Вы тут

«Вогненная» старонка ў стагадовай гісторыі першага беларускага ўніверсітэта


У 1941 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт рыхтаваўся адзначыць сваё дваццацігоддзе. У маі стартавалі дзяржаўныя экзамены. 21 чэрвеня распачала работу юбілейная навуковая сесія, разгарнулася святочная выстаўка, прысвечаная дасягненням факультэтаў. Але ўсе планы перакрэсліла вайна...

23 чэрвеня студэнты-хімікі, нягледзячы ні на што, здалі экзамен па спецкурсе. На 24 чэрвеня было запланаванае ўручэнне дыпломаў выпускнікам, аднак Мінск пастаянна бамбілі, таму заняткі ў БДУ ў гэты дзень вырашылі часова прыпыніць. Падрыхтоўчыя курсы і завочнае аддзяленне, дзе навучалася 200 і 1500 чалавек адпаведна, былі распушчаны.


Сходня, 1943 год.

Шыбеніца ў двары

— Адразу ж пасля выступлення па радыё Молатава пачаліся стыхійныя мітынгі, на якіх асуджаўся агрэсар. Не чакаючы павестак, студэнты і выкладчыкі пайшлі ў ваенкаматы. Толькі ў першыя дні вайны ў Чырвоную армію мабілізавалі 450 чалавек, у тым ліку 50 выкладчыкаў, — расказвае кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта БДУ Сяргей АЛЕКСАНДРОВІЧ. — А на сёмы дзень вайны ў сталіцу БССР увайшлі нямецкія войскі. Некаторыя студэнты гістарычнага і біялагічнага факультэтаў, калі пачалася вайна, былі не ў Мінску, праходзілі практыку: гісторыкі працавалі на археалагічных раскопках у Крыме, а біёлагі — у Белавежскай пушчы. Не маючы магчымасці вярнуцца дадому, большасць з іх з'явіліся на прызыўныя пункты па месцы знаходжання і ўступілі ў Чырвоную армію.

Паколькі БДУ, як і іншыя ВНУ Мінска, эвакуіравацца не паспеў, у рукі фашыстаў трапіла ўся ўніверсітэцкая матэрыяльная база. Універсітэцкі гарадок немцы занялі
29 чэрвеня. У яго будынках па вуліцы Савецкай размясціліся часткі СД, падвалы прыстасавалі пад турму, у двары ўстанавілі шыбеніцу. Будынак фізіка-матэматычнага корпуса заняла чыгуначная сувязь, у біялагічным корпусе спачатку знаходзіўся армейскі штаб, затым — камісарыят горада і вобласці.

Захопнікі пачалі вывозіць у Германію самае каштоўнае навуковае і вучэбнае абсталяванне, кнігі, музейныя калекцыі БДУ. Рэшткі ўніверсітэцкага абсталявання былі сабраны ў хімічным корпусе, які ўяўляў сабой «звалку ўніверсітэцкага гарадка».

Студэнты БДУ, 1943 год.

На акупаванай тэрыторыі засталося каля 780 выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ. Уладкавацца па спецыяльнасці маглі толькі медыкі. Астатнія ж прадстаўнікі навуковай інтэлігенцыі былі вымушаны працаваць настаўнікамі ў школах, машыністкамі, прачкамі, прыбіральшчыкамі, чорнарабочымі. Многія так і не змаглі знайсці хоць нейкую працу.

У 1942 годзе, калі стала зразумелым, што вайна будзе зацяжной, немцы на акупаваных тэрыторыях зрабілі чарговую, прычым вельмі настойлівую спробу прыцягнуць да супрацоўніцтва навуковую інтэлігенцыю. У чэрвені 1942 года было абвешчана аб стварэнні «Беларускага навуковага таварыства», ганаровым прэзідэнтам якога стаў гаўляйтар Беларусі Вільгельм Кубэ. Аднак жаданне фашыстаў «ажывіць» пад сваім кантролем навуковае жыццё наткнулася на пасіўнасць вучоных.

