Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Ажаніцца — трэба знаць...

Алесь Фаміч аўдавеў гадоў колькі таму і жаніцца зноў не спяшаўся: казаў, што ад сямейнага жыцця не грэх бы і адпачыць.


Чаму ён так стаміўся, ніхто не разумеў, бо дзеці ў яго раслі паслухмяныя, жонка была разумная і гаспадарлівая... Праўда, працавала медсястрой і таму, наглядзеўшыся ў бальніцы на хворых, адвучыла мужа ад папярос і гарэлкі, прывучыла да парадку. Так што застаўшыся адзін (сыны параз'язджаліся), Фаміч не занядбаў ні дом, ні падворак, не апусціўся сам: на яго па-ранейшаму заглядаліся мясцовыя жанчыны, найбольш — суседкі-удовы, развядзёнкі, дзеўкі-векавухі... Смялейшыя з іх нават заходзілі — падраджаліся нешта зрабіць, дапамагчы. Фаміч катэгарычна адмаўляўся — пакуль не захварэў: тры дні пластом ляжаў — такая была тэмпература! Чаго не перадумаў... І нават вырашыў, што калі выжыве, то будзе некага шукаць: у думках усіх знаёмых жанчын перабраў... Ніводная не падыходзіла! І тады Фаміч палез у шафу, выцягнуў адтуль прыхаваныя газеты са шлюбнымі абвесткамі. Што-нішто ён там пазначаў — ставіў птушачкі. Каля адной дык нават штук пяць...

Усе перачытаў, а той самай згоднай на пераезд бландзінцы, якая любіць дамашніх жывёлін,, дык нават пазваніў. А што — няхай пераязджае, хай нешта разводзіць тут, калі, вядома ж, захоча...

Для гэтага ім трэба было сустрэцца, і Фаміч сабраўся ў дарогу.

...Сям'я Эмы Пятроўны сустрэла яго з радасцю, гаспадар адразу ж правёў па кватэры... Хоць што там было паказваць? Чысценька, утульна, тры невялічкія пакоі («Наш, Эмы Пятроўны і дзіцячы», — так сказаў зяць), плюс цесная кухня. Затое стол...

Фаміч даўно так смачна не еў! І так не сядзеў, бо Эма Пятроўна — досыць маладая, прывабная — была побач і так уважліва слухала пра яго дом, пра сад і пчальнік, што ён не заўважыў, як усю гэту сям'ю паклікаў да сябе ў госці.

Новыя знаёмыя згадзіліся, як падалося, з радасцю, і Фаміч пачаў рыхтавацца. Як перад Вялікаднём, вычысціў хату, павесіў запасныя гардзіны і новую штору на дзверы, накупляў рознай смакаты, памяняў пасцель і нарэшце сустрэў гасцей.

З гонарам, з форсам паказаў свой дом (з выгодамі, з прасторнымі пакоямі), свой сад, кветнік, загончык канюшыны для пчол... Эма Пятроўна ва ўсе вочы глядзела і ўсё бліжэй прыпадала, прыціскалася да яго пляча...

Не маўчала і за сталом: і сама яна, і дачка, і зяць на розныя лады хвалілі гаспадара! Ён, як выглядала, мог папытацца, ці згодная Эма Пятроўна на пераезд? І калі ён будзе?

— А што адкладваць? Чаго чакаць? — замест цешчы адказаў зяць. — Вам жа не па 16? Пайду ў машыне рэчы забяру.

Адступаць Фамічу не выпадала, хоць усё далейшае ён бачыў як у сне. Пакінуўшы ў зале два вялізныя баулы ў клетку і нейкі досыць аб'ёмісты кашэль пад накрыўкай, зяць з дачкою адвіталіся і хутка з'ехалі. Памахаўшы ім услед, гаспадар з Эмай Пятроўнай вярнуліся ў хату. Яму трэба было пасядзець, сабрацца з думкамі, а ягонай госці (ці ўжо гаспадыні?) — адкрыць той кашэль і... выпусціць на волю двух лупатых-калматых сабак, якія тут жа панесліся па пакоях. Пры гэтым адзін, падняўшы нагу, зрабіў справу на новую шаўковую штору, другі пацягнуў пад ложак Фамічову любімую пантофлю.

— Ютачка, Цішык, вы што — ашалелі ад радасці? — услед ім шчабятала Эма Пятроўна. — Пайшлі да стала, я вас пакармлю.

— Можа, іх трэба на вуліцу ў будку? Ад Бобіка засталася, — знянацку спытаў Фаміч.

— Не-не, ні ў якім разе, — замахала рукамі Эма Пятроўна. — Яны са мною прывыклі спаць!..

А далей была цэлая лекцыя пра тое, што сабак вось такой пароды трымалі кітайскія імператары, што яна досыць рэдкая і вельмі прэстыжная, да таго ж гэта Ютачка палячыла ёй хворыя калені, а Цішык — вуха...

...Ноч у Фаміча была доўгая і трывожная, прычым на канапе і ў гасцёўні. Эма Пятроўна з сабакамі ўладкавалася ў спальні.

...Устала яна досыць позна. Узрадавалася гатоваму сняданку (хацела нават пацалаваць гаспадара, але той адгарадзіўся гарачай патэльняй) і пайшла выводзіць гуляць сабак.

Потым мыла ім лапкі, вычэсвала поўсць, надзявала Ютачцы штонікі, каб Цішык не падкраўся і не зрабіў чаго, бо малыя цяпер без патрэбы...

