Вы тут

Алег Сільвестровіч: «Наркотыкі — зло, якое прыносіць боль людзям ва ўсім свеце»


Упершыню аб праблеме наркаманіі ў Беларусі загаварылі ў пачатку 1980-х гадоў, калі былі зафіксаваны факты масавага злоўжывання наркотыкамі сярод моладзі Светлагорска. Уступленне шэрагу краін Усходняй Еўропы ў Еўрасаюз абярнулася для нашай дзяржавы і рэзкім павелічэннем знешняй наркапагрозы. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, развітой транспартнай інфраструктуры, а таксама адкрытай граніцы з Расіяй, Беларусь усё часцей выкарыстоўваецца наркадылерамі як найбольш выгадны транзітны калідор для перамяшчэння забароненых псіхатропных рэчываў.


Аднак рэдка калі ім удаецца пазбегнуць адказнасці. За гады службы супрацоўнікі міліцыі навучыліся не толькі вылічаць нарказлачынцаў, а нават прагназаваць іх дзеянні. Як гэта ўдаецца ва ўмовах, калі большасць наркотыкаў рэалізоўваецца праз інтэрнэт, а таксама чаму на хітрасці нарказлачынцаў трапляюць дзеці, напярэдадні 25-годдзя структуры расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Алег СІЛЬВЕСТРОВІЧ.

— Алег Канстанцінавіч, калі параўноўваць з чалавекам, 25 гадоў — гэта ўжо не дзіця, але і аб пэўным жыццёвым вопыце казаць яшчэ рана. Што зроблена за час існавання ўпраўлення, чым ганарыцеся?

— У першую чаргу мы ганарымся сваім калектывам. За любым вынікам стаяць людзі. Яны адданыя сваёй справе, нават нягледзячы на спецыфіку нашай дзейнасці, якая часам і на шкоду сямейным адносінам. Работа па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, як правіла, вячэрняя. Людзі, якія рэалізоўваюць наркотыкі, у асноўным, каб схавацца, імкнуцца скарыстацца цемрай. Але і нам трэба заставацца незаўважанымі. Час ідзе — мяняюцца метады, формы нашай дзейнасці. Калі раней, прыкладна ў 90 % выпадках наркотыкі перадаваліся з рук у рукі, то цяпер (каля 80 % выпадкаў) яны распаўсюджваюцца шляхам закладак, выкарыстоўваецца пры гэтым інтэрнэт.

— І гэта, безумоўна, ускладняе вам задачу...

— Прычым кардынальна. Распаўсюджвальнікі наркотыкаў выкарыстоўваюць зашыфраваныя прапановы, як правіла, распрацаваныя спецслужбамі. Метадаў і спосабаў гэтых расшыфровак у нас, як і ў любой разведкі свету, пакуль няма. У той жа час мы таксама не стаім на месцы. Кіраўніцтва нас падтрымала, і цяпер у кожным абласным рэгіёне створаны аддзелы разведкі, вынікі працы якіх з году ў год даказваюць, што гэтае рашэнне было прынята невыпадкова.

— За гэты час, які ідзе толькі на тое, каб пацвердзіць дачыненне чалавека да распаўсюджання наркотыкаў, напэўна, можна раскрыць не адно іншае правапарушэнне?

— Так, у нашай дзейнасці свая спецыфіка — наркотыкі трэба даказаць. У любым выпадку, яны павінны быць выяўлены пры зламысніку. Або варта сабраць усе доказы, якія сведчаць, што канкрэтны наркотык належыць той ці іншай асобе. Падчас працэсу можа высветліцца, што такія выпадкі не адзінкавыя, таму правапарушальнікам на пэўны час удаецца пазбегнуць адказнасці. Аднак, як паказвае практыка, ненадоўга: прага лёгкіх грошай пераважае над розумам.

— Беларусь доўгі час з'яўлялася заслонай ад паступлення наркатычных сродкаў у сумежныя дзяржавы...

— Мы і сёння дакладна фіксуем каналы паступлення наркатычных сродкаў, праводзім вялікі сістэмны аналіз па міжнародных злачынцах, кантралюем іх перамяшчэнне. У межах выяўлення і ўстанаўлення асоб, якія гэтыя каналы арганізоўваюць, праводзім сумесныя мерапрыемствы з пагранкамітэтам, шчыльна ўзаемадзейнічаем з мытняй. У нас ёсць яркія прыклады папярэдніх затрыманняў, падчас якіх была канфіскавана самая вялікая партыя гераіну за гісторыю існавання ўпраўлення (каля 600 кілаграмаў). Нам удалося затрымаць усіх арганізатараў міжнароднай арганізаванай злачыннай групы, якая планавала даставіць наркотык у Еўропу. У цяперашні час па гэтым працэсе праходзяць судовыя пасяджэнні. Наркотыкі — зло, якое прыносіць боль людзям ва ўсім свеце, і, незалежна ад палітычных абставін, мы рабілі і будзем працягваць рабіць сваю справу.

— Ці не ўскладняе ўзаемадзеянне з іншымі краінамі сітуацыя, якая апошнім часам адбываецца вакол Беларусі?

