Вы тут

У РТБД ідзе спектакль «Калека з вострава Інішман»


Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — адзін з самых моцных мінскіх тэатраў. Гэта і разнастайнасць спектакляў, зробленых па п'есах сучасных драматургаў, гэта і адмысловая ігра акцёраў. А таксама адсутнасць страху перад эксперыментамі. Тэатру беларускай драматургіі ўдаецца не ўпасці ў лубачныя, нізкапробныя спектаклі-аднадзёнкі. Вось і зноў на сцэне ідзе свежая пастаноўка «Калека з вострава Інішман». Якую сувязь маленькая вёска ў Ірландыі мае з беларускай літаратурай? І на якой мове трэба размаўляць з гледачом, каб ён цябе пачуў?


Каб лепш зразумець кантэкст «Калекі з вострава Інішман», трэба ведаць тое-сёе пра аўтара. Марцін МакДонах — сучасны драматург ірландска-англійскага паходжання. Ён не адносіць сябе да канкрэтнай нацыянальнасці. Гэта важны факт для ўспрымання яго п'ес: у аўтара няма мэты высмеяць ірландцаў, роўна як няма жадання абразіць англічан. «Калека з вострава Інішман» уваходзіць у «трылогію Аранскіх астравоў». Першы паказ спектакля адбыўся ў 1996 годзе і паспяхова ідзе па сёння ў розных тэатрах свету.

Ролю калекі Білі выконвае малады акцёр Аляксандр Ніканенка. Перад ім стаіць даволі складаная задача: трэба паказаць героя, які вымушаны вырашаць унутраныя і знешнія канфлікты, але пры гэтым акружэнне Білі не ўспрымае яго як паўнавартасную асобу. Менавіта гэта і падштурхоўвае героя Ніканенкі да актыўных, у нейкім сэнсе авантурных учынкаў.

Гледзячы на ігру акцёра, хацелася б адзначыць высокі ўзровень мастацкага пераўтварэння. На працягу ўсяго спектакля глядач бачыць нязручнага, «драўлянага» хлопца. А вось пасля заканчэння пастаноўкі на сцэну выходзіць зусім іншы чалавек. Безумоўна, запамінальны дуэт мэтраў — заслужанага артыста Беларусі Валянціна Салаўёва і народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель. Салаўёў выконвае ролю Джоні Пустабрэха — галоўнага пляткара вёскі. Таццяна Мархель жа іграе яго састарэлую маці-алкагалічку. Амаль усе камічныя сцэны спектакля будуюцца менавіта на рэпліках гэтай пары. Праз іх сямейную лаянку гледачы дазнаюцца і аб важных для сюжэта дэталях.

Вось Джоні Пустабрэх чытае сваёй састарэлай маці нататку ў газеце: нарадзілася авечка без вушэй.

— Авечыя дэфекты — вельмі цікавая тэма для навін. Самая лепшая тэма. Ну, акрамя хіба што сур'ёзных хвароб», — сур'ёзна кажа Джоні. Зала смяецца, а герой тым часам працягвае чытаць уголас:

— Тут вось здымак аднаго тыпу, ён прыйшоў да ўлады ў Германіі, у яго такія смешныя вусікі. Хлопец быццам нядрэнны, нягледзячы на вусікі...».

Смех у глядзельнай зале сціхае паступова: разуменне, аб кім ідзе гаворка, прыходзіць не адразу. Такая гульня з гледачом адбываецца на працягу ўсяго спектакля.

На сцэне няма ідэальна станоўчых герояў. Акцёрам трэба было паказаць персанажаў так, каб глядач, ведаючы аб іх негатыўных рысах, усё роўна суперажываў. Так, Малы Бобі, ролю якога іграе Мікіта Чабатар, мае праблемы з кантраляваннем гневу. Ён б'ецца з Джоні Пустабрэхам, разбівае галаву калеку Білі. Але дзякуючы маналогам мы даведваемся, што ў Малога Бобі памерла жонка. Гэта не апраўдвае яго ўчынкаў, але дазваляе зразумець псіхалагічны стан героя.

Нейкі час я спрабавала зразумець, чаму «Калека з вострава Інішман» захапляе гледачоў? Магчыма, справа ў тым, што многае там архетыпічнае, то-бок знаёмае кожнаму з нас на падсвядомым узроўні. Нават калі вы нічога не ведаеце аб Ірландыі пачатку ХХ стагоддзя, вы ўсё роўна будзеце счытваць і пазнаваць пэўныя коды. Бедная вёска недзе на краі Зямлі, галоўны герой, які здзяйсняе падарожжа ў вялікі свет і потым вяртаецца дамоў, мясцовы блазан і пляткар Джоні Пустабрэх, які ў пэўныя моманты ператвараецца амаль у святога. Гэтыя вобразы ўласцівы ўсёй сусветнай літаратуры. Ну і, вядома, галоўнае — гэта ўвага да «маленькага чалавека», суперажыванне, уменне ўбачыць у кімсьці з асаблівасцямі роўнага сабе. Менавіта з-за гэтага, калі я глядзела спектакль, успамінала фрагменты і «Людзей на балоце» Мележа, і «Міхаську» Цёткі.

Фінал п'есы хацелася б пакінуць у таямніцы, каб была прычына пайсці на «Калеку з вострава Інішман» у РТБД. Адзначу толькі дзве рэчы: Марцін МакДонах не рамантык і не ідэаліст, яго п'есы — гэта ўвасабленне рэалізму з рысамі чорнага, фарсавага гумару. Апошнюю сцэну рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Аляксандр Гарцуеў наўмысна змякчае, даючы Білі надзею. Рэжысёр зрабіў гэта далікатна, так, каб не атрымалася канфлікту з першакрыніцай. А вось што такога дадаў Гарцуеў, прапаную кожнаму даведацца асабіста.

Арына КАРПОВІЧ

Фота з архіваў РТБД

Загаловак у газеце: Тэатр, які не баіцца эксперыментаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.