На першым месцы... навука

Не паспеў эвакуіравацца з Мінска найстарэйшы прафесар гістарычнага факультэта БДУ, акадэмік Мікалай НІКОЛЬСКІ. Газета «Правда» заказала яму артыкул, прысвечаны 20-годдзю БДУ. Якраз 22 чэрвеня раніцай ён пачаў пісаць, за гэтым заняткам і заспела яго вестка пра вайну. Мікалай Нікольскі з жонкай спрабавалі самастойна выйсці з палаючага горада, аднак былі вымушаны вярнуцца ў Мінск. У акупаваным горадзе вучоны апынуўся ў складанай сітуацыі, жыў з продажу сваіх рэчаў, галадаў, дапамагаў іншым, але ад працы на гітлераўцаў ухіляўся. Ён працягваў займацца навукай — за два гады напісаў манаграфію, якая была выдадзена ўжо пасля вайны.

— Большасць выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ, якія адмовіліся супрацоўнічаць з акупантамі, прынялі актыўны ўдзел у падпольнай рабоце, — расказвае Сяргей Александровіч. — У 1941 годзе ў Мінску і яго наваколлі дзейнічала больш за 50 падпольных груп, у 1942 годзе — ужо 100.

Мікалай Нікольскі прыгадваў: «Сярод маіх выпускніц па БДУ была адна мінчанка, якая перад вайной ужо чытала лекцыі па гісторіыі ВКП(б) на гістфаку педагагічнага інстытута, звалі яе Маша... Яна была ўцягнута ў партызанскую работу, працягвала сувязной. Яна ж і вывезла ўсю маю сям'ю з Мінска». Дзякуючы падпольшчыцы Марыі МАЛАКОВІЧ прафесар трапіў у жніўні 1943 года ў размяшчэнне брыгады «За Савецкую Беларусь». Але адправіць акадэміка на Вялікую зямлю хутка не атрымалася. Вучоны, які не вылучаўся добрым здароўем, выпрабаваў усе нягоды партызанскага побыту. Пры гэтым ён не пераставаў працаваць. У партызанскім атрадзе Мікалай Міхайлавіч перапісаў і адрэдагаваў тэкст сваёй манаграфіі, на вокладцы якой напісаў: «Пачата збіранне матэрыялаў 12.ІX.1941, пачата напісанне тэксту 16.ІІ.1942, скончана 18.ІІІ.1943 у акупаваным Мінску, у гонар Савецкай Радзімы. Канчаткова адрэдагавана і перапісана да 14.XІІ.1943 у партызанскіх атрадах Беларусі. У выпадку, калі я не дажыву да радаснай сустрэчы з Вялікай зямлёй, прашу маіх таварышаў па партызанскай зоне прыняць усе меры па дастаўцы гэтага рукапісу ў Маскву, у Акадэмію навук».

Студэнты БДУ, 1944 год.

Узнагарода — 3 тысячы марак

Былая студэнтка Нікольскага Марыя Малаковіч пераправіла з Мінска ў партызанскія атрады некалькі груп савецкіх грамадзян, у тым ліку і прафесараў БДУ Прыляжаева і Вятохіна, якія ўваходзілі ў групу Клумава. Марыя Фёдараўна вяла актыўную агітацыйна-прапагандысцкую работу, кіравала зборам для партызан армейскага абмундзіравання, зброі, звестак аб размяшчэнні нямецкіх войскаў. Напрыканцы 1943 года была схоплена і загінула ў засценках гестапа.

Студэнтка другога курса геаграфічнага факультэта Ніна АБРАМОВІЧ стварыла падпольную групу са сваіх аднакурснікаў. Яе ўдзельнікі ўладкаваліся працаваць на нафтабазу і перадавалі інфармацыю партызанам і падпольшчыкам. Члены групы былі раскрыты і арыштаваны. Сама Ніна памерла ў канцэнтрацыйным лагеры Асвенцім.

