Вы тут

Вандроўка па самым буйным вадасховішчы Беларусі


Паглядзіце на карту паўночна-цэнтральнай Беларусі — і заўважыце, што менавіта тут размешчана больш за ўсё «сініх ямачак». Гэта нам прывітанне ад старажытнасці, калі тут слізгалі Скандынаўскія ледавікі. Снуды, Дрывяты, Нарач, Мястра, Баторына, ніжэй — нешта доўгае, падобнае на кіта, які вось-вось перавернецца... Гэта ўжо дакладна не ледавік, а рукатворны аб’ект, да якога прыклалі шмат фізічнай сілы людзі з розных куткоў Савецкага Саюза. У Вілейскім раёне знаходзіцца самае буйное вадасховішча Беларусі.


«З’ездзім» у гісторыю

З Мінска ў Вілейку можна трапіць рознымі шляхамі. Найбольш проста — выехаць на Даўгінаўскі тракт, арыентуючыся на Ілью, затым збочыць на Вязынь. А можна падоўжыць дарогу, рухаючыся ў напрамку Маладзечна. У любым выпадку, дарога будзе весці вас між крутымі жоўтымі пагоркамі, якія змяняюцца густымі рыжымі радкамі сасонніка. Вёскі тут то мільгаюць на ўзвышшы, то хаваюцца ў цені лагчын — адны толькі дахі з комінамі тырчаць.

Аднак, які б шлях на Вілейку ні абралі, вы будзеце перасякаць мост, пад якім працякае акуратны прыгожы канал. Раю вам спыніцца і паназіраць: вада тут цячэ ўгару, у бок Мінска. Адказваючы сабе на пытанне, як гэта вада цячэ ўгару, здагадваемся: недзе працуе гідраэлектрастанцыя. І не адна.

Да пачатку 1980-х гг. Мінск меў патрэбу ў запасе вады. Дзе ўзяць? Кіраўніцтва разглядала некалькі варыянтаў: рэкі Пціч, Бярэзіна, вярхоўе Нёмана, аднак спыніліся на вяртлявай Віліі — гэты варыянт быў таннейшы, ды і якасць вады адпавядала нормам. Перакрывалі Вілію 8 верасня 1973 года. Але сама будоўля Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (далей — ВМВС) пачалася з 1968 года і завяршылася ў 1976-м — то-бок працягвалася амаль 10 год!

У кнізе «Памяць. Вілейскі раён» ёсць артыкул Вольгі Коласавай — выдатнага спецыяліста па «дзяржаве на Вяллі». Адтуль мы даведваемся, што ВМВС — «першы у рэспубліцы буйны гідратэхнічны комплекс па перакідванні сцёку басейна Балтыйскага мора ў цэнтральную і далей у паўднёвую часткі Рэспублікі Беларусь, г. зн. да басейна Чорнага мора. <...>

Сістэма ўяўляе з сябе комплекс складаных гідратэхнічных збудаванняў, якія ўключаюць Вілейскае вадасховішча, канал для перакідвання вады, шэраг штучных вадаёмаў на Свіслачы і адрэгуляванае рэчышча ракі да вусця яе левага прытока — ракі Волмы ўключна <...> Даўжыня галоўнага вадасцёку сістэмы складае больш за 200 км».

Каб размясціць вадасховішча, прыйшлося высякаць амаль 3300 гектараў лесу, пад знос пайшлі 8 вёсак і некалькі хутароў. Найбольш цяжка было пакідаць сваю зямлю тутэйшым сялянам. Альшанка, Касуцкае, Малмыгі, Пахомава, Рыбчына, Сенішча, Слабада і Ольшына — вёскі, якіх няма на сучаснай карце.

Побач з вёскай Снежкава, у напрамку Вілейкі, з правага боку вы ўбачыце макет празрыста-сіняй хаты, да якой вядзе невялічкі мост умоўнай ракі. Гэта мемарыяльны комплекс «Памяці былых вёсак». Ён складаецца з 13 валуноў, і ў кожнага ёсць сваё імя (табліца са спіскам населеных пунктаў, якія з нейкіх прычын зніклі з карты раёна). Адзін з камянёў у выглядзе паваленага звона — сімвалізуе цяжкі лёс пяці населеных пунктаў, спаленых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць тут валун, устаноўлены з прычыны затаплення васьмі вёсак.

