Вы тут

Ташкенцкая кінавосень


ХІІІ Ташкенцкі міжнародны кінафестываль «Жамчужына Шаўковага шляху», які на мінулым тыдні прайшоў у сталіцы і ў розных рэгіёнах Узбекістана, можна назваць пачаткам працягу. Калісьці Ташкенцкі кінафестываль краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі грымеў на ўвесь Савецкі Саюз і лічыўся значнай падзеяй у сусветным кіно. Дый само ўзбекскае кіно было на ўзроўні — нашы мамы і бабулі былі закаханыя ў прыгожых усходніх акцёраў (варта згадаць аднаго толькі Рустама Сагдулаева ў ролі лётчыка Рамэа з культавай ваеннай драмы), «Прыгоды Насрэдзіна» была адной з самых любімых кінаказак. Фактычна менавіта на ўзбекскай зямлі быў пакладзены пачатак кінематографа Сярэдняй Азіі, тут жа ў Самаркандзе з’явіўся першы ў рэгіёне кінатэатр «Зорка Усходу» (дарэчы, ён існуе і сёння, і ў ім падчас фестывалю праходзілі Дні беларускага кіно, але пра гэта крыху ніжэй).

Пасля развалу СССР кіно Узбекістана, як і ў многіх іншых рэспубліках, аказалася ў заняпадзе. Маштабных кінафорумаў на прасторы былога Саюза ўвогуле стала няшмат. Да гонару беларусаў, наш «Лістапад», які не толькі з’явіўся ў той неспакойны час, але і здолеў зацвердзіцца на кінапрасторы, — адзін з гэтай нешматлікай кагорты. А вось у Ташкенце спатрэбілася амаль чвэрць стагоддзя, каб загаварыць аб адраджэнні.


Дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі (справа) і генеральны дырэктар Агенцтва па кінематаграфіі Узбекістана  Фрыдаус Абдухалікаў у рамках фестывалю  падпісалі важныя дакументы аб супрацоўніцтве.

Плюс «зоркі» сусветнага кіно

Сённяшняе кіраўніцтва краіны, якое ўзяло курс на прагрэс ва ўсіх сферах (аб гэтым сведчыць і нядаўні візіт Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь, падчас якога абмяркоўвалася супрацоўніцтва нашых краін у галіне высокіх тэхналогій), вялікую ўвагу ўдзяляе і культуры. Аднаўленне фестывалю кіно — асабістая ініцыятыва ўзбекскага прэзідэнта. Вялікую падтрымку атрымаў апошнім часам і «Узбекфільм». Акурат да фестывалю студыя атрымала абсталяванне на 28 мільёнаў долараў. Адкрыўся таксама новы будынак для кінафондаў. Падчас фестывалю ў Ташкенце адкрыўся філіял расійскага ВГИКА, дзе будуць рыхтавацца акцёрскія і рэжысёрскія кадры для нацыянальнага кінематографа.

Несумненна, падобнае мерапрыемства прыцягвае да сябе ўвагу прысутнасцю вядомых асоб. У Ташкент прыехалі Мікіта Міхалкоў (які, дарэчы, згадаў, што быў на першым фестывалі ў далёкім ужо 1968 годзе), Цімур Бекмамбетаў, Люк Бесон, Жэрар Дэпардзье, Стывен Сігал і нават Філіп Кіркораў. Да кіно апошні мае адносіны вельмі невялікія — хіба што ролю Святога Валянціна ў камедыі «Каханне з першага погляду» сыграў, але спяваў на цырымоніі адкрыцця шчыра і сарваў заслужаныя апладысменты. Як і наша Алёна Ланская — яе песня «Куточак Беларусі» і кліп, паказаны на вялікім экране, выклікалі ў гледачоў толькі станоўчыя эмоцыі, а ў беларусаў — дык і слёзы на вачах. Бо гэта ж кранальна і ганарова — калі прыгажосць тваёй зямлі за тысячы кіламетраў бачаць сотні людзей з усяго свету і слухаюць песню на тваёй мове.

Арганізатары пастараліся, каб падкрэсліць грандыёзнасць падзеі. Падсвечаны ў нацыянальных колерах галоўны праспект, чырвоная дарожка, прамая трансляцыя, вялізная зала новага Дома кіно, прывітанне прэзідэнта краіны, зачытанае са сцэны. Удзельнікі з розных кантынентаў, прычым такія магутныя кінаіндустрыі, як Расія, ЗША, Індыя, — усё зроблена для таго, каб фэст апраўдаў сваю назву «Жамчужына Шаўковага шляху». Дадайце да гэтага цёплае надвор’е, у той час калі ў многіх краінах ужо халодная восень, і ўзбекскую гасціннасць і шчырасць — і можна ўпэўнена сказаць, што Ташкент у хуткім часе стане прыцягальным для аматараў кіно горадам, тым больш па рашэнні кіраўніка краіны фестываль мае стаць штогадовым...