Супрацоўнічала з мінскім падполлем і Ніна ЛІСАВЕЦ, якая таксама да вайны навучалася на геаграфічным факультэце. У студзені 1944 года яе арыштавалі і адправілі ў канцэнтрацыйны лагер, а затым — на жалезныя руднікі ў Францыю. У маі яна змагла збегчы адтуль разам з іншымі вязнямі і ўзначаліла жаночы партызанскі атрад «Радзіма», які дзейнічаў на тэрыторыі гэтай краіны. За баявыя заслугі беларусцы было прысвоена званне лейтэнанта французскай арміі.

Студэнты і выпускнікі БДУ ўдзельнічалі ў арганізацыі падполля і ў іншых беларускіх гарадах. Так, студэнтка філфака Вара ВЫРВІЧ з'яўлялася сакратаром Добрушскага падпольнага райкама ЛКСМБ. За яе затрыманне камендант Добруша абяцаў тры тысячы марак, пяць пудоў солі і надзел зямлі.

Эшалоны пад адхон

Героем Савецкага Саюза стаў выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта БДУ Уладзімір ПАРАХНЕВІЧ. Спачатку ён уваходзіў у групу бабруйскага падполля, затым перайшоў у партызанскі атрад, дзе ўзначаліў дыверсійную групу, займаўся знішчэннем нямецкіх эшалонаў. Пры яго асабістым удзеле падрыўнікі пусцілі пад адхон на ўчастку чыгункі Бабруйск — Жлобін 21 варожы састаў.

Уладзімір ПАРАХНЕВІЧ.

Аднойчы Парахневічу давялося, седзячы вярхом на 50-кілаграмовай бомбе, якая не разарвалася і праляжала паўтара года ў зямлі, здабываць каштоўны для партызан тол для фугасаў. Кожны ўдар мог стаць апошнім... Вясной 1943 года, падчас аперацыі на чыгунцы, былі параненыя два падрыўнікі. Цэлым застаўся толькі Уладзімір Парахневіч. І ён змог, нягледзячы на фашысцкія патрулі і вясновае бездарожжа, на падводзе пераадолець 80-кіламетровы шлях за некалькі дзён і даставіць параненых у атрад.

З лістапада 1943 года Уладзімір Парахневіч быў палітруком роты 539-га атрада 9-й патрызанскай брыгады імя Кірава. Званне Героя Савецкага Саюза Уладзіміру Аляксеевічу было прысвоена 15 жніўня 1944 года. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён знаходзіўся на камсамольскай і педагагічнай рабоце ў Мінску. Займаў пасаду дырэктара СШ № 21. Быў удастоены звання «Заслужаны настаўнік БССР». Яго імем названая вуліца ў Мінску.

Міхаіл КАТЛАВЕЦ — выпускнік БДУ 1937 года. У Чырвонай арміі — з 1938 года. У 1941 годзе закончыў курсы малодшых лейтэнантаў пры Харкаўскім танкавым вучылішчы. Ваяваў на розных франтах, удзельнічаў у Сталінградскай бітве, у вызваленні Украіны і Малдовы, Румыніі і Балгарыі. Камандзір танкавага батальёна капітан Міхаіл Катлавец вызначыўся 7 студзеня 1944 года ў баі за чыгуначную станцыю Лелякоўка (на захад ад Кіраваграда), дзе знішчыў сем танкаў і адбіў шэсць контратак праціўніка. Падчас прарыву варожай абароны на румына-венгерскай граніцы 5 кастрычніка 1944 года яго батальён знішчыў пяць гармат, больш як 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. У наступным баі 6 кастрычніка Міхаіл Катлавец загінуў. А 24 сакавіка 1945 года яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ён пахаваны ў малдаўскім горадзе Ціраспалі ў брацкай магіле. Яго імем названы вуліцы ў Ціраспалі, Мазыры і вёсцы Лешня Мазырскага раёна.

Міхаіл КАТЛАВЕЦ.