Фаміч глядзеў на ўсё, слухаў, злаваўся, пляваўся... Ён каторую ноч не спаў!..

А ўрэшце не вытрымаў. Сказаў жанчыне: «Прабач, але нічога ў нас з табою не выйдзе. Збірай свае рэчы, адвязу, дзе ўзяў».

...Дзверы, як і ў першы раз, адчыніў зяць, і радасці ў яго вачах не было ні на грам — хутчэй наадварот:

— Няўдачлівая вы мая, — сказаў ён Эме Пятроўне.

А Фамічу, па сакрэце, дадаў:

— Сёмы раз дадому прывозяць.

Ніна КАНДРАШОНАК,

г. Петрыкаў.


Не ўмееш піць — не пі

З вёскі ў горад, а потым назад — гэта пра нас, бо пасля школы мы з Алегам, маім будучым мужам, апынуліся ў Мінску. Тут вучыліся і працавалі, а калі выйшлі на заслужаны адпачынак, пакінулі кватэру дзецям і вярнуліся ў хату мужавых бацькоў, у вёску, дзе чыстае паветра, дзе пад вокнамі лес і невялічкі ставок, свая гародніна, куры, дзе любілі праводзіць канікулы нашы дзеці, а цяпер і ўнучкі...

Якраз яны гэтым летам прычапіліся да нас з просьбай расказаць, як нарадзілася іх мама, гэта значыць наша першая дачка. Муж паказаў мне кулак (маўчы, маўляў!) і сышоў, а я — села ўспамінаць. Ну чаму б і не? Дзяўчаткі вялікія (16+). Хай ведаюць, што ў жыцці здараецца ўсё, нават тое, чаго не хацеў бы.

...Такім чынам, наша сямейнае жыццё пачыналася ў інтэрнаце будаўнікоў, сярод якіх, асабліва зімой, квітнела п'янства. Казалі нават, што слова «строить» утварылася ад слова «стройць»: скінуцца, сцяміць на траіх. Вось яны і цямілі — пасля работы, у выхадныя.

Мяне гэта, вядома ж, насцярожвала, аднак Алег яшчэ перад вяселлем даў слова, што спіртным захапляцца не будзе (хіба што півам у гарачыя дні)... Я паверыла, бо трохі раней ён пабажыўся, што кіне курыць, і кінуў!..

Так што зажылі мы досыць дружна і шчасліва. У належны час я пайшла ў дэкрэтны.

А праз калідор ад нас — дзверы ў дзверы — з жонкай і сынам жыў Юра, Алегаў брыгадзір. З нейкіх сваіх прыкмет (жывот у мяне і праўда быў невялічкі) ён зрабіў выснову, што ў нас павінна быць дзяўчынка. Муж разлічваў на сына. Мужчыны пайшлі ў заклад — на літр каньяку.

І вось той дзень настаў: у пятніцу пад абед я на «хуткай» паехала ў радзільню. Пра партнёрскія роды і мабільнікі ў той час ніхто не чуў. На новым Алегавым аб'екце нават праваднога тэлефона яшчэ не было. Таму дома я пакінула запіску з адрасам раддома.

Досыць позна ўвечары вярнуўшыся з работы, Алег прачытаў яе і адразу ж кінуўся ехаць. Да яго далучыўся Юра. На хвост ім, у прадчуванні халяўнай выпіўкі, селі двое суседзяў-халасцякоў.

На месцы кампанія даведалася, што ў парадзіхі такой вось (а прозвішча ў нас досыць папулярнае) — хлопчык, прычым вагой у чатыры кіло і ростам больш за паўметра! Волат!

Нехта з халасцякоў прызнаў, што за такога (!) літра каньяку з Юры мала, і што на тыя грошы лепш купіць «чарніла». Ну каб з запасам было...

У выніку мужчыны ўзялі гарэлкі, у нашым пакоі селі «абмываць» новага жыхара і гуляць у карты на грошы. Той самы халасцяк выйграў 20 рублёў і тут жа аддаў іх на «працяг банкета», які ўрэшце і бліжэй да ночы разагнала Юрава жонка.

А назаўтра з саменькай раніцы ўсе чатыры «мушкецёры» сышліся зноў — выпілі піва (а ім, казалі, душу не падманеш), купілі віна...

Карацей, другая частка «Марлезонскага балета» магла б скончыцца, як і першая, але...

Акрыяўшы крыху пасля родаў, я з паста медсястры пазваніла ў інтэрнат: пахвалілася вахцёрцы, што ў нас з Алегам дачушка, і папрасіла паклікаць мужа. Цётка Ліда згадзілася сама пайсці ў наш пакой — занесці навіну, якая ну ніяк не змяшчалася ў Алегавай не зусім цвярозай галаве! Ён нават спытаў у цёткі Ліды, ці можа такое быць, каб дачка ў яго нарадзілася праз паўсутак пасля сынка?..

Давялося мне растлумачыць вахцёрцы, што тога ўчарашняга волата нарадзіла наша цёзка па прозвішчы...

Гэтая інфармацыя дайшла да Алега (сам ні да тэлефона, ні да раддома «дайсці» не змог) толькі ў нядзелю з раніцы. Тады ж да нас у інтэрнат прыехала мая мама.

Не ведаю, што ў іх была за размова, але з той пары яе зяць, жывучы ўсё ў тым жа інтэрнаце, не піў (нават «піва ў гарачы дзень»!) амаль тры гады, пакуль у нас не нарадзіўся сын. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Л. В.

Барысаўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.