На самым старым у Сярэдняй Азіі  самаркандскім кінатэатры — афішы беларускіх фільмаў.

Пранціш Вырвіч гаворыць па-ўзбекску

Гэта пра сам фестываль. Што датычыцца беларускага ўдзелу ў ім. Падчас прэс-канферэнцыі перад адкрыццём фестывалю гендырэктар Агенцтва па кінематаграфіі Узбекістана Фрыдаус Абдухалікаў сярод прыярытэтных праектаў назваў супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам». Кіраўнік нашай нацыянальнай кінастудыі Уладзімір Карачэўскі перад камандзіроўкай у Ташкент дзяліўся спадзяваннямі на выгадныя праекты. У прынцыпе, можна сказаць, што спадзяванні спраўдзіліся. Гэтаксама, як і тое, што Дні беларускага кіно — а яны, акрамя як у Ташкенце, праходзілі ў Самаркандзе і ў цэнтры Сырдар’інскай вобласці Гулістане — удаліся, прынамсі прайшлі пры поўных залах. Беларускі «кінадэсант» усюды сустракалі вельмі цёпла і з непадробнай радасцю. Тлумачыць такую цікавасць да работ нашых кінематаграфістаў можна па-рознаму. Трэба найперш аддаць належнае кампаніі «Узбектэлекам», пры садзейнічанні якой Дні беларускага кіно праводзіліся. Але сыграла, думаецца, яшчэ і тое, што мерапрыемствы такога маштабу нячастыя, асабліва ў рэгіёнах, дзе жыхары не вельмі спешчаныя падобнымі відовішчамі і ідуць на іх як на свята. Як бы там ні было, залы сапраўды былі поўныя і віталі беларускіх кіношнікаў шчыра і радасна. У Гулістане на дні нашага кіно прыйшлі нават мясцовыя аксакалы, некаторыя з залатымі Зоркамі Героя на пінжаках. Трэба думаць, ваенная драма Дзмітрыя Астрахана «Лёс дыверсанта», якую прадстаўляў сам аўтар і з якой пачынаўся паказ, прыйшлася ім даспадобы.

Калі тэма вайны ўсім блізкая і зразумелая, дык гістарычна-прыгодніцкая стужка «Авантуры Пранціша Вырвіча» (знятая па кнізе Людмілы Рублеўскай, што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда»), ды яшчэ агучаная па-ўзбекску, для ўсходняга гледача свайго роду экзотыка. Хоць акцёр Канстанцін Міхаленка, які ў фільме выконвае ролю «шэрага кардынала» Багінскага, прататыпам якога стаў палітык Міхаіл Казімір Агінскі, з гэтым не згодны. «Ва ўсе часы ва ўсіх народаў былі каханне і нянавісць, вернасць і здрада, прага да прыгод і любоў да Радзімы. Фільм пра гэта, таму, думаю, ён будзе зразумелы. А тое, што праз прыгодніцкі сюжэт глядач даведаецца пра нашу гісторыю, няхай сабе і міфалагізаваную, — гэта выдатна. Цікавіліся ж мы гісторыяй Францыі праз «Трох мушкецёраў»...

Што датычыцца конкурснай праграмы фестывалю. Яна была «заточаная» пад маладых удзельнікаў, і нашу краіну прадстаўляў малады рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў. Яго работа «Франка», частка кінаальманаха «Вайна. Застацца чалавекам», названая па імені гераіні, якая, помсцячы за загубленых фашыстамі дзяцей, ледзь не забівае нямецкага параненага салдата, але знаходзіць у сабе чалавечнасць не рабіць гэтага, не засталася незаўважанай. Мітрый атрымаў прыз за найлепшую рэжысёрскую работу, а выканаўца галоўнай ролі Марына Паддубная — за найлепшую жаночую ролю. Так, ізноў «Беларусьфільм», ізноў вайна. Але пераможцы атрымалі ўзнагароды з рук славутага Люка Бесона, а гэта нечага варта.

Кадр з фільма «Франка». Актрыса Марына Паддубная атрымала на фестывалі прыз за найлепшую жаночую ролю, а пастаноўшчык  Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў — за найлепшую рэжысёрскую работу.

