Вы тут

Залежнасць ад інтэрнэту і лічбавы дэтакс. Як жыць без гаджэтаў?


4 кастрычніка ў лічбавым свеце адбыўся самы глабальны тэхнічны збой за ўсю гісторыю. На працягу 6 гадзін «маўчалі» ўсе самыя папулярныя сацыяльныя сеткі і месенджары: людзі не маглі абменьвацца інфармацыяй, посціць фота, пакідаць каментарыі, ставіць лайкі. На праблемы з доступам да звыклага спосабу зносін скардзіліся мільёны карыстальнікаў ва ўсім свеце. Цяпер усе папулярныя сэрвісы працуюць у штатным рэжыме. І пакуль эксперты шукаюць прычыну гэтага здарэння, а кампаніі падлічваюць каласальныя страты, мы пагаворым пра тое, чым пагражае чалавеку татальнае панаванне інфармацыйных тэхналогій і як пазбегнуць лічбавай залежнасці.


Мой суразмоўца нейрахірург, навуковы супрацоўнік РНПЦ анкалогіі імя М.М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БЕЛМАПА Гумен Гурбаніджад Гушанг. Падчас інтэрв’ю з доктарам мы добраахвотна адмовіліся ад карыстання смартфонамі і правялі паўтары гадзіны ў прыемнай і карыснай размове. Дачытайце наш матэрыял да канца, і вы даведаецеся, як дапамагчы сабе ў век інфармацыйных тэхналогій і якія інструменты ёсць у кожнага чалавека, каб праводзіць лічбавы дэтакс.

— У сучасным свеце інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ўсюды, куды ні глянь. Наколькі гэта татальнае карыстанне гаджэтамі патрэбна ў нашым жыцці, а галоўнае, бяспечна для нашага здороўя?

— Безумоўна, лічбавая рэальнасць мае два бакі медаля. Станоўчы бок датычыцца, перш за ўсё, сферы дакладных навук. Канкрэтна тых складаных вылічэнняў, якія раней прыходзілася выконваць чалавеку пры дапамозе доўгага разумовага працэсу на паперы і з алоўкам у руках. Гэта рашэнне шматузроўневых матэматычных і фізічных задач, інжынерныя разлікі, мадэляванне. Зараз жа пры дапамозе камп’ютараў са штучным інтэлектам гэтыя задачы вырашаюцца вельмі хутка і верагоднасць памылкі зводзіцца практычна да нуля. У медыцыне, дзякуючы лічбавым тэхналогіям, мы можам больш дакладна ставіць дыягназы і праводзіць вельмі складаныя аперацыі. Што датычыцца нашага жыцця падчас пандэміі, то менавіта лічбавыя тэхналогіі дапамаглі адаптавацца ў новай рэальнасці. З’явіліся такія паняцці, як дыстанцыйная праца і навучанне. Без цеснага кантакту людзі могуць весці звыклы вобраз жыцця і пры гэтым мінімізаваць рызыку заражэння каранавірусам.

— Безумоўна, гэта ўсё ідзе на карысць чалавеку. А ў чым сутнасць адмоўнага бока «лічбы» ў нашым жыцці?

— Адмоўны бок датычыцца здароўя чалавека. І тут трэба асобна разглядаць фізіялагічны і псіхалагічны складнікі.

Фізіялогія. Са з’яўленнем смартфонаў, якія мы бясконца трымаем у руках, стала часцей узнікаць такое захворванне, як артроз. Справа ў тым, што вялікі палец на руцэ не разлічаны на ратацыю. Яго асноўная функцыя — хапальная. Так было закладзена нашай прыродай. І калі мы трымаем смартфон і гэтым пальцам бясконца гартаем старонкі, у выніку набываем запаленне сухажылляў кісці. Яшчэ адно вельмі распаўсюджанае цяпер захворванне — астэахандроз пазваночніка. Чалавек доўга сядзіць за камп’ютарам і, як правіла, знаходзячыся ў лічбавым свеце, не заўважае час і не кантралюе нагрузку на сваё цела. Пастаяннае перанапружанне шыйнага аддзела пазваночніка прыводзіць да парушэння кровазвароту. Гэта паскарае працэс старэння пазваночніка. Акрамя гэтага, часцей узнікае варыкоз — праблема пашырэння вен ніжніх канечнасцяў, што характарызуецца цяжарам і ацёкамі ног. Зніжэнне зроку. Яркі экран і блізкая адлегласць паміж вачыма і гаджэтамі дае дадатковую нагрузку на вочы. Людзі раней пачынаюць карыстацца акулярамі. Парушэнне сну. Асабліва калі чалавек карыстаецца гаджэтам непасрэдна перад начным адпачынкам. Мірганне манітора і частая змена малюнкаў могуць выклікаць парушэнне фаз сну. І гэта далёка не ўсё. Як правіла, калі ў чалавека ўзнікаюць праблемы са здароўем, ён звяртаецца да доктара, каб ліквідаваць наступствы, а трэба перш за ўсё высвятляць прычыну.

