Вы тут

Рыжы матылёк


Гэтакія дні бываюць толькі ў жніўні. Лета ідзе да завяршэння, вее спеласцю каласоў, травы губляюць насенне. Паўдзённая спёка і шчодра напоўненае водарамі паветра запаўняюць усе куткі прасторы паміж небам і зямлёй...


На Сашаву магілку ў дзень яго нараджэння мы прыйшлі ўчатырох, самыя блізкія яму людзі. Мама Сашы, я і дзве нашы дачушкі. Час яшчэ не прытупіў болю ад страты, пяць месяцаў як я была ўдавой, але свядомасць пярэчыла прыняццю гэтага факта.

Мы сядзелі сярод травы на разасланым покрыве побач з магілкай і па славянскім звычаі паміналі Сашу. Вакол стракаталі конікі, на магіле чырванелі кветкі. Было цёпла і сонечна. Адчуванне, што муж нас бачыць, напоўніла мяне. Кожнай клетачкай я адчула яго прысутнасць.

«Не ведаю, можа, гэта мне здаецца, але я адчуваю, што Саша бачыць нас, ён тут і рады, што мы прыйшлі яго наведаць», — сказала я. Тры пары вачэй са здзіўленнем паглядзелі на мяне — свякроў і дзеці адчувалі тое ж!

Пасля пахавання я доўга смуткавала, але цяпер мне не было самотна. Не ведаю, як гэта назваць: ваганні энергіі ці вібрацыі тонкага плана, але мне падалося, што Саша адказаў мне шолахам лісця. Як і раней, нам было добра ўсім разам.

Свякроў сказала: «Мусіць, усё ж такі ёсць Бог і ёсць Той свет. Не можа быць, каб людзі проста знікалі ў нікуды. Можа, ён побач і глядзіць на нас?». У гэты момант над намі закружыўся матылёк. Ён лётаў, махаў крылцамі над дзецьмі, падлятаў то да мяне, то да іх, то да свякрухі. Раптоўна я ўсвядоміла: «Глядзіце, ён рыжы!». Матылёк быў сапраўды рыжы, і ўсе змоўклі, гледзячы на яго. Саша таксама быў рыжы, зусім рыжы, рыжэй не бывае.

Тады Алеся, старэйшая дачка, якой было дванаццаць гадоў, нечакана ўсклікнула: «Гэта тата! Гэта ягоная душа!». Яна звярнулася да рыжага матылька: «Калі ты татава душа, толькі калі ты душа майго таты, калі ласка, сядзь на мяне, каб мы ведалі, што гэта тата».

Дзяўчынка яшчэ не скончыла фразу, а матылёк ужо сядзеў у яе на лбе. Прама па цэнтры. Потым ускочыла маленькая Танечка: «Душа таты, сядзь, калі ласка, на мяне!» — і працягнула ручку. Мы са здзіўленнем назіралі, як матылёк пераляцеў на працягнутую дзіцячую ручку. Ад хвалявання вяснушкі на шчочках дзяўчынкі сталі яшчэ ярчэйшымі, яна таксама была рыжая.

Танечка замоўкла, яна баялася спалохаць ці неяк патурбаваць рыжага матылька. Дзяўчынка глядзела на яго захоплена і была ўпэўненая, што гэта душа яе таты. У вялікіх блакітных вачах дзіцяці свяціліся вера і любоў. Мы былі ўражаны. Не ведаю, ці дарэчы тут гэта слова, але мы былі шчаслівыя. Мы ведалі, што Саша нас чуе, бачыць, разумее. Ён побач, ён рады, што мы яго памятаем, што мы прыйшлі, і спрабуе нам сказаць пра гэта. Мы былі ўсе разам.

Калі мы страчваем блізкіх нам людзей, разам з імі мы страчваем частку сябе. Пачуццё незваротнасці аглушальнае, гэту пустэчу нельга нічым запоўніць. І заўсёды застаецца недагаворанасць, мы заўсёды не паспяваем сказаць блізкім, як моцна мы іх любім, маем патрэбу ў іх. Зараз вышэйшай сілай, самім сусветам нам была дадзена такая магчымасць.

Адчуванне пустэчы адступіла, гэта быў момант перасячэння паралельных светаў. Мы па чарзе гаварылі з татам, расказвалі, як жывём без яго, як бы хацелі, каб ён быў з намі і як мы яго любім. А матылёк кружыў і кружыў, лёгка пырхаючы, і час ад часу садзіўся каму-небудзь на плячо або працягнутую руку.

Тады мы доўга прабылі на могілках, а потым матылёк паляцеў. Куды і як, ніхто цяпер не можа ўспомніць. Мы вярталіся дадому з лёгкім сэрцам, удзячныя за магчымасць сустрэцца і пагаварыць з роднай душой.

***

Прайшло дваццаць гадоў. Ніхто з нас не забыўся пра той летні дзень і рыжага матылька. Дзеці сталі дарослымі, займаюць пасады, маюць сем'і, але да гэтага часу лічаць, што рыжы матылёк быў душой іх таты. Сусвет даў нам магчымасць сказаць яму аб нашай любові.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.