Удзельнічаў наш малады рэжысёр і ў надзвычай цікавым праекце ў рамках фестывалю — «Кіно за пяць дзён». Камандам з 22 краін былі дадзены здымачнае абсталяванне, транспарт, магчымасць выбіраць акцёраў і... адзін з рэгіёнаў Узбекістана. За пяць дзён яны павінны былі зняць мастацкую кароткаметражку на тэму Вялікага Шаўковага шляху (увогуле гэта тэма ва Узбекістане цяпер актыўна выкарыстоўваецца, і небеспадстаўна: Самарканд на гэтым самым шляху заўсёды быў адным з ключавых пунктаў). Мітрыю Сямёнаву-Алейнікаву дасталася Кашдар’інская вобласць — месца размяшчэння адной з самых высакагорных абсерваторый. Канешне, тэма зор загучала нават у назве фільма — «Зоры пачакаюць». Паводле сюжэта, маладая пара з Беларусі, астраном і яго сяброўка, едуць у гэту абсерваторыю. Па дарозе ў іх ламаецца машына, і яны міжволі аказваюцца паглыбленыя ў мясцовае жыццё... Хоць фільм і не ўзяў узнагарод (галоўны прыз забралі ўзбекскія кінематаграфісты), але гэта быў цікавы досвед.

У Хіве на днях дакументальнага кіно ад «Беларусьфільма» Галіна Адамовіч прадстаўляла фільм «Вяда» — пра Веніяміна Бычкоўскага, ураджэнца Расіі, які шмат падарожнічаў, але месцам жыхарства абраў глыбінку на беларускім Палессі...

«Казбек» вяртаецца на Беларусь

Несумненна, на падобныя кінафорумы прадстаўнікі кінаіндустрыі едуць не толькі сябе паказаць ды на іншых паглядзець, але і вырашаць пытанні супрацоўніцтва. Для «Беларусьфільма» паездка ў Ташкент сталася плённай. У заключны дзень фестывалю «Беларусьфільм» і Агенцтва па кінематаграфіі Узбекістана падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве і Пагадненне аб намеры рэалізаваць сумесны праект — поўнаметражную мастацкую стужку з рабочай назвай «Казбек».

Сумесны праект «Казбек» — фільм пра Героя Савецкага Саюза Мамандалі Тапівалдзіева, легендарнага Казбека, ён партызаніў у беларускіх лясах і наводзіў жах на фашыстаў, якія за яго галаву абяцалі вялікую ўзнагароду. Да нядаўняга часу імя гэтага чалавека было забытае і ва Узбекістане, і ў Беларусі, хаця ў 60–70-я гады, калі ён жыў на Радзіме і быў ужо праслаўленым бавоўнаробам, пра яго здымалі фільмы, пісалі артыкулы. Канец забыццю паклала Святлана Дудзюк, старшыня Беларускага культурнага цэнтра «Світанак» у Ташкенце. Святлана Мікалаеўна расказвае, што, шукаючы агульнае ў гісторыі двух народаў, знайшла старыя публікацыі пра ўзбекскага героя. Пацікавілася, ці засталіся яго сваякі, паехала туды, дзе ён жыў, сустрэлася з дзецьмі і ўнукамі, якія захоўваюць памяць пра славутага продка. Гэтай сустрэчай зацікавіліся ўзбекскія журналісты — і тэма раскруцілася аж да кінапраекта.

Рэжысёр фільма Мухамад Алі Іскандараў ужо прыязджаў у Беларусь, знаёміўся з пляцоўкамі для здымак — 90 працэнтаў сцэн будзе знята ў нашай краіне. Ён вельмі ўражаны маштабам бяды, якая здарылася на акупаванай тэрыторыі Беларусі падчас вайны, і маштабам народнага супраціўлення фашысцкай навале, і натхнёны працаваць над праектам, у якім будуць задзейнічаны і беларускія спецыялісты.

Зноў «Беларусьфільм» і ваенная тэма? А хто сказаў, што гэта дрэнна? Асабліва калі яшчэ і выгадна?

Дарэчы, нядаўна на беларускай пляцоўцы здымаліся эпізоды яшчэ аднаго ўзбекскага фільма — «Вясна кахання». Хоць падзеі ў ім адбываюцца не ў Беларусі, а на фронце дзесьці між Расіяй і Украінай, здымаць гэтыя еўрапейскія сцэны рэжысёр Ібрахім Расулаў вырашыў здымаць менавіта ў нас. Чаму? Не толькі таму, што ў нас добрыя ўмовы для работы, прызнаецца ён. Фільм пра паэта Хаміда Алімджана і яго жонку Зульфію — тых самых узбекскіх паэтаў, у якіх знайшоў прытулак падчас эвакуацыі ў Ташкент наш Якуб Колас...


Карацей, у Ташкенце беларусам было на што паглядзець, было што паказаць. Магчыма, нават было чаму павучыцца. Ці скарыстаем штосьці з іхняга досведу? Пабачым: «Лістапад» ужо вельмі хутка.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».