Вы тут

Слова натхняе...


Кожная з сталіц Дня беларускага пісьменства – гэта гарады, у якіх нарадзіліся або працавалі вядомыя дзеячы беларускай культуры, дзяржаўныя дзеячы. Сёлета свята ладзілі ў Капылі – на радзіме звыш 50 пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў, вучоных. Сярод іх Цішка Гартны (сапр.: Зміцер Жылуновіч), Кузьма Чорны (сапр.: Мікалай Раманоўскі), Алесь Адамовіч, Адам Русак і многія іншыя. У Год народнага адзінства Дзень беларускага пісьменства прайшоў пад дэвізам "Слова нас аб'ядноўвае".


На святочнай сцэне сёлета.  Тыя, хто ўшанаваны Нацыянальная літаратурнай прэміяй

Кожны дзень мы маем зносіны адзін з адным. Часам, калі няма побач суразмоўцы, можам нават услых што-небудзь сказаць самому сабе, альбо нашым братам меншым, калі такія ёсць побач. Мы чытаем і пішам, гаворым  часам, не спыняючыся. Але на гэтым падарунку прыроды – што ні дзень валодаць словам  – звычайна не засяроджваемся. У рытме будняў, у спешцы скарачаем словы, перакручваем іх, лепім з іх нешта новае, выкарыстоўваем у мове жарганізмы, саромеемся слова ўзнёслага. Не ўслухоўваемся ў яго музыку, танальнасць, з якой слова вымаўляецца, забываем і пра тое, што гэта ж тая аснова, на якой будуецца ўся наша гаворка. Як і пра тое забываемся, што без слоў не было б словазлучэнняў, без словазлучэнняў не нарадзіліся б сказы, без сказаў не было б тэкстаў. Літаратурных у тым ліку. І тых, аўтары якіх становяцца пераможцамі ў дні такіх святаў, як ХХVІІІ Дзень беларускага пісьменства.

Нялішне ўспомніць, што першапрычынай для правядзення ў 1994 годзе Дня беларускага пісьменства з'явілася глыбокае разуменне значнасці Слова тымі людзьмі, хто ініцыяваў зараджэнне гэтай выдатнай традыцыі. Яна паспяхова працягваецца. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ паяднанасці беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, а таксама адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Паднавіўся да свята Капыль

Прыгадаем і пра тое, як у 1994-м 28 жніўня ў Полацку ўпершыню прайшлі ўрачыстасці ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку. А 26 сакавіка 1998 года быў прыняты Указ Прэзідэнта №157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь", які ўстанавіў, што Дзень беларускага пісьменства будзе штогод адзначацца ў першую нядзелю верасня. З таго моманту форум атрымаў асабліва шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.

Як і ў папярэднія гады, Прэзідэнт вітаў удзельнікаў свята і гасцей. Тэкст прывітання зачытаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час урачыстага адкрыцця Дня пісьменства.

Ужо напярэдадні журналісты ведалі, як будзе праходзіць свята. На прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да падзеі, апроч шматлікіх падрабязнасцяў, як усё пройдзе, гаварылася і пра тое, як змяніўся Капыль да знамянальнага дня. І мы гэта ўбачылі. Горад стаў больш прыгожым, сучасным, камфортным. Прыведзены ў парадак вуліцы і дамы, аб'екты сацыяльнай інфраструктуры. Акрамя таго, у горадзе з'явілася скейт-пляцоўка, кінатэатр. Капыль цяпер не пазнаць. І што галоўнае: новаўвядзенні – гэта не дэкарацыі толькі для свята, а інфраструктура для лепшага жыцця капыльчан і ў далейшым. Бо Капыль – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Ён размешчаны сярод курганоў на пагорыстай мясцовасці ў паўднёвых межах Мінскай вобласці. Сёлета горад святкуе 1015-годдзе, да таго ж горад яшчэ і сталіца абласных "Дажынак-2021".

Адна з фішак у Капылі – тэматычныя 3D муралы з выявай беларускіх пісьменнікаў, таленавітых ураджэнцаў Капыля, размешчаныя на будынку пошты. А побач з раённым краязнаўчым музеем усталявалі помнік Цішку Гартнаму. Літаратар стаў правобразам помніка "Майстар-гарбар", бо пачынаў ён сваю дзейнасць на радзіме менавіта з выраба скуры і ў такім выглядзе творцу ніхто не ляпіў, таму што з тых часоў захаваўся толькі адзін фотаздымак.

