Вы тут

Ажыў гадзіннік вежавы


На вежы касцёла ў Будславе (Мядзельшчына), якую не зачапіла полымя пажару ў маі 2021-га, пасля доўгага перапынку пачаў ісці трохсотгадовы гадзіннік. Цяпер ён падае свой голас праз кожныя 15 мінут – у напамін, што плынь часу няспынная.


Так да пажару выглядаў Будслаўскі касцёл

Гадзіннік на вежы касцёла ў Будславе далёка чуваць. Яго аднавіў напярэдадні Будслаўскага фэсту прафесійны рэстаўратар Аляксандр Петракоў. Гэта своеасаблівая ахвяра майстра касцёлу. Хоць ён і праваслаўнага веравызнання, ды з павагай ставіцца да прадстаўнікоў розных канфесій.

 “Задача такая не стаяла: каб паспець нам да пэўнага часу, – гаворыць рэстаўратар. – Патрэбна было якасна выканаць сваю работу. Але калі згарэў дах касцёла, то архіважным для ўсіх, у тым ліку і для мяне, стала закончыць працу напярэдадні чарговага фэсту. Такім чынам хацелася паказаць, што ўсе нягоды і беды мінаюць”.

Сёння Аляксандр афармляе пашпарт адноўленага гадзінніка з падрабязным яго апісаннем: гэта дапаможа, калі тое спатрэбіцца, іншаму рэстаўратару ў будучыні разабрацца ў складанасцях механізма і ў чарговы раз вярнуць гадзіннік да жыцця. Петракоў хоча высветліць, дзе і кім быў зроблены рарытэт. І даследаванне збіраецца навукова абгрунтаваць. “Спачатку было меркаванне, што стварыў гадзіннік нейкі ўмелец у мясцовай кузні. Але ў механізме выкаваны толькі корпус, і зроблены ён па-майстэрску – самаробкай цяжка назваць. На маю думку, гадзіннік выраблялі арцеллю, хутчэй – на Нямеччыне, якая славілася такімі майстрамі. Для мяне важна было захаваць не толькі старадаўні корпус гадзінніка, але і ўсе дэталі ўнутры, якіх налічваецца больш за 350”.

Аляксандр Петракоў адладжвае механізм гадзінніка

Такіх падыходаў патрабуюць і законы музейнай рэстаўрацыі. Петракоў 15 гадоў працуе мастаком-рэстаўратарам у Нацыянальным мастацкім музеі: аднаўляе старадаўнія прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Працуе з рэчамі з металу, шкла, парцаляны, керамікі. З музейнай калекцыі ў яго рукі трапляюць металічныя бюсты, настольныя кампазіцыі з бронзы, чыгуну – практычна ўсё, акрамя жывапісных твораў і вырабаў з дрэва. Яму цікава ўзнаўляць прадметы рэлігійнага культу. “Гэта мой кірунак, – тлумачыць майстар. – Можна сказаць, з аднаўлення праваслаўных каштоўнасцяў і пачаўся ў мяне творчы рост: са звычайнага ювеліра да рэстаўратара старадаўніх рэчаў. У прафесію патрапіў з 18 гадоў. Спачатку асвойваў тэхнікі апрацоўкі металу як прафесійны ювелір, затым вырашыў перайсці ў больш вузкую касту рэстаўратараў. Для таго пачаў вывучаць літаратуру (не было яшчэ інтэрнэта), пераключыўся на старадаўнія прадметы мастацтва і розныя рэдкія рэчы. У рукі мне пачалі трапляць праваслаўныя абразы, і я рэстаўраваў іх металічныя аклады. Паднаўляў іконы вялікія і маленькія, з розных цэркваў і прыватных калекцый”.

Рэстаўратары часта працуюць у пары. Шмат прадметаў рэлігійнага культу праваслаўнай і каталіцкай канфесій Петракоў аднавіў разам з Аляксандрам Лагуновічам-Чарапко – ён спецыялізуецца на жывапісе. Гадоў тры таму майстры разам паехалі ў Будслаўскі касцёл, каб азнаёміцца з яго архітэктурнымі асаблівасцямі. Там пазнаёміліся з ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам, разгаварыліся ды атрымалі ў працу некалькі прадметаў культавага прызначэння. Для касцёла Петракоў адрэстаўраваў старадаўні Будслаўскі крыж-пацыфікал канца XVI – пачатку XVIІ стагоддзяў. Пасля аднавіў 280-гадовую манстранцыю (ёмістасць для дэманстрацыі Святога Прычасця). Ён жа дапамог замяніць шкло на цудадзейным абразе Маці Божай Будслаўскай.

