Вы тут

Лукашэнка: Простыя сем’і не павінны пацярпець з-за збеглых здраднікаў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыняць усе меры, каб простыя сем’і і працоўныя калектывы не пацярпелі ў выніку заходніх санкцый. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб процідзеянні санкцыйным мерам, перадае БелТА.


Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней было вырашана з перыядычнасцю раз у квартал, а калі трэба, то і часцей, сустракацца з урадам для абмеркавання пытанняў работы эканомікі.

«Нам трэба зрабіць усё, каб простыя сем’і і працоўныя калектывы ні ў якім разе не пацярпелі з-за нашых збеглых здраднікаў і іх заходніх спонсараў-куратараў. Якія бегаюць па Еўропе і Амерыцы і вымольваюць санкцыі супраць Беларусі», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Сёння ўжо ніхто не сумняваецца, што асноўнай мэтай гэтага ашалелага шантажу з’яўляецца не барацьба за нейкія міфічныя правы чалавека», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, мэта санкцый — устараніць прамых канкурэнтаў, разбурыць і разваліць ключавыя прадпрыемствы, удушыць у канчатковым выніку эканоміку Беларусі. «І, калі гаварыць адкрытым тэкстам, праз закрыццё заводаў і масавае беспрацоўе загнаць людзей у галечу, а ў лепшым выпадку — вывесці іх на вуліцы. Мы гэтага дапусціць не можам і не дапусцім», — звярнуў увагу Прэзідэнт.


Лукашэнка аб Расіі і процідзеянні санкцыям: разам мы можам больш

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што хоць санкцыі самі па сабе з’яўляюцца выклікам для эканомікі, але гэта момант адкрыць новыя магчымасці, мабілізавацца і дасягнуць выніку, нягледзячы ні на які націск. «Прыкладам таго з’яўляецца братэрская Расія. Ну закрылі, як яны падумалі (на Захадзе. — Заўвага БелТА). І Расія, адкінуўшы ўсякія нюансы, абярнулася ўнутр, паглядзела на ўнутраныя свае рэзервы і зрабіла гіганцкі крок наперад. Асабліва па тых напрамках, якія з сярэдзіны 90-х гадоў былі загублены», — сказаў Прэзідэнт.

«Слухайце, але разам мы можам больш. Я толькі што з Прэзідэнтам Расіі размаўляў (тэлефонная размова лідараў дзвюх краін адбылася раніцай 7 кастрычніка. — Заўвага БелТА). Ніякіх пытанняў. Мы можам, павінны, і Расія гатова да таго, што мы разам будзем супрацоўнічаць па ўсіх тых напрамках, па якіх трэба для Беларусі. Слова за намі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка заклікае не драматызаваць сітуацыю з санкцыямі

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што супраць Беларусі ідзе гібрыдная вайна і санкцыі — гэта яе эканамічны складнік. «Нам трэба не толькі аператыўна і зладжана рэагаваць на ўсе выклікі, але і актыўна прымаць прэвентыўныя меры. Шукаць шляхі выхаду з існуючага становішча, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Эканоміка ў нас адкрытая, больш як на 60 працэнтаў завязаная на экспарт і знешнія рынкі».

Ён згадаў, што перад нарадай сустракаўся са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам: «Мы аднадушна заявілі аб тым, што нам трэба аднаўляць той узровень адносін, які ў нас быў, і значна паляпшаць яго».

Што датычыцца заходніх санкцый, Прэзідэнт падкрэсліў, што не схільны драматызаваць сітуацыю. «Як мне прэм’ер-міністр дакладвае, і ва ўрадзе няма ніякай драмы. Настрой на процідзеянне санкцыям мне падабаецца. Так мы і павінны працаваць. Калі ёсць нейкія праблемныя пытанні, дык давайце будзем іх вырашаць. Мы ўжо прывыклі да розных санкцый, не першы раз з імі сутыкаемся. Чарговыя спробы абмежаваць і запалохаць нас паварочваюцца супраць бізнесу і эканомікі той краіны, якая ўводзіць санкцыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ўжо адчулі на сабе і Прыбалтыйскія краіны, і Польшча, і Украіна. Мы па многіх каналах падтрымліваем кантакты з прадстаўнікамі гэтых дзяржаў, і яны ў адзін голас пра гэта гавораць. Ды і не толькі яны».

