Вы тут

Наведаць «Глушцовае такавішча» і дакрануцца да зорак, або што прапаноўваюць на Магілёўшчыне для гасцей


Міністэрства інфармацыі і Магілёўскі аблвыканкам арганізавалі для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі прэс-тур па аб'ектах настальгічнага турызму Магілёўшчыны. Калісьці я працавала ў адным з выданняў рэгіёна, даводзілася ездзіць у камандзіроўкі, наведваць установы культуры, сацыяльна-эканамічнага прызначэння. Таму адначасова прыемна і шчымліва было вярнуцца туды, дзе прайшло некалькі найлепшых гадоў жыцця. Бясспрэчна, у вобласці з таго часу з'явілася шмат новых цікавых аб'ектаў. Уразіў і сам Магілёў — чысты, добраўпарадкаваны, утульны, камфортны для жыцця, а яшчэ тое, як беражліва і паважліва магіляўчане ставяцца да мінулага свайго краю, традыцый продкаў.


Першы прыпынак у сядзібе «Глушцовае такавішча», якая належыць Бялыніцкаму лясгасу. Тэрыторыя паляўнічых угоддзяў тут больш як 114 тысяч гектараў. Знаходзіцца гаспадарка ў маляўнічых мясцінах, дзе працякаюць рэкі Друць, Аслік, Няропля, налічваецца некалькі азёр. Вядома, тутэйшыя лясы багатыя на парнакапытных. Паляваць на іх усім ахвотным дапамагаюць высокапрафесійныя егеры. Але ў «Глушцовым такавішчы» можна і выдатна адпачыць, правесці сямейныя і карпаратыўныя мерапрыемствы. Для гэтага створаны ўсе ўмовы. Да паслуг наведвальнікаў — гасцявы домік на 10 спальных месцаў, пяць пакояў адпачынку, банкетная і більярдная залы, танцпляцоўка, возера, лазня, альтанкі з мангаламі.

Дзівосны свет роднай зямлі

Бялынічы вядомыя беларусам тым, што тут знаходзіцца мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Летась установа стала філіялам Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава.

Заснаваны музей Бялыніцкага-Бірулі ў 1969 годзе, першых наведвальнікаў прыняў у 1970-м. Дапамогу ў яго арганізацыі і адкрыцці аказалі заслужаны дзеяч мастацтваў, першы дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі Алена Васілеўна Аладава і жонка мастака Алена Аляксееўна Біруля.

У мінулым годзе ў сувязі са святам Дня беларускага пісьменства, якое сустракалі Бялынічы, адкрыты новы прасторны будынак музея. Экспазіцыя знаёміць з гісторыяй бялыніцкага краю і з работамі мастака, якія захоўваюцца на Магілёўшчыне. У трох вітрынах прадстаўлены асабістыя рэчы творцы, перавезеныя са знакамітай дачы «Чайка». Вітольд Каэтанавіч нарадзіўся 12 лютага 1872 года ў фальварку Крынкі Бялыніцкага раёна. Але так склаўся лёс, што ён пераехаў у Расію. У 1912-м набыў участак зямлі ў Цвярской губерні на беразе возера Удомля, непадалёку ад тых мясцін, дзе працаваў Левітан, пабудаваў дом з майстэрняй. Сваю сядзібу ён назваў «Чайка», з ёй звязана большая частка жыцця і творчасці майстра. У фондах музея — 27 арыгінальных работ Бялыніцкага-Бірулі

Гэтыя палотны вельмі добра адлюстроўваюць дзівосны свет бялыніцкай і наогул беларускай зямлі. Творца не пісаў парадных партрэтаў. Усё жыццё займаўся пейзажамі. Як сцвярджаюць мастацтвазнаўцы, эмацыянальныя, змястоўныя творы гэтага мастака вызначаюцца мяккім сярэбрана-бэзавым і зеленаватым колерамі. Гэта беларускі каларыт, паколькі творчая манера Бялыніцкага-Бірулі адпавядае асаблівасцям нашай прыроды.