— Вядома, ускладняе. Тыя еўрапейскія дзяржавы, з якімі мы суседнічаем, абмежавалі з намі свае зносіны, закрылі межы. Натуральна, гэта негатыўна адбіваецца на любой арганізацыі, якая праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Толькі бандыты карыстаюцца гэтым.

— Нестабільная абстаноўка цяпер і ў Афганістане, які з'яўляецца радзімай гераіну. Ці варта нам асцерагацца росту паступлення наркотыкаў з гэтага напрамку?

— Сітуацыю ў Афганістане мы трымаем на кантролі. Неўзабаве будзем сустракацца з прадстаўнікамі дзяржаў, якія суседнічаюць з гэтай краінай. Ужо пралічваем рызыкі, што адтуль можа павялічыцца паток наркатычных сродкаў. Калі раней мы асцерагаліся гераіну, то цяпер ёсць правераная інфармацыя, што з Афганістана пачалі паступаць і псіхатропныя рэчывы. Магчыма, у іх арганізаваны лабараторыі, адкуль будуць ажыццяўляцца спробы паставіць наркотыкі ў іншыя краіны. Беларусь — не выключэнне. З калегамі з АДКБ і ШАС мы будзем на гэтыя сітуацыі ўплываць.

— Дзякуючы тым прафілактычным мерапрыемствам, якія праводзіце, ці ўдалося стабілізаваць абстаноўку на ўнутраным рынку? Магчыма, зменшылася колькасць смяротных выпадкаў?

— Яшчэ ў 2019 годзе статыстыка ішла на змяншэнне. Мы разумелі, што гэта вынік нашай работы: з прафілактычнымі размовамі мы выязджаем у навучальныя ўстановы, працоўныя калектывы, дэманструем адпаведныя фільмы, запусцілі ролікі на радыёстанцыі. Мы разглядаем не толькі тых, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі, — навучэнцаў і студэнтаў, працуем і з бацькамі, каб яны маглі хутчэй заўважыць гэтую праблему і паўплываць. Аднак ёсць шэраг фактараў, якія сведчаць аб тым, што наркапагроза захоўваецца. Колькасць перадазіровак са смяротным зыходам, на жаль, у некаторых рэгіёнах краіны павялічваецца. Калі ўзяць апошні пяцігадовы перыяд, то не істотна. 70 % атручванняў, а таксама перадазіровак са смяротным зыходам адбываецца ад ужывання метадону. Як правіла, ахвярамі наркотыку становяцца асобы 25—30-гадовага ўзросту, якія раней былі судзімыя або стаялі на ўліку — у асноўным гэта наркаманы са стажам, якія ведаюць аб наступствах, але ўсё роўна набываюць і ўжываюць наркотыкі.

— А некаторыя, каб пазбегнуць адказнасці, прыдумляюць новае псіхатропнае рэчыва...

— У гэтым плане Беларусь, у адрозненне ад іншых постсавецкіх дзяржаў, стварыла сістэму, якая даволі эфектыўна функцыянуе. Незалежна ад таго, ёсць у нас сам наркатычны сродак або не, мы маем яго назву і формулу. Рыхтуецца ліст, накіроўваецца ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, і яго прадстаўнікі ўносяць гэты наркотык у пералік забароненых рэчываў. Гэтая працэдура можа займаць не больш за тры дні. У іншых краінах падобнае рашэнне прымаецца на працягу ад некалькіх месяцаў да паўтара года. Раней, несумненна, такая праблема была і ў нас. Сёння, калі мы нешта канфіскоўваем і пры правядзенні экспертызы не ведаем, што гэта (праўда, апошнім часам я не чуў аб такім), рэчыва аўтаматычна будзе ўключана ў пералік забароненых.

— Ці паўплывала на тэмпы распаўсюджвання наркотыкаў пандэмія?

— Адназначна. Межы зычыніліся — складаней стала пастаўляць наркотыкі. Яны адразу выраслі ў цане. Інтэрнэт-крамы, якія займаюцца рэалізацыяй наркатычных сродкаў, адчулі дэфіцыт у пастаўцы тавару і пачалі перакупляць яго адзін у аднаго ў межах краіны. З'явіліся тыя, хто, нягледзячы на абмежаванні, спрабаваў паставіць наркотыкі з-за мяжы. Мы гэтых людзей фіксавалі і разам з пагранкамітэтам затрымлівалі. Ковід паўплываў і на буйны наркатрафік: транспарт хадзіў радзей, больш пільна ажыццяўляўся догляд, таму арганізатары асцерагаліся накіроўваць забароненыя рэчывы праз нашу краіну. Аднак праз некаторы час гэтыя спробы ўсё роўна ажыццяўляліся. Канфіскацыя буйной партыі гераіну мытным камітэтам — таму сведчанне.

— Чаму ў пагоні за лёгкімі грашыма людзі не заўсёды ўсведамляюць адказнасць, якую панясуць за свае дзеянні?

