Вы тут

Дзень, які аб’ядноўвае


Суверэнітэт Беларусі і яе нацыянальныя інтарэсы наш непарушны прыярытэт, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас круглага стала на тэму «Дзень народнага адзінства як сімвал кансалідацыі беларускага народа», які прайшоў у Нацыянальным гістарычным музеі. Удзельнікамі круглага стала сталі члены Савета Рэспублікі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі Мінгарвыканкама, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, кіраўнікі цэнтральных сродкаў масавай інфармацыі, моладзь.


БЕЛТА

БЕЛТА

Як вядома, прапановы заснаваць дадзенае свята прагучалі ў лютым бягучага года на VI Усебеларускім народным сходзе. Менавіта ў гэты дзень — 17 верасня — у 1939 годзе пачаўся Польскі паход Чырвонай Арміі, у выніку якога адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР.

Выступаючы падчас круглага стала, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўдакладніла:

— Увосень 1939 года беларускі народ, раней гвалтоўна падзелены ва ўгоду чужым кан’юнктурным палітычным інтарэсам, уз’яднаўся ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Прэзідэнт адзначаў, што «памяць аб гэтай падзеі жыве ў сэрцах беларусаў, таму што яна стала актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі». Менавіта таму 17 верасня стаў важным днём у гісторыі беларускай дзяржавы і нацыі, своеасаблівым адпраўным пунктам для новага адліку беларускай дзяржаўнасці.

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што Дзень народнага адзінства асабліва значны для Беларусі як для суверэннай дзяржавы, якая самастойна вызначае шлях свайго гістарычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, ажыццяўляе незалежную шматвектарную знешнюю палітыку на аснове добрасуседства, узаемапавагі і неўмяшання ва ўнутраныя справы. Спікер падкрэсліла: гісторыю краіны піша народ. «Але мы павінны пісаць яе праўдзіва для таго, каб праз шмат пакаленняў або праз некалькі гадоў -10, 20, 30, 50 — казалі праўду пра той час, у якім мы жывём. І мы разумеем, як важна захаваць гэтую гістарычную праўду. Важна, што захаваліся арыгіналы дакументаў. І іх мы бачым на выставах, якія разгарнуліся па ўсёй краіне», — рэзюмавала Наталля Качанава .

БЕЛТА

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што суверэнітэт Беларусі і яе нацыянальныя інтарэсы — непарушны прыярытэт. «Але не ўсім гэта падабаецца. Спробы расхістаць сітуацыю ў краіне прадпрымаліся неаднаразова. Падзеі 2020 года ў чарговы раз прадэманстравалі, наколькі крохкі мір і парадак. Але мы, з’яднаўшыся вакол нашага лідэра, Прэзідэнта, змаглі пераадолець пагрозы каляровай рэвалюцыі. Мы не дапусцілі дэстабілізацыі дзяржаўных інстытутаў і абвальвання эканомікі. Гэтая дата — яшчэ і сімвал перамогі для тых, хто хоча бачыць Беларусь мірнай, моцнай і незалежнай. Незалежнасць краіны залежыць ад кожнага з нас. Захаваць суверэнітэт, спакойнае і стваральнае жыццё на сваёй зямлі — наш святы абавязак. Калі мы хочам жыць у міры і дабрабыце, то павінны зрабіць усё магчымае для развіцця і росквіту роднай Беларусі», — канстатавала Наталля Качанава .