Спалучэнне эпох і архітэктур

Правялі нас экскурсаводы і па пешаходным маршруце «Стары горад» (Магілёў), які ў многіх удзельнікаў тура таксама абудзіў настальгічныя пачуцці. Тут праходзілі прадстаўнікі розных краін і розных нацыянальнасцяў, веравызванняў — рускія, яўрэі, палякі. Бо калісьці Магілёў быў шматнацыянальнасць і шматканфесійным горадам. Напрыклад, у настальгічны тур прыязджаў разам з сынам аўстраліец Лях Нявінскі. Менавіта ў Магілёве прайшло яго дзяцінства. У 2018 годзе тут прымалі групу ізраільцян, якія раней жылі ў Магілёве.

Адметнасць горада — пешаходная вуліца Ленінская, адна з самых старых, якая вядомая з XVІ стагодддзя. Яна пачынаецца ад плошчы Славы і заканчваецца ў раёне вуліцы Міронава. Такой доўгай пешаходнай вуліцы няма больш нідзе ў Беларусі — яе працяг без нечага паўтара кіламетра. Вуліца некалькі разоў мяняла назву — Ветраная, Вялікая Садовая, Інжынерная. Цяперашнюю назву яна атрымала ў 1919 годзе, а пешаходнай стала ў 2004-м. Тут, як ні ў якім іншым горадзе, спалучаюцца розныя эпохі і архітэктуры. На Ленінскай, 7 знаходзіцца адзін з найстарэйшых будынкаў, узведзены ў стылі класіцызму ў 1790 годзе. Гэта тэрыторыя былога архіерэйскага двара ў XVІІ-XVІІІ стагоддзях, дзе пражываў свяціцель Георгій Каніскі. На Ленінскай, 25 размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа Богуша Сестранцэвіча. Сёння ў гэтым гістарычным будынку спартыўная школа. На Ленінскай, 37 — філіял Нацыянальнага музея жывапісу, прысвечанага творчасці Бялыніцкага-Бірулі. Будынак — прыклад архітэктуры ў стылі барока. У гэтым будынку аўстрыйскі кароль Іосіф ІІ сустракаўся з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ.

Упрыгожвае гістарычны цэнтр горада і плошча Зорак, якая была ўладкаваная ў 2004 годзе. У цэнтры кампазіцыі — скульптура сяміметровага «Астранома», што глядзіць у чатырохметровы тэлескоп. Вакол 12 крэслаў — па ліку знакаў задыяка. Аўтар праекта — вядомы скульптар Уладзімір Жбанаў.

Некаторыя жыхары горада лічаць, што Жбанаў, перш чым узяцца за работу, раіўся з астролагамі. Іншыя вераць, што калі пасядзець у крэсле свайго знака, спраўдзіцца любое жаданне. Трэція сцвярджаюць: калі дакрануцца да пальца астранома, то пашчасціць у жыцці. Дарэчы, такога ўнікальнага ансамбля няма нідзе ў свеце. Акрамя таго, гэтая кампазіцыя служыць і сонечным гадзіннікам.

Адначасова плошча з'яўляецца «Алеяй славы». Менавіта тут на выбітых на бетонных плітах зорках значацца імёны людзей, якія ўнеслі значны ўклад у эканамічнае, сацыяльнае, культурнае развіццё Магілёўшчыны.

«Радзіму» не здаюць

Насупраць плошчы Зорак месціцца яшчэ адзін цікавы і дарагі кожнаму магіляўчаніну аб'ект — кінатэатр «Радзіма», які хацелі знесці, але гараджане адстаялі знакавы будынак. Яго будаўніцтва пачалося ў 1938 годзе, а ўжо 6 кастрычніка 1939-га адбылося ўрачыстае адкрыццё. Кінатэатр працягваў працаваць нават у пачатку Вялікай Айчыннай вайны і да канца ліпеня 1941 года. Для байцоў Чырвонай Арміі тут дэманстраваўся фільм «Хлопец з тайгі», (СССР, 1941). Сеанс не прыпыняўся нават падчас налётаў варожай авіяцыі. Пасля вайны адным з першых магіляўчане ўбачылі фільм «Яна абараняе Радзіму». Будынак кінатэатра захаваў першапачатковы архітэктурны выгляд. А вось унутраныя памяшканні неаднаразова рамантаваліся, перапланіраваліся. Сёння кінатэатр аснашчаны ўсім неабходным сучасным абсталяваннем, а з 2011 года дэманстрацыя фільмаў ідзе ў 3D-фармаце.

