Дзень беларускага пісьменства святкуецца шмат гадоў, і гэта на Беларусі ўжо добрая традыцыя. Сёлета прысвечана было свята Году народнага адзінства, прайшло пад дэвізам “Слова нас аб’ядноўвае”.
Пісьменнікаў, аматараў прыгожага пісьменства на гэты раз вітаў Капыль. А зямлю Капыльскую праславілі больш за паўсотні празаікаў і паэтаў, сярод іх Кузьма Чорны, Мікола Хведаровіч, Адам Русак, Ян Скрыган, Сцяпан Аляксандровіч ды іншыя творчыя асобы.
Цёпла сустракаў гасцей горад, адметны пагорыстым ландшафтам. І Мікола Хведаровіч пра тое пісаў: “Стаіць на пагорках, на ста сямі горках мой любы, мой родны Капыль”. Упершыню ў пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца у 1006 годзе. На пачатку XIV стагоддзя Капыль увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага, і амаль два стагоддзі правіла ў ім дынастыя князёў Алелькавічаў. З 1612-га перайшоў ва ўладальніцтва князёў Радзівілаў, а ў 1652-м Капыль атрымаў ад караля Яна Казіміра Магдэбургскае права ды з ім свае герб і пячатку. У 1924-м стаў райцэнтрам. Дарэчы, на свяце ў Капылі прэзентавалі новы турмаршрут: “Да крыніц Нёмана і Капыльскіх святыняў”. Першымі яго прайшлі ўдзельнікі выязнога семінара па Мінскай вобласці “Турыстычны патэнцыял Уздзеншчыны і Капыльскага раёна”, прымеркаванага да Дня беларускага пісьменства. Прывабнае для турыстаў старажытнае Замчышча ці Замкавая гара непадалёк ад зліцця рэчак Каменкі і Мажы. Гісторыкі сцвярджаюць: у XIV стагоддзі на Замкавай гары стаяў замак, і раней, да яго ўзвядзення было там гарадзішча.
Найбольш насычаным на падзеі быў другі дзень свята. У горад 5 верасня ўранні прыбыла Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга. Яна стартавала 1 верасня ад мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора, прайшла каля 780 кіламетраў праз Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Лунінецкі, Салігорскі ды Уздзенскі раёны і завяршылася ў сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства. На сваім шляху святары, вядомыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва наведвалі храмы, навучальныя ўстановы, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, дамы састарэлых, бібліятэкі, музеі, правялі там духоўна-асветніцкія, літаратурныя і музычныя імпрэзы. Удзельнікі экспедыцыі даставілі Жыватворны Агонь у капыльскі храм Ушэсця Гасподняга на святочнае набажэнства. І ўсе ахвочыя змаглі запаліць свечкі ад Незгасальнай лампады.
З самай раніцы й госці сабраліся пры Капыльскім раённым краязнаўчым музеі ў цэнтры горада, каб адкрыць помнік майстру слова, земляку Цішку Гартнаму. Якраз на месцы музея раней была гарбарная майстэрня, дзе і працаваў з 13-і гадоў Зміцер Жылуновіч (ён узяў пазней літаратурны псеўданім Цішка Гартны). Мала хто сёння ведае пра такую старонку яго біяграфіі, часцей Цішку Гартнага згадваюць як пісьменніка, драматурга, літаратурнага крытыка, перакладчыка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, да таго ж акадэміка Акадэміі навук БССР. А перад намі, як было знята покрыва з помніка, слынны капыльчанін паўстаў маладым і летуценным, з залацістым капылом (калодкай, на якой майстар-гарбар вырабляў абутак) у руках. Вядоўца імпрэзы пажартавала: то магчыма і назва Капыля можа паходзіць ад такога капыла? І такая версія верагодная, бо ў мястэчку здаўна жылі-працавалі гарбары, якія выраблялі скуры, шылі з іх абутак. “Я рабочы-гарбар,/ Рыцар працы цяжкой,/ Я з жалезнай душой,/ З сэрцам палкім, як жар…/ Не хачу, не прывык,/ Склаўшы рукі хадзіць:/ Я гарбар – працаўнік,/ Я жыву – каб рабіць”, – гэтак Цішка Гартны пісаў пра сябе. І тыя словы ўвекавечаны на помніку (аўтары яго – скульптар Павел Вайніцкі ды архітэктар Алеся Атрашкевіч). Аблічча пісьменніка зроблена паводле рэдкага здымка, які раней мала хто бачыў.