Псіхалогія. Канешне, гэты складнік датычыцца моцнага ўздзеяння на наш галаўны мозг і мысленне. Лічбавая тэхналогія працуе такім чынам, каб выклікаць у чалавека залежнасць. Калі ён і хвіліны не можа правесці без гаджэта і віртуальнай рэальнасці, то, відавочна, мэта дасягнута. Сардэчна запрашаем у так званы лічбавы лагер! Гэты лагер мае свае асаблівасці: чалавек трапляе туды добраахвотна, стварае ў ім зону камфорту, па сваёй волі там знаходзіцца і не хоча ці не можа адтуль выйсці. Для лічбавага вязня ўзрост, пол, сацыяльны статус не маюць значэння: для ўсіх знойдзецца штосьці цікавае і прыцягальнае. Акрамя таго, у лічбавым лагеры чалавек можа быць такім, якім хоча, а не такім, якім ён з’яўляецца на самай справе. Што лепш: быць героем у сацыяльных сетках ці лузерам у рэальным жыцці? Адказ відавочны.

— Якім чынам адбываецца ўздзеянне лічбавых тэхналогій на чалавека, што дзеля знаходжання ў віртуальнай рэальнасці мы гатовыя ахвяраваць самым дарагім, што ў нас ёсць, — часам, зносінамі, здароўем?

— Навука даволі дакладна апісвае гэты механізм. Асноўную ролю ў ім адыгрывае рэтыкулярная фармацыя. Назва паходзіць ад лацінскіх слоў retіculum — сетка, formatіon — утварэнне. Рэтыкулярная фармацыя валодае шматлікімі важнымі для дзейнасці чалавека функцыямі. У межах нашай тэмы яе асноўная роля заключаецца ў фільтраванні інфармацыі, якая прыходзіць да нас. Вучоныя лічаць, што за дзень у наш галаўны мозг можа трапіць каля 30 гбайт інфармацыі. Справіцца з такім велізарным аб’ёмам нашаму галаўному мозгу дапамагае рэтыкулярная фармацыя. Як гэта працуе? Уявіце сітуацыю: на вуліцы размаўляюць два чалавекі, а побач з імі пачынае працаваць газонакасілка. Некалькі хвілін гук ад яе моцна раздражняе людзей, але яны працягваюць размову. Праз некаторы час перастаюць звяртаць увагу на гэты гук, хоць газонакасілка працягвае працаваць. Што адбылося? Рэтыкулярная фармацыя адфільтравала той гук, які для чалавека больш важны. У дадзеным выпадку гэта размова.

Што датычыцца механізму фільтравання інфармацыі, якая паступае ў нашую падсвядомасць, то ён больш складаны. Галаўны мозг мае асаблівасць у першую чаргу прапускаць тую інфармацыю, у якую ён больш верыць. Гэтую псіхічную функцыю ў сваіх карысных мэтах віртуозна выкарыстоўваюць стваральнікі рэкламы. Галоўная яе сутнасць заключаецца ў тым, каб людзі верылі, што, напрыклад, менавіта дадзеная зубная паста лепшая за іншыя. Далей вы ідзяце ў магазін і сярод дзясяткаў розных зубных паст выбіраеце менавіта тую, у эфектыўнасць якой вам дапамагла паверыць рэклама. Убачыўшы знаёмы цюбік, сігнал ад гэтай зубной пасты трапляе ў ваш галаўны мозг у першую чаргу. Такім чынам, вы яе набываеце. Вось так працуе рэтыкулярная фармацыя ў выпадку з успрыманнем інфармацыі.

— Такім чынам, атрымліваецца, што дзякуючы пэўнай інфармацыі чалавека можна замбіраваць і нават маніпуляваць яго паводзінамі?

— Дакладна так і ёсць. Калі чалавек трапляе ў так званы лічбавы лагер, мяняюцца яго паводзіны. Ён пачынае залежаць ад той крыніцы інфармацыі, якой давярае больш за ўсё. У сучасным свеце за гэты давер людзей разгарнулася сапраўдная вайна. Дзякуючы тэхналогіям, можна лёгка ўвайсці ў ваш дом, асабістае жыццё і паўплываць на мысленне і паводзіны. Уявіце: на працягу пэўнага часу чалавек татальна давярае толькі адной крыніцы інфармацыі. Праз некаторы час ён губляе адну з галоўных якасцяў галаўнога мозгу — крытычнае мысленне — і пачынае думаць тунэльна. Гэта значыць, бачыць жыццё і звязаныя з ім праблемы вельмі вузка. Згадзіцеся, падпарадкаваць такога чалавека пэўным карыслівым мэтам, матываваць яго на пэўныя дзеянні становіцца вельмі проста.