Тут жыве Мельпамена

Магілёўскі абласны драматычны тэатр — шыкоўны будынак з вежамі. Асаблівасць яго ў тым, што глядзельная зала размешчана ў цэнтры, а абапал яе — дапаможныя цэхі, памяшканні. У інтэр'еры шырока выкарыстана разьба па дрэве. Асабліва яна захапляе ў (Губернатарскай) Імператарскай ложы. У гады Першай сусветнай вайны ў Магілёве знаходзіўся расійскі цар Мікалай ІІ. Ён часта наведваў тэатр, а ложу, якую ён звычайна займаў, назвалі Імператарскай.

Да канца XІX стагоддзя ў Магілёве не было стацыянарнага будынка тэатра. Спектаклі, як правіла, паказваліся ў дамах заможных гараджан. У 1870-м у губернатара з'явілася ідэя будаўніцтва культурнай установы. Па яго просьбе магіляўчане пачалі збор сродкаў на яе ўзвядзенне. Удзел у агульнай справе узялі не толькі багацеі, але і беднякі, мяшчане, служачыя, студэнты. У 1886-м неабходная сума набралася. Будаўніцтва завяршылі ў 1888 годзе. 14 мая тэатр быў асвячоны, а ў 1889-м трупа Дзеркача адкрыла першы сезон. У сярэдзіне 1980-х будынак хацелі знесці, а на яго месцы паставіць новы. Аднак супраць гэтага рашуча выступілі гараджане. У 1992-м пачалася яго рэканструкцыя. Тэатр расчыніў дзверы для гледачоў толькі ў 2001 годзе. А ў 2003-м напярэдадні пачатку тэатральнага сезона перад галоўным уваходам адкрылі бронзавую скульптуру Уладзіміра Жданава «Дама з сабачкам».

Вернутая спадчына

Магілёўскі кафедральны касцёл Святога Станіслава — помнік архітэктуры барока. Будаваўся з 1738-га да 1752 года. Паводле легенды, ён узведзены на месцы драўлянага касцёла кармелітаў Унебаўзяцца Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У канцы XVІІІ стагоддзя быў рэканструяваны ў стылі класіцызму і атрымаў назву ў гонар Святога Станіслава. Храм закрылі ў 1956 годзе і размясцілі тут Цэнтральны гістарычны архіў БССР, а затым пасля яго пераводу ў Мінск — Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. На той час унутры храм быў замаляваны зялёнай фарбай. У 1990-х касцёл вярнулі вернікам, якія адмывалі і адчышчалі фарбу. Але частка ўнікальных аўтэнтычных фрэсак другой паловы XVІІІ стагоддзя на біблейскія сюжэты была страчана. Знік і рэдкі арган. Такіх у свеце было толькі чатыры, у тым ліку ў Рыме, Варшаве і Мехіка.

Яшчэ адным выдатным месцам Магілёва з'яўляецца плошча Славы, якая ўзнікла ў першай палове XVІ стагоддзя і называлася Гандлёвай. Тут размяшчаліся 26 гандлёвых лавак. Пасля далучэння горада да Расійскай імперыі яе перайменавалі ў Губернатарскую і забудавалі комплексам устаноў. На жаль, пасля Вялікай Айчынннай вайны з усяго гэтага ансамбля апошняй трэці XVІІІ стагоддзя захаваўся будынак былога акруговага суда. Цяпер тут знаходзіцца Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. У 1982-м на плошчы Славы адкрыты мемарыяльны комплекс «Барацьбітам за савецкую ўладу».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Магілёўская вобласць

Фота sb.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.