— Сярод тых, хто арганізоўвае распаўсюджванне наркотыкаў, ёсць вельмі тонкія псіхолагі. Карыстаючыся даверлівасцю людзей, яны ўнушаюць ім, што займаюцца бяспечным відам дзейнасці. У любой прапанове, якую яны распаўсюджваюць праз сацыяльныя сеткі, фіксуюцца заробкі з вялікай колькасцю нулёў. Насамрэч усё адбываецца па-іншаму. Перш чым даць заданне раскласці наркотык, для таго каб быць упэўненым, што чалавек іх не падмане і не скарыстаецца ім сам, патрабуюць нешта ў заклад: напрыклад, пашпартныя даныя, якімі, калі нешта пойдзе не так, будуць шантажыраваць. Арганізатары не даплачваюць наўмысна, бо добра разумеюць, што кожны закладчык працуе нядоўга: на яго хутка выходзіць міліцыя. Закладчыкі ў наркабізнесе — расходны матэрыял. Прычым куратары самі могуць выдаць іх праваахоўным органам. Для іх абсалютна няважны лёс чалавека. Іх не цікавіць, што ў яго ёсць сям'я, што ён атрымае вялікі тэрмін і не хутка выйдзе на волю. Іх хвалююць толькі грошы. Аднак раней ці пазней наркадылеры панясуць адказнасць за свае злачынствы.

— Толькі лёс чалавека ўжо будзе зламаны. Прычым нярэдка гэта датычыцца і зусім маладых людзей...

— Існуе меркаванне, што да рэалізацыі наркотыкаў падлеткаў падштурхоўвае юнацкі максімалізм. Вядома, гэтага нельга выключаць. Ёсць нават прапанова ўстанавіць крымінальную адказнасць за збыт наркотыкаў з 16 гадоў (цяпер з 14). Мы супраць, бо рэалізатары гэтым абавязкова скарыстаюцца. У нашай практыцы ўжо ёсць выпадак, калі 13-гадовы падлетак пазбег адказнасці толькі з-за таго, што ён не дасягнуў адпаведнага ўзросту. Калі хлопцу споўнілася 14 гадоў, ён пераехаў са свайго рэгіёна ў Мінск, паступіў вучыцца ў сярэднюю спецыяльную ўстанову, знайшоў сабе дваіх таварышаў і арганізаваў збыт наркотыкаў. У выніку быў затрыманы і прыцягнуты да адказнасці.

— Што падштурхоўвае падлеткаў на парушэнне заканадаўства?

— Кожнае затрыманне таго ці іншага непаўналетняга аналізуецца. Праблема ў тым, што бацькі не ведаюць, чым займаюцца іх дзеці. Як паказвае практыка, мамам і татам з прычыны загружанасці не хапае часу на сваіх нашчадкаў.

— Калі закрануць другі бок дзейнасці ўпраўлення — супрацьдзеянне гандлю людзьмі, — нават мяркуючы па стужцы навін, тут сітуацыя складваецца лепш...

— У гэтым кірунку апошнім часам пераважаюць злачынствы, звязаныя з сексуальным складнікам. Трафікёры, якія знаходзяцца ў іншых дзяржавах, спрабуюць знайсці жывы тавар у асобе беларускіх дзяўчат. Як правіла, адбываецца гэта падманным спосабам: паабяцаўшы работу той жа афіцыянткі, дзяўчат прывабліваюць за мяжу, дзе прымушаюць займацца прастытуцыяй. Варта адзначыць, што тыя, хто на гэта пагаджаецца, прымаюць такое рашэнне добраахвотна. Асоб, якія ажыццяўляюць спробы заманіць за мяжу нашых дзяўчат, мы затрымліваем і даказваем іх дачыненне да гандлю людзьмі. Выпадкі, звязаныя з працоўнай эксплуатацыяй грамадзян, у нас практычна адсутнічаюць.

— Затое ўсё часцей даводзіцца чуць аб затрыманні міліцыяй педафілаў, у тым ліку «серыйных».

— За 8 месяцаў гэтага года выяўлена 629 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх. Устаноўлена 506 дзяцей, у тым ліку 245 малалетніх, якія сталі ахвярамі педафілаў. Часта за такімі злачынствамі стаяць сваякі або асобы, якія сумесна пражываюць з непаўналетнімі. Выяўленне фактаў сексуальнай эксплуатацыі дзяцей ускладняецца нежаданнем некаторых дарослых і саміх ахвяр злачынства расказваць аб гвалце, які адбыўся. Яны тлумачаць гэта тым, што калі інфармацыя стане камусьці вядомай, то рэпутацыя непаўналетняга і сям'і, дзе ён выхоўваецца, будзе сапсаваная. Гэта станоўча ўспрымаецца педафіламі, якія працягваюць здзяйсняць аналагічныя злачынствы ў дачыненні да іншых дзяцей. Дзеля сваіх мэт зладзеі актыўна карыстаюцца сучаснымі тэхналогіямі, таму бацькам варта звяртаць увагу на тое, чым займаюцца іх дзеці ў інтэрнэце.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Снежань сёлета чакаецца цяплейшым за звычайны. Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Снежань сёлета чакаецца цяплейшым за звычайны. Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

«Традыцыйна першы месяц зімы — самы цёмны і пахмурны месяц года». 

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.