Вы тут

Юны «кулібін» самастойна сканструяваў шматфункцыянальныя сельгасмашыны


Юны «кулібін» з аграгарадка Мічурынская Гомельскага раёна самастойна сканструяваў цэлую лінейку шматфункцыянальных сельгасмашын.


Сямнадцацігадовы Арцём Гулевіч ужо цяпер мае ўсе шанцы вырасці ў выдатнага інжынера-канструктара, а пакуль матывуе падлеткаў адарвацца ад камп’ютарных гульняў ды «лега», зараджае любоўю да тэхнічнай творчасці, якая не прызнае бар’ераў.

Інтарэс да тэхнікі і будовы механізмаў праяўляюць многія хлопцы, але не ва ўсіх хапае ўседлівасці, каб дамагчыся значных вынікаў. Безумоўна, важна, каб своечасова побач апынуліся людзі, якія дапамогуць добрай парадай, разаўюць захапленне юнага канструктара. Арцёму Гулевічу пашанцавала. Цяпер ён на трэцім курсе Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа, атрымлівае спецыяльнасць «тэхнік-механік». Кім хоча стаць, на каго будзе вучыцца — здаецца, ён гэта ведае, колькі сябе памятае. Кажа, з дзяцінства гуляў толькі з сапраўднымі жалезкамі. Захапляўся работай бацькі. Валерый Пятровіч амаль 20 гадоў працуе слесарам-наладчыкам на жывёлагадоўчым комплексе КСУП «Брылёва» Гомельскага раёна.

— У мяне змалку адно жаданне — майстраваць. Мяне і бацька гэтаму заўсёды вучыў, і настаўнік працоўнага навучання Брылёўскай сярэдняй школы Васіль Якоўчык. Чарчэнне, асновы механікі, — без гэтага ў канструяванні не абысціся. Мне цікава, як функцыянуюць розныя механізмы. Прыдумваў, як можна палепшыць іх работу. Калі ў 6 класе ў мяне з’явіўся мапед, я пачаў яго ўдасканальваць. На ўсе кішэнныя грошы купляў неабходныя прылады і дэталі. Многае падбіраў з тэхнікі, якая ўжо адслужыла свой тэрмін, — дзеліцца Арцём Гулевіч.

Ужо на 1 курсе каледжа юнак сабраў свой першы міні-трактар. Падчас яго зборкі адпрацаваў навыкі рэзкі па метале і зваркі. Апрабаваў агрэгат у рабоце на бацькоўскім прысядзібным участку. І адразу ж узяўся за новую зборку — больш увагі пачаў аддаваць функцыянальнасці машыны. Свой першы самастойна сабраны міні-трактар юнак прадаў. На яго, а потым і яшчэ на два новыя агрэгаты вытворчасці юнага канструктара, пакупнікі знайшліся вельмі хутка. Прыязджалі па яго тэхніку нават з іншых раёнаў Гомельшчыны.

Карысныя веды для зборкі механізмаў Арцём Гулевіч бярэ са спецыяльнай літаратуры і тэматычных ролікаў у інтэрнэце. Але сёння, прызнаецца, для яго на першым месцы — вучоба ў каледжы. Вучыцца, кажа, лёгка.

 

— Арцём — актыўны хлопец. Да таго ж ён мэтанакіравана пайшоў вучыцца на спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці». Адразу відаць, што яму цікавыя спецдысцыпліны, — адзначае куратар групы Арцёма ў каледжы Аксана Чкана.

Будучы тэхнік-механік не забывае пра сваю малую радзіму. У родным аграгарадку Мічурынская яго чакаюць як будучуга маладога спецыяліста КСУП «Брылёва» — тут добра ведаюць усю яго працавітую сям’ю. Хлопец атрымаў мэтавае накіраванне на размеркаванне ў гаспадарку. Не забывае Арцём і родную школу.

— Мінулай вясной я спецыяльна прасіў Арцёма, каб ён пад’ехаў да школы на сваім трактары і расказаў вучням пра працэс яго стварэння. Вельмі таленавіты хлопец — ганаруся ім, — дзеліцца настаўнік працоўнага навучання Брылёўскай сярэдняй школы Васіль Якоўчык.

Але ўжо цяпер Арцём нацэлены працягнуць вучыцца далей. Пасля заканчэння каледжа ён вырашыў, што як толькі асвоіцца на першым рабочым месцы, будзе паступаць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.

— Вядома ж, пайду далей вучыцца на інжынера-механіка. Без варыянтаў!- кажа Арцём.

Увогуле ж у юнака з Гомельскага раёна вельмі шмат планаў. Марыць працягваць канструктарскую дзейнасць і развівацца ў тэхнічнай творчасці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва героя і Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».