Удзельнікі круглага стала таксама адзначалі, што ўмацаванне адзінства народа Беларусі і дасягненне грамадскай згоды з’яўляюцца сёння вызначальнымі фактарамі далейшага развіцця краіны, а захаванне гістарычнай памяці — прыярытэтнай задачай для палітыкаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Усё гэта і выяўляе маральны дух народа Беларусі, нацэленага вырашаць найважнейшыя гістарычныя задачы. У выступленнях падкрэслівалася, што ў краіне праводзіцца паслядоўная дзяржаўная палітыка па ўмацаванні міру і фарміраванні духоўнага адзінства беларускага грамадства. «Усебакова абмеркаваўшы актуальныя праблемы захавання гістарычнай памяці пра падзеі, якія адносяцца да ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай у 1939 годзе, іх значнасць для кансалідацыі беларускага грамадства і дзяржавы ўдзельнікі круглага стала лічаць мэтазгодным адзначыць наступнае: згуртаванасць, салідарнасць і паразуменне беларусаў, аб’яднаных гісторыяй, традыцыямі, культурай і агульным духам павагі і роўнасці, заўсёды былі галоўнымі каштоўнасцямі для нашага народа, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — Сімвалам адзінства беларускай нацыі, які назаўжды замацаваўся ў яе гістарычнай традыцыі, з’яўляецца дата 17 верасня 1939 года. У гэты дзень пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, у выніку якога была адноўлена гістарычная справядлівасць у дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе ўмовамі Рыжскай мірнай дамовы. Глыбока заканамерна, што менавіта дата 17 верасня вызначана ў якасці дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства, —  якое  павінна стаць магутным каталізатарам актывізацыі беларускай палітыкі памяці, надаць ёй дадатковы імпульс. Сёння Дзень народнага адзінства ўвасабляе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі, нязломнасць нашай дзяржаўнасці, згуртаванасць і падтрымку курсу Кіраўніка дзяржавы па абароне нацыянальных інтарэсаў і ўмацаванні грамадзянскай згоды».

Падчас працы круглага стала ў Нацыянальным гістарычным музеі

ЯЎГЕН ПЯСЕЦКІ

Удзельнікі круглага стала звярнуліся да ўсіх, хто неабыякавы да лёсу Айчыны, хто любіць Беларусь: прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць галоўную каштоўнасць — адзінства і згуртаванасць народа, мір і спакой на беларускай зямлі. «У гэтым сіла суверэннай Беларусі і падмурак  яе квітнеючай будучыні», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У сучасным свеце вельмі важна адзінства нацыі, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава па выніках круглага стала:

— Я проста ўпэўнена, што Дзень народнага адзінства павінен быць такім святам, якое будуць святкаваць не толькі пакаленні сучаснасці, але і тыя пакаленні, якія будуць ісці за намі. Таму што гэта наша гісторыя, нашы карані. І таму, што ў сучасным свеце вельмі важныя адзінства народа, нацый, свая суверэнная краіна.

Дарэчы, працы круглага стала папярэднічала адкрыццё тэматычнай выставы «17 верасня — Дзень народнага адзінства». Рэспубліканскі музейны праект падрыхтаваны Нацыянальным гістарычным музеем і абласнымі музеямі. Экспазіцыя была прадстаўлена падчас цырымоніі адкрыцця выставы з дапамогай тэлемоста.

У Дзень народнага адзінства амаль усе дзяржаўныя ўстановы праводзілі розныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да свята. Вось і Нацыянальны гістарычны музей зладзіў тэматычную выставу. Аб задумцы выставы распавёў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой:

— Да Дня народнага адзінства наш музей падрыхтаваў выставачны праект, звязаны з падзеямі аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР. У 1921 годзе наш народ па-жывому падзялілі мяжой, перасекчы якую было амаль немагчыма. Наша выстава паказвае шлях беларускага народа да аб’яднання. Гэта матэрыялы прэсы Заходняй Беларусі і БССР. Падзеі, звязаныя з паходам Чырвонай Арміі. А таксама адлюстраванне лёсаў людзей, якія ў той час жылі на тэрыторыі Беларусі, расказ  пра  іх міжканфесійнае  і міжнацыянальнае адзінства. Мы расказваем і пра перашкоды, якія давялося перажыць беларускаму народу на шляху да адзінай нацыі, адзінай тэрыторыі. Таксама можна даведацца пра дзеячаў, якія імкнуліся да аб’яднання, напрыклад, пра старшыню Савета народных камісараў Аляксандра Чарвякова.

Матэрыялы выставы расказваюць аб вызваленчай барацьбе, якая вялася на тэрыторыі Заходняй Беларусі, аб дзейнасці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, Беларускай сялянска-рабочай грамады, Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Члены гэтых арганізацый падвяргаліся пераследам і арыштам з боку тагачасных польскіх уладаў, аб чым сведчаць шматлікія дакументы і фатаграфіі. У асобнай вітрыне можна ўбачыць рэчы, што належылі вядомаму палітычнаму дзеячу Заходняй Беларусі Сяргею Прытыцкаму. На выставе экспануюцца шматлікія плакаты, транспаранты, улёткі, якія прыадкрываюць гістарычныя вехі  палітычных падзей таго часу ў Заходняй Беларусі.

