Вы тут

Юліян Сямёнаў: Карэннямі — з Беларусі


У Маскве ў Цэнтральным Доме літаратараў прайшоў юбілейны вечар у знак 90-годдзя з дня нараджэння рускага пісьменніка Юліяна СЯМЁНАВА. Арганізавалі сустрэчу Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі, Клуб пісьменнікаў Цэнтральнага дома літаратараў, Культурны фонд Юліяна Сямёнава. Назва, якая сабрала прыхільнікаў талента пісьменніка, яго сяброў — «Памру я ненадоўга». Вялі вечарыну Яўген Додалеў і Дзмітрый Ліханаў. 


Юліян Сямёнаў

Расказвае адзін з удзельнікаў сустрэчы — брэстчанін кінарэжысёр Раман Гапанюк, які зараз жыве і працуе ў Маскве:

— Вечар адкрыў для мяне шмат цікавых акалічнасцяў з жыцця аўтара твораў пра Штырліца і іншых разведчыкаў, пра гісторыю войнаў і драматычныя перыяды у лёсе Савецкай краіны. На імпрэзе ў гонар пісьменніка былі, выступалі Канстанцін Эрнст, унук Юліяна Сямёнава — Юліяна, музыкант, які іграў на раялі, Ігар Клябанаў, дачка пісьменніка — Вольга Сямёнава... Юліян Сямёнаў быў сапраўдным шукальнікам, першадкрывальнікам многіх тэмаў. І гэта ўражвае і сёння, праз многія гады пасля яго сыходу ў іншы свет... 

Сямён Аляксандравіч Ляндрэс, бацька пісьменніка Ю. Сямёнава

Нагадаем, што Юліян Сямёнаў нарадзіўся ў кастрычніку 1931 года ў Маскве. Памёр у верасні 1993 года. Заснавальнік часопіса «Детектив и политика», газеты «Совершенно секретно» (1989). Адзін з пачынальнікаў жанра «журналісцкія расследванні» у савецкім друку. Бацька пісьменніка — арганізатар выдавецкай справы, дзяржаўны дзеяч, літаратуразнаўца, рэдактар Сямён Аляксандравіч Ляндрэс. Нарадзіўся ў Баравіно Ігуменскага павета Мінскай губерні. Цяпер — гэта Бярэзінскі раён. Бацька выдаўца Сямёна Аляксандравіча Ляндрэса і дзед пісьменніка Юліяна Сямёнава (Ляндрэса) — Аляксандр Паўлавіч Ляндрэс (1876 — 1940), сплаўшчык леса. Маці — Марыя Данілаўна (1877 — 1963), хатняя гаспадыня. Сямён Аляксандравіч закончыў Прамысловую Акадэмію. У 1930 — 1941 гг. працаваў у Вышэйшым савеце народнай гаспадаркі СССР і Народным камісарыяце цяжкай прамысловасці — узначальваў сектар друку, арганізацыйна-планавы і замежна-імпартны аддзелы. Працаваў памочнікам народнага камісара цяжкай прамысловасці СССР Сярго Арджанікідзэ. У 1934 годзе на лекцыях у Інстытуце чырвонай парфесуры пазнаёміўся з Мікалаем Бухарыным, які на той час працаваў галоўрэдам «Известия». І ў хуткім часе Ляндрэса прызначылі адказным сакратаром газеты «Известия». Сямён Аляксандравіч — адзін з арганізатараў выстаўкі «Нашы дасягненні», аб’яднання навукова-тэхнічных выдавецтваў газет «За индустриализацию» , «За технику», часопіса «Техническая пропаганда». У 1941 — 1942 гг. С. Ляндрэс ізноў працуе ў газеце «Известия». 30 красавіка 1942 г. на кароткі тэрмін арыштаваны. Утрымліваўся ў сумна славутым Уладзімірскім цэнтрале. Пасля вызвалення ў 1942 — 1943 гг. — намеснік старшыні Аб’яднання дзяржаўных кніжна-часопісных выдавецтваў (славутага «ОГИЗа»). 

У 1944 — 1945 гг. — упаўнаважаны Дзяржаўнага камітэта абароны на 1-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах. Займаўся ўкамплектаваннем партызанскіх злучэнняў партатыўнымі паходнымі друкарнямі ўласнай канструкцыі. Арганізаваў выдавецтва Савецкай ваеннай Адміністрацыі ў Германіі (1946 год). Ляндрэс быў адным з інціыятараў стварэння Выдавецтва замежнай літаратуры. У 1946 — 1949 гг. выконваў абавязкі галоўнага рэдактара выдавецтва. У 1952 годзе нашага земляка арыштавалі. Відавочнай прычынай сталі «пасобніцтва трацкісцкаму дыверсанту М. Бухарыну» і яшчэ была заява аб «непрыстойных паводзінах пры выданні кнігі амерыканскай шпіёнкі Анны Стронг ад 15 лютага 1949 г.». Асудзілі на 8 гадоў... У гэты час Юліяна Ляндрэса (Сямёнава) выключылі з інстытута. Аднавілі толькі пасля смерці Сталіна і вяртання бацькі з мясцін заключэння. 

... У 1955 — 1957 гг. Сямён Ляндрэс працаваў намеснікам дырэктара Дзяржлітвыдата. Садзейнічаў публікацыі — пасля шматгадовага перапынку — твораў А. Грына, Ю. Алешы, І. Бабеля. Як член камісіі па творчасці М. Булгакава паспрыяў выданню яго твораў — у тым ліку і рамана «Майстар і Маргарыта». З 1960 года — член рэдкалегіі часопіса «Вопросы литературы». З 1964 года — намеснік галоўнага рэдактара часопіса. Укладальнік зборнікаў успамінаў пра М. Булгакава і Віктара Кіна. 

Такі вось лёс ураджэнца Міншчыны, у сям’і якога вырас вядомы пісьменнік Юліян Сямёнаў. Дарэчы, недзе ў 1960-я ці на пачатку 1970-х гг. адзін з твораў Ю. Сямёнава друкаваўся ў беларускай маладзёжнай газеце «Знамя юности». Было ў рускага пісьменніка і кароткае ліставанне з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым…

Ці памятаваў Юліян Сямёнаў, пабываўшы ў многіх краінах — у Афганістане, на Кубе, Іспаніі, Францыі, Германіі, Японіі, ЗША, краінах Лацінскай Амерыкі, пра тое, што карэннямі ён — з Беларусі, з Міншчыны..?

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».