З ліку студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ — удзельнікаў вайны — дванаццаці было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Сіламі студэнцкіх атрадаў і на сродкі, заробленыя студэнтамі, на тэрыторыі ўніверсітэта ў 1970-х гадах быў узведзены мемарыяльны знак у гонар тых, хто не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны. Ён уяўляе сабой значок-ромбік, які не паспелі атрымаць выпускнікі БДУ, рассечаны пасярэдзіне контурамі вінтоўкі. На знаку можна прачытаць наступныя словы: «Светлай памяці тых, хто з роднага ўніверсітэта пайшлі на свяшчэнную бітву з фашызмам і смерцю герояў палеглі ў бітве, каб вечна свяціла над нашай Радзімай сонца свабоды».

«Шпаргалкі — гэта здрада!»

Расказваючы пра ваеннае мінулае БДУ, нельга абмінуць увагай аднаўленне яго дзейнасці ў 1943 годзе пад Масквой. Апошняга рэктара Парфена Пятровіча Савіцкага, які паспеў эвакуіравацца з Мінска і працаваў на той момант дырэктарам педагагічнага інстытута ў Ніжнім Тагіле, выклікалі ў Маскву і ў лютым 1943 года аднавілі на ранейшай пасадзе. Некаторыя факультэты і курсы БДУ размясціліся ў будынках Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. А галоўны навучальны корпус — у памяшканні сярэдняй школы на станцыі Сходня Кастрычніцкай чыгункі. Выкладчыкі і студэнты пасяліліся ў 40 дачных доміках на гэтай жа станцыі. МДУ і іншыя маскоўскія ВНУ перадалі Беларускаму ўніверсітэту навучальнае і навуковае абсталяванне, падручнікі і дапаможнікі. Так, толькі МДУ вылучыў

18 тысяч тамоў рознай літаратуры. Да канца ліпеня 1943 года ўрад БССР устанавіў сувязь з 25 прафесарамі, 55 дацэнтамі, 24 старшымі выкладчыкамі з Беларусі. З іх на пасады ў БДУ папярэдне запрасілі 65 чалавек. Некаторых выкладчыкаў адклікалі з дзеючай арміі.

З партызанскіх атрадаў пераправілі акадэміка Мікалая Нікольскага, прафесараў Івана Андрэевіча Вятохіна і Мікалая Аляксандравіча Прыляжаева. Ваенную справу студэнтам выкладаў франтавік, будучы вядомы пісьменнік Іван Мележ, які працу спалучаў з вучобай.

Урачыстае адкрыццё на тэрыторыі БДУ мемарыяльнага знака ў гонар студэнтаў і выкладчыкаў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны.

Паведамленне аб аднаўленні дзейнасці БДУ было апублікавана ў «Правде» і ў «Настаўніцкай газеце», а таксама ў мясцовым друку. Ад ахвотных вучыцца паступіла больш чым 1380 заяў. У выніку атрымалася зрабіць набор на першы курс усіх шасці даваенных факультэтаў. Усяго залічылі 562 чалавекі: сярод іх былі і ранейшыя студэнты БДУ, якія паспелі эвакуіравацца, і дэмабілізаваныя па раненні або хваробе, а таксама маладыя людзі, якія скончылі сярэднюю школу ўжо падчас вайны.

Вучыліся студэнты добрасумленна. Не хапала паперы, замест яе выкарыстоўваліся газеты, шпалеры, канцылярскія кнігі. Студэнтка хімфака ўспамінала: «Шпаргалак не ведалі. Гэта было б здрадай перад ваюючымі аднагодкамі, якія гінулі». І выкладчыкі, і студэнты, акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, займаліся добраўпарадкаваннем жылля, перавозкай універсітэцкай маёмасці, працавалі ў канцылярыях і бібліятэках. Кожны студэнт адпрацоўваў адзін дзень у лесе, нарыхтоўваючы дровы для кухні. Акрамя таго, студэнты і выкладчыкі збіралі падарункі для савецкіх салдат і беларускіх партызан, а таксама грошы на авіяэскадрыллю «Вызваленая Беларусь», танкавую калону «За Савецкую Беларусь!». Некаторыя здавалі кроў для параненых байцоў Чырвонай арміі...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з архіва Музея гісторыі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».