Вы тут

Спадчына Панямоння. Восеньскае падарожжа па замках Гродзеншчыны


Восень пачала актыўна размалёўваць прасторы. Дрэвы імгненна ўспыхваюць жоўтым, чырвоным, аранжавым колерамі. За гэты час мы падабралі яшчэ адзін спіс лакацый, дзе можна атрымаць асалоду ад маляўнічых пейзажаў, даведацца шмат новага і цікавага, а таксама папоўніць галерэю ў тэлефоне дзясяткам неверагодных фота. Адпраўляйцеся ў старажытныя замкі!


На шчасце, у Гродзенскім рэгіёне іх звышдастаткова. Менавіта тут размясціліся 9 з 21 захаванага на тэрыторыі сучаснай Беларусі замкі. Для падарожжа можна выбраць цэлы маршрут або адправіцца ў той раён, у якім вы яшчэ не былі.

Пачаць прапануем з Гродна, дзе размясціўся Стары і Новы замкі, затым адправіцца ў Ліду (там крэпасць непасрэдна ў цэнтры горада), пасля чаго можна звярнуць у Наваградак (на Замкавай гары пазнаёміцца з вядомымі руінамі вежаў) і затым у бок мястэчка Любчы (Любчанскі замак узведзены на беразе Нёмана). Цэнтральнай кропкай, хоць не ў літаральным сэнсе, стане знакаміты Мірскі замак. Пасля яго можна рушыць на поўнач да Крэўскай і Гальшанскай крэпасцяў, якія захаваліся толькі часткова. Калі запал застанецца, абавязкова наведайце Геранёнскі замак, размешчаны ў Іўеўскім раёне, але ён, на жаль, цалкам у руінах. 

Падрабязней аб тым, у якім стане крэпасці цяпер і чаму гэта варта ўбачыць, расказваем ніжэй.


Стары замак

г. Гродна, вул. Замкавая 22

Упрыгожванне горада і адзіны каралеўскі палац у Беларусі. Аб’ект з’яўляецца ўнікальным з усіх бакоў, але трапіць на тэрыторыю замка пакуль немагчыма — унутры праходзяць рэстаўрацыйныя работы. Тым не менш, выгляд з суседняга ўзвышша, альбо з набярэжнай Нёмана стане выдатным пейзажам для фота.

Стары замак звязаны з найважнейшымі палітычнымі падзеямі, дзе вырашаліся лёсы не толькі нашай краіны, але і сумежных дзяржаў. Пасля таго як драўняны дзяцінец згарэў, князь Вітаўт узвёў Верхні замак з каменю. Пазней збудаванне мноства разоў перабудоўвалася, але апошнім спадчыннікам высакароднай крыві, якія начавалі ў пакоях палаца, быў польскі кароль Стэфан Баторый, які лічыў Гродна сваёй рэзідэнцыяй.


Новы замак

г. Гродна, вул. Замкавая 20

Гэта адна з галоўных славутасцяў Гродна. Палац адкрыты для наведвання, таму кожны жадаючы можа трапіць на пастаянную экспазіцыю або ў галерэю Сенатарскай залы.

Новы замак быў улюбёным месцам апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава II Аўгуста Панятоўскага, які спадобіў раскошу і ладзіў пастаянныя святы. Палац падзяляўся на некалькі частак, у адной з якіх размяшчаліся яго пакоі, а ў іншы ён праводзіў прыёмы. Тут праходзіў «Нямы сейм», падчас якога зацвердзілі другі падзел Рэчы Паспалітай. Менавіта тут Аўгуст Панятоўскі адрокся ад прастолу.


Лідскі замак

г. Ліда, вул. Замкавая 1, корп. 2

Крэпасць Лідскага замка размешчана непасрэдна ў цэнтры горада і ўяўляе сабой адзін з самых знакамітых відаў — высокія каменныя сцены і дзве масіўныя вежы. Тут, у двары, рэгулярна праводзяцца рознага кшталту экскурсіі, майстар-класы і сярэднявечныя гульні.

Старонкі гісторыі Лідскага замка пачынаюць сваё апавяданне з Вялікага Княства Літоўскага. Цытадэль была хутка пабудавана па загадзе Гедыміна і перажыла не адно нашэсце крыжакоў. У сценах замка спраўлялі вясельны баль 71-гадовы кароль Ягайла і 17-гадовая Сафія Гальшанская, а таксама загінуў Вялікі кароль польскі і князь літоўскі Аляксандр.


Навагрудскі замак

г. Навагрудак, вул. Малы Замак, 2

Сёння Наваградскую крэпасць пазнаюць па рэштках Касцельнай і Шчытавай вежаў. Часткова ўзвышаюцца над зямлёй фрагменты сцен і ўваходнай брамы. Некаторы час таму Касцельная вежа «апранулася» ў новую цэглу — яе закансервавалі. 

Наваградскі замак раней быў найбуйнейшым фарпостам і рэзідэнцыяй князёў Вялікага Княства Літоўскага. Першаснае пытанне, якое вырашаецца цяпер, — гэта ўмацаванне схілу Замкавай гары. З яе адкрываецца незабыўны від на невялікі ўтульны гарадок. 


