Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Кісла-салодкі перац

Гэтыя перцы ідэальна падыдуць у якасці гарніру да любых страў, асабліва мясных.

Спатрэбіцца: салодкі перац — 1 кг, часнок — 2 зубкі, алей — 50 г, кіпень — 150 мл, цукар — 2 ст. л., воцат — 50 мл, соль — 1 ст. л.

Перцы ачысціць ад насення і нарэзаць буйной саломкай. Разагрэць алей з расціснутымі зубкамі часнаку. Дадаць перцы і абсмажыць на сярэднім агні 3-4 хвіліны. Пасаліць, дадаць ваду, закрыць накрыўкай, зменшыць агонь і патушыць 10-15 хвілін. Адкрыць накрыўку і гатаваць яшчэ 5 хвілін, каб выпарылася лішняя вадкасць. Дадаць цукар і воцат, павялічыць агонь да максімуму і гатаваць пару хвілін. Падаваць ахалоджаным.


Крамбл з яблыкамі

Крамбл — дэсерт, які нагадвае пірог, з сакавітай начынкай і крошкай, што выконвае ролю цеста. Звычайна ён падаецца цёплым у той форме, у якой запякаўся. Можна прыгатаваць і парцыённыя варыянты.

Спатрэбіцца: яблыкі — 6-7 штук, цукар — 100 г, карыца — 1 ст. л.; для крошкі: масла — 80 г, мука — 100 г, аўсяныя шматкі — 100 г, цукар — 100 г.

Яблыкі ачысціць і нарэзаць невялікімі кубікамі. Дадаць цукар і карыцу. Змяшаць і вылажыць на дно формы. Для крошкі масла растапіць і змяшаць з сухімі інгрэдыентамі. Пасыпаць крошкай яблыкі і выпякаць у духоўцы пры 180 °С 30 хвілін. Падаваць з шарыкам марожанага.


Масажны дыванок з каштанаў для ног

Каштаны маюць цвёрдую структуру, круглявую і ў той жа час няроўную форму — ідэальны варыянт для лячэбнай гімнастыкі ступняў. Гэты масажна-артапедычны дыванок спадабаецца і дзецям, і дарослым. А зрабіць яго лёгка. Галоўнае — наяўнасць каштанаў.

Спатрэбіцца: каштаны; тонкая лёска, нажніцы, электрадрыль з тонкім свердзелам.

Робім у каштанах электрадрыллю па 2 перпендыкулярныя скразныя адтуліны;

Разразаем лёску на роўныя адрэзкі з разлікам на шырыню і даўжыню дыванка і нанізваем на іх каштаны.

Тут магчымыя 2 варыянты выканання:

 Робім доўгія адрэзкі па гарызанталі, нанізваем каштаны, складаем рады разам і злучаем іх паміж сабой кароткімі адрэзкамі лёскі па вертыкалі (прасцей нанізваць каштаны, але збоку будуць тырчаць хвосцікі ад лёскі);

 На 1 доўгі адрэзак лёскі нанізваем усе каштаны, а потым выкладваем звілістай «змейкай» адразу ўвесь дыванок па шырыні, затым прасоўваем роўныя адрэзкі лёскі па ўсёй даўжыні дыванка (больш працаёмка, але затое выглядае больш акуратна);

Для прыгажосці і сіметрычнасці дыванка ў радах па шырыні і даўжыні абавязкова павінна быць аднолькавая колькасць каштанаў.

Пасля таго як працягнулі лёску па шырыні і даўжыні, хвосцікі лёскі на канцах дыванка звязваем паміж сабой звычайнымі вузламі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?