Дзверы Краязнаўчага музея адкрыліся для наведнікаў адразу пасля рамонту, пакоі – з пахамі свежай фарбы. На свята ў музеі прэзентавалі новыя кнігі, ладзілі выставы. Пашчасціла мне патрапіць на прэзентацыю кнігі публіцыста, ураджэнца Капыля Льва Клейнбарта “Сустрэчы. Янка Купала”. Дзвюхмоўнае выданне з серыі “Адрасы беларусаў у свеце” ажыццёўлена па заказе і пры фінансавай падтрымцы Мінінфармацыі Беларусі. Над складаннем кнігі працаваў калектыў ВД “Звязда”, яго дырэктар – галоўны рэдактар “Звязды” Алесь Карлюкевіч і пераклаў тэксты з рускай мовы. На прэзентацыі ён расказаў пра стасункі Льва Навумавіча і Янкі Купалы. Мы пабачылі й лісты-перапіску між імі. У другой зале музея працавала выстава, зладжаная супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Часовая экспазіцыя “Туды, на захад! (Абаянь – Мінск)” прымеркаваная да 100-годдзя вяртання класіка ў Беларусь. Аказваецца, Якуб Колас шмат выкладаў: на Куршчыне, а па вяртанні і ў Белпедтэхнікуме, БДУ. Збярогся фотаздымак, зроблены на настаўніцкіх курсах у Слуцку. І навукай пісьменнік займаўся: у Інбелкульце ды Акадэміі навук. Пазнавальная настольная гульня “Жыццё па Коласу” высвечвае найбольш значныя моманты з біяграфіі паэта.
Яшчэ адной значнай падзеяй на свяце стала ўрачыстае адкрыццё Алеі пісьменнікаў. Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык. Яны ж першымі прайшліся па алеі. Сярод цяністых дрэваў на пастаментах устаноўлены 17 вялікіх літар з цэглы, побач з кожнай – дзве лаўкі для адпачынку. Кожную “літару” аформілі з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, QR-кода. Скануеш гэты код смартфонам – і лёгка пераходзіш на старонкі ў інтэрнэце, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў, ураджэнцаў Капыльшчыны.
На ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства шмат цёплых слоў гаварылася і ў адрас сучасных пісьменнікаў, пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі (заснавана ў 2015 годзе). Арганізуюць конкурс Мінінфармацыі, Мінкультуры, Мінадукацыі ды Саюз пісьменнікаў Беларусі. Лаўрэатаў-2021 вітаў старшыня СПБ Мікалай Чаргінец. У намінацыі “Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі” ўшанаваны аўтар зборніка “Белае, чорнае і залатое” Віктар Шніп. “Лепшым творам прозы” прызнана кніга “Парыж, Эйфелева вежа і ...” Віктара Праўдзіна. Аляксандра Карлюкевіча ўшанавалі ў намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства” за кнігу “Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі”. А сярод аўтараў публіцыстычных твораў адзначаны Аляксандр Радзькоў – за кнігі “Дыскрэтны падыход да назірання жыцця” і “Мой фізмат” (серыя “Люстэрка лёсу”).