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь геаграфічна знаходзіцца не дзесьці ў вуглу планеты або якога-небудзь рэгіёна, а на самым скрыжаванні. «І закрыць краіну, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, немагчыма. Гэта вар’яцтва», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь заўсёды была надзейным партнёрам на знешніх рынках.

«Мы асабліва ўважліва глядзім на Афрыканскі і Азіяцкі рэгіёны, дзе жыве 5,5 млрд чалавек — 70 працэнтаў насельніцтва (свету. — Заўвага БЕЛТА)», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што цяперашняя сітуацыя для Беларусі — гэта выклік, пэўны выхад з зоны камфорту. «Але ў той жа час гэта момант адкрыць новыя магчымасці, мабілізавацца і дасягнуць выніку, нягледзячы ні на які націск», — сказаў ён. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў вопыт Расіі, якая ва ўмовах спроб санкцыйнага націску павярнулася ўнутр і зрабіла гіганцкі крок наперад па шэрагу напрамкаў. «Слухайце, але разам мы можам больш», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Адносна эканомікі Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вынікі работы за восем месяцаў адчувальна вышэйшыя за прагнозныя лічбы і па аб’ёмах вытворчасці, і па экспарце, і па даходах насельніцтва. «Я ўжо гаварыў: ключавая задача — захаваць гэту дынаміку да канца года. І гэта будзе велізарны поспех, калі не подзвіг», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці знаходзяцца ў такім жа напружанні кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, як разгарнулася МЗС, ці ёсць вынік ад пасольстваў і гандлёвых прадстаўнікоў.

Асобна ён запатрабаваў далажыць аб сітуацыі ў калійнай, нафтавай і авіяцыйнай галінах. У прыватнасці, на якой стадыі дамоўленасці з Расійскай Федэрацыяй па марскіх партах і па адкрыцці новых маршрутаў, не забываючы і пра старыя.

«Улічваючы, што ва ўрадзе створаны спецыяльныя групы, прашу інфармаваць вельмі канкрэтна і па сутнасці. Калі неабходна вырашаць пытанні (а цяпер іх трэба вырашаць хутка), не павінна быць ніякай валакіты. Усе пытанні павінны вырашацца ў максімальна кароткія тэрміны», — папярэдзіў Прэзідэнт.


Каментарый у тэму

Гаворачы з журналістамі пра перспектывы супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў сферы транзіту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў у наступным годзе, першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы падкрэсліў, што дастаўка гэтых тавараў да заказчыка будзе ажыццяўляцца зыходзячы ў першую чаргу з эканамічнай мэтазгоднасці. «Ніхто не кажа, што гэта спыніцца.

Я сказаў бы, што гэта такія псіхалагічныя заявы ў інтэрнэце. Бізнес расставіць усё на свае месцы. Патрэба сусветнага рынку ў гэтых прадуктах расставіць усё на свае месцы», — сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Ён заўважыў, што на долю беларускага калію прыпадае больш за 20 % сусветнага экспарту. Пакідаць рынак без беларускай прадукцыі, а значыць, абвальваць яго немэтазгодна як з пункту гледжання сусветнай харчовай бяспекі, так і з пункту гледжання бізнесу як такога, звярнуў увагу Мікалай Снапкоў. Паводле яго слоў, сярэдні кошт доўгатэрміновых кантрактаў — крыху больш за 200 долараў за тону калію. Пры заключэнні спотавых здзелак кошт калію за тону сёння дасягае 1 тысячы долараў.

«Скажыце, фермерам, сельгасвытворцам свету патрэбна такая цана? Калі будзе такая цана асноўных інгрэдыентаў ураджаю, то якая будзе цана збожжа, соі? Думаю, што ў канчатковым выніку цвярозы розум пераможа і калій будзе прадавацца на рынку і далей», — падсумаваў Мікалай Снапкоў.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.