Вы тут

Як у сельсавеце Бярозаўскага раёна рэалізуюцца сацыяльна значныя праекты


У цэнтральнай частцы аграгарадка Пескі неўзабаве вымалюецца прыгожая зона адпачынку. І пачаткам яе стала дзіцячая пляцоўка, адкрыццё якой запланавана на другую палову гэтага месяца. Зараз ідуць работы па ўстаноўцы гульнявога комплексу. «Клопаты па добраўпарадкаванні былой пусткі, на якой размесціцца пляцоўка, падыходзяць да завяршэння», — кажа старшыня Пескаўскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр ШЫМЧУК.


Фота: pixabay.com

Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады, гэта іх сумесная работа з мясцовым фондам «Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна» і фондам «Партнёрства ў дзеянні» Белаазёрска. Разам рэалізоўваецца ініцыятыва па выкарыстанні новых форм і метадаў для аказання сацыяльных паслуг сельскім жыхарам Бярозаўскага раёна. Дзіцячая пляцоўка — гэта другая частка вялікай работы па рэалізацыі згаданай ініцыятывы. А першай справай у гэтым кірунку стала стварэнне мабільнага будаўнічага атрада «Майстравы» і вясковага кааператыва «Сельскі майстар».

Прадстаўнікі фондаў сустрэліся з зацікаўленымі вяскоўцамі, найперш тымі з іх, хто пакуль не мае пастаяннай працы, і прапанавалі стаць «Майстравымі». За сродкі фонду куплены мотакосы, якімі двое першых працаўнікоў атрада даглядаюць навакольнную тэрыторыю. Мужчыны косяць траву ў грамадскіх месцах, а таксама аказваюць паслугі жыхарам вёсак. І, што цікава, першыя месяцы паслугі аказваюцца бясплатна. Зразумела, што касцы найперш дапамагаюць састарэлым, адзінокім жыхарам вёсак, тым, хто найбольш мае патрэбу ў дапамозе. Яны яшчэ дровы пілуюць, колюць. Ну і, вядома, такая работа адыгрывае пэўную рэкламную ролю. Людзі цікавяцца, калі можна будзе заказаць падобныя альбо іншыя паслугі ў прадстаўніка такой працоўнай брыгады. Старшыня сельвыканкама адзначыў, што ёсць папярэднія заяўкі на рамонт даху, іншыя работы па добраўпарадкаванні жылых дамоў і навакольнай тэрыторыі.

Як паведаміла Людміла БЯЛЕЦКАЯ, спецыяліст па рабоце з грамадскасцю ініцыятывы «Выкарыстанне новых формаў і метадаў для аказання сацыяльных паслуг сельскім жыхарам Бярозаўскага раёна», зараз вядзецца арганізацыйная работа па афармленні кааператыва «Сельскі майстар». Кааператыў будзе зарэгістраваны ва ўстаноўленым законам парадку і пачне працаваць на ўмовах гаспадарчага разліку. А для яго паспяховага старту і патрэбна рэкламная кампанія некаторых відаў работ, якая цяпер вядзецца. Вясковыя жыхары ўпэўняцца, што паслугі аказваюць якасна, своечасова, і пачнуць заказваць іх у кааператыве. Фонд жа бярэ на сябе абавязацельства набыць патрэбнае абсталяванне, каб можна было праводзіць пэўныя рамонтныя работы, апрацоўваць агароды і прысядзібныя ўчасткі, касіць траву.

У кастрычніку ў вёсцы запланаваны два семінары, на якія будуць запрошаны патэнцыяльныя працаўнікі кааператыва. Такіх з дзевяці населеных пунктаў сельсавета набіраецца нямала. Тыя з вяскоўцаў, хто не баіцца працы і мае вялікае жаданне знайсці пастаянную работу, атрымае яе. Ну а сельскія жыхары не будуць ламаць галаву ў пошуках сілы, якую можна наняць для той ці іншай работы.

Людміла Бялецкая падкрэсліла, што гаворка ідзе пра адну з ініцыятыў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізоўваецца Праграмай развіцця ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Беларусі. Знакавай падзеяй ініцыятывы стане адкрыццё ў Песках дзіцячай пляцоўкі, пра якую ішла гаворка ў самым пачатку. Мерапрыемства гэта яго арганізатары назвалі «Пескаўскай талакой», бо на падрыхтоўку да работы пляцоўкі запрошаны сем'і з дзецьмі. Вяскоўцы выказалі жаданне папрацаваць разам на добраўпарадкаванні, навядзенні прыгажосці на пляцоўцы, каб потым агульнымі намаганямі падтрымліваць яе, сачыць за захаванасцю і правільнай эксплуатацыяй абсталявання.

А калі рыхтавалі поле для будучай пляцоўкі, нарадзілася яшчэ адна ініцыятыва наконт таго, як пашырыць і палепшыць зону адпачынку. Побач з пляцоўкай ёсць вадаём, які з дапамогай мясцовай улады ачысцілі, прывялі ў парадак. Далей узнікла ідэя з часам устанавіць прыгожую альтанку, ды такую, што можна будзе ў летні час праводзіць урачыстую рэгістрацыю шлюбу. І гэтая ідэя можа стаць рэальнасцю, калі жыхары Пескаў возьмуцца за яе рэалізацыю талакой.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: З сель­скім май­страм і «Пес­каў­скай та­ла­кой»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.