Вы тут

Роздум пад заслонай маўчання


У выдавецкім доме «Звязда» сёлета пабачыла свет кніга Андрэя Караля «Размова з чалавекам, які маўчыць». Выданне напоўнена глыбокім філасофскім, псіхалагічным, культуралагічным аналізам, праз які аўтар трансліруе свой погляд на сучаснасць.


«Філасофская і сацыялагічная каштоўнасць твораў заключаецца ў адлюстраванні дзвюх фундаментальных формаў быцця чалавека — яго пашырэння вонкі і паглыблення ўнутр. Гэта звязана наўпрост з існуючымі заходнім і ўсходнім культурнымі поглядамі на прыроду свету і чалавека ў ім», — паведамляецца ў анатацыі.

Андрэй Кароль, доктар педагагічных навук, прафесар, вядомы беларускі вучоны ў галіне педагогікі, аўтар шматлікіх навуковых прац, падручнікаў, летась упершыню выступіў у ролі пісьменніка. У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла яго кніга «Румянец анемоны, ці Вечнасць у раскрытай далоні», адметнасцю якой стала спалучэнне рэалістычнага адлюстравання гістарычных падзей з глыбокім філасофскім аналізам прадстаўнікоў эпохі.

Выданне «Размова з чалавекам, які маўчыць», па сутнасці, — такое ж спалучэнне аналізу з рэчаіснасцю. Кніга ўключае аповесці «Большасць», «Чатыры колеры часу: запіскі чалавека, які ўмеў чакаць», апавяданні «Размова з чалавекам, які маўчыць», «Пераймальнік», «Выкрадальнікі слыху», «Настаўнік», «Унутранае сонца Каіра», «Вочы бясконцасці», «Скапіраванае жыццё» і эсэ «Кліч Гектара», «Пра ўзыходжанне на гару масавага чалавека».

Усе вышэйпералічаныя творы кнігі аб’яднаны між сабой агульнымі перакананнямі і думкамі аўтара. Гэтае кола пераканняў вандруе з аднога твора ў другі, крыху трансфармуючыся і разгаліноўваючыся, але захоўваючы цэльнае ядро. Касцяк усяго выдання складаюць думкі аўтара з глыбокім філасофскім падтэкстам.

Напрыклад, у аповесці «Чатыры колеры часу: запіскі чалавека, які ўмеў чакаць» Андрэй Кароль у пункцірнай форме запісак трансліруе пэўныя тэзісы: чаканне, цярплівае праходжанне свайго шляху, разуменне сэнсу жыцця, супастаўленне чакання і маўчання, адзінства розуму і сэрца. Аўтар правёў арыгінальную паралель: чатыры колеры часу — чатыры розныя яго плыні для аднаго і таго ж чалавека. А. Кароль параўнаў ход часу з электронам. Кожны колер — гэта хваля з пэўнай даўжынёй. Час змяняе свой колер у залежнасці ад таго, наколькі хутка ён рухаецца. Аўтар запісак быў назіральнікам свайго жыцця. І адначасова быў самой часціцай, пясчынкай у жыцці. Ці ведаў чалавек, які напісаў запіскі, законы прыроды альбо гэта быў паэтычны сюжэт, застаецца загадкай.

Знакавае з усёй нізкі твораў — аднайменнае з кнігай апавяданне «Размова з чалавекам, які маўчыць». У цэнтры твора — сустрэча жанчыны, якая страціла сябе, з чалавекам-мудрацом. Ён закладае ў думкі гэтай жанчыны зерне таго, што праўда, сіла і шлях да пазнання сябе — у маўчанні. Аўтар праз вусны «чалавека, які маўчыць» перадае няновыя для чытача ідэі. Ён заклікае разам з героямі прайсці лабірынты маўчання.

І гэта сапраўды цікава. Ідэю глыбіні, сілы і шматвектарнасці маўчання А. Кароль развіў і ў сваіх навуковых працах. Так, напрыклад, у кнізе «Маўчанне ў навучанні: метадалагічныя і дыдактычныя асновы» Андрэй Кароль сцвярджае: маўчанне ёсць творчасць, метафара, «перавозка» сэнсаў, што вядзе вучня да адкрыцця аб’ектаў навакольнага свету праз самапазнанне — адкрыццё сябе.

Сцвярджэнні, якія дэманструе аўтар, маюць пад сабой грунтоўную навуковую базу, тут можна знайсці адсылкі да Японіі, даасізму, будызму. Аднак з чытацкага пункту гледжання не хапае балансу паміж навуковым і мастацкім. Тым больш што гэта другая па ліку мастацкая кніга аўтара. Амаль ва ўсіх творах навуковае пераважае над мастацкім. Для большага разумення не хапае сюжэту, вастрыні і інтрыгі. Аўтары, якія маюць мэту напісаць твор з філасофскім падтэкстам, часцей за ўсё ідуць двума шляхамі.

Першы: цікавую думку, якая дае глыбокую глебу для роздуму, “апрануць” у такі ж цікавы сюжэт, які дапаможа чытачу адшукаць тое самае зерне для разважання. Другі шлях: аўтар хоча данесці чытачу усё тое каштоўнае, што ён спасцігнуў на працягу жыцця. Уласныя перакананні ён шчыльна збірае ў клубок і абрамляе тонкім колам немудрагелістага сюжэту. Адсюль дысбаланс і перанасычанасць.

Андрэй Кароль выбраў другі шлях. Гэтым можна патлумачыць і падабенства між сабой твораў, у якіх перакананні, думкі, сцвярджэнні трансліруюцца вуснамі мудраца, дзіцяці, настаўніка (той жа мудрэц), старога чалавека і пад. У рэцэнзіі на навуковую вышэйназваную кнігу аўтара прафесар С. В. Іванова адзначыла: «карціна намалявана буйнымі мазкамі, а часам хочацца дэталяў». Гэтыя ж словы справядлівыя і да выдання «Размова з чалавекам, які маўчыць». Аднак ёсць пэўная інструкцыя, як спасцігнуць гэтую кнігу. Па-першае, чытаць яе патрэбна павольна і парцыённа. Па-другое, яна патрабуе пэўнага настрою на роздум. Гэта не той варыянт, калі вочы бягуць па радках, не паспяваючы за дынамікай сюжэта. Для прачытанага варта адвесці час на асэнсаванне і толькі потым працягваць чытанне.

Сам аўтар піша: «Філосафаў трэба чытаць восенню, таму што погляды іх адрозніваюцца». Таму пачаць спасцігаць кнігу ў восеньскую пару самы час. Анатацыя паведамляе, што выданне прызначана для шырокага кола чытачоў, аднак, напэўна, больш правільна было б сказаць — для тых, хто цікавіцца філасофіяй ці проста шукае пэўныя сэнсы.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.