— Ці можна нейкім чынам супрацьстаяць інфармацыйным маніпуляцыям?

— Трэба навучыцца кантраляваць рэтыкуляцыйную фармацыю галаўнога мозгу. Збавенне ад праблемы пачынаецца з яе асэнсавання. Пасля гэтага варта звярнуцца да лічбавага дэтоксу ці ачышчэння. Неабходна заблакіраваць лічбавае ўздзеянне на галаўны мозг і адключыць сябе ад шаблонных паводзін. Не шукаць адказы на ўсе пытанні і праблемы ў інтэрнэт-прасторы, а пачаць думаць самастойна. Акрамя таго, браць інфармацыю не з адной, а з розных крыніц. Такім чынам, вы дапаможаце сабе захаваць навыкі крытычнага мыслення і будзеце атрымліваць больш карыснай інфармацыі.

— Каму патрэбны лічбавы дэтакс і што дае нам гэтая працэдура?

— Ён патрэбен усім, бо сёння няма людзей, якія хадзілі б без смартфона. Але ж у першую чаргу лічбавае ачышчэнне патрэбна дзецям. Згодна са статыстыкай, у 2018 годзе 56 % дзяцей у свеце пастаянна знаходзіліся ў інтэрнэце. І з кожным годам гэтая лічба павялічваецца. І тут менавіта бацькі дапамагаць сваім дзецям вылучаць правільныя жыццёвыя арыенціры, каб зразумець, што добра, а што дрэнна, чым рэальны свет адрозніваецца ад віртуальнага. Акрамя таго, лічбавы дэтакс дае нам паляпшэнне самаадчування і эмацыянальнага стану. З’яўляецца новы погляд на звыклыя рэчы. Мы становімся больш эфектыўнымі і актыўнымі ў сваёй дзейнасці.

— Якім чынам праводзіць лічбавы дэтакс?

— Пры наяўнасці дрэнных звычак з імі трэба змагацца. Асноўнае — гэта абмежаванні і самакантроль. Калі чалавек дарослы, усё ў яго руках.

— Заплануйце лічбавы дэтакс. Выбераце час, калі адсутнасць гаджэтаў не будзе для вас праблемай. Адпачынак дома, заняткі ў спартзале, прагулка ў парку, адпачынак на марскім узбярэжжы. Месца не мае значэння!

— Адключыце ўсе гаджэты. Паступленне інфармацыі ў галаўны мозг падчас дэтаксу неабходна выключыць цалкам, а не запаволіць. Не забудзьце пярэдзіць сваіх родных, што пэўны час з вамі не будзе сувязі. Аптымальна забараніць сабе раніцай і ўвечары на працягу 1,5–2 гадзін дакранацца да камп’ютара ці смартфона. Працягласць перыядаў без гаджэтаў можна паступова павялічваць. Такім чынам, вы зразумееце, што без інтэрнэту нічога жахлівага ў вашым жыцці не адбываецца.

— Перайдзіце да рэальных спраў. Займіцеся тым, што прынясе карысць вам і вашым блізкім. Калі вы мама, больш часу і ўвагі ўдзяліце дзецям. Калі вы муж, правядзіце гэты час з сям’ёй. Калі ёсць жаданне прысвяціць гэты час выключна сабе, займіцеся тымі справамі, якія даюць вам энергію, расслабляюць, напаўняюць пазітывам і новымі эмоцыямі. Гэта можа быць спорт, чытанне кніг, кулінарыя, рэальная сустрэча з сябрамі.

— Часова замяніце смартфон на кнопачны тэлефон. Калі падчас лічбавага дэтаксу (у адпачынку ці на прагулцы ў парку) вам жыццёва неабходна быць на сувязі, вазьміце з сабой кнопачны тэлефон.

Такім чынам, вы дадзіце сабе магчымасць адпачыць ад віртуальнага свету і ўсё роўна застаняцеся на сувязі. Каму трэба, той патэлефануе!

— Не адмяняйце лічбавы дэтакс. Калі вы не можаце абысціся без інтэрнэту на працягу 1,5–2 гадзін, выдзеліце хаця б 30 хвілін. Памятайце, што сістэматычнасць вашых дзеянняў пойдзе вам на карысць.

— Не кідайцеся на смартфон. Пасля лічбавага дэтаксу не вядзіце сябе як галодны чалавек, якога не кармілі некалькі дзён. Калі няма неабходнасці «завісаць» у інтэрнэце, то і не трэба.

P. S. Адмовіўшыся ад смартфонаў на паўтары гадзіны, доктар і журналіст пераканаліся: зямля па-ранейшаму круціцца, жыццё цудоўнае, і яно працягваецца. Ніякія лічбавыя тэхналогіі не заменяць духмяны водар гарачай кавы, цудоўны смак шакаладнай цукеркі і жывыя зносіны, якія даюць нам не толькі новыя веды, але і неверагодныя эмоцыі і добры настрой!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.