Пасля святочнага канцэрта госці трапілі ў прастору Фестывалю кнігі й прэсы, яго павільёнаў з кнігамі ды газетамі. Хтосьці набыў новую кніжку, нехта браў дамоў пачытаць розных газет. Да мяне трапілі копіі некаторых газет 1921 – 1939 гадоў: “Беларускія ведамасьці”, “Беларускі звон”, “Сялянская ніва”, “Авадзень”. Цікава пачытаць, пра што пісалі тады. А ёсць жа публікацыі там і “ў тэму” нашага выдання: пра людзей розных нацыянальнасцяў, пра самасвядомасць беларусаў. Пэўна што раней тэма была вельмі актуальнай. Вось, прыкладам, артыкул у “Беларускіх ведамасьцях” (1921), перадрук з “Роднага краю”. Чытаем: “На зямлі беларускай жывець народу нямала – мільёнаў 16 усіх будзе. Беларусоў будзе мільёнаў 12. Апрача беларусоў, жывуць тут ліцьвіны, жыды, ёсць крыху палякоў, старавераў-маскоўцаў, немцаў, латышоў, татараў. Ня ўсе беларусы ведаюць, хто яны такія”.
Копіі газет 1921 – 1939 гадоў і дэманстравалі, і раздавалі на цэнтральнай пляцоўцы свята, у павільёне “Адзінства”, прысвечаным Году народнага адзінства. Выставу газет і часопісаў падрыхтавалі Мінінфармацыі ды Нацыянальны гістарычны музей. Там жа прэзентаваў сваё выданне “17 верасня – Дзень народнага адзінства” гісторык, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў. “Кніга расказвае пра падзеі аб’яднання Заходняй Беларусі і БССР , і адначасова пра шматнацыянальнасць і шматканфесійнасць нашай краіны ў тыя часы. І тым самым паказвае, што людзі, якія тут жылі, нягледзячы на сваю нацыянальнасць, на рознае веравызнанне, лічылі сябе карэннымі жыхарамі”, – казаў аўтар падчас нашай размовы. У новае выданне ўвайшлі рэдкія фотаздымкі, яно сугучнае з ранейшым “Шматнацыянальная Беларусь. Дакрануцца душой, адчуць сэрцам” – пабачыла свет летась, прымеркавана да Фестывалю нацыянальных культур. Калекцыянер прадставіў у Капылі пісьмовы прыбор Сяргея Прытыцкага, які падпісваў у Маскве дакументы па ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Прадэманстраваў Уладзімір Ліхадзедаў і аловак дэлегата з’езда, на якім было абвешчана аб’яднанне Беларусі. Нацыянальны гістарычны музей прадставіў наведнікам плашч і кабуру пісталета Сяргея Прытыцкага.
У павільёне “Традыцыі і сучаснасць” нам паказалі абрады Капыльшчыны. Адзін з іх – “Цары”, вядомы толькі ў вёсцы Семежава. Занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. У тым жа павільёне Капыльскі раённы цэнтр традыцыйнай культуры ды мясцовы Краязнаўчы музей прэзентавалі вясельны абрад “Апекуны шчасця”. Узнавіць яго на свяце дапамаглі выкладчыкі й навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа. Вельмі ўразілі відавочцаў дзеі вясельная сукенка маладой ды ўбор жаніха, пашытыя ў 60-я гады мінулага стагоддзя.
Усяго на Фестывалі кнігі й прэсы працавала 5 тэматычных павільёнаў: “Традыцыі і сучаснасць”. “Памяць”, “Разам з кнігай мы расцём”, “Адзінства”, “Слова пісьменніка”.
Нагадаем чытачам, што сталіцамі Дня беларускага пісьменства штогод становяцца розныя гарады Беларусі, якія здаўна былі вядомыя ў нашым свеце як цэнтры кнігадрукавання й літаратуры, асветніцтва й культуры. Сталіцамі свята былі Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаўль, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім і Бялынічы. Наступным стане Добруш – горад у Гомельскай вобласці.
Ганна Лагун
Фота: БелТА
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».