“Будслаўскі касцёл – адзін з найцікавейшых архітэктурных помнікаў у Беларусі, нароўні з Кафедральным саборам Святога Францыска Ксаверыя ў Гродне, – гаворыць рэстаўратар. – У адрозненне ад многіх старадаўніх збудаванняў, якія дайшлі да нашага часу у разграбленым стане, касцёл у Будславе напоўнены рознымі старадаўнімі каштоўнасцямі. Сярод іх мяне зацікавіў вежавы гадзіннік. Я вельмі хацеў атрымаць яго ў працу – і атрымаў. Тое не было выпадковасцю – хутчэй Божым провідам”.

 

Яму з дзяцінства падабаліся розныя гадзіннікі. Першы будзільнік, які сабраў, адразу не запрацаваў, давялося даводзіць яго да ладу. З таго часу майстар адладзіў, “ажывіў” нямала гадзіннікаў. І хоць не лічыць сябе прафесійным гадзіншчыкам, ды ведае прычыны, якія могуць весці да паломкі механізма, і можа прадухіліць праблему. Дома ў Аляксандра ўжо цэлая калекцыя адрамантаваных гадзіннікаў. Гэта ў большасці настольныя камінныя гадзіннікі невялікага фармату і некалькі насценных. Сваю працу над Будслаўскім вежавым гадзіннікам ён лічыць на сённяшні дзень самай важнай. Яна вялася ў Мінску амаль два з паловай гады. Па словах майстра, сталь механізма парушыла карозія, латуневыя падшыпнікі моцна знасіліся, некаторыя валы былі пагнутыя і мелі дэфекты, знайшоў і фізічныя паломкі, асобныя дэталі прыйшлося замяніць. Але найбольш складана было разбіраць і збіраць гадзіннік: механізм толькі ў такім выглядзе й можна было спусціць з вежы, а пасля рэстаўрацыі падняць на яе. Прывад шасцярэнек (барабаны і тросы, якія апускаюцца з грузам уніз вежы на 40-45 метраў) грувасткі і аб’ёмны, што не давала магчымасці выпрабаваць рэстаўраваны гадзіннік у пакаёвых умовах. Манціравалі ж яго на вежы храма ўтрох: Аляксандр Петракоў, Аляксандр Лагуновіч-Чарапко і Аляксандр Лабус. Пры тым спяшаліся паспець да Будслаўскага фэсту.

Пасля ўстаноўкі гадзінніка на ранейшае месца прыйшлося майстру яшчэ месяц ездзіць у Будслаў, каб адкарэктаваць ягоны ход. І ўсе намаганні таго вартыя: гадзіннік цяпер паказвае час дакладна.

“Зіма для яго можа стаць сапраўдным выпрабаваннем: холад і вільгаць не лепшым чынам уплываюць на механізм. Гадзіннік пачынае ці то спяшацца, ці то адставаць. Думаю, прыйдзецца ім апекавацца і надалей, бо я пакуль адзіны, хто яго добра ведае”, – разважае майстар.

Кожны ж дзень механізм падзаводзіць і наглядае за ім ксёндз касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе Дзмітрый Дубовік.

На думку Аляксандра Петракова, гадзінніку на вежы ў Будслаўскім касцёле наканавана доўга жыць. І ён яшчэ папрацуе гадоў сто, а можа й болей.

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, дах якога згарэў у маі 2021-га, аднаўляецца агульнымі намаганнямі. Людзі збіраюць на рамонт святыні грошы, а ўлады абяцаюць правесці яго ў найбліжэйшы час. Будслаўскі касцёл – гэта каталіцкі храм Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Будслаў, помнік архітэктуры і гісторыі. Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, які дагэтуль зберагаўся пад дахам храма – не толькі вялікая хрысціянская святыня, але і выдатны шэдэўр сакральнага мастацтва, неацэнны набытак усяго беларускага народа. Урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі, вядомыя як Будслаўскі фэст і частка нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, сёлета праходзілі 2-3 ліпеня, і тысячы пілігрымаў пабачылі ў тым, што ажыў гадзіннік вежавы, добры знак. З вежы, якую не закранула полымя, сёння кожныя 15 мінут б’юць званы трохсотгадовага гадзінніка. Пад іх бой аб лепшай долі для сваіх нашчадкаў маліліся яшчэ нашы прабабулі і прадзеды.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Ажыў гадзіннік вежавы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».