Вы тут

Мультфільмы як навука пра жыццё


Таццяна Кубліцкая — вядомы рэжысёр-пастаноўшчык і мастак-пастаноўшчык, сцэнарыст анімацыйнага кіно. Гледачам, думаю, няцяжка ўзгадаць яе мультфільмы, дзе і «Паданне пра гуслі», «Азбука небяспечнасцяў», «Піліпка», «Сараканожка», і шэраг іншых якасных і цікавых работ. У іх пануюць дабрыня, шчырасць і любоў да людзей, традыцый і ўсяго жывога. На наступным тыдні 12 кастрычніка іх стваральніца адзначыць свой 65-ы дзень нараджэння. А напярэдадні юбілею ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала выйдзе чарговы выпуск праграмы «Кадры жыцця», які будзе прысвечаны імянінніцы. Таццяна Кубліцкая скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1981 годзе. Праз два гады, у 1983-м, пачала працаваць як мастак-пастаноўшчык анімацыйных фільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм», а пасля з 2009 года стала рэалізоўваць сябе і як рэжысёр-аніматар. Прапаноўваем згадаць пяць работ творцы, якія варта глядзець і абмяркоўваць усёй сям’ёй.


Вясна ўвосень (2015)

1. «Паданне пра гуслі» (2019).

Гісторыя пра маленькага хлопчыка, які адпраўляецца на пошукі свайго бацькі, што сышоў на бясконцую вайну. І вось юны герой знаходзіць цэлае войска, воіны якога рыхтуюцца да чарговага змагання. Тады, каб нагадаць рыцарам пра іх родных і любімых, пра мірнае жыццё і пакітутыя дамы, хлопчык пачынае іграць ім на гуслях...

2. «Азбука небяспечнасцяў» (2016, 2018).

Першая гісторыя пра маленькіх хатнічкаў і іх дзядулю, якія вучаць дзетак змагацца з беспарадкам і наводзіць чысціню, аберагаць сябе ад рознай небяспекі, хвароб, убачыла свет у 2016 годзе. А пасля ў 2018-м з’явіўся працяг прыгодніцкага мультфільма. ...Зіма. Хатнічкі Бакуня і Чаруша катаюцца на санках, якія ламаюцца падчас аднаго са спрытных з’ездаў. Тады нашы героі крочаць у хлеў па інструменты, каб адрамантаваць сапсаваную рэч. Аднак дамавічкі не заўважаюць і нават не падазраюць, што за імі назіраюць злая Мурза і яе слугі — павучкі. Яны і выкрадаюць Бакуню з Чарушам, каб тыя прыслужвалі і распавядалі казкі.

3. Вясна ўвосень (2015).

Мультфільм зняты па матывах аднайменнай казкі Уладзіміра Караткевіча. ...Маленькі Янка цяжка захварэў. Адзінае, чаго хлопчыку вельмі хацелася, — убачыць сонейка, але дзень выдаўся непагодлівы. Тады сястра Янкі папрасіла сонейка паказацца, толькі яно не пачула дзяўчынку. А потым здарыўся цуд, бо птушкі і звяры, якіх маленькі хлопчык ніколі не крыўдзіў, прыйшлі Аленцы на дапамогу. Усе разам яны заспявалі вясеннія песенькі — і сонейка прачнулася!

4. Дзяўчынка з запалкамі (1996).

Дзяўчынка з запалкамі (1996)

Экранізацыя па матывах аднайменнага апавядання Ханса Хрысціяна Андэрсена пра дзяўчынку-сірату, якая напярэдадні Раства вымушаная прадаваць запалкі, каб зарабіць сабе на кавалак хлеба. Але людзі, што займаюцца перадсвяточнымі турботамі, не заўважаюць болю і пакут маленькага чалавека. Яны праходзяць міма, каб хутчэй апынуцца ў сваіх утульных дамах, за святочным сталом. А дзіця пра гэта магло толькі марыць. Аднак часам адзіная мара дае надзею альбо збаўленне ад пакут...

5. Дзіўная вячэра на Куццю (1999).

Яшчэ адна гісторыя з тых, што здараюцца перад Калядамі. Як вядома, гэта час неверагодных падзей, калі спраўджваюцца мары. Так і гэтым разам, здавалася б, маленькая непрыемнасць з разбітым слоікам смятаны становіцца нагодай для хлопчыка і яго маці здзейсніць добры ўчынак. Яны разам дораць сапраўднае свята беспрытульным кацянятам.
Дарэчы, у год 50-годдзя беларускай мультыплікацыі Музей гісторыі беларускага кіно дае магчымасць сваім наведвальнікам пазнаёміцца з творчасцю вядучых майстроў Студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». І з 2 да 31 кастрычніка 2021 года (па суботах, нядзелях ці па заказе) у кіназале музея дэманструецца персанальная рэтраспектыва найлепшых работ рэжысёра і мастака-пастаноўшчыка Таццяны Кубліцкай. Акрамя згаданых намі, у яе творчай біяграфіі ёсць яшчэ шмат адметных кінаработ, якія варта і цікава ўбачыць і дзецям, і дарослым.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.