Вы тут

Прыгажосць нашых валасоў і стрэсы


Часопіс Nature нядаўна апублікаваў даследаванне аб тым, як хранічны стрэс уплывае на прыгажосць жаночай прычоскі. Штуршком стала пандэмія COVID-19. Аказалася, што прыкладна чвэрць тых, хто перахварэў на каранавірус, пакутуюць ад страты валасоў. Аднак падчас даследаванняў спецыялісты прыйшлі да высновы, што звязана гэта не з уздзеяннем самога віруса, а з нервовым напружаннем, якое суправаджае хваробу.


Пры нармальным росце валасоў ужо на самым пачатку клеткі валасяных фалікулаў пачынаюць вельмі актыўна дзяліцца, пакуль не ўтворыцца ў валаску трывалы стрыжань. Затым актыўнае дзяленне прыпыняецца, надыходзіць фаза спакою, якая доўжыцца адносна доўга, пасля чаго валасок выпадае. І пачынаецца новая фаза росту новага валаска. У выпадках моцнага стрэсу вялікі працэнт клетак вельмі хутка пераходзіць у фазу спакою, што прыводзіць да страты адразу многіх валасоў.

Што рабіць, калі валасы выпадаюць?

Турбавацца варта, калі выпадае больш 50-100 валасоў штодня, і гэта становіцца для вас прыкметна. Звычайна мы не звяртаем увагі на страту валаскоў, бо на іх месцы з’яўляюцца новыя. Але раптам вашы валасы вытанчаюцца і радзеюць! Прычынамі могуць быць стрэс, лекі з пабочным эфектам, а таксама частыя ўкладкі складаных прычосак. Іншы раз выпадзенне валасоў сведчыць аб праблемах са шчытападобнай залозай.

У выпадках моцнага раптоўнага выпадзення валасоў пажадана пракансультавацца з урачом, які падбярэ лячэнне ў залежнасці ад тыпу валасоў і стану арганізма.

Узмоцненае выпадзенне валасоў, абвастрэнне себарэйнага дэрматыту сёння часцей за ўсё з’яўляюцца вынікам пандэміі COVID-19. Спецыялісты адзначаюць, што гэтыя праблемы непасрэдна звязаны з эпідэміяй і перыядам самаізаляцыі. Па-першае, аб’яўленая пандэмія — гэта магутны стрэс для арганізма: страх перад невядомым небяспечным захворваннем, страх за жыццё, трывога за блізкіх, няўпэўненасць у заўтрашнім дні (каранцін і эканамічныя ўскладненні). Усё гэта непазбежна ў той ці іншай ступені датычыцца кожнага з нас. Змены звыклага рытму жыцця, перамены ў харчаванні, зніжэнне фізічнай актыўнасці, якія ўзнікаюць у выніку самаізаляцыі, — гэта не проста абвастрае праблему з валасамі, але і можа набыць прагрэсіруючы характар.

Стрэс як фактар запускае цэлы шэраг механізмаў. Раптам узрастае выпрацоўка такіх гармонаў, як карцізол, адрэналін, пралакцін, што правакуе спазм сасудаў скуры галавы, парушэнне кровазвароту, абвастрэнне дысфункцыі сальных залоз. Парушаецца баланс цыклічнасці замяшчэння валасоў.

Адсутнасць прагулак на свежым паветры прыводзіць да гіпаксіі, недастатковасці кіслароду, дэфіцыту вітаміну Д, што цягне за сабой себарэйны дэрматыт і іншыя скураныя хваробы. Недахоп вітамінаў, мікраэлементаў з-за парушэнняў харчовага балансу таксама адмоўна ўплывае на скуру і валасы.