У скверы ўладкавалі Алею пісьменнікаў. Там з'явілася 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра ўсіх майстроў слова, якія нарадзіліся ў Капыльскім рэгіёне. Для кожнага аб'екта зрабілі ўнікальны QR-код, Адсканаваўшы які можна было ўжо ў Капылі атрымаць доступ да біяграфіі творцы і пазнаёміцца з творамі, якія ён напісаў. Дзень беларускага пісьменства-2021 быў поўны актуальнасці, тэхналагічных прарываў. 

 Святочныя моманты

 Святочныя моманты

Яшчэ адно QR-падарожжа – першы пешаходны квэст "Капыльскі рог". Пяць кіламетраў па Капылі праз народныя загадкі, малавядомыя факты пра пісьменнікаў і гісторыю горада – тое быў новы інтэрактыў свята. Зацікавіў ён больш за паўсотні ўдзельнікаў. Самым начытаным для пераадолення васьмі лакацый з заданнямі спатрэбілася амаль гадзіна. Знайсці свайго гераічнага продка можна было ў некалькі клікаў. У віртуальнай кнізе памяці на партале partizany.by ўвекавечаны імёны амаль 173 тысяч партызан і падпольшчыкаў часоў Вялікай Айчынная вайны, і кожны дзень база папаўняецца.

Асаблівую ўвагу надалі цэнтральнай плошчы, дзе падчас свята разгарнуліся асноўныя гулянні. Цэнтральную пляцоўку "Адзінства" аформілі ў адпаведнасці з зададзенай тэмай – на ёй былі прадстаўлены газеты і часопісы 1921-1939 гадоў пад назвай – "17 верасня – Дзень народнага адзінства". Адзін са значных праектаў, які прыцягнуў увагу наведнікаў экспазіцыі, новая кніга Уладзіміра Ліхадзедава – «17 верасня – Дзень народнага адзінства». Аўтар, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне», прэзентаваў плён сваёй працы аўдыторыі.

Цэнтральнай падзеяй у Дзень беларускага пісьменства стала, вядома ж, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Урачыстасць праходзіла на сцэнічнай пляцоўцы галоўнай гарадской плошчы. На адкрыцці фестывалю роднага слова віншаванні ляцелі нават з космасу. Алег Навіцкі, ураджэнец Беларусі, Герой Расіі, які ў гэты дзень знаходзіўся на касмічнай станцыі, звярнуўся да нас з віншаваннем. Таксама прагучалі прывітанні ад старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына, які, дарэчы, сказаў і пра тое, што Дзень пісьменства павінен стаць адпраўным пунктам для развіцця турыстычнага патэнцыялу Капыля. Віталі грамаду, міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін. Каля сцэны былі ўсталяваныя ВК-экраны, на якія трансляваліся праекцыі Млечнага шляху і раскідзістых дубоў, якімі так багатая Беларусь. І гэта было ўражлівае відовішча.

Узнагароды лаўрэатам прэміі перадалі Уладзімір Пярцоў і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Прэмія ўручалася ў шасці намінацыях. Пераможцам у намінацыі "Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі" стаў аўтар зборніка "Белае, чорнае і залатое" Віктар Шніп, а ўзнагароду ў намінацыі "Лепшы твор прозы" за кнігу "Парыж, Эйфелева вежа і ..." атрымаў Віктар Праўдзін.

Адзін з муралаў на будынку пошты

У намінацыі літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства перамагла кніга Аляксандра Карлюкевіча "Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі", а лепшымі публіцыстычнымі творамі названыя кнігі "Дыскрэтны падыход да назірання жыцця", "Мой фізмат" (серыя "Люстэрка лёсу") Аляксандра Радзькова.

У намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" перамагла кніга "Усіх мацней дабрыня" паэткі Валянціны Паліканінай. Дарэчы, у свой час Валянціна Паліканіна была супрацоўніцай нашага часопіса і рыхтавала годныя журналісцкія матэрыялы. У намінацыі "Лепшы дэбют" з кнігай "Насустрач Любові" прэмію атрымала Кацярына Стройлава.