«Можа, кароўка на радзіму пайшла?»

50 гадоў таму Раісе Соніч прыйшлося з’ехаць з роднай вёскі Рыбчына ў Вілейку. Як памедаміла Раіса Пятроўна, тады мясцовых жыхароў патрохі падрыхтоўвалі: ішлі размовы па вёсках не адзін год, аднак што канкрэтна тут збіраліся будаваць, людзі не ведалі. Калі моладзь была і не супраць такіх перамен, то для старых людзей гэта ўяўлялася сапраўды трагедыяй: з’язджаць з абжытага месца, кідаць гарод, хлявы, нарэшце, хату, у якой пражылі жыццё і ўжо прымеціў месца для вечнага спакою...А тут — з’язджай! Дзяржава падтрымлівала людзей: давала кватэры ў Вязыні (недалека ад Ільі) тым, у каго хата была занадта старая. Дамы, якія лічыліся адносна новымі і прыдатнымі для пражывання, пераносіліся рабочымі ў Вязынь і іншныя суседнія вёскі. Так, напрыклад, у Вязыні ёсць вуліца Рыбчынская. У Чыжэвічах, што на процілеглым беразе Віліі, ёсць вуліца Малмыжская. Многія ўвогуле з’язжджалі да родзічаў — у Вілейку, Маладзечна, а то і ў Расію.

— Раскажу вам такую гісторыю. Як мы перабраліся ў Вілейку, то ўзялі з сабой нашу цёцю і яе карову — даглядаць. Вось ужо і прыжыліся, уладкаваліся. Раніцою карову адправілі ў поле, а вечарам глядзім, а скаціны няма! Абшукаліся, дык суседзі нам кажуць: «Можа, яна на радзіму пайшла?» Паехалі на радзіму, і праўда: 20 кіламетраў ішла, не зблудзіла і вярнулася на роднае месца. Вось як бывае, нават жывёліна сумавала па нашым Рыбчыне.

Пасля адсялення людзі доўга ніяк не маглі сабрацца. Толькі праз 20 год тут, на беразе вадасховішча, адбудзецца сустрэча землякоў. На мерапрыемства, што арганізавала Раіса Соніч, у першы год прыехала каля 150 чалавек! Сустрэча натхніла былых аднавяскоўцаў, і надалей, кожны год на Троіцу, ладзіць мерапрыемства. Людзі стараюцца прыязджаць, каб ушанаваць памяць былых вёсак. У 2000 годзе каля в. Рыбчына быў устаноўлены помнік — камень з шыльдай і крыж.

Раісе Пятроўне Соніч — 72 гады. І сёлета яна не прапусціла магчымасці правесці дзень з землякамі, якіх, на жаль, з цягам часу становіцца ўсё менш і менш.

Як утвараюцца легенды

Нягледзячы на тое, што Рыбчына амаль не затопленая, двары тут пераехалі цалкам. Калі людзі з дамамі-каровамі-курамі перасяліцца паспелі ўсе, то з могілкамі было складана. Цалкам атрымалася перанесці толькі Пахомаўскія і Слабадскія могілкі. Ужо пасля сярод вілейскіх месцічаў ішлі чуткі, быццам тыя бачылі, як па вадзе плылі дошкі, падобныя на труны.

Хутчэй за ўсё, гэта былі часткі хлявоў. Аднак — так і ўтвараюцца легенды. Каб знайсці адказы, звяртаемся да сведкаў таго часу. Справа была не столькі ў фінансавых сродках, а, хутчэй, у спецыфіцы работы і фізічных магчымасцях. Для такога працэсу на Вілейшчыну запрасілі брыгаду спецыялістаў з Сярэдняй Азіі: урача і траіх рабочых. Раіса Пятроўна прысутнічала, калі пераносілі могілкі.

— Дзе якая магіла свяжэйшая, дык адразу ў труне пераносілі. Калі магіла вельмі даўняя — акуратна раскопвалі косці і клалі, як цяпер памятаю, у спецыяльную скрыню, пасыпаўшы хлоркай. Перад раскопкамі рабочым абавязкова рабілі ўкол — невядома, чым маглі хварэць нябожчыкі. Майго дзеда таксама перанеслі, як і астатніх, у в. Вязынь, цяпер гэтыя могілкі так і завуць — Рыбчынскія.

