Вы тут

“Буквар” як сімвал гонару


Новы беларускамоўны “Буквар” выдадзены для першакласнікаў.


У Нацыянальнай бібліятэцы 3 верасня прайшла прэзентацыя новага выдання. Намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Суша наконт яго выказаўся аптымістычна: “Практычна з гэтага дня пачынаецца новая эпоха ў гісторыі беларускага буквара, якая сама па сабе вельмі багатая, розная і цікавая. Гэта адзін з брэндаў Беларусі, сімвал гонару нашых продкаў і нас у тым ліку”. Аляксандр Аляксандравіч як ніхто іншы ведае пра 400 гадоў гісторыі беларускага буквара. Нагадаем, ён у 2018-м стаў ініцыятарам факсімільнага перавыдання першага ў свеце “Буквара”, што ў 1618 годзе выйшаў з друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў мястэчку Еўе (цяпер Віевіс, тэрыторыя Літвы). Зберагліся з таго часу толькі два яго асобнікі. На думку навукоўцаў, менавіта беларускія асветнікі, друкары на працягу некалькіх стагоддзяў мелі прамое дачыненне да выдання розных “Буквароў”.

Свае школьныя буквары і мы памятаем. Дарэчы, дагэтуль першакласнікі ў Беларусі больш за паўстагоддзя садзіліся за парты з “Букваром” Анатоля Клышкі. Ён быў створаны ў 1968-м, перамагаў на кніжных выставах СССР, а ў 1977-м годзе атрымаў залаты медаль Міжнароднай Лейпцыгскай выставы.

Аўтары новага “Буквара” таксама спадзяюцца на доўгае жыццё сваёй кнігі. Гэта дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі Беларускага   дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вольга Свірыдзенка і вядучая навуковая супрацоўніца Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вольга Цірынава. Пры складанні “Буквара” выкарыстаны розныя метады навучання грамаце. Выканаць заданні сучасным дзецям дапамагаюць Кірыліца і Жэўжык – галоўныя героі кнігі ды мультфільмаў: іх у дадатак да “Буквара” стварылі на кінастудыі “Беларусьфільм”. Пра 6-гадовую гісторыю стварэння тых мультфільмаў на прэс-канферэнцыі расказалі дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, мастак-аніматар Канстанцін Андрушачкін і рэжысёр Ірына Тарасава.

У “Буквар” уключаны заданні й практыкаванні, якія адлюстроўваюць каштоўнасці нашай культуры, і гэта – адна з кніжак вялікага навучальна-метадычнага комплекса. У дапамогу яму ёсць “Рабочы сшытак для Буквара” і “Пазакласнае чытанне” – з адпаведнымі творамі, падабранымі з улікам узросту вучняў. Карыснай для першакласнікаў будзе “Пропісь з анімацыяй”. На кожнай старонцы там побач з літарамі – QR-коды. Яны дапамагаюць знайсці ў інтэрнэце анімацыйныя ролікі з дэманстрацыяй напісання ўсіх літар алфавіта. У кастрычніку выйдзе “Спадарожнік буквара”: для дзяцей, якія ўмеюць чытаць. Сярод іншых там ёсць рубрыка “Ведай свой край”: побач з назвамі турыстычных цікавостак Беларусі – зноў QR-коды, каб глядзець відэафільмы.

Над навучальна-метадычным комплексам працаваў аўтарскі калектыў Нацыянальнага інстытута адукацыі Мiнадукацыi Беларусі.

Ганна Лагун

Фота БелТА

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: “Буквар” як сімвал гонару

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.