З 26 па 28 лістапада 2021 года ў сталіцы Рэспублікі Дагестан (Расійская Федэрацыя) пройдуць 1-ы Фестываль нацыянальнай кнігі Расіі і Дагестанскі кніжны кірмаш «Таркі-Тау». Да ўдзелу ў кніжным свяце запрошаны і беларускі бок.
Мне даводзілася і раней прымаць удзел у «Таркі-Тау», сэрцам, генератарам якога сапраўды з’яўляецца найперш кнігавыдавец, пісьменнік, мастак Марат ГАДЖЫЕЎ, — расказвае намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей ЧАРОТА. — Спадзяюся, што і сёлетняя праграма будзе досыць насычанай . Ды і нам будзе што паказаць з тых кніг, з тых публікацый, што яднаюць беларускую і рускую літаратуру, беларускі мастацкі свет і нацыянальныя літаратуры Расіі. Некалькі нашых айчынных выдавецтваў паядналіся ў стварэнні серыі перакладаў «Сябрына: паэзія народаў Расіі» — выйшлі ўжо сем вершаваных зборнікаў. Лагічна будзе прадставіць на «Таркі-Тау» альманахі «Далягляды» і «Созвучие». З іх склалася ўжо цэлая бібліятэка.
За апошнія гады ў Беларусі пабачылі свет кнігі пісьменнікаў Расіі — Данііла Граніна, Алеся Кажадуба, Мустая Карыма, Алены Тулушавай, Валерыя Казакова, іншых паэтаў і празаікаў. Шмат якія творчыя праекты беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў звязаны з тэмай беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў.
Ды і ў Расіі зараз працуе вялікі атрад сяброў беларускай літаратуры, шчырых прапагандыстаў беларускага прыгожага пісьменства. Гэта — Адам Ахматукаеў, Пецімат Пецірава ў Чачэнскай Рэспубліцы, Валеры Тургай — у Чувашыі, Рэнат Харыс — у Татарстане, Зульфія Хананава — у Башкартастане, Рыма Ханінава, Вера Шуграева, Раіса Шурганава — у Калмыкіі... А ў Дагестане над перакладамі беларускай паэзіі і прозы шчыруюць нагаец Анварбек Култаеў, малады агульскі паэт Шаміль Лутаў, табасаранка Сувайнат Кюрэбекава. Дзякуючы іх намаганням у розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі на розных мовах з’явіліся публікацыі твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Бадака, Генадзя Аўласенкі, Віктара Шніпа, Алены Масла, Людмілы Рублеўскай...
Да сяброўскай сустрэчы кніжнікаў Расіі і Беларусі ў Махачкале на кірмашы «Таркі-Тау»!
Сяргей ШЫЧКО
Прэв'ю: pexels.com
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».