Золата Напалеона

Як толькі пачыналі будаваць водную сістэму, кіраўнікі праекта атрымалі пісьмо з Францыі. У ім французы прасілі нашых рабочых захаваць невялікі востраў, на якім, магчыма, спачываюць астанкі салдат арміі Напалеона Банапарта. Наша кіраўніцтва пайшло на сустрэчу, востраў (нават некалькі) і сёння можна ўбачыць на фоне серабрыстага вадаёма. Не адзін раз туды адпраўляліся па «скарбы» аматары прыгод: маўляў, дзе быў Напалеон, там без золата не абышлося.

Недалёка ад затанулых вёсак знаходзяцца куды больш старажытныя помнікі колішняга жыцця. У Малмыгах на поўдзень ад усходняй часткі вёскі на ўзвышшы калісьці была стаянка перыяду неаліту і бронзавага веку. У некалькіх месцах знаходзяцца сляды паселішчаў «каменнага часу». Раскопкі ў пачатку 1970-х гг. у Альшанцы прывялі археолагаў на стаянку эпохі неаліту і бронзавага веку, што існавала на адлегласці 3 км па левым беразе Віліі. У в. Рыбчына на прырэчным вале выявілі сляды паселішча, дзе выяўлены крэмневыя прыстасаванні і кераміка неаліту і бронзавага веку. Крыху далей, каля вусця ракі Ілія знойдзены два паселішчы позняга бронзавага перыяду.

Што сказаць — месца тут ладнае і даўно аблюбаванае яшчэ нашымі пра-прапродкамі!

Хто смяецца з рыбакоў?

Вада тут летам каламутная (з-за мноства водарасцяў), аднак людзей гэта зусім не бянтэжыць. Завітваюць сюды пешшу, на роварах не толькі вілейскія жыхары. Ахвотна прыязджаюць з суседніх вёсак, Маладзечна і нават з Мінска. Калі вы не на ўласным транспарце, то лепш сесці ў Вілейцы на гарадскі аўтобус, які давязе вас да канцавога прыпынку з частковым відам на ваду. А вось каб знайсці сабе месца на пляжы, трэба пахадзіць. Мы, пешыя турысты, ледзь выбілі сабе куточак — паўсюль трапляліся палаткі, ад дрэва да дрэва віселі вяроўкі, на якіх сушылася адзенне, на беразе тырчалі вуды, пахла шашлыком і бульбай... Сапраўдныя паселішчы для адпачынку!

На тэрыторыі вадасховішча знаходзіцца некалькі пунктаў кемпінга. Гугліце «кемпінг на вілейскім вадасховішчы» і цісніце на першыя спасылкі (кемпінг у Рыбчыне і інш.) . На сайце распісаны ўсе віды водных забаў (пракат лодак, катараў, квадрацыклаў) і цэны адпаведна. Даволі танна, у параўнанні са сталічнымі прапановамі. Калі вы без палаткі, можна пераначаваць у бочкападобным драўляным доміку на беразе (адзін з прыемных варыянтаў) — такая опцыя таксама ёсць.

...Паснулі мы тады хутка, пад спевы камароў, цвыркуноў і жабак. Раніцай мяне абудзіў чыйсьці смех, нават рогат. Спрасонку кажу мужу: «Вось людзі адпачываюць — як толькі сіл хапае ўсю ноч гуляць?!». Аказалася, гэта чайкі — лётаюць з боку вадасховішча і «смяюцца». Нібы здзекуюцца з рыбакоў, якія тут цікуюць у чаканні рыбы. Бо самі чайкі — не горшыя рыбакі!


Лічбы-факты!

  • 64,6 км2 — столькі займае Вілейскае вадасховішча, самае вялікае ў Мінскай вобласці;
  • 13 м — найбольшая глыбіня тут;
  • На вадасцёку ВМВС дзейнічае каля 1000 артэзіянскіх свідравін, палова якіх раззмешчана ў межах Мінска і яго наваколля.
  • Даўжыня Вілейскага вадасховішча — 27 км.
  • Сярод усіх вадаёмаў Беларусі, як прыродных, так і штучных, Вілейскае вадасховішча па размерах займае другое месца пасля возера Нарач.

Кацярына НАЗАРАВА

Фота дадзена архівам фонду Вілейскага краязнаўчага музея і аўтарам тэксту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.