Дэпрэсіі, неўрозы, панічныя атакі, прыём антыдэпрэсантаў — гэта вельмі моцны трыгер для ўзмацнення працэсаў аблысення, рэгрэсіі валасяных фалікул. На самаізаляцыі ў некаторых людзей павялічваецца спажыванне алкаголю, абвастраюцца шкодныя звычкі. На жаль, усё гэта таксама ўзмацняе праблемы з ростам валасоў, негатыўна ўплывае на іх якасць і структуру.

Што дапаможа захаваць здароўе валасоў?

Дыета. Паводле даследавання, рацыён з рэгулярным ужываннем гародніны і садавіны зніжае рызыку выпадзення валасоў або значна запавольвае падобны працэс. Найлепшыя вынікі назіраліся ў тых, хто актыўна ўжываў у ежу пятрушку, базілік і разнастайныя свежыя гароднінныя салаты не меней чым пяць разоў на тыдзень.

Раслінныя алеі. Варта звярнуць увагу на алеі кедра, лаванды і мяты: нанесеныя на скуру галавы, яны запавольваюць рэгрэсію фалікул. Самы вядомы «бабулін» рэцэпт — лапуховы алей, які паскарае рост валасоў, умацоўвае іх карані, забяспечвае моц і бляск. Міндальны, какосавы алеі паляпшаюць структуру, яны валодаюць супрацьгрыбковымі і антыаксідантнымі ўласцівасцямі. З пасечанасцю валасоў выдатна спраўляецца льняны алей, ён надзвычай дабратворна дзейнічае на скуру галавы, дае ёй неабходныя пажыўныя элементы, знішчае перхаць. Не варта забываць і пра аліўкавы алей, ён не толькі аказвае тэрапеўтычны эфект, але і робіць валасы мяккімі і паслухмянымі пры ўкладцы.

Алеі можна выкарыстоўваць паасобку або змешваць адзін з адным. Перад нанясеннем іх пажадана крыху разагрэць у ёмістасці з гарачай вадой. 

Вітаміны А і D. Абодва гэтыя рэчывы станоўча ўплываюць на здароўе валасоў, што неаднойчы даказвалася вучонымі. Але перш чым бегчы ў аптэку, раім зазірнуць у прадуктовую краму. Шмат вітаміну А змяшчаецца ў моркве, гарбузе, капусце брокалі, шпінаце, персіках і дыні. Вітамін D можна атрымаць разам з гарбушай і іншай тлустай рыбай, з печанню траскі, яечным жаўтком і іншым.

Змяншэнне колькасці хімічных сродкаў для ўкладкі. Справа ў тым, што рэчывы, якія змяшчаюцца ў гэтых касметычных прадуктах, застаюцца на скуры галавы, забіваюць фалікулы і такім чынам перашкаджаюць з’яўленню новых валаскоў. Гелі, лакі, спрэі, пенкі старайцеся замяняць на больш натуральныя сродкі ўкладкі, якія ўтрымліваюць менш хімічных спалучэнняў, шкодных для вашых валасоў. Так, напрыклад, касметыка, якая змяшчае сульфаты, у два разы павялічвае страту пратэіну ў валасах.

«Хуткая дапамога» валасам пры выпадзенні:

  • Маска з яечнага жаўтка. У чыстую пасудзіну змясціць два жаўткі, па 40 мл вады і каньяку. Размяшаць да аднароднай кансістэнцыі. Нанесці на скуру галавы, старанна ўціраючы кончыкамі пальцаў. Абярнуць ручніком, трымаць паўгадзіны-гадзіну, пасля чаго змыць з шампунем.
  • Маска з цыбулі. Вельмі эфектыўная пры выпадзенні валасоў, актыўна ўздзейнічае на фалікулы, паляпшае кровазварот. У блендары здрабніце некалькі цыбулін: выкарыстоўваецца атрыманы сок. Наносім яго пры дапамозе губкі, раўнамерна размеркаваўшы па ўсёй паверхні галавы. Пасля трэба ахінуцца ручніком, а праз 30-40 хвілін сок можна змываць. 

Марыя МАРОЗ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».