Скарб, Палац, Журавінка, Волат, Лілея, Рагнеда, Аксаміт, Явар, Агеньчык, Расінка, Ласунак... Як думаеце, што аб'ядноўвае гэтыя прыгожыя паэтычныя словы? Гэта ўсе сарты бульбы, выведзеныя беларускімі вучонымі, пра што даведаецеся ў новым выпуску серыі, якая распавядае маленькім чытачам пра беларускія сімвалы накшталт бусла ці васілька. Гэтым разам у цэнтры ўвагі — бульба! Хоць на Беларусі гэтую расліну пачалі вырошчваць толькі ў сярэдзіне XVІІІ стагоддзя, традыцыйнае беларускае меню цяжка ўявіць без яе... Але хоць падобныя звесткі ў кнізе ёсць, занятая яна найперш мастацкімі творамі — ад народнага «Гарні, гарні бульбу з печы» да твораў сучасных пісьменнікаў, у якіх дзеткі выбіраюць паміж «Снікерсамі» і бабулінымі дранікамі... Вядома, аддаючы перавагу апошнім. Фантазіі нашым літаратарам не займаць, таму бульба то ўтвараецца з камення, якім расплаціўся скупеча-багацей з беднай жанчынай, то сама робіцца дзейнай гераіняй па імені Буля, якая шукае мэту жыцця... А ў казачнай аповесці пісьменніцы Алены Маслы і вядомай фалькларысткі Ларысы Мятлеўскай героі здабываюць падчас падарожжа ў мінулае старажытны рэцэпт бульбянай кашы з макам, якую чытач таксама можа прыгатаваць. Бо, як слушна сцвярджае паэт Мікола Чарняўскі, «кожны з нас да бульбы ласы, без яе нішто не ў смак». Ярка аформленае выданне так і запрашае сабраць усе выпускі серыі ў дамашняй бібліятэцы.
«Гэта здарылася аднойчы пад вечар. Нейкі слуга перачэкваў дождж пад брамай Расямон».
Варта прадэкламаваць, і адразу зразумееш, ці натрапіў на знаўцу літаратуры. Бо такі адразу ўспомніць і апавяданне японскага пісьменніка Акутагавы, і шэдэўр рэжысёра Курасавы «Расямон», зняты па творах Акутагавы... Калі ж вы яшчэ не чыталі гэтага пісьменніка — запоўніце прабел... Цяжка пераацаніць, які ўплыў сын гандляра і вар'яткі, хваравіты і нервовы, зрабіў на сусветную культуру... Напрыклад, у згаданым фільме Курасавы выкарыстана апавяданне «У гушчары», дзе адна і тая ж падзея пададзена вачыма розных сведкаў... Гэтая множнасць ісціны, якая непазнавальна пераламляецца ў кожнай свядомасці, зрабілася сёння звыклым мастацкім ходам. Ауктагава, дарэчы, шмат разважаў пра адносіны жыцця і мастацтва... Вось жанчына паведамляе прафесару пра смерць свайго сына-студэнта — яе твар спакойны, яе рукі дрыжаць і камечаць хустку... Спачатку прафесар захапляецца — жанчына, згодна з самурайскім кодэксам, годна трывае боль. Потым ён натрапляе ў кнізе Стрынберга пра зацяганы сцэнічны прыём — праз такое камечанне хусткі паказваць стрыманыя пачуцці... І з пагардай думае, што жанчына таксама выкарыстоўвала гэты прыём. Аўтар прапаноўвае трэцюю інтэрпрэтацыю — колькі жанчын па свеце гэтак нервова камечыць хусткі, не думаючы ні пра самурайскі шлях, ні пра сцэнічныя прыёмы... У кожным апавяданні Акутагавы ёсць такая вось шматслойнасць, тое, што зачэпіць душу за жывое... І абавязкова боль за маленькага чалавека (у гэтым для Акутагавы служыла прыкладам класічная руская літаратура). Нават гогалеўскі Башмачкін ёсць у японскім антуражы — бедны самурай, аб'ект кпінаў, які, як Башмачкін пра шынель, марыць наесціся бататавай кашы... І гэтак жа здзяйсненне мары ператвараецца ў катастрофу. У апавяданні «Малпа» матрос, якога шукаюць на караблі з-за крадзяжу, успрымаецца ўсімі як жывёліна, малпа, якую належыць абясшкодзіць і пакараць — але галоўны герой разумее, што гэта чалавек... Людзі не бачаць адзін аднаго сапраўднымі і самі хаваюць уласную сутнасць... Героя апавядання «Маска Хетока» ведаюць, як п'янтоса і блазна. Ён памірае, дзіка вытанцоўваючы на чоўне... Перад смерцю просіць зняць з сябе маску, у якой танцаваў — «Але тое, што яны ўбачылі пад маскай, ужо не было падобным да твару Хэйцікі. Маленькі нос завастрыўся, змяніўся колер вуснаў, па бледным ілбе каціўся пот. Ніхто б цяпер не пазнаў у ім веселуна, коміка, балбатуна Хэйцікі».
Псіхалагічныя назіранні Акутагавы дастаюць да душы... Вось, прыкладам, быў мніх з вельмі доўгім носам — але сціплы і добры, якому ўсе спачувалі... Яго нос фантастычным метадам укарочваецца (так, прывітанне ад Гогаля!). Але менавіта цяпер з мніха пачынаюць насміхацца: «У сэрцы чалавечым маюць месца два супрацьлеглыя пачуцці. Няма на свеце чалавека, які б не спачуваў няшчасцю блізкага. Але варта гэтаму блізкаму нейкім чынам ачуняць, як гэта ўжо выклікае пачуццё, быццам чагосьці не хапае. Трохі перабольшыўшы, можна нават сказаць, што з'яўляецца жаданне яшчэ разок укінуць блізкага ў тую ж непрыемнасць».
Мніх вяртае сабе гармонію быцця, толькі вярнуўшы свой пачварны нос.
Акутагава налажыў на сябе рукі ў трыццаць шэсць гадоў. Ён так і не здабыў гармоніі быцця. Але пакінуў нам карту пошукаў.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».