Вы тут

У Полацку праходзіць адукацыйны форум Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі «ВажыТЫ»


У старэйшым горадзе Беларусі Полацку праходзіць (5-6 кастрычніка) абласны форум грамадскага аб’яднання БРПА, у якім бяруць удзел педагогі-арганізатары, піянерважатыя Віцебскай вобласці і члены дзіцячых палат Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі гарадоў і раёнаў Прыдзвіння. 


У якасці ганаровых гасцей і экспертаў запрасілі прадстаўнікоў Расіі: старшыню смаленскай арганізацыі Расійскага саюза моладзі, кандыдата педагагічных навук Яўгена Захаранкава і Алесю Галубкову, кіраўніцу Вяземскага муніцыпальнага рэсурснага цэнтра падтрымкі і развіцця Расійскага руху школьнікаў раёна Смаленскай вобласці.

Месцам правядзення стала сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай (дарэчы, адзіная ў краіне школа, якая носіць імя святой), адна з самых вялікіх у вобласці, дзе вучацца больш за 1,6 тысячы чалавек. Цікава, што яна пабудавана па ўнікальным праекце ў выглядзе сонца, таму вельмі сімвалічна, што ў гэтых сценах праводзіцца акцыя, накіраваная на спрыянне развіццю асабістых здольнасцяў піянераў. 

Летась упершыню адбылося гэтае маштабнае мерапрыемства. І ўжо становіцца традыцыяй арганізоўваць штогод менавіта ў гэтай навучальнай установе. Лідары полацкай піянерыі, дарэчы, сталі ініцыятарамі ідэі правядзення форуму і выйгралі права быць гаспадарамі форуму.

Сёлета ў ім бяруць удзел больш за 120 чалавек з усіх раёнаў Віцебшчыны. 

Падчас форуму праводзяцца прэзентацыі дзіцячай палаты, майстар-класы па арганізацыі выхаваўчай працы з дзецьмі і падлеткамі, сучасным методыкам стварэння і прасоўвання ў «віртуальным павуцінні» сайтаў (сваім вопытам падзяліўся і карэспандэнт «Звязды»)... 

Безумоўна, слухачам адукацыйных модуляў «Важаты будучыні» і «Лідар будучыні» атрыманыя веды вельмі спатрэбяцца для іх працы. Як распавяла старшыня абласнога савета грамадскага аб’яднання «БРПА» Ірына Еленская, заўтра выберуць кіраўніка і намесніка Дзіцячай палаты Прыдзвіння. Усяго ў Віцебшчыне каля 335 піянерскіх дружын, якія яднаюць больш за 76,2 тысячы дзяцей і падлеткаў. 

Па выніках форуму будуць выпрацаваны новыя падыходы ў працы з дзецьмі і падлеткамі, крэатыў — гэта трэнд, цікавыя мерапрыемствы з карысцю для грамадства першапачаткова былі галоўнымі ў працы піянерыі Беларусі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота Наталлі СЛЯПЦОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?