"Штогод у Беларусі з'яўляюцца новыя таленавітыя пісьменнікі, займальныя творы, што з'яўляецца лепшым паказчыкам таго, што беларуская літаратура жыве. Сённяшняе свята – своеасаблівыя літаратурныя "Дажынкі", падчас якіх успамінаюць і ўшаноўваюць аўтараў і іх лепшыя творы. Нам ёсць кім ганарыцца", – сказаў Мікалай Чаргінец. У яго, дарэчы, на свяце яшчэ быў і бенефіс, творчая сустрэча з чытачамі, у часе якой прысутныя даведаліся, што творы пісьменніка перакладзены на 20 моваў свету, выдадзены агульным тыражом у 7 мільёнаў асобнікаў.

Заслужаная артыстка Беларусі Тамара Міронава і народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў

А вось што казаў Віктар Шніп: "Першыя творы я напісаў у 17 гадоў, у наступным годзе будзе сорак пяць як аўтару. Той і цяперашні я – абсалютна розныя людзі, але любоў да роднай краіны, радасць за яе і боль з-за падзей, якія адбываюцца ў ёй, заўсёды заставаліся цэнтральнымі тэмамі. Бо паэт заўсёды жыве тымі думкамі і мэтамі, якія хвалююць іншых жыхароў краіны, таму, напэўна, мае творы і адклікаюцца ў аўдыторыі. Рады, што атрымаў такую ўзнагароду, гэта вельмі высокая ацэнка майго майстэрства, прызнанне мяне як аўтара на ўзроўні краіны".

Дарэчы, Нацыянальная літаратурная прэмія заснавана была ў 2015 годзе. Арганізатары конкурсу – міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Дзень пісьменства стартаваў у 8.30 са святочнай службы, запальвання свяшчэннага агню ў храме Узнясення Гасподняга і яго перадачы на лампадкі і свечкі прыхаджан, пасля чаго адбыўся хрэсны ход удзельнікаў рэспубліканскай Навукова-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да святыняў" з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга.

Па QR-кодзе – больш інфармацыі пра вядомых землякоў

Вядома ж, усюды, дзе праходзіла свята, нам не выпала пабыць. Бо размах фэсту быў велізарны. Здавалася, пляцоўкі расцягнуліся па ўсім горадзе. На кожнай з іх віравалі, рухаліся гараджане і госці Капыля (падрабязна з тэматычнымі пляцоўкамі можна азнаёміцца на сайце www.belta.by). Да прыкладу, у паркавай зоне ля Капыльскай школы мастацтваў была адкрыта пляцоўка "Літаратурная кавярня", дзе можна было пачуць і песні, і вершы ўсіх ахвочых творча праявіць сябе.

На Рынкавай плошчы разгарнулася сцэнічная пляцоўка "Народныя таленты Міншчыны", дзе сваімі выступленнямі гасцей парадавалі аматарскія калектывы мастацкай творчасці. Там прайшла  і прэзентацыя брэндаў Капыльскага раёна, сярод іх традыцыя ткацтва ручнікоў, якая мае статус элемента Нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. А ў парку паміж ЗАГСам і музеем праходзіла выстава вырабаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў "Рамесніцкі гасцінец".

У зоне адпачынку абсталявалі пляцоўку "З гульнёй праз стагоддзі" з прыцягненнем гледачоў у беларускія народныя гульні, а таксама павільён з інтэрактыўнымі экспазіцыямі дзіцячых бібліятэк Мінскай вобласці. На вуліцы Жылуновіча гасцей свята чакала тэматычная пляцоўка, прысвечаная 80-годдзю з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа была добраўпарадкавана літаратурна-гістарычная галерэя – размешчаны крэатыўныя фотазоны і інсталяцыі, прэзентаваліся арт-праекты, арганізоўваліся экспромты і майстар-класы, віктарыны.

Паважаныя сябры!

Шчыра вітаю гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства.

Сёлета, у Год народнага адзінства, свята праводзіцца на прыгожай Капыльшчыне, дзе нарадзіліся многія знакамітыя дзеячы Беларусі.

У жыцці народа літаратура заўсёды была важнейшым сродкам пазнання свету і выхавання асобы. Творчасць Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Івана Мележа і іншых айчынных празаікаў і паэтаў, юбілеі якіх будуць адзначаны падчас форуму, з'яўляецца невычэрпнай крыніцай нацыянальнага гонару.

