постменапаўзе, але часцей за ўсё гэта 20—35 гадоў.

— Як папярэдзіць развіццё лейкаплакіі?

— Правільна лячыць цыстыт. Нярэдка жанчыны з ім увогуле не ідуць да ўрача. Выпіла дзве таблеткі, тым больш што яны безрэцэптурныя, стала лепш, і на гэтым усё. Такім «лячэннем» мікробы толькі прыглушаюцца да наступнага разу. І адаптуюцца — перастаюць быць адчувальнымі да такіх прэпаратаў. Таму лячыць цыстыт варта пад кантролем урача.

Загаловак у газеце: «Хваробы прастаты, эрэктыльная дысфункцыя і бясплоддзе — звёны аднаго ланцужка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».