Любчанскі замак

г. Любча, Навагрудскі раён

Крэпасць Кішак і Радзівілаў была пабудавана на мяжы двух архітэктурных эпох — готыкі і рэнесансу. Менавіта таму ў вонкавым выглядзе замка мудрагеліста пераплятаюцца рысы гэтых архітэктурных стыляў. Гістарычная славутасць паступова аднаўляецца і ператвараецца ў аб’ект міжнароднага турызму беларускімі валанцёрамі з дапамогай спонсараў і мясцовых жыхароў.
Пакуль жа замкавы комплекс можна аглядаць толькі са знешняга боку. Ён, як і ў ранейшыя часы, размяшчаецца на ўзгорку, таму купал галоўнай вежы добра бачны здалёк. Любчанскі замак размешчаны на беразе Нёмана. 


Мірскі замак

г. п. Мір, вул. Чырвонаармейская, 2, Карэліцкі раён

Больш за дваццаць гадоў Мірскі Замак значыцца ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, з’яўляецца помнікам гісторыі і архітэктуры сусветнага значэння. Таму крэпасць у Міры па праве стала візітнай карткай Беларусі і сапраўднай жамчужынай краю.

Замкавы комплекс можна назіраць з усіх бакоў — настолькі гэта манументальнае і велічнае збудаванне. У далёкім XVI стагоддзі падмурак замка заклаў яшчэ князь Ілініч, аднак крыху пазней крэпасць апынулася ва ўладаннях знакамітага роду Радзівілаў, якія ўнеслі ў яго будаўніцтва некаторыя карэктывы з даданнем дробкі найпрыгажэйшага рэнесансу.
Даследчыкі папярэджваюць аб каштоўных скарбах, якія знаходзяцца ў замкавых тунэлях. Наогул, падземных камунікацый у замку так шмат, што многія яшчэ не вывучаныя. Ёсць легенда, што слуга прыхаваў у тунэлі скарб і падарваў уваход.


Гальшанскі замак

аг. Гальшаны, Ашмянскі раён

Гальшаны часта называюць «музеем пад адкрытым небам», і гэта абсалютна справядліва. Тут знаходзіцца той самы «Чорны замак Альшанскі», пра які ўпершыню пачынаюць шаптацца ў школе, —магутнае радавое гняздо князёў Гальшанскіх, а пасля Сапегаў. Сёння ад Гальшанскага замка захаваліся толькі руіны, хоць калісьці замак уключаў у сябе цэлых шэсць вежаў, але да нашых дзён дайшла толькі адна з іх. Яе, дарэчы, аднавілі і адкрылі там музей, які распавядае пра гісторыю замка, а таксама назіральную пляцоўку, з выхадам ва ўнутраныя галерэі. Астатнія руіны пакуль не чапаюць, але дэталёва вывучаюць.

Важна ўзяць на заметку, што руіны замка Сапегаў у Гальшанах — гэта яшчэ і месца правядзення розных фестываляў і святочных мерапрыемстваў. Самым знакамітым з іх з’яўляецца фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак».


Крэўскі замак

аг. Крэва, Смаргонскі раён

Крэўскі замак таксама паўстае перад вандроўнікам ў руінах. Фрагменты сцен і вежы, якія дайшлі да нашых дзён, паступова руйнаваліся. Таму перш нас сустракае закансерваваная Княжацкая вежа, а пасля адноўленыя часткі сцен. Калісьці гэта была сапраўдная абарончая цытадэль.

Менавіта тут распрацоўвалася Крэўская унія, і менавіта ў гэтым замку крыху раней па загадзе Ягайлы быў задушаны князь Кейстут — сыну Кейстута Вітаўту тады ўдалося збегчы. Гэта была першая каменная крэпасць Вялікага Княства Літоўскага, дзеля яе на забалочанай тэрыторыі нават насыпалі штучную пясчаную выдму.


Геранёнскі замак

аг. Геранёны, Іўеўскі раён

Да нашых часоў Геранёнскі замак не захаваўся. Аднак, побач з аднайменнай вёскай можна знайсці руіны крэпасці канца XV — пачатку XVI стагоддзя. Уладальнікамі мінуўшчыны архітэктурнага хараства першапачаткова былі літоўскія магнаты Гаштольды. Лічыцца, што Геранёнскі замак быў адным з самых тэхнічна дасканалых на тэрыторыі Беларусі, паколькі быў непрыступнай крэпасцю. Таму ворагі спрабавалі яе знішчыць, але ніяк не захапіць.

На месцы замка захаваліся толькі равы, земляныя валы і невялікія фрагменты каменных цыліндрычных вежаў. Усе зарасло дрэвамі і хмызняком, а калі капнуць гісторыю глыбей, то можна знайсці не адну страшную і таямнічую небыліцу.

Замкі Гродзенскай вобласці дайшлі да нашых дзён у розным стане. І пералік неабходных работ па рэканструяванні вызначаецца індывідуальна ў кожным асобным выпадку. На першым месцы — захаванне.

Аліса СКІБА 

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.