Дзякуючы нашым славутым класікам і новаму пакаленню таленавітай і патрыятычнай моладзі мы зберагаем гістарычную памяць беларускага народа, усталёўваем у грамадстве яго галоўныя каштоўнасці – сумленнасць, справядлівасць, талерантнасць, павагу да чалавека працы і вялікую  любоў да роднай зямлі.

Праўдзівае, адказнае і сумленнае роднае слова – залог кансалідацыі грамадства, на падмурку якога мы зможам і надалей паспяхова будаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну.

Жадаю ўсім удзельнікам і гасцям свята добрага здароўя, творчага натхнення, жыццёвай мудрасці і аптымізму.

Аляксандр Лукашэнка

 

Пасля абеда ў зоне адпачынку рэканструявалі Лаўскі бой. Ён адбыўся ў снежні 1942 года, калі нямецкія войскі пачалі наступ на брыгаду імя Клімента Варашылава. Адзін з партызанскіх атрадаў пад камандаваннем Вікенція Драздовіча вырашана было перакінуць на абарончыя пазіцыі. У няроўным баі загінула ўся група. Цаной сваіх жыццяў маладыя партызаны далі магчымасць эвакуяваць шпіталь і адбіць раптоўны напад карнікаў на мірных жыхароў.

Там жа непадалёку на працягу ўсяго дня праходзіў рэгіянальны фестываль гульні і гумару "Капыльскія пацехі", працавала тэматычная выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гумарыстычнага характару народных майстроў Мінскай вобласці.

Абсталявалі у святочным горадзе і спартыўныя пляцоўкі, дзе праходзілі спаборніцтвы па міні-футболе, футболе і спаборніцтвы па кулявой стральбе і дартсе, а на пляцоўцы на вуліцы Максіма Горкага прайшоў фестываль маладзёжных каманд па варкаўце і турнір па стрытболе.

Ля помніка "Майстар-гарбар

На свяце «працаваў» фестываль кнігі і прэсы. Ён уключаў у сябе тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі ды інтэрактыўныя пляцоўкі. Так, у павільёне "Памяць" праводзілася выстава гістарычнай кнігі, прайшлі сустрэчы з аўтарамі і навукоўцамі, прэзентаваўся праект "Партызаны Беларусі" Выдавецкага дома "Беларусь сегодня". Экспазіцыя літаратуры для дзяцей і падлеткаў, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы, віктарыны і гульні былі арганізаваны на пляцоўцы пад назвай - "Разам з кнігай мы расцём".

Кнігі пра традыцыі і звычаі Беларусі ды экспазіцыю традыцыйнага народнага касцюма раёнаў сталічнага рэгіёну можна было знайсці ў павільёне "Традыцыі і сучаснасць", прыняць удзел у аўтэнтычным вясельным рытуале і паглядзець на абрад "Цары", які ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Выстава кніг пра беларускую кухню і ежу, сустрэчы і майстар-класы з аўтарамі кулінарных кніг, дэгустацыя страў, прыгатаваных па рэцэптах з кніг беларускіх аўтараў, праходзіла на пляцоўцы "Гісторыя Беларусі на смак".

Урачыстае закрыццё XXVIІІ Дня беларускага пісьменства адбылося на галоўнай сцэне. Гэта быў не зусім звычайны канцэрт у нашым звычным уяўленні, а крэатыўнае дзеянне ў выглядзе падачы саўндтрэкаў па беларускіх кнігах. Нам прадставілі не проста песеннае выкананне, а сумяшчэнне літаратурных твораў і канцэртных нумароў.

Эстафету Дня пісьменства Капыль перадаў Добрушу. І ў 2022-м свята паедзе ў Гомельскі рэгіён. І хоць гэты фэст запомніцца сваёй цыфравізацыяй, тэхналагічнасцю, сучаснасцю, на працягу свята падчас літаратурнага марафону было рэалізавана шмат традыцыйных кніжных выданняў. Кніга па-ранешаму застаецца ў пашане. Бо новенькі пераплёт і пах друкарскай фарбы на яе старонках інтэрнэтам не замяніць. Да таго ж, у перагортванні старонак кнігі ёсць своеасаблівая магія.

Інга Ліхтаровіч

Па матэрыялам БелТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.