Уладзімір Ліхадзедаў. БЕЛТА

Акрамя таго, на выставе прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя побыту беларускіх сялян, Таварыству  беларускай школы, культуры і адукацыі. Тут можна ўбачыць школьныя падручнікі, сшыткі, фотаздымкі, дакументы, якія сведчаць аб тым, што да 1939 года ў Заходняй Беларусі не было ніводнай школы з беларускай мовай навучання дзяцей.

Безумоўна, вылучаецца на выставе і маляўнічае палатно, напісанае беларускімі мастакамі Ісаакам Давідовічам і Яўгенам Ціхановічам. На ім адлюстравана важная падзея ў гісторыі Беларусі — пасяджэнне Народнага сходу ў Беластоку, якое заканадаўча замацавала ўваходжанне Заходняй Беларусі ў БССР.

Таксама падчас выставы была арганізавана прэзентацыя ўнікальнага выдання калекцыянера, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава, выкананага Выдавецкім домам «Звязда» пры падтрымцы міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

— Нам, магчыма, цяжка ўявіць, як беларускі народ сто гадоў таму прымусова падзялілі на дзве часткі, аднак пасля таго мы не перасталі быць адным народам. Больш за тое, нашы суайчыннікі з заходніх абласцей амаль 20 гадоў вялі актыўную барацьбу за права быць беларусамі. І менавіта з найбольш яркімі эпізодамі гэтай барацьбы можна пазнаёміцца на старонках новай кнігі Уладзіміра Ліхадзедава, — падкрэсліў падчас прэзентацыі выдання першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч.

У стварэнні гэтай выставы разам з Нацыянальным гістарычным музеем прымаў удзел гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў. Шмат рэчаў, якія складаюць экспазіцыю, знайшоў менавіта ён:

— Вядома, тут прадстаўлены таксама экспанаты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і Нацыянальнага гістарычнага архіва. З таго, што дадаў уласна я, назаву перш за ўсё друкарскі станок, на якім друкаваліся ўлёткі. Прадстаўлена і беларуская прэса 1921-1939 гадоў, якая выдавалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Там адлюстраванае жыццё беларусаў таго часу, іх праблемы, звязаныя з мовай, прызнаннем нацыянальнасці, закрыццём школ. Даволі цікавая, праўдзівая інфармацыя, якую, акрамя як з гэтых газет, больш нідзе не возьмеш. Таксама з маёй калекцыі на выставе прадстаўлены пісьмовыя прыналежнасці, якімі карысталіся жыхары як Заходняй, так і Усходняй Беларусі. І ўнікальная экспазіцыя, прысвечаная тагачаснай школе: тут і сшыткі, і алоўкі, і чарніліцы. У Польшчы існавалі беларускамоўныя гімназіі, але іх было мала. Такіх устаноў адукацыі не хапала. Па сшытках прасочваецца палітычная сітуацыя ў краіне: пачынаецца навучальны год 1939-га — вучань піша па-польску. Той жа самы сшытак у кастрычніку-лістападзе — і там ужо запісы на іншай мове.

У чым асаблівасць беларускай прэсы тых гадоў, з узорамі якой можна таксама пазнаёміцца на выставе? Як адзначыў Уладзімір Ліхадзедаў, у ёй пісалі аб праблемах, звязаных з адукацыяй, аб прыгнёце беларусаў, апалячванні: падчас перапісу насельніцтва ў графе «нацыянальнасць» пазначалі людзей як палякаў, хоць яны былі беларусамі.

А як жа наконт цэнзуры? Бо вострыя тэмы, відавочна, не падабаліся ўладам. Уладзімір Ліхадзедаў адзначае, што беларуская прэса не падвяргалася цэнзуры, бо час яе існавання быў зусім кароткі. Яе проста закрывалі. Год-два, магчыма, нават менш, і выдання няма. У некаторых выданнях наогул паспявалі выйсці толькі некалькі нумароў. Большая частка тых газет выходзіла на беларускай мове, менавіта кірыліцай.

Польскім уладам праўда, што гучала ў беларускай прэсе, натуральна, не падабалася. Між іншым, самае важнае, што ў розных заходнебеларускіх партый, нягледзячы на разыходжанні ў палітычных поглядах, меркаванне па беларускім пытанні было адзіным — аб’яднанне.

Аляксандр Піменаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».